Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Красавік 2025 09:22

15 студзеня 2025 г. — 85 гадоў з часу ўтварэння Дзівінскага раёна (1940), адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў БССР

Работа па раяніраванні Брэсцкай вобласці, удакладненні межаў раёнаў, колькасці населеных пунктаў, насельніцтва і г. д. пачалася ў канцы 1939 г., калі былі ўтвораны новыя вобласці, якія замянілі ранейшы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Заходняй Беларусі. 15студзеня 1940 г. паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб стварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР» у Брэсцкай вобласці сярод іншых былі створаны Антопальскі, Дзівінскі і Кобрынскі раёны.

Дзівінскі раён быў створаны на месцы былых Дзівінскай, часткі Лелікаўскай і Навасёлкаўскай валасцей. У чэрвені 1940 г. яго тэрыторыя склала 1008 кв. км, у т. л. 15 139 га ворыва, 27 677 га сенажаці, 44 403 га пашы, 7995 га лесу, 8286 га няўдобіцы. Максімальная адлегласць паміж межамі раёна з поўначы на поўдзень складала 27 км, з захаду на ўсход — 67 км. Праз тэрыторыю раёна праходзілі шаша Кобрын – Уладава, грунтавыя дарогі Кобрын – Дзівін – Ратна, Дзівін – Навасёлкі – Забава, Дзівін – Павіцце – Радастава – Сварынь, водныя шляхі — Арэхаўскі і Белаазёрскі каналы.

Раён налічваў 138 населеных пунктаў, 5460 двароў (2106 хутарскіх). Насельніцтва (25 138 жыхароў, з якіх 21 925 беларусаў, 1334 украінцы, 676 палякаў, 1208 яўрэяў) пражывала ў дробных населеных пунктах і на хутарах. 24 сакавіка 1940 г. упершыню жыхары Дзівінскага раёна ўдзельнічалі ў выбарах дэпутатаў у Вярхоўны Савет СССР і БССР. Дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР ад Кобрынскай выбарчай акругі абраны Сцяпан Філіпавіч Пацяруха, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР — Аляксандра Іванаўна Федасюк.

Галоўным заняткам насельніцтва раёна з’яўлялася сельская гаспадарка. У 1940 г. створаны калгас імя 1 Мая ў в. Клятышча Осаўскага сельсавета, таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі ў в. Бельск Навасёлкаўскага сельсавета, Дзівінская МТС.

12 кастрычніка 1940 г. раён падзелены на 11 сельсаветаў: Верхалескі, Восаўскі, Дзівінскі, Лелікаўскі, Навасёлкаўскі, Павіццеўскі, Радастаўскі, Хабовіцкі, Чарнянскі, Чэмерскі і Ягмінаўскі.

Цэнтр раёна — мястэчка, пазней вёска Дзівін (1009 двароў, 4187 жыхароў). У райцэнтры знаходзіліся Дзівінскія райкам КП(б)Б (1-ы сакратар С. М. Кавалёў) і райвыканкам (старшыня Лапацін). Існаваў камітэт нарыхтовак, райспажыўсаюз з 33 гандлёвымі кропкамі па раёне, маслазавод, нарыхтоўка жывёлы (кантора), кніжны магазін, пошта (тэлефон), сямігадовая школа (400 вучняў), аптэка, бальніца разам з амбулаторыяй, ветпункт, Народны дом, пажарная каманда, 20 прыватных крам, 2 маторныя млыны, 3 хлебапякарні, бойня, рэстаран.

У Дзівінскім раёне дзейнічалі 29 школ, з іх 6 няпоўных сярэдніх (у т. л. 2 украінскія, 1 яўрэйская, 3 беларускія), 23 пачатковыя (у т. л. 8 украінскіх); 11 хат-чытальняў, 3 клубы, бібліятэка, 4 фельчарска-акушэрскія пункты, урачэбны пункт, 2 аптэкі, амбулаторыя, 2 ветурачэбныя пункты, 2 паштовыя аддзяленні (у вёсках Навасёлкі і Лелікава), кантора сувязі, 5 паравых млыноў. Былі арганізаваны арцелі: шавецкая, кравецкая, сталярная і рыбалавецкая.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Дзівінскі раён быў акупаваны немцамі 24 чэрвеня 1941 г. За час акупацыі захопнікамі ў Дзівіне і раёне было знішчана 2819 жыхароў. Болем у сэрцы адгукнулася трагедыя вёскі Барысаўка, дзе 23 верасня 1942 г. фашысцкія карнікі расстралялі 206 жыхароў, а саму вёску (225 двароў) спалілі.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі дзейнічалі партызанскія атрады імя Чкалава, імя Шчорса, імя Калініна, імя Катоўскага, Чапаеўскі, Фёдарава, 44-ы баявы і брыгада імя Флегантава. Да ўтварэння падпольнага райкама ЛКСМБ у чэрвені 1943 г. камсамольскай работай кіравалі партызаны-камсамольцы В. І. Півавараў, В. І. Удовін.

Ужо восенню 1943 г. тэрыторыя Дзівінскага раёна сіламі партызанскіх атрадаў імя Шчорса і імя Катоўскага была цалкам ачышчана ад акупантаў. Барацьба з партызанамі для мясцовага акупацыйнага камандавання стала адной з важных задач. Акупацыя Дзівіна з’яўлялася для немцаў стратэгічна важнай таму, што яна скавала б сілы партызан і ўскладніла абарону Днепроўска-Бугскага канала. Гарачыя баі за Дзівінскі раён адбыліся яшчэ да пачатку поўнамаштабнага вызвалення Беларусі ў рамках аперацыі «Баграціён». Удзел у баях за Дзівін у сакавіку 1944 г. прымалі не толькі партызаны, але і рэгулярныя часткі Чырвонай арміі. Баявыя дзеянні, пераважна абарончага характару, ажыццяўляла 160-я дывізія.

21 сакавіка Дзівін заняў 1-ы стралковы батальён 1293-га стралковага палка. На працягу наступных дзён за Дзівін ішлі цяжкія баі, аж да рукапашных, падчас якіх ён пераходзіў з рук у рукі. Ноччу 29 сакавіка, адчуваючы недахоп сіл боепрыпасаў, часткі Чырвонай арміі былі вымушаны пакінуць Дзівін і адступіць. Канчаткова Дзівін быў вызвалены на наступны дзень пасля вызвалення Кобрына — 21 ліпеня 1944 г. часцямі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту, куды ўваходзілі 9-ы гвардзейскі стралковы атрад, 212-я стралковая дывізія, 12-я гвардзейская дывізія.

У 1949 г. у цэнтры Дзівіна быў устаноўлены абеліск 74 савецкім войнам і 2 партызанам, якія загінулі ў баях за вёску і пахаваны тут. У 1978 г. у лесе ля Барысаўкі на магіле аднавяскоўцаў быў усталяваны помнік — скульптура смуткуючай маці.

Адразу пасля вызвалення аднавілі сваю дзейнасць партыйныя і савецкія органы ўлады, а таксама камсамольская арганізацыя раёна. Менавіта пад іх кіраўніцтвам пачалося аднаўленне эканамічнага жыцця раёна. У 1945 г. адноўлена МТС. Пра надзеі і спадзяванні дзівінчане чыталі ў газеце «За бальшавіцкія калгасы», якая пазней была перайменаваная ў «Сталінскі шлях». Затым пачала выдавацца раённая газета «Ленінскі прызыў» (адказны рэдактар А. Мельнікаў). У 1947 г. пачалося будаўніцтва няпоўнай сярэдняй школы, працавалі раённы клуб, бібліятэка, новы магазін. У 1948–1949 гг. у вёсках раёна арганізоўваюцца калгасы. У 1950 г. адкрыты дзіцячыя яслі, пачалося будаўніцтва новага будынка райбальніцы.

Першыя пасляваенныя гады цяжка назваць мірнымі. Банды Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) некалькі гадоў супраціўляліся савецкай уладзе. Месцам найбольшай канцэнтрацыі сіл УПА ў Беларусі стаў Дзівінскі раён. Нацыяналісты хаваліся ад аблаў і спрабавалі ўцягнуць Брэстчыну ў грамадзянскую вайну, прыцягнуць жыхароў Дзівіна і навакольных вёсак на свой бок і тэрарызавалі тых, хто хоць неяк быў звязаны з Саветамі. Толькі да пачатку 1953 г. дзякуючы зладжанай працы праваахоўных органаў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці банды УПА поўнасцю спынілі сваё існаванне.

16 ліпеня 1954 г. Лелікаўскі, Чэмерскі і Ягмінаўскі сельсаветы скасаваны, у склад Дзівінскага раёна з Жабінкаўскага раёна перададзены вёскі Горы, Звозы, Лясавец, Субаты і Шарашоўцы.

8 жніўня 1959 г. Дзівінскі раён скасаваны. Адбылося ўзбуйненне Кобрынскага раёна, у склад якога былі перададзены Верхалескі, Дзівінскі, Навасёлкаўскі, Павіццеўскі, Хабовіцкі сельсаветы. Радастаўскі сельсавет — у Драгічынскі раён, Восаўскі і Чарнянскі сельсаветы — у Маларыцкі раён.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай энтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Дзівінскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 112.
  2. Камінскі, М. Дзівінскі раён / Мікалай Камінскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 229.
  3. Камінскі, М. І. Дзівін / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 191–192.
  4. Гапанович, А. Н. Дивин – древний и молодой : Дивин – один из самых крупных сельских населенных пунктов Кобринщины, центр Дивинского селького Совета / Афанасий Гапанович ; [фотографы: Н. Г. Ефтифеев и др.]. – Брест : Брестская типография, 2017. – 79, [2] с. : фот.
  5. Бодак, А. Ю. Проблемы восстановления советской власти на Полесье в первые месяцы после освобождения от немецко-фашистских захватчиков (на примере Дивинского района Брестской области) / А. Ю. Бодак // Брестская крепость: историко-культурный контекст : сб. материалов Междунар. форума преподавателей рус. яз. и лит. стран СНГ и Европы, Брест, 6–10 окт. 2014 г. Брест, 2015. С. 9–12.
  6. ОУН – УПА в Беларуси, 1939–1953 гг. : документы и материалы / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др. ; составители: В. И. Адамушко и др.]. – 2-е изд. – Минск : Вышэйшая школа, 2012. – 526, [2] с.
  7. Князева, В. М. Сацыяльна-эканамічнае становішча Кобрыншчыны ў 1939–1940 гг. / В. М. Князева // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 126–130.
  8. Дивинский район // Административно-территориальное устройство БССР : справочник. Минск, 1987. Т. 2 : (1944–1980 гг.). С. 74.
  9. Дивинский район // Административно-территориальное устройство БССР : справочник. Минск, 1985. Т. 1 : (1917–1941 гг.). С. 174.
  10. Об объединении сельских советов Брестской области : Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР, 16 июля 1954 г. // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938–1955 гг. Минск, 1956.
  11. Дзівінскі шлях:гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2016. – 96 с. : фат.
  12. Гребенников, О. Дивин. Весна 1944-го / Олег Гребенников // Заря. 2024. 11 сентября. С. 17.
  13. Майский, Г. Кровавый след боевиков ОУН-УПА : [о деятельности отрядов Украинской повстанческой армии (УПА) в окрестностях Дивинского и Кобринского районов в конце Великой Отечественной войны] / Глеб Майский // Заря. 2023. 18 февраля. С. 10.
  14. Елизарова, Ж. Геноцид белорусского народа: архивы помнят всё : [о деятельности националистических формирований в окрестностях Дивинского и Кобринского районов в 1944 г.] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2022. 26 кастрычніка. С. 5 ; 2 лістапада. С. 5 ; 7 снежня. С. 5.
  15. Елизарова, Ж. Дивин древний, Дивин юный. Таямніцы зямлі кобрынскай / подготовила Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2022. 23 сакавіка. С. 4–5.
  16. Кузина, С. Забыть нельзя, помнить – больно! : [об уничтожении мирного населения на оккупированных территориях Кобринсого и Дивинского районов] / Светлана Кузина // Кобрин-информ. 2017. 22 июня. С. 4.
  17. Кирьянов, А. Из-за леса, из болот : [о деятельности бандитских формирований ОУН и УПА на территории Кобринского района (деревни Дивин, Повить, Леликово)] / Артем Кирьянов // Народная газета. 2016. 27 мая. С. 22–23.
  18. Корбут, В. Весна сорок пятого года : материалы из Национального архива [Республики Беларусь] : [одной из проблем, вызванных войной, явился рост инфекционных заболеваний в Дивинском районе] / Виктор Корбут, Вячеслав Селеменев // Советская Белоруссия. 2015. 7 апреля. С. 8–9.
  19. Козлов, Г. Они были первыми... : [упоминается д. Липово Дивинского района в период Великой Отечественной войны] / Георгий Козлов // Заря. 2014. 7 июня. С. 6.
  20. Гранік, С. Дняпроўска-Бугскі рубеж. Як гэта было? : [упамінаюцца Кобрын, Гарадзец і Дзівін] / Сяргей Гранік // Лiтаратура і мастацтва. 2012. 22 чэрвеня. C. 23.
  21. Борисюк, Ю. Неизвестная история памятников Великой Отечественной войны Дивина / Юрий Борисюк // Кобрин-информ. 2012. 10 мая. С. 5.
  22. Митюков, А. Бой после Победы : [почти 10 лет после войны Брестчину (Кобринский район, Дивин) терроризировали бандеровцы] / Александр Митюков // Заря. 2009. 30 июля. C. 7.
  23. Панасюк М. Дзівін дзівіць дзівам / Мікола Панасюк // Беларуская думка. 2000. № 1. С. 58–65.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 18 разоў Апошняя змена Аўторак, 22 Красавік 2025 09:41