Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 17 Красавік 2025 11:54

6 студзеня 2024 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Зінаіды Мікалаеўны Потлавай (1929–2010), бібліятэчнага работніка

Зінаіда Мікалаеўна Потлава нарадзілася 6 студзеня 1929 г. у в. Канаёўка Іванцееўскага раёна Саратаўскай вобласці. У 1930 г. сям’я пераехала ў г. Запарожжа, дзе бацька пачаў працаваць на будаўніцтве Дняпроўскай ГЭС. Маці памерла рана — у 1937 г., дзяўчынку выхоўвалі бабуля, а потым цёця — Ганна Васільеўна Качаткова (1911–1993), у будучым заслужаная артыстка БССР (1949), актрыса Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра імя ЛКСМБ.

Зінаіда Потлава ў 1949 г. закончыла бібліятэчнае аддзяленне Магілёўскага рэспубліканскага культурна-асветніцкага вучылішча імя Н. К. Крупскай і была накіравана на работу ў гарадскую бібліятэку ў г. Маладзечна. У 1950 г. пераведзена ў Маладзечанскую абласную бібліятэку. Атрымала вышэйшую адукацыю на завочным аддзяленні Ленінградскага дзяржаўнага бібліятэчнага інстытута імя Н. К. Крупскай.

З сакавіка 1956 г. З. М. Потлава працавала ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага старшым бібліятэкарам даведачна-бібліяграфічнага аддзела. У верасні назначана намеснікам дырэктара па навуковай часці. Дырэктарам бібліятэкі тады працаваў Мікалай Маркавіч Унукаў (1915–1958).

Узначальвала вытворчую вучобу сярод бібліятэкараў, прымала актыўны ўдзел ў аказанні метадычнай дапамогі ўсім масавым бібліятэкам вобласці. Працавала агітатарам, рэгулярна выступала з дакладамі перад насельніцтвам. Выбрана ў гарадскі і абласны жансаветы. Член Брэсцкага таварыства польска-савецкай дружбы. Узначальвала бібліятэчную камісію абкама прафсаюза работнікаў культуры.

1 жніўня 1969 г. бібліятэка пачала працаваць у новым трохпавярховым будынку, які быў узведзены пры дырэктары Уладзіміры Мікалаевічы Васільеве (1923–2005). У снежні 1969 г. З. М. Потлава назначана дырэктарам бібліятэкі. З уваходам у новы будынак адкрыліся новыя аддзелы, павялічыўся штат — на канец года працавалі 57 чалавек.

Пераход у новы будынак патрабаваў вялікай работы па праверцы фонду і яго рэарганізацыі. У 1970 г. бібліятэка выпісвала 460 назваў часопісаў і 64 назвы газет. У 1970 г. пачаў працаваць абменны фонд. У 1971 г. адкрыўся сектар замежнай літаратуры.

У 1970-я гг. прайшоў цыкл мерапрыемстваў аб Героях Савецкага Саюза, Героях Сацыялістычнай Працы — ураджэнцах Брэстчыны. Пачалі праводзіцца сустрэчы з пісьменнікамі. Пачалі выдавацца штоквартальны спіс «Новыя кнігі аб Брэсцкай вобласці», штомесячная фактаграфічная інфармацыя «Хроніка культурнага жыцця Брэсцкай вобласці». На канец 1970-х гг. у бібліятэцы чыталі больш за 26 тыс. чалавек, колькасць наведванняў складала каля 160 тыс.

Пасля 1974 г. значна палепшылася інфармацыйная работа, на прадпрыемствах сталі праводзіцца Дні інфармацыі, Дні спецыяліста. У 1975 г. пачалася цэнтралізацыя масавых бібліятэк. Куратарамі цэнтралізацыі на месцах з’яўляліся ўсе супрацоўнікі метадычнага аддзела. Пераход на новую форму абслугоўвання Брэсцкая вобласць здзейсніла першай у рэспубліцы.

Па дасягненні пенсійнага ўзросту ў студзені 1985 г. З. М. Потлава перадала пасаду дырэктара Аляксандры Васільеўне Яцэвіч. Яшчэ сямнаццаць гадоў — да лістапада 2002 г. — працавала бібліёграфам даведачна-інфармацыйнага аддзела. Агульны бібліятэчны стаж склаў 53 гады, з іх 46 гадоў — у Брэсцкай абласной бібліятэцы.

Узнагароджана значком Міністэрства культуры СССР «За отличную работу» (1968), знакам «Победитель социалистического соревнования» (1973), медалём Н. К. Крупскай Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры (1975), медалём Францыска Скарыны (2000). Адзначана шматлікімі граматамі, у тым ліку Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Брэсцкага абкама КПБ і Брэсцкага аблвыканкама, Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры БССР і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

З. М. Потлава памерла 21 студзеня 2010 г., пахавана на Паўночных могілках г. Брэста (сектар 3/5, рад 5).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Потлова Зинаида Николаевна// Кто есть кто в Брестской областной библиотеке. Молодечно : Типография «Победа», 2016. С. 70–71.
  2. Потлова, З. И. Про директорский «хлеб» : [воспоминания] / Зинаида Николаевна Потлова // Листая памяти страницы... : Брестской областной библиотеке имени М.Горького 70 лет. Брест, 2009. С. 30–35.
  3. Бурина, Г. И. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / Г. И. Бурина // Нарысы гісторыі бібліятэк Брэсцкай вобласці. Выд. 2-е, дап. і перапрац. Брэст, 2001. С. 108–120.
  4. В память о коллеге : [некролог З. Н. Потловой] // Заря. 2010. 23 января. С. 15.
  5. Потлова, Г. Сделать книгу учителем жизни : [о работе Брестской областной библиотеки им. М. Горького] / З. Потлова // Заря. 1980. 30 января. С. 4.
  6. Потлава, З. На багатым мясцовым матэрыяле : [аб краязнаўчай рабоце Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага] / З. Потлава // Літаратура і мастацтва. 1978. 7 ліпеня (№ 27). С. 10.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 22 разоў Апошняя змена Чацвер, 17 Красавік 2025 12:03