Будынак царквы вырашаны ў традыцыях народнага дойлідства з рысамі класіцызму. Адзіны прамавугольны падоўжны зруб, які пераходзіць у трохсценную апсіду. З боку галоўнага фасада, завершанага трохвугольным франтонам, — двухсхільны дах, прарэзаны чацверыковай шатровай вежай-званіцай. Гарызантальна ашаляваны бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконннымі праёмамі ў простых ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках, грані апсіды — арачнымі праёмамі. Будынак завершаны манументальным шпілем з масіўным каваным крыжам, што мае люстраныя паверхні і ордэнскую эмблематыку.
Унутры храма над уваходам на дзвюх калонках размешчаны хоры. Плоская столь пакрыта размалёўкай. Адметныя рысы эстэтыкі класіцызму: ацалелыя ў алтарнай частцы канеліраваныя пілястры, паліхромны жывапісны фрыз у выглядзе трыгліфаў і метоп з разеткамі на фасадзе і на плафоне столі. У інтэр'еры апсіда вылучана драўляным разным іканастасам з царскімі варотамі ў стылі барока: на ажурным разным раслінна-кветкавым фоне вылучаюцца 6 авальных абразоў-таблетак. Абразы ХVІІІ–ХІХ стст.: «Спас Пантакратар», «Маці Божая з дзіцём», «Маці Божая Замілаванне».
Храм у Стрэльна — выразны і лаканічны, просты і адначасова ўзнёслы. Вакол царквы зялёны мурог паглынуў старажытныя могілкі. У вёсцы стаіць вялікі царкоўны дом ХІХ ст., у якім жылі і цяпер жывуць мясцовыя святары.
З 1926 г. па 1935 г. настаяцелем храма служыў протаіерэй Васіль Антоніевіч Катовіч (1849–1937), які з 1911 г. валодаў маёнткам Чабаеўка за 5 вёрст ад Стрэльна. У 1920-я гг. царква была рэстаўравана, пафарбавана, па гонтах была пакладзена бляха, звонку абабітая вертыкальна дошкамі. Агароджа драўляная, змянялася і фарбавалася. Ёсць звесткі, што сродкі на рамонт збіраліся з дапамогай лабураў — прафесійных збіральнікаў.
Храм у Стрэльна пастаянна дзейнічаў, не зачыняўся. У 1963 г. прыход ўзначальваў святар Барыс Цімафеевіч Новік. У 1985–1988 гг. у царкве праведзены ўнутраны рамонт. На ахвяраванні вернікаў з вёсак Стрэльна, Стараселле, Клёнкі, Кляшчы набывалася царкоўнае начынне. У 2003 г узначальваў прыход іерэй Васіль Гойка, у цяперашні час — іерэй Георгій Новак.
Свята-Аляксандра-Неўская царква ўваходзіць у склад Іванаўскага благачыння (створана ў 1989 г.) Пінскай і Лунінецкай праваслаўнай епархіі. 12 верасня — прастольнае свята храма, на якое з’язджаецца шмат вернікаў з усяго раёна. У 2021 г. на прастольнае свята быў прывезены каўчэг з часціцай мошчаў святога князя Аляксандра Неўскага.
Царква ў гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў в. Стрэльна — помнік драўлянага дойлідства з элементамі архітэктуры стыляў класіцызму і ампіру. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000281). З’яўляецца адным з важнейшых турыстычных аб’ектаў Іванаўскага раёна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна,
бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
-
Царква ў імя святога дабравернага князя Аляксендра Неўскага : [в. Стрэльна] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 385–386.
-
Свята-Аляксандра-Неўская царква : [в. Стрэльна] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 189.
-
Стрэльна // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 426–427.
-
Стрэльна // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 2000. С. 584–585.
-
Габрусь, Т. В. Церковь Алесандра Невского : [д. Стрельно] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 199.
-
Габрусь, Т. В. Царква Аляксандра Неўскага : [в. Стрэльна] / Т. В. Габрусь // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 178.
-
Церковь святого благоверного князя Александра Невского// Храмы Брестчины. Брест : Вечерний Брест, 2024. С. 87.
-
Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Стрэльна. С. 201, 287, 331, 339.
-
Религиозные конфессии на территории Ивановщины в конце XVIII – начале XX в. // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район. Брест, 2017. С. 279–290.
-
Беларусь Православная : [фотоальбом / худож. А.П.Маковцев]. – Минск : Мин. ф-ка цв. печати, 2007. – 319с. : фот.
-
Праздник для души : [о престольном празднике храма Александра Невского в д. Стрельно] / прихожане храма Александра Невского // Янаўскі край. Іванава, 2021. 24 верасня (№ 38). С. 13.
-
Габрусь, Т. В. Сапраўднае – па-за часам : трыумф традыцыйнай эстытыкі беларускага храмабудаўніцтва / Тамара Габрусь // Роднае слова. 2019. № 2. С. 76–79.
-
Богданец, О. Жизнь посвятил служению Богу и людям : [о священнослужителе Василии Котовиче и его деятельности во время Первой мировой войны] / Олег Богданец // Янаўскі край. Іванава, 2018. 27 ліпеня. С. 13.
-
Кресс, Д. Историко-культурное наследие района / Диана Кресс // Янаўскі край. Іванава, 2017. 22 верасня. С. 7.
-
Васюк, Н. Батюшка «от Бреста до Пинска» : [о священнослужителе Василии Котовиче и его деятельности во время Первой мировой войны] / Наталья Васюк // Вечерний Брест. 2014. 18 апреля (№ 32). С. 8.