Будынак царквы вырашаны працяглым прамавугольным зрубам, накрытым 2-схільным гонтавым дахам, які над 3-граннай апсідай пераходзіць у вальмавы. Над галоўным фасадам у 1868 г. узведзена 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай, якая надае храму больш дынамікі. Над апсідай на гранёным барабане цыбулепадобная галоўка. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя сцены рытмічна расчлянёны прамавугольнымі лучковымі аконнымі праёмамі з плоскімі ліштвамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
У інтэр’еры адзінае зальнае памяшканне з плоскай столлю. Хоры над тамбурам выходзяць у неф на 2 слупах. Апсіда вылучана драўляным нізкім іканастасам. Захаваўся абраз першай паловы ХVІІІ ст. «Маці Божая Замілаванне», які быў ахвяраваны царкве ў 1888 г. святаром Іосіфам і яго жонкай.
Храму суджана было ўцалець у гады Вялікай Айчыннай вайны, дзейнічаў у самыя бязбожныя часы. I зараз, на амбоне, бачны след ад трапіўшага ў царкву снарада. А хвоі, якія растуць у двары, так нашпігаваны смертаносным металам, што распілаваць іх ніхто не бярэцца. Пры вызваленні гэтых мясцін у 1944 г. каля царквы развязаўся жорсткі бой, і з даху, як расказвалі старажылы, адстрэльваўся чырвонаармеец. Мяркуюць, ён быў пахаваны ў брацкай магіле прама ў царкоўным двары разам з 13 баявымі таварышамі. Пазней астанкі герояў былі перазахаваны на могілках у в. Слабудка.
У 1980-я гг. Вяжное амаль апусцела і царкоўнае жыццё прыйшло ў заняпад. У 1970-я гг. настаўнічаць у пачатковую школу Вяжнога прыехала Надзея Кандратаўна Андрэева. Калі выйшла на пенсію, не пакінула вёску, а засталася адным з апошніх яе жыхароў. У наступны час каля Вяжнога адкрылася крыніца з вадой надзвычай высокай якасці і карыснымі рэчывамі. Н. К. Андрэева клапацілася аб крыніцы і прылягаючай тэрыторыі, па яе ініцыятыве ў 2002 г. над крынічнай студняй зладзілі каркасную каплічку і асвяцілі бруісты струмень. Паверыўшы ў магчымасць атрымаць ацаленне, да крыніцы пацягнуліся паломнікі.
На маляўнічым пляцы і ў былым прыходскім доме праваслаўныя святары пачалі ладзіць летнія дзіцячыя хрысціянскія лагеры. У 2006 г. па благаславенні епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана тут пачалося ўладкаванне скіта Брэсцкага Свята-Раства-Багародзічнага жаночага манастыра. На хутары Вяжное з’явіліся служачыя манастыра.
У скіт вынесена ўся гаспадарчая частка манастыра. Тут размяшчаюцца агарод, сад, вялікі кветнік, падсобная гаспадарка, дзе трымаюць кароў і свіней, але скіт пры гэтым — не працоўная арцель, а духоўная сям’я. Сёстры спяваюць на клірасе, працуюць у трапезнай, у швейнай і свячной майстэрнях. Самыя таленавітыя, якія прайшлі навучанне ў грэчаскіх майстроў, пішуць абразы.
У храме шмат святынь: старажытны абраз «Смаленская Адзігітрыя», які абнавілі ў 2001 г., абраз Святога Мікалая Цудатворца з часцінкай яго мошчаў, які быў напісаны ў 2011 г. на святой гары Афон спецыяльна для скіта. Пазней з Грэцыі прывезлі і спіс з цудатворнага абраза «Усецарыца», перад якой звычайна моляцца і атрымліваюць ацаленне анкалагічныя хворыя. Ёсць ікона з фрагментам пояса свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — з вострава Корфу, і ларэц з часціцамі мошчаў 16-ці вельмі вядомых святых: прападобнай Марыі Егіпецкай, блажэннай Матроны Маскоўскай, свяціцеляў Феафана Затворніка і Лукі Крымскага і інш.
Храм у Вяжное з’яўляецца ўнікальным помнікам народнага драўлянага дойлідства другой паловы XVIII ст., яго рэгулярна наведваюць групы турыстаў. Вяжноўская Мікалаеўская царква ў 2002 г. унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (113Г000604).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ААІ
- Вяжноўская Мікалаеўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 427.
- Вежновская Николаевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 226.
- Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [в. Вяжное] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 95.
- Свята-Мікалаеўская царква : [в. Вежнае] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 35.
- Алисейчик, В. В. Николаевская церковь : [д. Вежное] / В. В. Алисейчик // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 358.
- Алісейчык, У. В. Мікалаеўская царква : [в. Вяжное] / У. В. Алісейчык // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 321.
- Вяжноўская царква // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 704–705.
- Церковь святителя Николая Чудотворца : [д. Вежное] // Храмы Брестчины : [фотоальбом]. Брест, 2024. С. 171.
- [Свята-Мікалаеўская царква ў в. Вяжное (Пружанскі раён)] // Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 233.
- Вяжное // Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць. Мінск, 2007. С. 499.
- Сядова, І. Радасць у кожнай кропельцы вады : [Хрышчэнскі сачэльнік адбыўся ў в. Вежнае, дзе знаходзіцца Свята-Мікольскі скіт Брэсцкага жаночага манастыра і асвячоная крыніца] / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2025. 22 студзеня (№ 6). С. 5.
- Шпарла, У. Адчуць, што такое адзінства : [маладзёжны семінар-злёт Брэсцкай епархіі «Адзінства» прайшоў на тэрыторыі Мікалаеўскага падвор’я Свята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра ў Вяжным] / Уладзіслаў Шпарла // Раённыя будні. Пружаны, 2024. 17 жніўня. С. 8.
- Новик, Г. Вежное. Под сенью старинного храма : [о восстановлении храма Николая Чудотворца в селе Вежное, которое находится на границе Каменецкого и Пружанского районов] / Галина Новик // Навіны Камянеччыны. 2024. 27 красавіка (№ 17). С. 13.
- Сядова, І. Хрышчэнская вясёлка : [гісторыя царквы, святой крыніцы і скіта ў Вяяным Пружанскага раёна] / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2023. 18 студзеня (№ 5). С. 8.
- Харашэвіч, А. Каля вёсак Брады і Вежнае : [пра святыя крыніцы «Бродская» і «Вяжнянская» ў Пружанскім раёне] / Алена Харашэвіч // Настаўніцкая газета. 2022. 28 красавіка. С. 16.
- Шпарло, В. Сила веры : праздничным богослужением и крестным ходом в Вежном отметили 250-летие храма в честь Николая Чудотворца и 15-летие основания при нем монастырского подворья / Владислав Шпарло // Заря. 2021. 21 августа. С. 10.
- Шпарла, У. Храмавае свята адзначылі ў Вежным : [адзначылі 250-годдзе храма ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца і 15-годдзе з дня заснавання пры ім манастырскага скіта] / Уладзіслаў Шпарла // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 14 жніўня. С. 6.
- Новик, Г. Там, где жизнь нестяжательная... : [история Свято-Никольского женского скита в Пружанском районе] / Галина Новик // Навіны Камянеччыны. 2020. 18 красавіка (№ 16). С. 6–7.
- Аляксандра. Святыні побач белыя, як дзіва, у абдымках хмараў і высокіх дрэў... : [на хутары Вяжное развіваецца Свята-Мікалаеўскі скіт Брэсцкага жаночага праваслаўнага манастыра] / ігумення Аляксандра ; гутарыла Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны. 2017. 8 ліпеня. С. 11.
- Новік, Г. Вяжное. Цішыня і малітва : [пра будаўніцтва Свята-Нікольскага жаночага скіта] / Галіна Новік // Навіны Камянеччыны. 2014. 11 кастрычніка. С. 5.
- Чуль, Р. Свято-Николаевская церковь с. Вежное Пружанского района : [10 августа церковь чтит образ Смоленской Божией Матери «Одигитрия»] / Р. Чуль // Брестские епархиальные ведомости. 2007. № 3. С. 41.
- Аляксеева, М. У вёсцы, якой няма : у в. Вяжное Пружанскага раёна жыве толькі адна жыхарка, затое ёсць дзеючая царква / Марыя Аляксеева // Народная трыбуна. 2007. 14 красавіка. С. 9.
- Глущенко, Т. Родник в канаве не утонет : [в д. Вежное Пружанского района основан скит Брестского Рождество-Богородичного женского монастыря] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2007. 18 мая. С. 6.
- Кабяк, В. У Пружанскім раёне будзе ўзведзены скіт : [в. Вяжное] / Вольга Кабяк // Звязда. 2006. 1 чэрвеня.
- Хадаровіч, Г. Зямля пад божай ласкай : паселішча Вяжное – святая крынічка, старажытны храм і манаскі скіт / Ганна Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны. 2006. 29 красавіка. С. 1, 3.
- Ролич, О. Свято-Николаевская церковь в д. Вежное / Ольга Ролич // Заря. 2005. 11 октября. С. 3.