Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 22 Верасень 2025 09:17

15 студзеня 2025 г. — 85 гадоў з дня ўтварэння Гарадзішчанскага раёна (1940), адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Баранавіцкай вобласці

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР 4 снежня 1939 г. былі ўтвораны Баранавіцкая, Брэсцкая, Пінская і інш. вобласці. Паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940 г. утвораны Гарадзішчанскі раён з цэнтрам у гарадскім пасёлку Гарадзішча ў складзе Баранавіцкай вобласці.

Гарадскі пасёлак знаходзіцца за 25 км ад г. Баранавічы. У райцэнтры было каля 4 тыс. жыхароў. У жніўня 1940 г., акрамя мясцовага насельніцтва, налічвалася 1337 яўрэяў — бежанцаў з акупіраванай гітлераўцамі Польшчы.

У Вялікую Айчынную вайну Гарадзішчанскі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі з 24 чэрвеня 1941 г. Фашысты знішчылі ў раёне 8739 чалавек мясцовага насельніцтва, у тым ліку ў Гарадзішчы больш за 4000 савецкіх грамадзян. У в. Калдычэва захопнікі ў 1942 г. стварылі лагер смерці, дзе закатавалі больш за 22 тыс. чалавек.

На тэрыторыі раёна дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б (ліпень 1943 г. – 10 ліпеня 1944 г.) і ЛКСМБ (15 жніўня 1943 г. – 10 ліпеня 1944 г.), партызанскія брыгады «25 год БССР», імя А. В. Суворава і Першамайская. Падпольны райкам КП(Б)Б выдаваў газету «Партызан Беларусі» (вядома 8 нумароў).

У 1941 г. пры выкананні службовых абавязкаў загінуў першы сакратар Гарадзішчанскага райкама КП(б)Б Ульян Аляксеевіч Гуцэў (1902–1941). На фронце пры выкананні баявога задання загінуў сакратар Гарадзішчанскага райкама КП(б)Б Ілья Восіпавіч Зарагацкі. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, інструктар райвыканкама Марк Аляксеевіч Арцыменя закатаваны ў гестапа. Іх імёнамі названы вуліцы ў г. п. Гарадзішча.

Раён вызвалены 10 ліпеня 1944 г. часцямі 323-й стралковай дывізіі 35-га стралковага корпуса 3-й арміі 1-га Беларускага фронту. Пры вызваленні ў баі 8 ліпеня 1944 г. загінуў Герой Савецкага Саюза (1943) Пётр Пятровіч Едуноў (1913–1944). Пахаваны ў брацкай магіле па вул. 17 Верасня, ля будынка сярэдняй школы. У 1956 г. на магіле, дзе пахаваны 262 воіны і партызаны, устаноўлены помнік — скульптурныя фігуры двух воінаў.

Пасля вызвалення пачалося аднаўленне разбуранай гаспадаркі. Ужо з верасня 1944 г. пачалі працаваць школы, аднаўляліся медыцынскія ўстановы. Не было школьных будынкаў, не хапала настаўнікаў і падручнікаў, 274 вучні не наведвалі школу, бо не мелі вопраткі і абутку. Была адкрыта пасялковая бібліятэка, у фондзе якой першапачаткова было толькі 300 кніг. Паступова і з вялікімі цяжкасцямі да 1950 г. праходзіла калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У 1947–1949 гг. у Гарадзішчанскім раёне ў лік кулацкіх былі аднесены 115 гаспадарак. Выходзіла раённая газета «Советская Родина».

На 1 студзеня 1947 г. плошча Гарадзішчанскага раёна складала 800кв. км. Мелася 135 населеных пунктаў. У раён уваходзілі гарадскі пасёлак Гарадзішча і 18 сельсаветаў: Вольнаўскі, Гірмантаўскі, Галынкаўскі, Гарадзішчанскі, Душкавецкі, Застарынскі, Ішкальдскі, Крошынскі, Круплянскі, Медзяневіцкі, Маўчадскі, Падлясейскі, Падстарынскі, Паланэчкаўскі, Сталоўскі, Пачапаўскі.

Па дадзеных перапісу насельніцтва 1959 г., у раёне пражывала 45 873 чалавекі, у тым ліку ў г. п. Гарадзішча — 1694 чалавекі. Па нацыянальным складзе: 39 715 беларусаў (86,58%), 4327 палякаў (9,43%), 1482 рускіх (3,23%), 213 украінцаў, 60 татараў, 19 яўрэяў, 57 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў.

8 студзеня 1954 г. у сувязі са скасаваннем Баранавіцкай вобласці Гарадзішчанскі раён увайшоў у склад Брэсцкай вобласці. 16 ліпеня 1954 г. Галынкаўскі сельсавет перайменаваны ў Савіцкі, Паланэчкаўскі скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Савіцкага сельсавета.

У розны час старшынямі Гарадзішчанскага райвыканкама працавалі: Леус (1940), Мікалай Васільевіч Лукашэвіч (1944–1945), Павел Аляксандравіч Склемін (1945–1946), Канстанцін Феапентавіч Шашкін (1946–1949), Павел Назаравіч Кузьмін (1949–1950), Канстанцін Пятровіч Бурак (1950–1951), Цімафей Герасімавіч Вежнавец (1951–1961). Першыя сакратары Гарадзішчанскага райкама КПБ: Ульян Аляксеевіч Гуцаў (1940–1941), Сямён Паўлавіч Ляснічы (1944–1950), Іосіф Фёдаравіч Ярашэвіч (1950–1953), Павел Лявонцьевіч Валодчанкаў (1954–1958), Міхаіл Іванавіч Дзялец (1958–1960), Уладзімір Пятровіч Старавойтаў (1960–1962).

25 снежня 1962 г. Гарадзішчанскі раён быў скасаваны, а яго тэрыторыя перайшла ў Баранавіцкі раён. Адпаведна раённыя ўстановы спынілі сваю дзейнасць, служачым давялося перакваліфікавацца або выехаць у іншыя месцы, дзе шукаць работу.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Гарадзішчанскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 42.
  2. Камінскі, М. І. Гарадзішчанскі раён / М. І. Камінскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 476.
  3. Городищенский район // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 200.
  4. Гарадзішчанскі раён // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1978. Т. 1. С. 188.
  5. Гарадзішча // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 36–37.
  6. Камінскі, М. І. Гарадзішча / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 152–153.
  7. Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гiст.-дакум. хронiка / уклад.: М. I. Бернат. – Мінск : БЕЛТА, 2000. – 735 с. : іл.
  8. Городищенский подпольный райком КП(б)Б // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гiст.-дакум. хронiка. Мінск, 2000. С. 274.
  9. Городищенский подпольный райком ЛКСМБ // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гiст.-дакум. хронiка. Мінск, 2000. С. 276–277.
  10. Старшыні Гарадзішчанскага райвыканкама. Першыя сакратары Гарадзішчанскага райкома КПБ // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гiст.-дакум. хронiка. Мінск, 2000. С.
  11. Акт Гарадзішчанскай раённай камісіі аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі раёна / падрыхтаваў У. І. Лемяшонак // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гiст.-дакум. хронiка. Мінск, 2000. С. 236–239.
  12. Калдычэўскі лагер смерці // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 17.
  13. Новикова, Г. Н. Городище : [Барановичский район] / Г. Н. Новикова, А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 93–94.
  14. «Партызан Беларусі» : [газета, орган Гарадзішчанскага падпольнага райкама КП(б)Б] // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 397–398.
  15. З матэрыялаў падпольнай газеты «Партызан Беларусі» – органа Гарадзішчанскага падпольнага райкома КП(б)Б / падрыхтаваў У. І. Лемяшонак // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гiст.-дакум. хронiка. Мінск, 2000. С. 290.
  16. Едунов Пётр Петрович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 471–472.
  17. Дулебо, А. И. Братская могила советских воинов и партизан : [Городище] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 94.
  18. Мемориальная доска Гуцеву Ульяну Алексеевичу : [Городище] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 94.
  19. Мемориальная доска Зарогацкому Илье Осиповичу : [Городище] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 94.
  20. Бернат, М. У калгас ішлі беднякі : [пра калектывізацыю ў 1946–1950 гг. у Гарадзішчанскім раёне] / М. Бернат // Наш край. Барановичи, 1998. 23 января ; 27 января ; 30 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 30 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Верасень 2025 09:24