Паводле пісьмовых крыніц вёска Жабер вядома з XIVcт. У ХIV – першай палове XVстст. была ў складзе Здзітаўскай воласці ВКЛ, з’яўлялася уласнасцю вялікага князя літоўскага, затым Непарашэвічаў-Валовічаў. Пазней ўваходзіла ў склад Хомскага графства (1793), Хомскай воласці (1858; 1939), Хомскай гміны (1921–1939), а цяпер у Хомскім сельсавеце.
На паўночны ўсход ад в. Жабер на правым беразе ракі Ясельда ўзвышаўся ў мінулым замак. Узводзіўся ён князямі Дольскімі ў другой палове ХVI ст. як пункт абароны дзяржаўных межаў з захаду і ўяўляў сабой чатырохвугольнік з чатырма бастыёнамі, злучанымі дубовым палісадам і частаколам. Замак быў драўляным, займаў плошчу каля 1,5 га. З поўначы, усходу і поўдня збудаванне прыкрываў роў шырынёй да 20 м і глыбінёй каля 5 м, заходні бок абмывала Ясельда. Уваход (брама на каменным падмурку) размяшчаўся ў паўночна-ўсходняй частцы праз падвясны мост. Бастыёны былі ўзброены 40 бронзавымі гарматамі, а ваенная сіла налічвала да 700 чалавек, што па тых часах было нямала.
Будаўніцтва ўмацавання ў Жаберы звязана з імем вялікага маршалка ВКЛ Яна Караля Дольскага (1637–1695). У канцы XVII ст. замак выкарыстоўваўся ў якасці асабістай рэзідэнцыі — тут знаходзіўся палац на каменным падмурку. Пасля смерці Дольскага і яго жонкі спадчына перайшла да князя Міхаіла Сярвецыя Вішнявецкага (1680–1744), які быў жанаты з дачкой магната. Менавіта ён ператварыў замак у адну з наймагутных фартэцый на тэрыторыі ВКЛ.
За сваю гісторыю замак Жабер перажыў некалькі атак. У 1596 г. атрад казакаў пад камандаваннем Севярына Налівайкі ўзяў замак у асаду, але праз два тыдні быў вымушаны адступіць. У 1648 г. войка пад камандаваннем Багдана Хмяльніцкага падступіла да замка, але асада была безвыніковай.
У ходзе Паўночнай вайны (1700–1721) замак трымаў абарону. 13 мая 1706 г. кароль Польшчы Станіслаў Ляшчынскі, прыхільнік і саюзнік Карла XII, акружыў крэпасць і прапанаваў яе абаронцам здацца. Гарнізон крэпасці на ўльтыматум адказаў гарматным агнём. Пасля некалькіх няўдалых спроб захапіць замак на дапамогу Ляшчынскаму прыйшло падмацаванне на чале з шведскім генералам Майерфельдам. Аднак і ён не дабіўся поспеху.
Тады Карл XII сам прыбыў сюды з войскамі. Шведы акружылі крэпасць. З Пінска яны падцягнулі цяжкую артылерыю, з дапамогай якой думалі разбурыць бастыёны, імклівым штурмам авалодаць умацаваннем. Аднак справа да гэтага не дайшла. Камендант крэпасці немец Ботман, падкуплены за 2 тысячы дукатаў, адкрыў вароты і здаў крэпасць без бою. Абаронцы былі забіты. Тым не менш разгневаны Карл XII загадаў разбурыць крэпасць, а трафейныя гарматы ўтапіць.
Крэпасць Жабер мела настолькі вялікае стратэгічнае значэнне, што пазней Карл XII яшчэ раз прыехаў з Пінска, каб сваімі вачыма паглядзець, як выканалі яго загад аб знішчэнні крэпасці.
У 1912 г. тутэйшыя жыхары выцягнулі 8 гармат з абваднога канала, пазней на гэтым месцы былі знойдзены польскія і шведскія манеты XVII і XVIII стст. Паводле легенды, у замку знаходзілася казна роду Вішнявецкіх, якая так і не была знойдзена.
Даследаваннем спадчыны Жабера не адзін год займаліся навукоўцы Сяргей Барысавіч Ліневіч і Мікалай Аляксандравіч Волкаў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Падчас археалагічных экспедыцый 2017–2019 гг. былі знойдзены ўнікальныя артэфакты, у тым ліку былі паднятыя з дна ракі гарматныя ядры часоў Паўночнай вайны.
На месцы былога замка ўстаноўлены вялікі камень з памятнай шыльдай. У апошні час пляцоўка крэпасці разбураецца самой прыродай. Земляныя валы амаль непрыкметныя, абвадны канал густа парос алешнікам і чаротам, І толькі форма пляцоўкі ды сляды ад былых бастыёнаў напамінаюць аб калісьці магутнай крэпасці.
Рэшткі былога замка Вішнявецкіх XVII–XVIII стст. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за № 578 ад 14.05.2007 г. унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (113Г000194).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,
сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы
- Жаберскі замак // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 409.
- Жаберскі замак // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 601.
- Жабер // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 366.
- Жабер // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 273.
- Жаберскі замак // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 2 т.]. Мінск, 2005. Т. 1. С. 622.
- Жабер // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 397.
- Рэшткі былого замка Вішнявецкіх // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Минск, 2009. С. 32.
- Крэпасць Жабер / [з кнігі М. А. Ткачова «Абарончыя збудаваннi заходнiх зямель Беларусi XIII–XVIII стст.»] // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 74–75.
- Несцярчук, Л. М. Жабер / Л. М. Несцярчук // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. Мінск, 2002. С. 17.
- Ткачев, М. А. Остатки замка : [д. Жабер] / М. А. Ткачев // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 167–168.
- Ткачоў, М. А. Жаберскі замак / М. А. Ткачоў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 421.
- Ткачоў, М. А. Рэшткі замка : [в. Жабер] / М. А. Ткачоў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 147–148.
- Ткачоў М. А. Абарончыя збудаваннi заходнiх зямель Беларусi XIII–XVIII стст. / М. А. Ткачоў. Мінск : Навука і тэхніка, 1978. С. 90–92.
- Баженова, О. Жаберский замок / О. Баженова // Беларусь замковая. Минск, 2015. С. 430–431.
- Кароза, А. И. Оценка туристического потенциала исторических фортификационных сооружений Брестской области / А. И. Кароза // Архитектурное наследие Прибужского региона. Сохранение и культурно-туристическое использование : сборник научных трудов ІІІ международной научно-практической конференции / УО «Брестский государственный технический университет». Брест, 2012. С. 134–136.
- Гранік, С. Усё, што мы ведаем пра Жабер / Сяргей Гранік // Драгічынскі веснік. 2023. 25 жніўня (№ 34). С. 12–13.
- Ліневіч, С. Таямницы Жаберскага замка : [пра экспедыцыю да замка Жабер на Берасцейшчыне і цікавыя знаходкі расказаў яе кіраўнік, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей Ліневіч] / Сяргей Ліневіч, Сяргей Дубовік // Навука. 2018. 12 сакавіка. С. 8.
- Ліневіч, С. Б. Як шляхціц Эйсмант прыкінуўся маскоўцам : ды іншыя гісторыі з гісторыі Жабера – замка, які штурмавалі два каралі / Сяргей Ліневіч // Наша гісторыя. 2018. № 1. С. 86–88.
- Кривецкая, Н. В Жабер приезжали дайверы / Н. Кривецкая // Заря . 2018. 22 февраля. С. 21.
- Лосич, П. Взяли поверх : [об истории д. Жабер Дрогичинского района, археологических исследованиях на месте древнего замка Вишневецких] / Павел Лосич // Рэспубліка. 2019. 23 сакавіка. С. 14.
- Куценко, О. Экспедиция на руины старинного замка / О. Куценко // Драгічынскі веснік. 2018. 17 лютага. С. 13.
- Линевич, С. Б. Находки из древнего прошлого : [в конце января 2017 г. на руинах бывшего замка князей Вишневецких в д. Жабер была проведена очередная археологическая экспедиция; интервью с научным сотрудником С. Б. Линевич] / Сергей Борисович Линевич ; [беседовала] Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2017. 18 лютага. С. 13.
- Гребенников, О. Тень замка Вишневецких : [в конце января 2017 г. на руинах бывшего замка князей Вишневецких в д. Жабер была проведена очередная археологическая экспедиция; беседа с участниками археологической экспедиции] / Олег Гребенников // Заря. 2017. 11 февраля. С. 6.
- Дзяржпраграма «Замкі Беларусі»// Культура. 2012. № 2. С. 2.
- Шафран, Г. Визитная карточка Хомского сельсовета : [о деревнях, входящих в сельсовет и их жителях] / Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2009. 25 лістапада. С. 1–2.