Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Красавік 2025 12:46

2024 г. — 400 гадоў з часу заснавання кляштара бернадзінак ў г. Брэсце (1624), рэшткі касцёла якога, пабудаванага ў 1750 г., захаваліся да нашых дзён

Напачатку ХVII ст. у г. Брэсце з’явіліся бернардзінцы — члены каталіцкага манаскага ордэна святога Бярнарда (Бернардзіна) Сіенскага. Прыйшлі яны з Польшчы, дзе ў Кракаве ў 1453 г. быў заснаваны манастыр. Галоўнай мэтай бернардзінцаў на Беларусі былі місіянерская праца сярод праваслаўнага насельніцтва і пастырская дзейнасць. Апраналіся бернардзінцы ў сутану цёмна-шэрага колеру з капюшонам, плашч, насілі пояс з белай воўны.

У 1605 г. на Валынскім прадмесці (цяпер востраў Шпітальны ў Брэсцкай крэпасці) бернардзінцы пабудавалі драўляны касцёл і кляштар. У 1623 г. — мураваны касцёл у гонар Яна Хрысціцеля і святой Ганны. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) касцёл быў разабраны, адбудаваны нанова ў 1680 г. У інтэр’еры касцёла, які аздаблялі фрэскавыя роспісы, было 7 алтароў, у якіх знаходзіліся скульптуры святых. Да касцёла прылягаў мураваны кляштар.

Побач з кляштарам і касцёлам бернардзінцаў у 1624 г. быў заснаваны жаночы кляштар гэтага ордэна. Спачатку ўсе пабудовы ў бернардзінак былі драўляныя. У 1750 г. быў пабудаваны мураваны касцёл Бязгрэшнага Зачацця Дзевы Марыі (архітэктар Бенядзікт Мазуркевіч). Аднанефавы храм меў памеры 32,7 м х 15,7 м. Таўшчыня сцэн 2,8–3 м. Апсіда і сакрысція храма прамавугольнай формы. Галоўны фасад касцёла падзяляўся на два гарызантальныя ярусы і тры вертыкальныя часткі, быў фланкіраваны дзвюма нізкімі вежамі з цыбулепадобнымі завяршэннямі. Паміж вежамі франтон барочнай формы.

На нясучых сценах былі зроблены арачныя праёмы. Касцёл быў перакрыты цыліндрычным зводам. У інтэр’еры было 6 алтароў. Падлога асноўнай прасторы была выканана з цэглы, а перад галоўным алтаром — з дрэва. Галоўны алтар, багата аздоблены разьбой, у 1755–1766 гг. пазалаціў брэсцкі мастак І. Місенгілевіч.

Да касцёла ў 1780 г. быў прыбудаваны П-падобны ў плане двухпавярховы кляштар. На першым паверсе кляштара былі прыёмная, келля ігуменні, трапезная, на другім — 13 манаскіх келій, якія мелі выхад на галерэю. Унутраны дворык выкарыстоўваўся для прагулак. На абгароджаным участку кляштара меўся сад. Разам з кляштарам бернардзінцаў тут ствараўся ўнікальны горадабудаўнічы комплекс.

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі (1795) уплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. Дзейнасць кляштараў бернардзінцаў у Брэсце была спынена ў 1830 г. Вялікія змены ў Брэсце ўзніклі з пачаткам будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці ў 1833 г. Многія пабудовы былі разабраны, іншыя прыстасаваны для патрэб ваенных. У 1842 г. у крэпасці быў заснаваны Аляксандраўскі кадэцкі корпус, пад яго размяшчэнне выдзелілі памяшканні кляштараў бернардзінцаў і бернардзінак. Над перабудовай пад кадэцкі корпус працаваў архітэктар Мардзвінаў. У 1854 г. корпус быў пераведзены ў Маскву, а ў яго памяшканнях размясцілі шпіталь (з 1940 г. — шпіталь № 2396), які праіснаваў тут да чэрвеня 1941 г. У перыяд абароны крэпасці нямецка-фашысцкія захопнікі захапілі шпіталь з раненымі і медперсаналам.

У савецкі час рэшкі будынкаў былога кляштара бернардзінак знаходзіліся на тэрыторыі вайсковай часці, выкарыстоўваліся пад сталовую (1950–1970-я гг.) і складскія памяшканні. Пасля вываду з крэпасці ваенных (пачатак 1990-х гг.) будынкі прыходзілі ў заняпад. Непадалёк у 2002 г. быў заснаваны Свята-Раства-Багародзіцкі праваслаўны жаночы манастыр.

Да нашых дзён захаваліся рэшткі кляштара і сутарэнні касцёла бернардзінак. Гэта самыя старыя пабудовы ў сучасным Брэсце. Як руіны ўпраўлення ваеннага шпіталя № 2396 былы кляштар бернардзінак занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 111Г000725).

Грамадскасць горада з пачатку 1990-х гг. ставіла праблему аб захаванні аб’екта, прапаноўвала ўстаноўку памятнай дошкі альбо крыжа. У 1993 г. ля фундаментаў касцёла бернардзінак былі праведзены археалагічныя раскопкі, знойдзеныя фрагменты кафлі знаходзяцца ў музеі гісторыі г. Брэста. Таксама ў музеі можна ўбачыць макет кляштарнага комплексу бернардзінцаў, якім ён быў у ХVIII ст. (аўтар макета Мікалай Уласюк). У пачатку ХХI ст. праводзілася кансервацыя, цяпер у аддзеле культуры Брэсцкага гарвыканкама вядзецца падрыхтоўка да стварэння праекта частковай рэканструкцыі, каб уключыць аб’ект у турыстычныя маршруты.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Бернардзінцы // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. С. 119.
  2. Свирид, А. Н. Монастыри и храмы Бреста / А. Н. Свирид // Брест. Брэст. Brest, 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 64–69.
  3. Грынявецкі, В. Берасцейскі кляштар бернардзінак / Валерый Грынявецкі // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 320.
  4. Ярашэвіч, А. Берасцейскі кляштар бернардзінцаў / Аляксандр Ярашэвіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 320.
  5. Карнілава, Л. Бернардзінцы / Людміла Карнілава // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 323–324.
  6. Карнілава, Л. А. Бернардзінцы / Л. А. Карнілава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 21–22.
  7. Варанавічус, А. А. Бернардзінцы / А. А. Варанавічус, Э. К. Дарашэвіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 308.
  8. Колосовская, А. Н. Архитектурное наследие Бреста: монастыри 17–18 вв. : своеобразие / А. Н. Колосовская // Архитектурное наследие Прибужского региона. Сохранение и культурно-туристское использование : материалы І междунар. науч.-практич. конф., 28–30 мая 2008 г. Брест, 2008. C. 19–21.
  9. Лаўроўская, І. Б. Культавыя пабудовы : Кляштар і касцёл бернардзінак / І. Б. Лаўроўская // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 139–140.
  10. Малицкая, И. Бернардинский монастырь позабытая достопримечательность : [история бернардинского монастыря, который находился в Бресте] / Ирина Малицкая // Служба спасения. 2019. № 11. С. 96–99.
  11. Гайдамакина, В. От женского монастыря на территории Брестской крепости до развалин, поросших деревьями / Виолетта Гайдамакина // Брестская газета. 2019. 4 октября (№ 10). С. 19.
  12. Невар, А. Берестье: исторический момент. V : [графическая реконструкция монастыря бернардинцев на территории Брестской крепости] / Александр Невар // Вечерний Брест. 2019. 2 августа (№ 31). С. 1, 3.
  13. Ярмошук, Н. Оградить и сохранить : вокруг бернардинского монастыря смонтировано металлическое ограждение : [о состоянии руин монастырского комплекса бернардинцев в Бресте] / Николай Ярмошук // Заря. 2016. 4 августа. С. 18.
  14. Яценюк, С. Если б камни могли попросить : [о состоянии руин монастырского комплекса бернардинцев в Бресте] / Светлана Яценюк // Вечерний Брест. 2016. 18 марта. С. 7.
  15. Гапеева, Т. Последний каменный свидетель : какая судьба ждет бернардинский женский монастырь? / Татьяна Гапеева // Брестская газета. 2016. 11 марта (№ 11). С. 9.
  16. Бровач, О. Архитектурный памятник древнего Бреста разрушается, но спасти его не могут : [о состоянии руин монастырского комплекса бернардинцев] / Оксана Бровач // Комсомольская правда в Белоруссии. 2016. 20 февраля. С. 4.
  17. Чухно, Н. Охотники за привидениями : [о руинах бернардинского монастыря в Брестской крепости] / Наталья Чухно // Брестский курьер. 2009. 7 мая (№ 19). С. 21.
  18. Тиборовская, Т. Кирпичная крошка тающих надежд, или О чем мечтают каменные «зубры» : [история появления бернардинцев в Бресте] / Т. Тиборовская // Беларускi час. 2005. 23–30 декабря. С. 17.
  19. Нужен памятник, но не крест : [о рассмотрении вопроса об установке памятного знака на месте бернардинского монастыря] // Брестский курьер. 2003. № 29. С. 5.
  20. Патолятов, Д. Сохранить прошлое для потомков : [об очистке монастыря бернардинок в Брестской крепости] / Дмитрий Патолятов // Брестский курьер. 2002. № 16. С. 3.
  21. Ежэлаў, В. Манастыр бернардзiнак разбiраецца на цэглу... : [пра рэшткi манастыра на тэрыторыi Брэсцкай крэпасцi] / В. Ежэлаў // Брестский курьер. 2000. № 22. С. 7.
  22. Горская, А. Забытый монастырь : [о руинах бернардинского монастыря на территории Брестской крепости] / А. Горская // Брестский курьер. 2000. № 7. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 23 разоў