У 1940 г. пачаў працаваць Шарашоўскі райкам КП(б)Б. Сакратарамі райкама партыі былі абраны С. А. Балабуткін, Базылевіч, Пятрова. Старшынёй Шарашоўскага райвыканкама стаў Іван Раманавіч Булаўскі. Першым сакратаром райкама камсамола працаваў Ф. Н. Белановіч.
У 1940 г. у Шарашова было 3486 жыхароў, 686 жылых пабудоў, працавалі электрастанцыя, млын, лазня, пошта, тэлеграф, клуб, амбулаторыя, аптэка, 2 школы.
У кастрычніку 1940 г. на тэрыторыі раёна былі ўтвораны 10 сельсаветаў: Бродскі, Катрэнскі, Крыніцкі, Мураўскі, Папялеўскі, Роўбіцкі, Старавольскі, Сухапальскі, Шчэрчаўскі, Ялоўскі.
У час Вялікай Айчыннай вайны раён быў акупіраваны 23 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў Шарашова і раёне 1992 чалавекі. 28 жніўня 1941 г. расстралялі старшыню выканкама Шарашоўскага пасялковага Савета працоўных Васіля Пятровіча Грынкевіча (аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка, прымацаваная на будынку цяперашняга пасялковага Савета). У 1941 г. спалілі в. Чадзель, загубілі 38 жыхароў. У Стараволі гітлераўцы забілі 62 жыхара. У выніку карных аперацый у Шарашоўскім раёне ў 1941 г. змянілася дэмаграфічная сітуацыя. З-за масавых распраў і прымусовага высялення значна скарацілася насельніцтва, зніклі 62 населеныя пункты, у тым ліку 24 — канчаткова. У Белавежскай пушчы знаходзіцца мемарыял «Падаючыя крыжы»: тут карнікі расстралялі 130 мірных жыхароў пушчанскіх вёсак.
Поўнасцю было знішчана яўрэйскае насельніцтва. У НП «Белавежская пушча» ўстаноўлены помнік расстраляным яўрэям з Шарашова. 30 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці хаваліся ад фашыстаў на востраве сярод ляснога балота непадалёк ад в. Ясень, але не ўратаваліся, у 1942 г. немцы іх забілі.
На тэрыторыі Кляшчэльскага, Шарашоўскага і Гайнаўскага раёнаў з сакавіка да жніўня 1942 г. дзейнічаў асобны партызанскі атрад С. І. Казлова. Дзейнічалі раённы антыфашысцкі камітэт, падпольны райкам ЛКСМБ (1 верасня 1943 г. — 13 ліпеня 1944 г.). Актывістамі падпольнага райкама камсамола былі Н. Клімец, П. Круглоў, П. Рагачэўскі, Я. Багатаў, С. Ясечка, К. Давыдзюк і інш.
Шарашоўскі раён вызвалены 17 ліпеня 1944 г. воінамі 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту.
Адразу пачалася работа па аднаўленні народнай гаспадаркі, наладжванні мірнага жыцця. У жніўні 1944 г. пачала работу раённая газета «За Радзіму». Аднавіла працу Шарашоўская сярэдняя школа, у 1946 г. былі створаны піянерская і камсамольская арганізацыі. Першы выпуск адбыўся ў 1950 г., атэстаты сталасці атрымалі 23 выпускнікі. У 1947–1957 гг. у Шарашове працаваў дзіцячы дом для дзяцей, чые бацькі загінулі ў вайну.
У жніўні 1945 г. частка тэрыторыі раёна была перададзена Польшчы ў рамках дэмаркацыі беларуска-польскай граніцы. Беларускія гаспадаркі былі пераселены ўглыб раёна.
16 ліпеня 1954 г. перагледжана дзяленне раёна на сельсаветы — тры сельсаветы скасаваны (Катрэнскі, Мураўскі, Ялоўскі), адзін утвораны — Бакунскі.
На пачатак 1955 г. плошча раёна складала больш за 800 кв. км. Акрамя райцэнтра налічвалася яшчэ 100 населеных пунктаў. Колькасць насельніцтва — 21 491 чалавек. У раёне было 11 калгасаў, існавалі 446 аднаасобных гаспадарак. У Шарашова працавала машынна-трактарная станцыя, якая мела 56 трактараў і камбайнаў. Працяглы час выходзіла газета Шарашоўскай МТС «Калгасны шлях».
Сістэма аховы здароўя раёна ўключала бальніцу на 50 ложкаў, 2 сельскія бальніцы на 30 ложкаў кожная, 8 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і санстанцыю. Працавалі 42 школы, з іх — 22 пачатковыя, 16 семігодак і 4 сярэднія. Навучалася 3992 дзяцей. Настаўнікаў — 244.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 17 снежня 1956 г. Шарашоўскі раён скасаваны, яго тэрыторыя перададзена ў склад Пружанскага раёна.
22–23 мая 2025 г. адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна», прымеркаваная да 645-годдзя Шарашова.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф АаіІ
- Шарашоўскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 378.
- Шерешовский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 468.
- Шарашоўскі раён // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 197.
- Шарашова // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск 2007. Т. 4. С. 544–546.
- Паваліхіна, Т. І. Шарашова // Т. І. Паваліхіна // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 634.
- Партызанскі атрад С. І. Казлова // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 470.
- Шерешёво // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 375.
- Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна : даследаванні і матэрыялы / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ; укладальнікі і навуковыя рэдактары: С. У. Грунтоў, В. М. Папко. – Мінск : Беларуская навука, 2025. – 399 с.
- Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. – Мінск, 1992. – 449, [5] с. : іл.
- Литвинович, Е. Фолиант летописи Пружанщины : [о республиканской научно-практической конференции, посвященной 645-летию Шерешево] / Евгений Литвинович // Заря. 2025. 4 июня. С. 13.
- Сідарэнка, А. Узбагачэнне пружанскай спадчыны : [аб рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна»] / Алег Сідарэнка // Раённыя будні. Пружаны, 2025. 28 мая. С. 1, 3.
- Дулеба, Г. З гісторыі населеных пунктаў Пружаншчыны : Шарашоўскі пассавет / Ганна Дулеба // Раённыя будні. Пружаны, 2005. 20 жніўня. С. 8.
- Фасевіч, С. Старажытны Шарашоў / Станіслава Фасевіч // Раённыя будні. Пружаны. 1997. 5 жніўня. С. 2, 4.
- Клімец, М. Мястэчку Шарашова 610 гадоў / М. Клімец // Зара камунізму. Пружаны, 1990. 29 мая.
- Климец, М. Первые депутаты : первые депутаты сельских советов бывшего Шерешевского района / М. Климец // Заря. 1989. 6 октября.
- Савецкае Шарашова : [моваю лічбаў і фактаў 1939–1967 гг.] // Зара камунізма. Пружаны, 1967. 9 мая.
- Об упразднении некоторых районов Белорусской ССР // Заря. 1956. 18 декабря.