Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 15 Верасень 2025 11:42

2024 г. — 500 гадоў з часу пацвярджэння каралевай Бонай прывілея Пятру Алешу на маёнтак Беражное (Столінскі р-н; 1524), дзе род Алешаў жыў да пачатку ХХ ст.

У п. Новаберажное Беражноўскага сельсавета Столінскага раёна захаваўся палацава-паркавы ансамбль, які заснаваны родам Алешаў і належаў адной з пазнейшых ліній гэтага роду. Беларуская галіна роду, заснавальнікам якой з’яўляецца баярын Алеша з Валыні, упершыню згадваецца ў ХV ст.

Большасць прадстаўнікоў роду прысвяцілі сваё жыццё дзяржаўнай і ваеннай службе. Фёдар Алеша ў 1482 г. служыў сакратаром польскага караля Казіміра Ягелончыка, яго сын Пётр быў падстоліем мазырскім. У час бітвы войска ВКЛ з крымскім ханам Пётр Алеша трапіў у палон. З пакалення ў пакаленне перадавалася паданне пра непахісны характар Пятра Алешы, які пад пагрозай смяротнага пакарання не схіліў галаву перад ханам і не змяніў хрысціянскай веры, цвёрда адказаў чужынцу «Усе не памром!».

Сын Пятра, таксама Пётр, у 1508 г. атрымаў ад пінскага і давыд-гарадоцкага князя Фёдара Яраслававіча Бароўскага прывілей на маёнтак Беражное (першае пісьмовае ўзгадванне Беражнога). У 1524 г. каралева Бона Сфорца пацвердзіла прывілей на Беражное, Гарадок і Паркані. З таго часу Алешы сталі ўжываць прыпіску ў прозвішчы Беражноўскія.

Маёнтак Беражное ў ХIХ ст. быў падзелены на Стара-Беражное (цяпер Беражное) і Нова-Беражное (Новаберажное). На працягу ХІХ ст. спадчына Алешаў значна ўзрасла, хоць у сярэдзіне ХІХ ст. яны страцілі Дубянец. Алешы напачатку былі праваслаўнымі, але з цягам часу апалячыліся, перайшлі ва ўніяцтва, а потым у каталіцтва.

Сядзіба Алешаў у Стара-Беражным вядома з канца ХVІІІ – пачатку ХІХ стст. Палац быў драўляны, невысокі, аднапавярховы, меў класічны порцік на чатырох калонах, на якія абапіраўся трохвугольны шчыт. Сярэдняя частка палаца мела два паверхі. Паркавы фасад палаца вылучаны невялікім ганкам на чатырох калонах з тэрасай на першым паверсе і балконам на другім. З балкона адкрываўся маляўнічы від на раку Гарынь, за якой размяшчаліся сямейныя могілкі Алешаў (не захаваліся). Палац быў накрыты двухсхільным гонтавым дахам. Сцены атынкаваны і пафарбаваны ў светлы колер.

Апошнім дванаццатым гаспадаром Старога і Новага Беражнога, Церабяжова, Гарадзішча, шэрагу іншых зямель, маёнткаў і дамоў у Вільні, Рызе і Пінску быў Цэзарый Антоній Алеша (1820–1892). Служыў ротмістрам у расійскай арміі, перад 1863 г. выйшаў у адстаўку, заняўся ў сваіх маёнтках жывёлагадоўляй, вытворчасцю цукру і распрацоўкай уласных лясоў. У польскім паўстанні 1863–1864 гг. не ўдзельнічаў, але дапамагаў яго ўдзельнікам выехаць за мяжу, уладкоўваў іх на працу.

Сын Цэзарыя Алешы Канстанцін, матэматык і астраном, у 1890 г. пачаў будаваць у Нова-Беражным дом, для якога прывёз з-за мяжы чырвоную цэглу. У вежы ўладкаваў абсерваторыю. Палац мураваны, двухпавярховы з чатырохсхільным дахам, у плане мае форму выцягнутага прамавугольніка 13х30 м, нясе элементы неаготыкі. Фасады будынка дастаткова стрыманыя. Паверхі раздзелены поясам карніза, паддашкавы карніз з сухарыкамі ўпрыгожвае будынак па ўсяму перыметру. Вокны — з лучковымі і арачнымі завяршэннямі. З правага боку захавалася вежа са стагападобным дахам. На плошчы 5 га размяшчаўся пейзажны парк, побач – вялікі пладовы сад.

Алешы паступова збяднелі, страцілі Беражное ў 1909 г. Пасля далучэння да БССР маёнтак быў нацыяналізаваны. Палац аддалі пад жыллё. У час нямецка-фашысцкай акупацыі немцы стварылі тут так званае «государственное имение», прымусілі парабкаваць мясцовых жыхароў. У верасні 1943 г. партызаны падарвалі мінай малацілку. Пасля вайны большасць гаспадарчых пабудоў разабралі, у 1946–1992 гг. тут дзейнічаў спіртзавод. Цяпер палац закінуты, у пасёлку жыве некалькі чалавек. У парку растуць каля 40 відаў рэдкіх дрэў, сярод іх тсуга канадская, піхта, бук, ліпа лямцавая, ціс ягадны, хвоі Веймутава і чорная, елка Энгельмана, лістоўніца японская.

Палац у Стара-Беражным, яго багатае начынне (мэбля, партрэты, абразы, архівы) у большасці страчаны ў час Першай сусветнай вайны. Да 1939 г., калі тут гаспадарыла Ганна Радзівіл, існаваў прыгожы англійскі парк. У час Вялікай Айчыннай вайны сядзіба знікла — партызаны спалілі палац у канцы 1943 г. У час акупацыі ў Беражное прызджала сястра памешчыка Канстанціна Алешы, шукала ў хатах сяльчан рэчы з палаца.

З самых вядомых прадстаўнікоў роду Алешаў — Юрый Карлавіч Алеша (1899–1960), рускі савецкі пісьменнік. Яго бацька Карл Аляксандравіч Алеша (1871–1944) хрышчоны ў касцёле в. Асавая, непадалёк ад Беражнога. Юрый Алеша жыў у Адэсе і Маскве, у час Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Ашхабад, працаваў там на радыё. Аўтар раманаў «Три толстяка» (1924), «Зависть» (1927), кнігі мемуарных запісаў «Ни дня без строчки» (1961), многіх апавяданняў, п’ес, кінасцэнарыяў. Казкай-раманам «Три толстяка» зачытваліся некалькі пакаленняў савецкіх дзяцей, па яе матывах зняты мастацкі фільм (1966). У Гродна імем Юрыя Алешы названа вуліца.

Палац у Новаберажным — адзіны захаваны помнік сядзібнай архітэктуры ХІХ ст. на Століншчыне. Гісторыя Беражнога і роду Алешаў захоўваецца ў музеі, які размясціўся ў невялікім пакоі Беражноўскага Дома культуры. Шмат звестак і экспанатаў для музея сабраў мясцовы настаўнік і краязнаўца Андрэй Андрэевіч Цывіс, які марыў аб рэстаўрацыі і музеефікацыі палаца Алешаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Цывис, А. А. Олеши / А. А. Цывис // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 160.
  2. Алеша Юрый Карлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 249.
  3. Разанаў, І. І. Алеша Юрый Карлавіч / І. І. Разанаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 86.
  4. Алеша Юрый Карлавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1969. Т. 1. С. 244.
  5. Новае Беражное / [Л. М. Несцярчук] // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 560–562.
  6. Старое Беражное / [Л. М. Несцярчук] // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 562–563.
  7. Беражное // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 566–567.
  8. Новаберажное // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 587.
  9. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. – Минск : Беларуская энцыклапедыя, 2004. – 572, [2] с. : ил. – (Старинные усадьбы Беларуси). – Из содерж.: Бережное. С. 507–509.
  10. Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X–XX стагоддзяў : (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. – Мінск : БЕЛТА, 2002. – 334 с. : іл. – Са зместу: Новае Беражное. С. 309–311. Старое Беражное. С. 312–313.
  11. Курков, И. Н. Сказочник революций : [Юрий Олеша – потомок древнего шляхетского рода с Брестчины] / И. Н. Курков // Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск : Медиафакт, 2005. С. 195–196.
  12. Яскевіч, С. Ці будзе свет прыгожым без яго? : [пра старадаўні парк і сядзібны дом Алешаў у аг. Беражное Столінскага раёна] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2024. 4 чэрвеня. С. 7.
  13. Сацута, А. «Замок Олеши» в Бережном / Алена Сацута // Заря. 2023. 15 апреля. С. 16–17.
  14. Свірыдовіч, В. Старажытныя сядзібы: непаўторная атмасфера і антураж : [гісторыя сядзіб: Ястрамбель (Баранавіцкі раён), Грушаўка (Ляхавіцкі раён), Грымяча (Камянецкі раён), Новаберажное (Столінскі раён)] / Вольга Свірыдовіч // Заря. 2022. 15 октября. С. 12–13.
  15. Касперович, Л. О чём говорит нам Ново-Бережное? : [инспектор природных ресурсов и охраны окружающей среды В. Н. Домничев и председатель Бережновского сельисполкома В. А. Чех отправились в рейд, чтобы оценить ситуацию, которая сложилась на территории усадебно-паркового комплекса] / Людмила Касперович // Навіны Палесся. Столін, 2018. 20 красавіка. С. 10.
  16. Гунько, Г. Ново-Бережное : [о старинной усадьбе в д. Ново-Брежное] / Галина Гунько // Вита-Пресс. Столин, 2010. 23 сентября. С. 2.
  17. Бурик, Е. На берегу своенравной Горыни : [о старинной усадьбе Олешей в д. Бережное Столинского района] / Екатерина Бурик // Заря. 2009. 22 декабря. С. 4.
  18. Гордей, Е. Буквоед и хранитель истории рода Олешей : [об учителе, краеведе Андрее Цывине из д. Бережное Столинского района] / Елена Гордей // Белорусская нива. 2009. 5 сентября. С. 12.
  19. Ильенков, В. «Не умру весь» : [о роде Олешей в ХV–ХХ вв.] / Вячеслав Ильенков // Неман. 2009. № 3. С. 172–174.
  20. Цывис, А. Полесские корни : 110-летие известного писателя Юрия Олеши 3 марта отметили в Беларуси / Андрей Цывис // Советская Белоруссия. 2009. 5 марта. С. 8.
  21. Цывис, А. Столинские корни Ю. К. Олеши / Андрей Цывис // Навiны Палесся. Столiн, 2009. 3 сакавіка. С. 4.
  22. Ильенков, В. Визит в родословную : Юрий Олеша – потомок земли полесской? / Вячеслав Ильенков // Гiстарычная брама. 2009. № 1. С. 53–56.
  23. Жылевiч, У. Нам засталася спадчына : [пра палацава-паркавы ансамбль «Нова-Беражное»] / Уладзiмiр Жылевiч // Навiны Палесся. Столiн, 2007. 25 верасня. С. 4.
  24. Грэчка, I. Смецце ў палацавых пакоях!.. : [пра кепскi стан аховы палаца ХIХ ст. у в. Беражное Столiнскага раёна] / Iгар Грэчка // Краязнаўчая газета. № 27. С. 3.
  25. Левков, В. Последний замок Олешей : [о бывшей усадьбе Олешей в д. Бережное Столинского района] / В. Левков // Белорусская деловая газета. 2001. 17 августа. С. 4.
  26. Дубровский, А. Богато знаменитыми людьми Полесье : [род Олешей на Столинщине] / А. Дубровский // Живая вода. 2001. 5 мая.
  27. Дубровский, А. Полесские корни Олешей / А. Дубровский // Народная газета. 1997. № 120.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 45 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Верасень 2025 11:51