Ікона Божай Маці была прынесена яе ўладальнікам Экзархам Канстанцінопальскім архідыяканам Нікіфарам (Парасхесам-Кантакузіным) у г. Брэст напярэдадні заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. Старшыня Брэсцкага Сабора архідыякан Нікіфар здолеў правесці пасяджэнне праваслаўнага боку так, што рашэнні Праваслаўнага Сабора атрымалі кананічную сілу, а уніяты былі асуджаны. Аднак па палітычных матывах рашэнні Сабора не былі прызнаны. Праваслаўнага падзвіжніка, асобу велізарнага маштабу экзарха Нікіфара абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Турцыі, заключылі ў Мальбаркскі замак на тэрыторыі Польшчы, дзе праз два гады замарылі голадам.
Ікона Божай Маці «Замілаванне» захоўвалася ў храмах г. Брэста больш за 330 гадоў. Перад ёю маліліся абаронцы праваслаўя Афанасій Брэсцкі, Макарый Канеўскі і інш. У 1833 г. пачаліся будаўнічыя работы па ўзвядзенню Брэст-Літоўскай крэпасці. Велічныя пабудовы старажытнага горада былі знішчаны альбо прыстасаваны пад ваенныя мэты. Тут на маштабных пераўтварэннях працавалі жыхары навакольных вёсак і мястэчак, у тым ліку з в. Маларыты.
За харошую работу жыхары Маларыты ў 1835 г. атрымалі абраз Божай Маці і ў Велікодныя дні перанеслі ў свой Свята-Мікалаеўскі храм (на той час уніяцкі). У 1899 г. у вёсцы здарыўся вялікі пажар, драўляны храм згарэў, але іконы былі выратаваны. Пасля заканчэння будаўніцтва новага храма ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца ў 1907 г. ікона вярнулася для агульнай малітвы.
У 1981 г. ікона, як значная гісторыка-культурная каштоўнасць, была вывезена ў Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. На іконе з Маларыты выразна праслежваецца сувязь з традыцыямі візантыйскага і старажытнарускага іканапіснага мастацтва, што сведчыць аб захаванні старажытнарускай традыцыі на гэтых тэрыторыях, нягледзячы на ўзмацненне тэндэнцый паланізацыі і лацінізацыі.
Па стылю стварэнне іконы можна аднесці да канца ХІV – пачатку ХV стст. Аўтар невядомы, але лічаць, што напісана грэчаскім майстрам Нікаласам Ламбудзісам са Спарты. Падобная ікона «Замілаванне» пачатку ХV ст. знаходзіцца ў калекцыі Эрмітажа (Санкт-Пецярбург). Падабенства гэтых дзвюх ікон уражвае. Відавочна, што яны выйшлі з адной майстэрні. Почырк майстра застаецца нязменным і лёгка пазнаецца.
Мастак прыдаў выявам на іконе пераканаўчую жыццёвасць. Дзіця з пяшчотнай цеплынёй дакранаецца шчакі сваёй Маці, чый позірк нясе ў сябе бязмежнасць матчынай любові, усхваляванасць і смутак. Асаблівасць Маларыцкай іконы ў тым, што Маці, абдымаючы Сына, робіць рукамі «кола», а ножкі Дзіцяці адкрыты да кален. У каларыстычнай структуры абраза пераважаюць жоўтыя, вохрыстыя, карычневыя і чырвоныя фарбы, якія пазней стануць вядучымі для беларускага іканапісу. У сучаснае мастацтвазнаўства помнік іканапісу ўвайшоў пад назвай «Маларыцкая ікона Божай Маці», або ікона Божай Маці «Замілаванне Маларыцкая».
Аднак у ноч на 4 снежня 1991 г. абраз быў дзёрзка выкрадзены зламыснікамі з музея і цяпер яго месцазнаходжанне невядома. У 2008 г. да 100-годдзя асвячэння Свята-Мікалаеўскага храма мясцовы, з в. Хаціслаў, іканапісец Святлана Тарасюк (з 2019 г. у манастве пад імем Домна) аднавіла Маларыцкую ікону Божай Маці «Замілаванне». Работа выканана ў дакладных памерах (67х47х2 см) па апісаннях і фатаграфіях з Музея старажытнабеларускай культуры. Адроджаная ікона была ўрачыста асвячона і змешчана ў спецыяльны ківот. Ушанаванне абраза адбываецца 6 лістапада. Прыхажане з пашанай ставяцца да гэтай іконы і паводле сваёй веры атрымліваюць дапамогу і суцяшэнне.
У снежні 2012 г. у Маларыце была зарэгістравана праваслаўная абшчына ў гонар Маларыцкай іконы Божай Маці. Пад будаўніцтва новага храма выдзелены пляц плошчай 1,05 га ў раёне перакрыжавання вуліц Школьная і Маруды. Праект храма ў 2014 г. распрацавалі ў ААТ «Буг-Праект» (Брэст). Урачыстая закладка храма адбылася 26 кастрычніка 2015 г. Будаўніцтва вядзе протаіерэй Віктар Паляціла.
Храм узводзіцца з цэглы, будзе мець два ўзроўні, стане ўпрыгожваннем горада. Агульныя памеры храма – 18х30 м. Прытвор са званіцай вышынёй 28 м, вышыня цэнтральнага купала – 22 м, чатырох бакавых – 16 м. У 2025 г. былі падняты купалы. Побач з храмам будуць будынкі нядзельнай школы, бібліятэкі, хрысцільны храм з капліцай.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii
- Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [г. Маларыта] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 248.
- Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Пачатак ХVІІ ст., 1900–1907, Маларыта. С. 150–151.
- Теплова, В. А. Экзарх Никифор Кантакузин и Брестский церковный собор 1596 г. / В. А. Теплова // Ученые записки: сборник научных статей факультета теологии [Европейского гуманитарного университета]. Минск, 2004. Вып. 2. С. 138–148.
- Яскевіч, Л. Падзвіжнікі і іх святыні : духоўная культура старажытнай Беларусі. – Мінск : Полымя, 2001. – 369 с. : іл. – Са зместу: Маларыцкая ікона Божай Маці «Замілаванне». С. 193.
- Штыхаў, Г. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі : падруч. для 6-га кл. сярэд. шк. / Г. Штыхаў, А. Ракуць. – Мінск : Народная асвета, 1996. – 176 с. : іл. – Са зместу: Маці Божая «Замілаванне» – абраз з Маларыты. С. 159.
- Гісторыя Беларусі : вучэбны дапаможнік. – Мінск : Экаперспектыва, 1996. – 496 с. : іл. – Са зместу: [Абраз Маці Божай «Замілаванне» з Маларыты]. С. 121.
- Пятницкий, Ю. А. Икона круга мастера Николая Ламбудиса из Спарты в коллекции Эрмитажа / Ю. А. Пятницкий // Древнерусское искусство : Византия и Древняя Русь : к 100-летию Андрея Николаевича Грабара (1896–1990). С. Петербург, 1999. С. 359–379.
- Сакральная живопись Беларуси XV–XVIII веков = Сакральны жывапіс Беларусі ХV–XVIII стагоддзяў: [альбом] / авт. текста и сост. Н. Ф. Высоцкая. – Минск: Беларусь, 2007. – 220 с.: ил.
- Церашчатава, В. В. Музей старажытнабеларускай культуры / В. В. Церашчатава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 682–683.
- Навумчык, М. Царква заззяла купаламі : [у Маларыце працягваецца будаўніцтва царквы ў гонар іконы Божай Маці] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2025. 4 студзеня (№ 1). С. 7.
- Гужаловский, А. А. Музеи Советской Белоруссии в эпоху перестройки и гласности (1985–1991) : [упоминается кража иконы Божьей Матери «Умиление»] / А. А. Гужаловский // Вопросы музеелогии. 2024. Т. 15, вып. 1. С. 27–45.
- Наумчик, Н. Новая жизнь иконы малоритской Божией Матери «Умиление» : [об иконописце Светлане Тарасюк] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2023. 28 снежня (№ 52). С. 6.
- Ролич, О. Малоритская Богоматерь «Умиление» / Ольга Ролич // Заря. 2019. 13 ноября. С. 19.
- Ролич, О. Богоматерь «Умиление»: 6 ноября – Малоритской иконы Божией Матери / Ольга Ролич // Царкоўнае слова. 2019. 1 лістапада (№ 44). С. 8–9.
- Мощик, С. Храм Малоритской Богоматери: в Малорите строят церковь в честь иконы, которой... нет: [об истории Малоритской иконы Божьей Матери «Умиление»] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2015. 23 января. С. 6.
- Криминал: [информация о факте воровства икон ХV–ХVI вв. из музея Института искусствоведения, этнографии и фольклора Академии наук Республики Беларусь] // Вечерний Минск, 1991. 16 декабря.
- Гойтан, У. Паўабраза знайшлі, дзе астатняе? : [вакол праблемы крадзяжу абразоў з Музея мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Рэспублікі Беларусь] / Уладзімір Гойтан // Звязда. 1991. 11 снежня. С. 1.
- Краснеўскі, М. А. Крадзеж стагоддзя : [супрацоўнік крымінальнага вышуку МУС рэспублікі каменціруе крадзеж абразоў з Музея мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Рэспублікі Беларусь і сітуацыю з захоўваннем антыкварыяту ўвогуле] / Мікалай Аляксандравіч Краснеўскі ; гутарыў Аляксандр Коктыш // Звязда. 1991. 6 снежня. С. 3.