12 кастрычніка 1940 г. раён падзелены на 12 сельсаветаў: Ахоўскі, Бродніцкі, Дубайскі, Жабчыцкі, Завідчыцкі, Кашавіцкі, Кротаўскі, Масявіцкі, Невельскі, Паршавіцкі, Хойнаўскі, Яечкавіцкі. У 1940 г. у Жабчыцах 350 пражывала жыхароў. У пачатку студзеня 1940 г. у Малоткавічах Жабчыцкага раёна быў створаны першы ў Пінскай вобласці калгас імя Молатава (старшыня Іван Лявонцьевіч Савіцкі).
У час Вялікай Айчыннай вайны ў Жабчыцкім раёне ворага стрымлівала 6-я стралковая дывізія, аднак буйных баёў тут не было. Мужна змагаліся з ворагам савецкія лётчыкі. Да 25 чэрвеня з Жабчыцкага ваеннага аэрадрома падымаліся ў паветра бамбардзіроўшчыкі: самалёты 39-га авіяпалка выляталі на знішчэнне ворага, наносілі ўдары па яго калонах. Лётчыкі ляталі без прыкрыцця, неслі вялікія страты, але зноў і зноў ірваліся ў бой. У раёне была праведзена частковая мабілізацыя ваеннаабавязаных.
Жабчыцкі раён быў акупіраваны 2 ліпеня 1941 г. Тэрор супраць мірнага насельніцтва пачаўся з першых дзён акупацыі. Акупанты знішчалі жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці і савецкіх ваеннапалонных. Часткова або поўнасцю спалілі шмат вёсак: Жабчыцы, Дубае, Невель і інш. Гітлераўцы вывозілі людзей у Германію ў рабства. У ліпені 1944 г. у Жабчыцах знішчаны 70 двароў, забіты 26 чалавек. Усяго ў раёне захопнікі забілі 428 чалавек.
У час акупацыі дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б (з 1 верасня 1943 г.) і ЛКСМБ (з чэрвеня 1943 г.). На тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанская брыгада імя Молатава, створаная ў красавіку 1943 г., і Пінская партызанская брыгада, створаная ў жніўні 1943 г. Вызвалены Жабчыцкі раён 16 ліпеня 1944 г. у ходзе Лунінецка-Пінскага наступлення 20-й стралковай дывізіяй 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту.
У Малоткавічах знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Пахаваны 95 чалавек. У 1957 г. на магіле ўстаноўлены помнік – скульптура салдата. У Невелі – абеліск на пахаванні 188 жыхароў вёскі, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі 12 снежня 1942 г.
Адразу пачалося аднаўленне мірнага жыцця. Не хапала працаздольнага насельніцтва, машын, будматэрыялаў, сыравіны, паліва, прадуктаў. З 1 верасня запрацавалі школы. Са снежня 1944 г. пачала выдавацца раённая газета «Новы шлях», якая цяпер захоўваецца ў Занальным дзяржаўным архіве г. Пінска (ф. 657). У 1944 г. уступіла ў строй Жабчыцкая машынна-трактарная станцыя. У 1946 г. аднавіў сваю работу Жабчыцкі пладовавінаробчы завод. Паступова аднаўляліся і арганізоўваліся новыя калгасы, калектывізацыя ў асноўным прайшла ў 1949 г.
На тэрыторыі Піншчыны засталіся ўзброеныя антысавецкія групы, а таксама тыя, каму не даспадобы прыйшлася калектывізацыя. Яны нападалі на вёскі, рабілі дыверсіі, запалохвалі насельніцтва. Пракурор Жабчыцкага раёна Віктар Фёдаравіч Марозаў (1923–1944) 18 снежня 1944 г. па дарозе з в. Кротава, дзе ён праводзіў сход, быў схоплены бандай і закатаваны. Пахаваны ў в. Малоткавічы, дзе яго імем названа вуліца. Старшыня Завідчыцкага сельсавета Дзмітрый Майсеевіч Лапін (1910–1945) забіты бандытамі 30 красавіка 1945 г. Участковы ўпаўнаважаны Жабчыцкага раённага аддзела міліцыі Аляксандр Міронавіч Дзмітраніца забіты бандытамі 2 мая 1945 г.
Шмат людзей Жабчыцкага раёна ўславілі свой край. Марк Герасімавіч Піскун (1914–1993) прайшоў праз польскія турмы як змагар за нацыянальнае вызваленне Заходняй Беларусі, абаронца Брэсцкай крэпасці, партызан. У пасляваенныя гады працаваў загадчыкам Жабчыцкага раённага сельгасаддзела, а ў 1953 г. узначаліў калгас імя Молатава (з 1957 г. — імя Суворава, з 1969 г. — саўгас «Малоткавічы») у в. Малоткавічы, якім кіраваў да 1975 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
З 8 студзеня 1954 г. Жабчыцкі раён у складзе Брэсцкай вобласці ў сувязі са скасаваннем Пінскай вобласці. 16 ліпеня 1954 г. скасаваныя Завідчыцкі, Кашавіцкі, Хойнаўскі, Яечкавіцкі сельсаветы, утвораны Вулькаўскі сельсавет, Жабчыцкі сельсавет перайменаваны ў Малоткавіцкі. 30 мая 1955 г. цэнтр Жабчыцкага раёна перанесены ў вёску Малоткавічы, у якой у 1954 г. пражывала 1271 жыхароў.
Старшыні Жабчыцкага райвыканкама: Андрэй Іванавіч Прыступа (1944–1945; 1947–1951), Міхаіл Раманавіч Шалудзько (1946–1947), Аляксандр Гаўрылавіч Бальшакоў (1952), Павел Фролавіч Самаркін (1953–1954), Уладзімір Іванавіч Кавалёў (1955–1957).
14 кастрычніка 1957 г. Жабчыцкі раён быў скасаваны. Бродніцкі і Кротаўскі сельсаветы перададзены Іванаўскаму раёну, Масявіцкі сельсавет — Лагішынскаму раёну (скасаваны 25 снежня 1962 г.), Ахоўскі, Вулькаўскі, Дубайскі, Малоткавіцкі, Невельскі, Перашавіцкі сельсаветы — Пінскаму раёну.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Жабчыцкі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 411.
- Жабчицкий район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 374.
- Жабчицкий район // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 514.
- Жабчыцкі раён // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 361.
- Жабчицкий район // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 250.
- Жабчицкий подпольный райком КП(б)Б (1.9.1943–30.31944). Жабчицкий подпольный райком ЛКСМБ (6.1943–20.3.1944) // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 257.
- Старшыні Жабчыцкага райвыканкома // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 503.
- Жабчыцы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 405.
- Жабчыцы // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 583.
- Дзмітраніца Аляксандр Міронавіч. Лапін Дзмітрый Майсеевіч. Марозаў Віктар Фёдаравіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 453.
- Паваліхіна, Т. І. Жабчыцы / Т. І. Паваліхіна // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 207.
- Кирейшин, Н. В. Братская могила советских воинов и партизан : [д. Молотковичи] / Н. В. Кирейшин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 341.
- Урбанович, И. Марк Пискун – герой, борец, патриот / Инна Урбанович // Пінскі веснік. 2024. 20 верасня (№ 38). С. 12.
- Ребковец, Л. Его бомбили первым... : [митинг-реквием в д. Жабчицы Пинского района у памятного знака на месте бывшего военного аэродрома, с которого в июне 1941 г. взлетали советские бомбардировщики] / Людмила Ребковец // Пінскі веснік. 2024. 28 чэрвеня (№ 26). С. 5.
- Усачев, О. И это все о нем! : [об участнике Великой Отечественной войны, депутате Верховного совета БССР, уроженце д. Мерчицы Пинского района Марке Герасимовиче Пискуне] / Олег Усачев // СБ. Беларусь сегодня. 2023. 29 ноября. С. 12–13.
- Гребенников, О. Одна судьба : [о бывшем председателе колхоза Марке Григорьевиче Пискуне из Пинского района] / Олег Гребенников // Заря. 2019. 4 декабря. С. 6.