Плошча раёна — 119 403 га, у раёне размяшчалася 32 буйныя населеныя пункты, пражывала 44 578 чалавек, у Давыд-Гарадку — 11 700 жыхароў. Значную ролю ў правядзенні сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў адыгралі спецыялісты, якія прыбылі ў раён з усходніх абласцей рэспублікі.
Першыя сакратары Давыд-Гарадоцкага райкама КП(б)Б: Георгій Раманавіч Осіпаў (студзень 1940 — снежань 1940), Мікалай Аляксеевіч Скарабагацька (1940–1941), Харламій Іванавіч Севасцьянчык (з ліпеня 1943 г. сакратар Давыд-Гарадоцкага падпольнага райкама КП(б)Б; з ліпеня 1944 г. па ліпень 1946 г. першы сакратар райкама КП(б)Б), Васіль Піліпавіч Сычоў (1946–1950), Канстанцін Вікенцьевіч Мацюшэўскі (1950–1956), Рыгор Гаўрылавіч Шаўчэнка (1956–1961).
Старшыні Давыд-Гарадоцкага райвыканкама: Фама Прохаравіч Клімаў (1940–1941), Міхаіл Мацвеевіч Барсукоў (1944–1945), Фёдар Іванавіч Лісовіч (1945; 1947–1948), Вячаслаў Аляксеевіч Уткін (1945–1947), Іван Васільевіч Зайцаў (1948–1952), Захар Іванавіч Нікіценка (1952–1953), Антон Антонавіч Плаўчанка (1953–1958), Анатоль Іванавіч Міхееў (1958–1961).
Аднаўляліся і рэканструяваліся нацыяналізаваныя прадпрыемствы, пачалося будаўніцтва новых. У раёне ў 1940 г. працавалі 3 цагельныя заводы (в. Альпень). На суднаверфі ў Давыд-Гарадку было занята 175 рабочых. Іншыя прадпрыемствы горада: 2 млыны, электрастанцыя, лесазавод, маслазавод, 3 кожзаводы, прыстань на рацэ Гарынь. Вясной 1940 г. у раёне пачалася калектывізацыя. Давыд-Гарадоцкі раён меў самы высокі паказчык па калектывізаваных гаспадарках у вобласці — 14%.
Была праведзена значная работа па арганізацыі навучання дзяцей і дарослых. Вясной 1940 г. у раёне працавалі 36 школ, з іх 24 пачатковых, займаліся 7293 вучні. Матэрыяльнае забяспячэнне школ было слабым. Востра адчувалася кадравая праблема: замест патрэбных 246 працавалі толькі 117 настаўнікаў. У Давыд-Гарадку былі адкрыты бальніца (40 ложкаў), радзільны дом, амбулаторыя. Усяго ў раёне працавалі 6 урачоў, 2 фельчары, 3 акушэркі, 11 медсясцёр. Гандаль: у раёне працавалі 1 гарпо, 5 сельпо, 35 крамаў, 3 хлебапякарні, 2 сталоўкі і чайная. У райцэнтры знаходзіліся Дом культуры, кінатэатр (на 200 месцаў), працавалі 3 бібліятэкі (12 500 кніг). У раёне пры клубах і хатах-чытальнях разгарнулася работа гурткоў мастацкай самадзейнасці.
12 кастрычніка 1940 г. раён падзелены на 1 гарсавет: Давыд-Гарадоцкі, 11 сельсаветаў: Аздаміцкі, Альгомельскі, Альшанскі, Веляміцкі, Лядзецкі, Мярлінскі, Рамельскі, Рубельскі, Харомскі, Хорскі, Храпунскі.
У Вялікую Айчынную вайну Давыд-Гарадоцкі раён знаходзіўся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй з 7 ліпеня 1941 г. Захопнікі праводзілі знішчэнне насельніцтва, рабаўніцтва народнай гаспадаркі і сялянскіх падворкаў. Ва ўрочышчы Хіноўск на ўсход ад Давыд-Гарадка 10 жніўня 1941 г. немцы расстралялі каля 450 мужчын-яўрэяў. Увосень 1941 г. утварылі гета, вязняў якога расстралялі 10 верасня 1942 г. У 2010 г. ва ўрочышчы Хіноўск адкрыты мемарыял — сем бятонных свечак з надпісам «В этой братской могиле похоронено 7000 евреев Давид-Городка и его окрестностей». У маі 1944 г. гітлераўцы спалілі в. Рубель, загубілі 122 жыхары.
У раёне дзейнічалі Давыд-Гарадоцкі партызанскі атрад (ліпень – верасень 1941), партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» Пінскага злучэння. У ліпені 1943 г. былі ўтвораны падпольныя райкам КП(б)Б і райкам ЛКСМБ. У ліпені і кастрычніку 1943 г. партызаны разграмілі ў Давыд-Гарадку нямецкі гарнізон. У 1944 г. брыгада «Савецкая Беларусь» пад камандаваннем П. П. Тамілава налічвала 1027 чалавек. Давыд-Гарадоцкі раён вызвалены 9 ліпеня 1944 г. войнамі 397-й стралковай дывізіі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе наступлення на Лунінецка-Пінскім кірунку.
Пасля вызвалення раёна была адноўлена дзейнасць органаў савецкай улады, партыйных арганізацый. У ліпені 1944 г. пачаў працаваць Давыд-Гарадоцкі лясгас. Да чэрвеня 1947 г. у раёне было ўзведзена 1586 новых дамоў і 1620 розных гаспадарчых збудаванняў. Да пачатку 1948 г. усе жыхары былі пераселены з зямлянак. У жніўні 1944 г. пачаліся аднаўленчыя работы на Давыд-Гарадоцкай суднаверфі, якая да канца 1948 г. запрацавала на поўную магутнасць, працавала тады да 400 чалавек, гэта было буйнейшае прадпрыемства раёна. У 1945 г. быў адноўлены рачны транспарт, які з’яўляўся асноўным у перавозцы грузаў, райцэнтр па Гарыні і Прыпяці быў звязаны з Пінскам.
З вясны 1948 г. да восені 1949 г. было створана 30 калгасаў і калектывізавана да 80% агульнай колькасці сялянскіх двароў. У 1950 г. паказчык наблізіўся да 100%. У выніку ўзбуйнення гаспадарак да канца 1951 г. колькасць калгасаў у раёне скарацілася з 32 да 19.
Востра стаяла пытанне забеспячэння школ настаўнікамі. У Давыд-Гарадку былі адкрыты трохмесячныя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў, навучаліся 25 чалавек. Ворагі савецкай улады нярэдка ўчынялі тэрарыстычныя акты супраць настаўнікаў. У 1948 г. быў цяжка паранены бандытамі загадчык райана Цімафей Андрэевіч Ніколенка.
У верасні 1944 г. было прынята рашэнне аб стварэнні рэдакцыі газеты «Чырвоны сцяг» — органа райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Галоўным рэдактарам назначаны А. А. Плаўчанка, былы партызан, настаўнік па адукацыі. У 1957 г. газета перайменавана ў «Сцяг Леніна».
8 студзеня 1954 г. у сувязі са скасаваннем Пінскай вобласці Давыд-Гарадоцкі раён апынуўся ў Брэсцкай вобласці. 16 ліпеня 1954 г. скасаваны Альгомельскі, Рамельскі і Хорскі сельсаветы, засталіся 8 сельсаветаў.
У 1955 г. у часопісе «Знамя» быў апублікаваны раман маладой маскоўскай пісьменніцы Лідзіі Абухавай «Глубынь-городок». Каб напісаць гэты твор, аўтар прыехала ў глыбінку Беларускага Палесся, пазнаёмілася з людзьмі, якія сталі правобразамі літаратурнага твора. Раман некалькі разоў выходзіў асобным выданнем, быў папулярным, перакладзены на 16 моў.
Па перапісе насельніцтва 1959 г. у раёне пражывала 46 766 чалавек. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 19 студзеня 1961 г. Давыд-Гарадоцкі раён скасаваны, яго тэрыторыя перададзена ў Столінскі раён. Спынілі работу раённыя ўстановы і арганізацыі, іх работнікі пакінулі Давыд-Гарадок. З гэтага часу развіццё і добраўпарадкаванне горада замарудзілася.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Давыд-Гарадоцкі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 568.
- Давид-Городокский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 313.
- Давыд-Гарадоцкі раён // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 191.
- Давыд-Гарадок // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя : у 7 т. Мінск, 2007. Т. 4. С. 577–579.
- Капронава, Н. У. Давыд-Гарадок / Н. У. Капронава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 184.
- Партызанскі атрад Давыд-Гарадоцкі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 465.
- Давыд-Гарадоцкія баі 1943 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 568.
- Пасэ, У. Давыд-Гарадоцкія баі 1943 / Уладзімір Пасэ // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 191.
- Пасэ, У. С. Давыд-Гарадоцкія баі 1943 / У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 184.
- Якимович, Ю. А. Давид-Городок / Ю. А. Якимович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 387–388.
- Вабішчэвіч, А. М. Століншчына ў 1939–1941 гг. / А. М. Вабішчэвіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 179–186.
- Звесткі пра ствараемыя Давыд-Гарадоцкі і Столінскі раёны / падрыхтаваў А. М. Вабішчэвіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 195–198.
- Акт аб здзейсненых злачынствах нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Давыд-Гарадоцкім раёне // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 235–236.
- Зварот партызан Давыд-Гарадоцкага раёна да грамадзян Давыд-Гарадка / падрыхтаваў А. М. Літвін // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 166–167.
- Бразоўскі, М. П. У мірнай працы : Давыд-Гарадоцкі раён / М. П. Бразоўскі, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 423–430.
- Па старонках давыд-гарадоцкай раённай газеты «Чырвоны сцяг» : [1945–1948] / падрыхтаваў Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 438–441.
- Кіраўнікі раёнаў : Першыя сакратары Давыд-Гарадоцкага РК КПБ. Старшыні Давыд-Гарадоцкага райвыканкама / падрыхтаваў Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 500.
- Абухава, Л. А. Глыбінь-гарадок : аповесць аб людзях Палесся / Лідзія Абухава ; пераклад А.Паўловіча ; мастак А.Сапетка. – Мінск : Дзяржвыдавецтва БССР, 1958. – 278 с. : iл.
- Обухова, Л. А. Глубынь-городок : роман / Лидия Обухова. – Москва : Советская Россия, 1984. – 255, [1] c.
- Шпакевіч, Ф. Брыгада «Савецкая Беларусь» : [пра партызанскі рух на поўдні Беларусі і арганізацыю партыйнага падполля ў 1943 г. у Столінскім і Давыд-Гарадоцкім раёнах] / Фёдар Шпакевіч // Навіны Палесся. Столін, 2024. 2 ліпеня. С. 3.
- Кулага, С. Партизанское движение и антифашистское подполье на территории Столинского и Давид-Городокского районов в 1941–1944 гг. / Сергей Кулага // Навіны Палесся. Столін, 2021. 13 ліпеня. С. 4.
- Харламаў, А. Калі «раёнка» была і ў Давыд-Гарадку... : [успаміны аб рабоце ў рэдакцыі давыд-гарадоцкай газеты] / Анатоль Харламаў // Навіны Палесся. Столін, 1999. 3 лістапада. С. 2.
- Коверников, Н. Повесть о людях нашего района : [о повести Л. Обуховой «Глубынь-городок»] / Н. Коверников // Заря. 1956. 7 февраля. С. 4.