Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 25 Люты 2026 17:01

2026 г. — 50 гадоў з дня адкрыцця кінатэатра «Беларусь» у г. Брэсце (1976)

У г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні, які быў цэнтрам артадаксальнага іўдаізма, у 1851–1861 гг. пабудавалі вялікую харальную сінагогу. Прыгожы двухпавярховы васьмівугольны будынак нагадваў Вялікую сінагогу ў Вене. Сцены ўпрыгожвалі барэльефы мужчын і жанчын, апранутых у стылі артадаксальных венскіх яўрэяў. У вестыбюлі была ўмацавана памятная дошка: «Эта Синагога была построена по планам и под наблюдением царя Николая I».

Вялікі гарадскі пажар 4 мая 1895 г. моцна пашкодзіў будынак, засталіся толькі сцены. Сінагога была адноўлена ў 1896 г., але ўжо была не такая прыгожая, як раней: страчаны барэльефы і большасць элементаў дэкору. У час Першай сусветнай вайны, калі немцы акупіравалі Брэст (1915–1918), сінагога зноў была пашкоджана, але ў 1920-я гг. адноўлена намаганнямі яўрэйскага насельніцтва. Пасля нямецка-фашысцкай акупацыі 1941–1944 гг. у горадзе не засталося яўрэйскай абшчыны. Практычна ўсе яўрэі (34 тыс. чалавек) былі знішчаны акупантамі, большая частка расстраляна ў кастрычніку 1942 г.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак сінагогі прыстасавалі пад кінатэатр «Беларусь». У амаль круглай зале месцы для гледачоў размяшчаліся ярусамі — кожны наступны рад крыху вышэй папярэдняга. У 1960-я гг. будынак састарэў маральна і фізічна, не адпавядаў сучасным запатрабаванням, некалькі гадоў стаяў зачынены, чакаў свайго новага лёсу, нарэшце было вырашана правесці яго маштабную рэканструкцыю.

Індывідуальны праект рэканструкцыі выканалі ў інстытуце «Брэстграмадзянпраект» пад кіраўніцтвам архітэктара Расціслава Аляксеевіча Шылая (1936–2004). Інжынеры праекта У. Самцоў, С. Мартынаў. Будоўлю кантраляваў першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў.

У 1976 г. вакол старой пабудовы былі ўзведзены сцены з высокімі зашклёнымі плоскасцямі (акрамя дваровай часткі, дзе зроблены надбудовы). Кампазіцыя заснавана на спалучэнні размешчаных адзін на адным двух цыліндрычных аб’ёмаў (верхні мае большы дыяметр). Пры будаўніцтве выкарыстаны прагрэсіўныя канструкцыі і новыя матэрыялы — ажурныя жалезабетонныя рамы, веерападобныя бэлькі, керамічныя трубкі. У фае панельная сістэма ацяплення, у залах кандыцыянеры. У афармленні фасадаў выкарыстана тынкоўка пад дробначасаны граніт, для ўнутранай аддзелкі — граніт, мармур, туф.

На першым паверху касавы вестыбюль свабодна пераходзіць у фае малой залы на 400 месцаў, тут жа зала для праглядаў на 50 месцаў. Дзве лесвіцы вядуць на другі паверх у прасторнае фае вялікай залы на 900 месцаў, разлічана на паказы шырокафарматных і шырокаэкранных кінафільмаў (адкрыта ў 1977 г.). Р. А. Шылай прыдумаў у вялікай зале выкарыстаць кераміка-дрэнажныя трубкі. Гэта было наватарскае рашэнне: трубкі стваралі выдатную акустыку, гасілі шум залы, прыкрывалі паветраводы вентыляцыі. На трэцім паверсе знаходзяцца тэхнічныя памяшканні, кінапраекцыйны комплекс.

У фае другога паверха ў дзвюх нішах каляровыя вітражы (мастакі Марат Клімаў, Уладзімір Нікалаеў). На тарцавой сцяне дэкаратыўнае пано «Беларусь» (мастак Іосіф Крупскі) у тэхніцы сграфіта. У цэнтры кампазіцыі — жаночая фігура ў акружэнні алегарычных выяў, якія адлюстроўваюць мінулае, сучаснае і будучыню краю. Пано вытрымана ў блакітна-шэрай гаме.

На першым і другім паверхах былі ўстаноўлены гульнявыя аўтаматы, меліся буфет, кафэ-марожанае, чытальная зала, шмат кветак і дэкаратыўных раслін, ёсць куткі прыроды і пеўчых птушак. За гэты будынак праекціроўшчык Р. А. Шылай быў узнагароджаны дыпломам ВНДГ СССР. Кінатэатр і сёння застаецца самым прыгожым у горадзе.

У 2001 г. была завершана рэканструкцыя кінатэатра. У 2011 і 2018 гг. праведзена мадэрнізацыя вялікай глядзельнай залы. Для гледачоў прапанаваны тры залы — «Вялікая», «Малая» і з 2013 г. VIP (20 месцаў на канапах), лічбавае абсталяванне, паказ фільмаў у фармаце 3D. Зала «Вялікая» разлічана на 496 месцаў, у тым ліку 88 пасадачных месцаў на канапах. «Малая» зала падтрымлівае фармат 3D, разлічана на 232 месцы, у тым ліку 28 на канапах, 104 VIP-месцы. У чэрвені 2017 г. былі ўстаноўлены новыя крэслы і канапы. Сучаснае лічбавае кінаабсталяванне дазваляе дэманстраваць апошнія навінкі сустветнага кінапраката.

У снежні 2018 г. на сцяне кінатэатра «Беларусь» была адкрыта мемарыяльная дошка, на якой запісана, што на гэтым месцы з 1861 па 1939 гг. дзейнічала галоўная сінагога горада.

У кінатэатры «Беларусь» праводзяцца кінафестывалі, тэматычныя паказы фільмаў, заняткі кіналекторыяў і кінаклубаў, у фае арганізуюцца часовыя перасоўныя выставы. 4–7 красавіка 2024 г. адбыліся Дні Масфільма ў Брэсце, прысвечаныя 100-годдзю беларускага кінематографа і 100-годдзю заснавання кінастудыі «Масфільм». 25–29 верасня 2025 г. адбыўся IХ Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў. 18 студзеня 2026 г. зроблены перадпрэм’ерны паказ расійскай ваеннай драмы «Семь вёрст до рассвета». Фільм прадставіла заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі М. В. Шукшына.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

  1. «Беларусь», кинотеатр // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 399–400.
  2. Воінаў, А. А. «Беларусь», кінатэатр у Брэсце / А. А. Воінаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 43.
  3. «Беларусь», кинотеатр // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 80–81.
  4. Ермоленко, Г. М. Кинотеатр «Беларусь» : [Брест] / Г. М. Ермоленко, Т. И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 71–72.
  5. Чарняўская, Т. І. Кінатэатр «Беларусь» : [Брэст] / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 59–60.
  6. Хорошко, Н. Академик архитектуры : [о Р. А. Шилае] / Николай Хорошко // И светится жизнь : очерки и рассказы. Брест, 2009. С. 108–112.
  7. Федорова. И. Подвиг, застывший в кадре : [о предпремьерном показе военной драмы «Семь вёрст до рассвета» в кинотеатре «Беларусь»] / Ирина Федорова // Брестский вестник. 2026. 22 января. С. 20.
  8. Логашева, Ю. Время кино : [о IX Республиканском фестивале белорусских фильмов в Бресте] / Юлия Логашёва // Вечерний Брест. 2025. 3 октября (№ 40). С. 5.
  9. Панасюк, Ю. Кіно было, ёсць, будзе / Юлія Панасюк // Мастацтва. 2024. № 6. С. 46–47.
  10. Гайдамакина, В. От молитвы до кино / Виолетта Гайдамакина // Брестская газета. 2019. 19 апреля (№ 16). С. 9.
  11. Селех, Л. Доска появилась. Будет ли синагога? : [о мемориальной доске на здании кинотеатра «Беларусь»] / Людмила Селех // Брестская газета. 2018. 21 декабря (№ 51). С. 18.
  12. Ганчук, А. В память о синагоге : [о мемориальной доске на здании кинотеатра «Беларусь»] / Алексей Ганчук // Брестский вестник. 2018. 20 декабря (№ 51). С. 7.
  13. Богданова, К. Создателя фильма «Огнём и мечом» в Бресте встретили хлебом-солью : [о творческой встрече польского режиссера Ежи Хоффмана в кинотеатре «Беларусь» г. Бреста] / Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2015. 6 ноября. С. 1.
  14. Кухарчук, Д. «Беларусь» засверкала : [об установке новой системы иллюминации в кинотеатре «Беларусь»] / Дмитрий Кухарчук // Брестский вестник. 2014. 17 июля (№ 29). С. 19.
  15. Карпович, О. Из синагоги в кинотеатр : [об истории здания кинотеатра «Беларусь»] / Олег Карпович // Брестская газета. 2013. 29 ноября (№ 48). С. 19.
  16. Кухарчук, Д. «Беларусь» добавит комфорта : [о реконструкции кинозалов в кинотеатре «Беларусь»] / Дмитрий Кухарчук // Брестский вестник. 2013. 29 августа (№ 35). С. 6.
  17. Кухарчук, Д. За свежестью… в кинотеатр : [об установке в кинотеатре «Беларусь» нового оборудования] / Дмитрий Кухарчук // Брестский вестник. 2013. 20 июня (№ 25). С. 6.
  18. «1 Мая» закроют, а «Беларусь» оцифруют // Брестский вестник. 2012. 5 января. С. 4.
  19. Селюк, Д. Любите «Беларусь»! / Дмитрий Селюк ; беседовала Юлия Косарева // Брестский курьер. 2010. № 29. С. 22.
  20. Васильева, Е. Малый зал с «местами для поцелуев» / Елена Васильева // Брестский курьер. 2007. 28 июня (№ 26). С. 11.
  21. Беркут, О. Под экран уже мягко стелют : [о зале «Большой» в кинотеатре «Беларусь»] / О. Беркут // Вечерний Брест. 2003. 22 октября. С. 3.
  22. Бунеева, Л. «Беларусь» готовит теплый прием / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 1998. 18 декабря. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 66 разоў