Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 02 Ліпень 2025 09:48

85 гадоў з дня нараджэння Мікалая Сцяпанавіча Налівайкі (1940), самадзейнага мастака і паэта

 

Мікалай Сцяпанавіч Налівайка нарадзіўся 27 кастрычніка 1940 г. у в. Моладава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Дзяцінства прыпала на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады. Любіў ляпіць з гліны, разглядваць карцінкі ў падручніках, маляваць алоўкам ілюстрацыі да прачытанага. Памятаў усё жыццё свой першы аловак — такая радасць была ад гэтай малой рэчы. Ніякіх мастацкіх часопісаў, кніг-альбомаў у вёсцы не было, а тым болей не здарылася наведванняў музеяў і выстаў.

Бацькі вельмі шкадавалі, што не маглі адправіць яго вучыцца — не было грошай, а дома памочнік па гаспадарцы. З юнацтва Мікалай працаваў у калгасе. А калі ў трыццаць гадоў ажаніўся, сам пабудаваў дом, дзе самы светлы і вялікі пакой прыстасаваў пад майстэрню.

Вучыцца змог толькі дарослым. У 1976 г. закончыў Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў — аддзяленне малюнка і жывапісу, затым —курс кіраўніка выяўленчай студыі. Давялося працаваць настаўнікам у школе, пятнаццаць гадоў мастаком-афарміцелем у калгасе «Моладава», разьбяром па дрэве ў Агоўскім цэху размалёўкі — філіяле Брэсцкай фабрыкі сувеніраў, будаўніком у калгасе.

Мастак у асновным займаўся пейзажным і тэматычным жывапісам. Асноўныя працы: «Месячная ноч», «Ласі», «Асенні акорд», «Касцы», «Удовін сын», «Лета на Палессі», «У полі перад навальніцай» і інш. Першы глядач і суддзя яго карцін — жонка Лідзія Сцяпанаўна. Творы Мікалая Налівайкі — гэта імправізацыя, выдумка ў пейзажы, барацьба і саюз фарбаў і мяккіх таноў.

Удзельнічаў у выставах самадзейнага выяўленчага мастацтва ў Маскве (1985, 1987), у шматлікіх рэспубліканскіх і абласных выставах. Яго карціны аб Вялікай Айчыннай вайне былі адзначаны дыпломам. Наладзіў персанальныя выставы ў роднай вёсцы – такая справаздача перад аднавяскоўцамі. У 2000 г. да свайго 60-годдзя персанальную выставу арганізаваў у раённай бібліятэцы імя Ф. І. Панфёрава.

Другое захапленне Мікалая Сцяпанавіча — разьба па дрэве. Вучыўся майстэрству разьбярства ў слыннага на ўсю рэспубліку мастака Андрэя Вінярскага з Брэсцкай фабрыкі сувеніраў, які нейкі час працаваў у Агове. Працаваў часцей за ўсё па матывах беларускіх і рускіх казак. Выконваў фігуркі звяроў і птушак, нават цэлыя сцэны з іх ляснога жыцця.

Мікалай Сцяпанавіч быў вельмі простым і выключна сціплым чалавекам. Невысокі, хударлявы, з прамымі валасамі. Пісаў вершы, якія былі надрукаваны ў раённай газеце «Чырвоная звязда», абласной «Заре», часопісе «Гоман», юбілейным зборніку іванаўскага літаб’яднання «Ясельда» (2006).

Мікалай Сцяпанавіч Налівайка памёр 21 студзеня 2019 г., пахаваны на могілках аг. Моладава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.

Пай Вольга Васільеўна,

бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

Вершы М. С. Налівайкі

 

  1. Шчэ ткуць у вёсках ручнікі ; Чарнобыльскі эцюд ; Прыход вясны : [вершы] / Мікола Налівайка // Ясельда : юбілейны зборнік Іванаўскага літаб'яднання / рэдактар і ўкладальнік Р. Сыраватка. Іванава, 2006. С. 45–46.

  2. Сымону Войне; «Дзе б я ні быў, што б ні рабіў…» ; Вяселле ; «В перелеске кружит листопад…» ; «Я любимой портрет напишу…» : [вершы] / Мікола Налівайка // Гоман. 2006. № 3. С. 274.

  3. З выраю на Палессе ; Прыход вясны ; Чарнобыльскі эцюд : [вершы] / Мікола Налівайка // Чырвоная звязда. Іванава, 2006. 31 студзеня.

  4. «Шчэ ткуць ў вёсках ручнікі…» : [верш] / Мікола Налівайка // Заря. 2005. 24 мая.

  5. «Не, не трэба мне чужога раю…» : [верш] / Мікола Налівайка // Чырвоная звязда. Іванава, 2003. 6 чэрвеня. С. 5.

  6. Асенні лес : [верш] / Мікола Налівайка // Чырвоная звязда. Іванава, 1996. 17 снежня.

  7. Чарнобыльскі эцюд ; Белавежа ; Сымону Войне : [пра тое, як у 1583 г. князем Сымонам Войнай Моладаўскай царкве быў падараваны звон] : [вершы] // Мікола Налівайка // Чырвоная звязда. Іванава, 1996. 3 верасня.

 

 

Аб жыцці і творчасці М. С. Налівайкі

 

  1. Налівайка Мікалай Сцяпанавіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 521.

  2. Жушма, В. Маляваць вучыўся сажай на сцяне... : [пра самабытнага мастака Мікалая Налівайку з в. Моладава] / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Iванава, 2001. 1 студзеня. С. 3.

  3. Квир, А. «Не могу без Полесья» : не самыми дешевыми были на художественном салоне в Москве пейзажи Николая Наливайко из д. Молодово Ивановского района, однако товар разошелся с первого раза / А. Квир // Советская Белоруссия. 1991. 9 июля.

  4. Сердюк, И. …И золото по голубому : [о самобытном художнике Николае Наливайко из д. Молодово] / И. Сердюк // Заря. 1990. 6 июля.

  5. Туркевич, В. Живет в деревне мастер… : [Николай Наливайко] / В. Туркевич // Заря. 1985. 30 марта.

  6. Туркевіч, В. Народны ўмельца з Моладава : [Мікалай Налівайка] / В. Туркевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1985. 16 лютага.  

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 13 разоў Апошняя змена Серада, 02 Ліпень 2025 10:06