Па стане на 1837 г. у Брашэвіцкай уніяцкай царкве меліся 1903 вернікі. У 1866 г. Брашэвіцкі касцёл быў перададзены праваслаўным, у 1867 г. на сродкі ўраду перароблены ў праваслаўную царкву, якую асвяцілі ў імя Святой Тройцы. У 1869 г. у царкве быў уладкаваны прыдзел. У 1876 г. прыхаджане — сяляне Рыгор і Ісідар Саковічы ахвяравалі выносны абраз, а сялянка Параскева Сакалоўская — выносны крыж для здзяйснення хросных хадоў. У 1892 г. у Вільні выдадзена кніжка М. М. Дзем’яновіча «О духовных стихах, употребительных в Брашевичском приходе Кобринского уезда», якая цяпер захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У 1905 г. у Брашэвічах было каля 600 жыхароў. У гэтым годзе будынак старога драўлянага храма быў перанесены ў в. Толкава за 7 км ад Брашэвічаў. У Толкава з матэрыялу зрабілі царкву і асвяцілі ў імя Казанскай іконы Божай Маці.
У 1903 г. у Санкт-Пецярбургу стварылі і зацвердзілі праект каменнага праваслаўнага храма для Брашэвічаў, аднак будаўніцтва пачалося толькі праз дзесяць гадоў. У 1913 г. быў заснаваны прыход, які распачаў будаўніцтва царквы на сродкі вернікаў. Пляц для яе абраны на месцы былой драўлянай царквы. Узвядзенне храма было завершана ў 1915 г., асвячоны 10 лістапада ў гонар Праабражэння Гасподняга.
Мураваны храм складаецца з трох аб'ёмаў: бабінца-званіцы, асноўнага аб'ёму і трохграннай апсіды. У прасторавай кампазіцыі дамінуюць шацёр званіцы і васьмігранная вежачка з цыбулепадобнай галоўкай над асноўным аб'ёмам. У дэкоры выкарыстаны элементы старажытнарускага дойлідства: аркатура, закамары, вуглавыя калонкі. У сярэдняй частцы знаходзяцца два ярусы арачных аконных праёмаў. У інтэр’еры захаваўся іканастас 1867 г., які перанеслі з старой царквы. Адзначаны абразы ХVІІІ ст.: «Маці Божая Адзігітрыя», «Іісус Пантакратар», «Маці Божая».
На званіцы было пяць званоў. Падчас Першай сусветнай вайны пры адступленні Расійскай імператарскай арміі (1915) сяляне падаліся ў бежанства ўглыб Расіі. Царкоўнае начынне і званы былі вывезены ў Маскву, дзе іх сляды згубіліся. Вёска была спалена, засталіся толькі тры дамы.
Пасля вяртання з бежанства сяляне аднаўлялі свае дамы, гаспадаркі і храм. Дзякуючы стараннасці вернікаў у 1922 г. царква зноўку была пакрыта цынкаванай бляхай. Доўгі час сяляне не чулі голасу званоў, але знайшоўся адзін шчодры і рашучы чалавек Васіль Грыцук, які аддаў сваю гаспадарку ў заклад, каб атрымаць грошы на дарогу ў Амерыку. У чужой краіне Васіль змог зарабіць столькі, што яго мары спраўдзіліся. Выплаціўшы даўгі, замовіў вялікі звон са сваімі ініцыяламі і ў 1930-я гг. цераз акіян даставіў звон у родную вёску.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы знялі звон, абрабавалі царкву, выкраўшы Евангелле ў срэбнай аправе, разабралі дом святара. Аднак царква за ўвесь час свайго існавання ніколі не зачынялася, за адным выключэннем: у перыяд з 1943 г. па 1944 г. набажэнствы не праводзіліся з-за адсутнасці святара. Пасля вайны прастол быў нанова асвячоны, набыта царкоўнае начынне і тры званы на званіцу.
У розны час тут служылі свяшчэннікі: Фёдар Аляксеевіч Агіевіч (1914–1922), Уладзімір Аляксандравіч Любіч (1922–1943), Сямён Навумаў, Антоній Міхнюк і Валяр'ян Шэмеціла (1944–1954), Філіп Клеша (1966–1977), Ян Заруба (1977–1979), Васіль Шэшко (1979–1986), Рыгор Вабішчэвіч (1986–1988), Мікалай Пінчук (1988–1990), Уладзімір Быр (1990–2014). Са студзеня 2015 г. служыць іерэй Віктар Анатольевіч Мароцкі.
Прыход храма Праабражэння Гасподняга адносіцца да Драгічынскага благачыння Брэсцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Прастольнае свята — 19 жніўня. Да прыходу адносяцца Брашэвічы, Вулька, Гумнішча і Завялеўе. Пры храме з 2015 г. дзейнічае нядзельная школа, у якой выкладае Сяргей Уладзіміравіч Несцюк. У прыходскай бібліятэцы, якой загадвае Наталля Мікалаеўна Пракаповіч, налічваецца каля 500 кніг.
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (113Г000187). Помнік цікавы і мае вялікае значэнне для гісторыі Драгічыншчыны, але ў розных крыніцах прыводзяцца неправераныя даты і факты. Нават у Дзяржаўным спісе памылкова датуецца пачаткам ХІХ ст.
8 лістапада 2025 г. архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан здзейсніў Бажэственную літургію ў храме Праабражэння Гасподняга ў аг. Брашэвічы з нагоды 110-годдзя з дня асвячэння храма.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,
сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы
- Брашевичская Спасо-Преображенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 122.
- Церковь Преображения Господня : [Брашевичи] // Храмы Брестчины. Брест, 2024. С. 68.
- Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга : [Брашэвічы] // Кулагiн, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусi : энцыклапедычны даведнiк / А. М. Кулагiн. Мiнск, 2007. С. 52.
- Свята-Ушэсцеўская царква : [Брашэвічы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 26.
- Кулагин, А. Н. Вознесенская церковь : [Брашевичи] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 165.
- Кулагін, А. М. Царква Ушэсця / А. М. Кулагін : [Брашэвічы] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 145.
- Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Брашэвічы. С. 115–116, 193.
- Брашэвічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 260–261.
- Брашэвічы // Памяць : Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 514–515.
- Демьянович, М. М. О духовных стихах, употребительных в Брашевичском приходе Кобринского уезда / М. М. Демьянович. – Вильна : Губернская типография, 1892. – 59 с.
- Кононенко, Т. «Храм – это небо на земле» : [об истории церкви в аг. Брашевичи и праздновании ее 110-летия] / Татьяна Кононенко // Драгічынскі веснік. 2025. 14 лістапада (№ 46). С. 14.
- Прокопович, Н. Здесь стоял храм Божий : [в аг. Брашевичи прошел крестный ход к поклонному кресту] / Наталья Прокопович // Драгічынскі веснік. 2022. 15 ліпеня (№ 28). С. 21.
- Лабецкая, Ю. 150 золотых маршрутов моей Беларуси : Закозель : [достопримечательности Дрогичинского района] / материал подготовила Юлия Лабецкая // 7 дней. 2017. 28 сентября (№ 39). С. 24–25.