Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 16 Студзень 2026 15:47

9 жніўня 2025 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Арцёмавіча Кавальчука (1925–1988), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага настаўніка школы БССР

Мікалай Арцёмавіч Кавальчук нарадзіўся 9 жніўня 1925 г. у в. Селішчы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Умовы жыцця і працы былі вельмі цяжкія. Дарослыя аралі, сеялі, касілі, збіралі ўраджай, малацілі, вазілі дровы. Дзеці ўжо з 6–7-мі гадоў дапамагалі бацькам: пасвілі авечак, кароў, коней, з 10-ці гадоў уключаліся ў палявыя работы. У школе Мікола пачынаў вучыцца яшчэ за польскім часам, скончыў сем класаў пачатковай школы. Навучальны год у яго пачынаўся, калі выпадаў першы снег, а заканчваўся, калі снег схадзіў з палёў. У астатні час дапамагаў бацькам па гаспадарцы.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у канцы ліпеня 1944 г. Мікалай Кавальчук быў накіраваны працаваць загадчыкам Мацясаўскай пачатковай школы. Але 8 жніўня 1944 г. 19-гадовы настаўнік быў прызваны ў шэрагі Савецкай арміі.

Службу пачаў радавым у 43-м запасным стралковым палку 2-й стралковай роты. Пасля праходжання навучання і прыняцця прысягі пераведзены ў 377-ы запасны стралковы полк. 2 лістапада 1944 г. накіраваны ў дзеючую армію 252-га гвардзейскага стралковага ордэна Суворава 3-й ступені палка, у складзе якога ваяваў стралком у 83-й гвардзейскай стралковай Гарадоцкай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі, у 1-м стралковым батальёне 2-ой стралковай роты на 3-м Беларускім фронце.

Першае баявое хрышчэнне Міікалай Кавальчук прыняў у баі за цагельны завод, які немцы добра ўмацавалі. Вырашылі браць штурмам, завод быў акружаны, і ўраганны агонь прымусіў ворага здацца. У далейшым удзельнічаў ва Усходне-Прускай аперацыі і ў баях за ўзяцце Кёнігсберга. Пасля пераправы праз раку Прэгель (Pregel) батальён, дзе служыў Кавальчук, сканцэнтраваўся ў раёне вёскі Аугкен (Аugken, Усходняя Прусія, Кёнігсбергская акр.) і заняў баявыя пазіцыі.

Раніцай 24 студзеня 1944 г. немцы атакавалі невялікімі сіламі — рота пяхоты і два танкі, атаку адбілі. Пазней штурм паўтарыўся, але ўжо больш значнымі сіламі — да палкі пяхоты, 15 танкаў і самаходных гармат. Савецкія салдаты адчайна адбіваліся, але сілы былі няроўныя. Батальён панёс вялікія страты і вымушаны быў адступіць. Пры дапамозе іншых падраздзяленняў 252-га палка і частак дывізіі пасля перагрупоўкі зноў пайшлі ў атаку і разбілі немцаў, але Мікалай Кавальчук быў цяжка паранены асколкам снарада. Страціўшы прытомнасць, доўга праляжаў на снезе, яго палічылі забітым.

Пры складанні ў штабе палка імяннога спісу беззваротных страт ён быў уключаны ў гэты спіс, і бацькі атрымалі на яго паведамленне аб смерці. А на паўночнай ускраіне Аугкена вырас насып, на ім — абеліск, дзе высечаны імёны загінулых савецкіх воінаў. Сярод іх ёсць і яго, Кавальчука Мікалая Арцёмавіча, гвардыі радавога (у 1946 г. астанкі перапахаваныя ў Брацкую магілу савецкіх воінаў, Калінінградская вобл., Гвардзейская муніцыпальная акруга, п. Знаменск, вул. 40 гадоў Перамогі, у скверы на захад ад былой воінскай часці).

Але лёс быў прыхільны да Мікалая і дараваў яму жыццё. Калі ён прыйшоў у сябе, сабраўшы ўсе сілы, папоўз да бліжэйшага хутара, дабраўся да хлява, забраўся на вышкі. Неўзабаве пачуў знаёмую мову, гэта былі савецкія мінамётчыкі. Мікалая Кавальчука накіравалі ў шпіталь у Саратаў, затым ён працягнуў лячэнне ў Марыйскай Аўтаномнай Рэспубліцы, адкуль быў выпісаны 9 лістапада 1945 г. з запісам «не прыдатны да вайсковай службы з выключэннем з уліку».

Дадому вярнуўся інвалідам вайны і адразу ж прыступіў да работы ў Мяцясоўскай школе. У 1946 г. прыняты настаўнікам у Сакалоўскую пачатковую школу. Завочна скончыў Брэсцкае педагагічнае вучылішча. Ажаніўся, разам з жонкай Любоўю Філіпаўнай выхоўвалі сына Уладзіміра і дачку Святлану.

З 1949 г. па 1964 г. займаў пасаду дырэктара Целякоўскай пачатковай школы, з 1964 г. па 1966 г. — дырэктар пачатковай школы ў в. Сакі. 20 гадоў М. А. Кавальчук прапрацаваў у школах раёна, аддаючы ўсю душу дзецям, а з 1966 г. па 1985 г. выконваў абавязкі інспектара-метадыста раённага аддзела адукацыі. Многа ўвагі ўдзяляў вывучэнню і распаўсюджванню перадавога вопыту настаўнікаў пачатковых класаў. Прымаў актыўны ўдзел у жыцці партарганізацыі райвыканкама. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 17 жніўня 1954 г. яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік школы Беларускай ССР».

За баявыя заслугі М. А. Кавальчук узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені (1985), знакам «25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», юбілейнымі медалямі «30 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1976), «40 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» (1985), «50 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1970), «60 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1978), «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1988).

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны настаўнік Мікалай Арцёмавіч Кавальчук пайшоў з жыцця 14 снежня 1988 г., пахаваны на могілках г. Жабінка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

  1. Азольс, Т. А. Заслужаныя настаўнікі : Кавальчук Мікалай Арцёмавіч / Т. А. Азольс // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1999. С. 436.
  2. Бензярук, Р. Мікалай Арцёмавіч Кавальчук / Расціслаў і Анатоль Бензерукі // Сорак дарог / Расціслаў і Анатоль Бензерукі. Брэст : Альтернатива, 2007. С. 142.
  3. [Паведамленне аб смерці М. А. Кавальчука] // Сельская праўда. 1988. 20 снежня. С. 4.
  4. Пратасевіч, Т. Урок – творчасць : [аб настаўніцы пачатковых класаў Якаўчыцкай сярэдняй школы Н. А. Андраюк] / Т. Пратасевіч, М. Кавальчук // Сельская праўда. Жабінка, 1977. 4 студзеня.
  5. Гук, Я. Мацней за смерць : [пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны М. А. Кавальчука] / Я. Гук // Сельская праўда. Жабінка, 1976. 21 лютага. С. 3.
  6. Кавальчук, М. 22 гады ў школе : [пра настаўніцу Багдзюкоўскай школы Веру Андрэеўну Лось] / М. Кавальчук // Сельская праўда. Жабінка, 1971. 26 жніўня.
Чытаць 64 разоў