Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 24 Чэрвень 2026 09:47

2025 г. — 285 гадоў з часу пабудовы царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аг. Дзеткавічы (Драгічынскі р-н; 1740), помніка народнага драўлянага дойлідства

Дзеткавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці вядомы з ХV ст. як сяленне Дзедкавічы ў Берасцейскім павеце Трокскага, а з 1566 г. Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Сяленне з’яўлялася шляхецкай уласнасцю і спачатку належала роду Ельцоў, потым Рушчыц, затым Радавіцкіх. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Дзеткавічы знаходзіліся ў складзе Кобрынскага павета Расійскай імперыі (спачатку ў Слонімскай, з 1797 г. — Літоўскай, з 1801 г. — Гродзенскай губерніі). У 1921—1939 гг. сяленне знаходзілася ў складзе Зёлаўскай гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства (Польшча), а з 1940 г. — у Антопальскім раёне (з 1959 г. — Драгічынскі) Брэсцкай вобласці.

У Дзеткавічах вядома царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, будаўніцтва якой пачалося ў 1738 г. і завяршылася 18 сакавіка 1740 г. Падчашы Берасцейскага ваяводства Павел Бухавецкі разам з жонкай Разаліяй з роду Чарноўскіх да патрэбнага ладу давялі справу аб будаўніцтве ўніяцкай царквы ў маёнтку Дзеткавічы. Новазбудаваную святыню фундатары забяспечылі ўсімі неабходнымі царкоўнымі прыналежнасцямі, трыма валокамі зямлі з трыма прыдаткамі да іх у розных мясцінах. Святару Іаану Піліхоўскаму прадаставілі дом з гаспадарчымі будынкамі, гумнамі, агародамі, з вызваленнем ад падатку і іншымі выгодамі для гаспадарчай патрэбы.

Святыня адносіцца да ліку добразахаваных да нашага часу помнікаў. Царква мела тры алтары. Галоўны алтар прысвячаўся Маці Божай Чанстахоўскай, правы — укрыжаванаму Ісусу Хрысту, левы алтар — св. Тадэвушу (Фадзею). У 1840-я гг. унутраны выгляд помніка змянілі, але тры ўніяцкія алтары захавалі з тымі ж выявамі святых. Згодна з запісам 1759 г., царква мела круглыя аконныя праёмы ў алавяных пераплётах.

У 1884 г. настаяцелем быў прызначаны святар Канстанцін Жуковіч, які паставіў перад сабой задачу прывесці ў належны выгляд храм, які патрабаваў абнаўлення. З 1884 г. святыня перабудоўвалася па праекце інжынера А. Рэмера. 22 кастрычніка 1888 г. асвячэнне абноўленага храма здзейсніў благачынны Іаан Агіевіч у саслужэнні з шасцю святарамі і дыяканам.

У гэты час царква мела дрэнны іканастас, таму ў студзені 1888 г. для абнаўлення запрасілі «майстра царкоўных работ» селяніна Слонімскага павета Ануфрыя Маркевіча. Па плане, складзеным Е. А. Малокіным, была зроблена новая алтарная перагародка — двух’ярусная, вянчаная 5 пазалочанымі крыжамі, багата ўпрыгожаная пазалотай і разьбой. 15 абразоў для іканастаса напісаў E. А. Малокін. На горнім месцы паставілі новы ківот з высокамастацкім адлюстраваннем Уваскрашэння Гасподняга.

Кампазіцыя помніка народнага дойлідства складаецца з 2 прамавугольных у плане зрубаў і прыбудаванага пазней прытвора. Падоўжная прамавугольная апсіда з тарцовай рызніцай мае ярусна-ступеньчатую форму, што надае кампазіцыі дынамічнасць. Гонтавы дах, 2-схільны над асноўным аб’ёмам, пры дапамозе застрэшкаў пераходзіць у 3-вальмавы над апсідай. Вільчык страхі з боку галоўнага фасада прарэзаны 2-ярусным васьмерыком з цыбулепадобнай макаўкай. Фасад аздоблены 4 рытмічна размешчанымі лапаткамі і завершаны ўсечаным шчытом з рамбічным акном-люкарнай. Шчыты франтонаў ашаляваны дыяганальна, фасады гарызантальна. Зала храма перакрыта плоскай бэлечнай столлю. Рызніца размешчана за апсідай, якая вылучана створаным у 1830-я гг. іканастасам, над уваходам. Перад царквой стаіць 2-ярусная (чацвярык на чацверыку) званіца. Першы ярус-брама ашаляваны вертыкальна, другі скразны ярус накрыты шатром. Паміж стойкамі 2-га яруса зроблены падкосы.

Храм у ранейшыя часы быў вельмі багаты, і мясцовыя жыхары спрыялі яго добраўпарадкаванню. Плашчаніца была вышыта і ўпрыгожана каштоўнымі камянямі. У 1908 г. ківот з абразом Ушэсця Гасподняга ў царкву з Амерыкі даставілі вяскоўцы Навум Вілесік, Іван Мелянчук, Сямён Навасад, Яфімій Вайтовіч, а іх землякі Кандрацій Вайтовіч, Васіль Клімовіч, Мікіта Валасюк прывезлі ківот Багародзіцы. Абраз Божай Маці перадала царкве вяскоўка Вольга Міхайлаўна Валынчук. На тэрыторыі царквы пахаваны салдат, які ў гады Першай сусветнай вайны служыў у французскім Замежным легіёне. У свой час яго маці, ураджэнка тутэйшых мясцін, падарыла царкве звон вагой 160 кг, які гучаў у памяць пра яе загінулага сына.

У гады Вялікай Айчыннай вайны царква перанесла нямала выпрабаванняў. Звон знялі са званіцы, каб ён не трапіў у рукі немцаў. Знялі звон і закапалі яго на могілках Мікалай Нікіціч Валынчук, Аляксей Парфяновіч Клімовіч, Сямён Данілавіч Піліпчук. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў звон вярнулі на ранейшае месца.

Царква з часу пабудовы ніколі не зачынялася. У 2013 г. прыход набыў малую званіцу з пяццю званамі, у 2014 г. быў абноўлены купал. Помнік архітэктуры народнага дойлідства ХVIII ст. унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (112Г000193).

Прастольнае свята — 14 кастрычніка (дзень святкавання Пакрова Прасвятой Багародзіцы). У склад прыходу ўваходзяць Буды, Дубовая, Менявеж, Рашын, Ражок. Настаяцель прыхода храма — іерэй Іаан Міхайлавіч Бычык. Адначасова з’яўляецца настаяцелем прыхода храма свяціцеля Ціхана, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў в. Дзераўная.

24 мая 2025 г., у дзень памяці роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Петрусевіч узначаліў урачыстасці і здзейсніў Боскую літургію з нагоды 285-годдзя з дня асвячэння храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Яму саслужылі: благачынны цэркваў Драгічынскай акругі, настаяцель прыхода храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у г. Драгічыне протаіерэй Іаан Пінчук; настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы іерэй Іаан Бычык; духавенства Бярозаўскага і Драгічынскага благачынняў.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

  1. Дзеткавіцкая Пакроўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 391.
  2. Детковичская Покровская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 322.
  3. Свято-Покровская церковь [The Church of the Intercession] // Дрогичинский край = Drahichyn and its environs. Пинск, 2007. С. 21.
  4. Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы : [в. Дзеткавічы] // Кулагiн, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусi : энцыклапедычны даведнiк / А. М. Кулагiн. Мiнск, 2007. С. 143–144.
  5. Детковичская покровская церковь // Республика Беларусь : энциклопедия. Минск, 2006. Т. 3. С. 347.
  6. Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы : [в. Дзеткавічы] // Кулагiн, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусi : энцыклапедычны даведнiк / А. М. Кулагiн. Мiнск, 2001. С. 7
  7. Габрусь, Т. Дзеткавіцкая Пакроўская царква / Т. Габрусь // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 194.
  8. Живописная Россия Отечество наша в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Литовское и Белорусское Полесье. – 2-е изд. Репринт. воспроизведение изд. 1882 г. – Минск : БелЭн, 1994. – [6], 490, VI с ил., [24] л. ил.
  9. Габрусь, Т. В. Покровская церковь : [д. Детковичи] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 166–167.
  10. Габрусь, Т. В. Дзеткавіцкая Пакроўская царква : [в. Дзеткавічы] / Т. В. Габрусь // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мінск, 1985. Т. 2. С. 290.
  11. Габрусь, Т. В. Пакроўская царква : [в. Дзеткавічы] / Т. В. Габрусь // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 146–147.
  12. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Дзеткавічы. С. 68, 216, 264, 330.
  13. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. Т. 4. Акты Брестского городского суда. Вильня, 1870. С. 181–184.
  14. Литовские епархиальные ведомости. 1888. № 48. С. 393–395.
  15. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. – Минск, 2004. – 572 с., [2] ил. – Из содержания: Детковичи. С. 489, 490.
  16. Дзеткавічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 270.
  17. Дзеткавічы // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 522.
  18. Дзеткавічы // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Мінск, 1973. Т. 6. С. 108.
  19. Харченко, О. П. Религиозное мировоззрение населения западных областей Беларуси накануне Великой Отечественной войны / О. П. Харченко // Личность в истории: героическое и трагическое : сборник материалов VII Международной научно-практической конференции, посвященной памяти В. И. Никитенкова (1952–2008), Брест, 7–8 декабря 2018 года. Брест, 2019. С. 143–149.
  20. Александров, Н. А. Похвала храмостроителям : [о строительстве храмов в Брестской области] / подготовил Николай Александров // Духовный вестник. 2026. февраль (№ 2). С. 4.
  21. Антонович, М. Дорога к храму : [история церкви Покрова Пресвятой Богородицы в д. Детковичи Дрогичинского района] / Марина Антонович // Драгічынскі веснік. 2017. 25 сакавіка. С. 15.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 6 разоў Апошняя змена Серада, 24 Чэрвень 2026 10:15