Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 19 Люты 2025 12:02

2025 г. — 110 гадоў з часу стварэння часовага ваеннага шпіталя ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н, 1915) у гады Першай сусветнай вайны

У час Першай сусветнай вайны германскія войскі летам 1915 г. цалкам захапілі Польшчу і ўвайшлі ў Прыбалтыку і Беларусь. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага з-за ваеннай небяспекі была пераведзена з Баранавічаў у Магілёў. 15 верасня немцамі быў захоплены Пінск, да зімы немцы занялі ўсю Заходнюю Беларусь. Фронт стабілізаваўся па лініі Рыжскі заліў – Дзвінск – возера Нарач – Баранавічы – Пінск – Дубна – Тарнопаль – рака Прут. У такім стане фронт знаходзіўся амаль без змен на працягу звыш двух гадоў.

З Пінска ў Столін былі эвакуіраваны ваенныя і грамадзянскія ўстановы. У Лунінцы, Століне, Давыд-Гарадку размясціліся тылы рускай арміі — абозы, склады, часовыя шпіталі. Ад Століна і Лунінца фронт знаходзіўся на адлегласці 50 км, ад Давыд-Гарадка — 80 км. Станцыя Відзібар стала буйнейшым складам ваенных матэрыялаў. Па Гарыні, якая тады была паўнаводнай, дзень і ноч рухаліся судны з разнастайнымі ваеннымі грузамі.

Давыд-Гарадок на той час быў даволі буйным населеным пунктам, у 1907 г. — 13 217 жыхароў. Прыстань з гадавым абаротам звыш мільёна пудоў грузаў, лесапільні, суднаверф, сыраварня, бровар, пастаялыя двары, многа розных крамаў. Часовы ваенны шпіталь у Давыд-Гарадку размяшчаўся ў новым будынку гарадскога вучылішча, які ўзведзены з чырвонай цэглы ў 1908 г., і ў спецыяльна пабудаваным драўляным будынку каля Казанскай царквы.

Асноўную ролю ў апекаванні раненых воінаў адыгрываў заснавальнік царквы Казанскай іконы Божай Маці (1913) свяшчэннік Цімафей Сцяпанавіч Юхневіч (1877–1920). Яму дапамагалі добрыя жанчыны з праваслаўнага прыходу, якія працавалі шпітальнымі сёстрамі. Гісторыя не захавала прозвішчаў добраахвотных сясцёр міласэрнасці, маладых давыд-гарадоцкіх мяшчанак, якія, галоўным чынам, былі жонкамі франтавікоў. З Давыд-Гарадка ў 1914 г. было мабілізавана 200 чалавек, у наступныя два гады яшчэ 300.

Параненых было даволі многа, а вайна ўсё доўжылася. У час славутага Брусілаўскага прарыву летам 1916 г. многа раненых салдат вывезлі па Гарыні галоўным чынам у Давыд-Гарадок і Тураў. Вольны час гаспіталізаваных салдат імкнуліся разнастаіць. Яшчэ ў даваенныя гады ўзніклі беларускія вечарынкі, а ў час вайны самадзейнасць стала яшчэ больш папулярнай. У 1915–1916 гг. мясцовыя аматары беларускай культуры рэгулярна выступалі перад параненымі ў шпіталях Давыд-Гарадка і Турава.

Аднойчы на адной з такіх беларускіх вечарынак прысутнічаў рускі паэт Аляксандр Аляксандравіч Блок (1880–1921). Ён праходзіў ваенную службу ў якасці табельшчыка 13-й інжынерна-будаўнічай дружыны Саюза земстваў і гарадоў, якая займалася ўмацаваннем абарончых збудаванняў у раёне Пінска. Са сваёй камандай А. А. Блок размяшчаўся ў вёсках Лапаціна, Парахонск, Калбы на працягу сямі месяцаў (з пачатку жніўня 1916 да сярэдзіны сакавіка 1917 г.).

Аляксандра Блока, паэта-сімваліста і філосафа, які добра ведаў заходнюю культуру, заўсёды вабіла народнае мастацтва, на фронце зацікавіўся беларускай культурай і мовай. Акрамя таго, яго, чалавека рэлігійнага, не магла не зацікавіць назва мястэчка — Давыд-Гарадок. Гістарычны горад Давіда, цара яўрэйскага, знаходзіцца на Святой зямлі, а тут горад на Палессі.

Што мог А. А. Блок убачыць на беларускай вечарынцы? Нейкую драматычную пастаноўку. Хутчэй, гэта была камедыя — раненых у шпіталі падтрымлівалі аптымізмам. Можа, нават была і «Пінская шляхта» (1866) В. І. Дуніна-Марцінкевіча, напісаная на мясцовым матэрыяле. У сакавіку 1917 г. А. А. Блок з Відзібора праз Лунінец выехаў у Петраград і на фронт больш не вярнуўся. У Лапаціне з 1980 г. дзейнічае літаратурны музей А. А. Блока.

У 1917 г. у Петраградзе перамагла пралетарская рэвалюцыя, урад узначаліў У. І. Ленін. Неўзабаве ў лістападе на неакупаванай частцы Пінскага павета ўстанавілася Савецкая ўлада, Лунінец часова стаў павятовым горадам. У снежні фронт абваліўся, немцы пачалі прасоўвацца на ўсход. Давыд-Гарадоцкі шпіталь быў пераведзены далей у Расію.

На памяць аб прабыванні рускіх ваенных у Давыд-Гарадку да гэтага часу захаваўся калядны абрад «Конікі», які ладзіцца на Шчадрэц (13 студзеня). Кажуць, адзін з выздараўліваючых ваенных, або кватэруючых казакаў, змайстраваў «коніка» і стаў хадзіць па дварах, віншаваць жыхароў з Новым годам. Гэта было так незвычайна, што гарадчукі падхапілі ідэю, сталі калядаваць менавіта з «конікам».

На чале гурта калядоўшчыкаў «Конік» — вершнік, які носіць на сабе адмысловым чынам вырабленую канструкцыю з маскай каня, сам апрануты ў салдацкі шынель. Традыцыйныя маскі: Дзед і Баба, якія сімвалізуюць продкаў, Мядзведзь з Цыганам, Цыганка варожыць, Воўк з трубой або горнам сігналіць падыход начных шчадроўнікаў, Смерць з касой пужае дзяцей, Бусел, Баран, Чорт — кожны вырабляе адмысловыя штукі, каб смяшыць людзей.

«Конік» вядзе за сабой гурт і першы пачынае спяваць. Песня адна: «Там стаяла сосна тонка, высока. Шчодры вечар! Тонка, высока, лісцейкам шырока. Шчодры вечар! А на той сасонцы залата карыца. Шчодры вечар! Залата карыца, майская расіца. Шчодры вечар!». У асноўным «конікі» шчадравалі пад вокнамі, у хату заходзіў толькі Скарбнік атрымаць узнагароджанне. Гэта самы старэйшы і паважаны мужчына ў гурце. Калі добра дарылі, гурт крычаў: «Каб за год даждалі і нас прымалі!».

Традыцыя шчадравання «Конікі» ў снежні 2019 г. была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь (шыфр 13БЛ000128).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,

загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Шэлехаў, М. У. Століншчына ў час 1-й сусветнай вайны / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 86–89.
  2. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі / М. У. Шэлехаў. – Брэст, 2000. – 304 с., [8] л. іл. – Са зместу: [Часовы шпіталь]. С. 274–276. [А. Блок]. С. 275–276.
  3. Калінковіч, М. Палескія дні Аляксандра Блока / Мікола Калінковіч.– Мінск : Мастацкая літаратура, 1985. – 111 с., [6] л. іл.
  4. Кірыковіч, А. С. Блок і Піншчына / А. С. Кірыковіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 134–141.
  5. Курков, И. Н. Окопная правда Блока / И. Н. Курков // Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 168–172.
  6. Хамутова, І. В. Давыд-гарадоцкія «Конікі»: лакальная традыцыя шчадравання / І. В. Хамутова // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. № 1. С. 35–41.
  7. Цярэнцьева, А. Год будзе шчаслівым, калі прыйдуць «конікі» / Алена Цярэнцьева // Алеся. 2022. № 1. С. 25–27.
  8. Борисенок, Ю. Белорусские тропинки Александра Блока / Юрий Борисенок // СБ. Беларусь сегодня. 2020. 19 ноября. С. 7 (приложение: Союз. Беларусь – Россия ; № 43).
  9. Быцко, Л. М. Местачковы калядны карнавал «Конікі» / Ларыса Быцко // Культурнае жыццё Брэстчыны / ДзУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр». Брэст, 2020. № 10. С. 30–31.
  10. Кляшчук, А. Не сумуйце – «конік» прыскакаў! / Анатоль Кляшчук // Звязда. 2020. 15 студзеня (№ 8). С. 1, 13.
  11. Казловіч, В. У Давыд-Гарадку водзяць «Конікаў» / Валянціна Казловіч // Беларусь. 2014. № 12. С. 20–22.
  12. Дранько-Майсюк, Л. Свята «Конікі» ў Давыд-Гарадку / Леанід Дранько-Майсюк // Алеся. 2010. № С. 18–19.

Дадатковая інфармацыя

  • Імёны:
  • Падзеі:
  • Помнікі:
  • Рэгіён:
  • Прадметы:
  • Установы:
Чытаць 49 разоў Апошняя змена Чацвер, 20 Люты 2025 10:59