29 верасня 2022 г. — 30 гадоў з часу стварэння прадпрыемства «Дзіона» грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» (1992)
Спецыялізаванае прадпрыемства «Вясёлка»Беларускага таварыства інвалідаў (такую назву мела тады «Дзіона») зарэгістравана 29 верасня 1992 г. Было створана для працаўладкавання інвалідаў і тых, хто стаіць на ўліку ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маларыцкага райвыканкама. Першым дырэктарам назначаны Уладзімір Андрэевіч Бойка.
20 лютага 2018 г. — 55 гадоў з дня нараджэння Анатоля Мікалаевіча Галушкі (1963), мастака-інваліда, паэта, лаўрэата літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2017)
Анатоль Мікалаевіч Галушка нарадзіўся 20 лютага 1963 года ў вёсцы Магіліцы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1980 годзе, скончыўшы Волькаўскую сярэднюю школу, паступіў у Калінінградскае мараходнае вучылішча, бо марыў убачыць свет, падарожнічаць. Перад ад’ездам на вучобу адправіўся на раку Шчару купацца. Няўдала нырнуў і атрымаў адну з самых страшных траўм пазваночніка — кампрэсійны пералом 5-га і 6-га шыйныхпазванкоў, пашкоджанне спіннога мозгу, пасля чаго атрафіраваліся мышцы рук, спіны, ног.
2 снежня 2016 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Міраслава Віктаравіча Амельянюка (1931–1994), інсітнага мастака-інваліда
Міраслаў Віктаравіч Амельянюк нарадзіўся 2 снежня 1931 года ў г. Кобрыне Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкай вобласці) у беларускай сям’і служачых. Па віне акушэркі атрымаў чарапную траўму, што прывяло да нерухомасці. Дзіця лячылі, вазілі да неўрапатолагаў у Варшаву, што дало станоўчы вынік: Міраслаў стаў сядзець і трохі рухаць правай нагой, але лячэнне было перарвана Другой сусветнай вайной.