Серада, 18 Студзень 2017 09:12

15 верасня 2016 г. – 55 гадоў з пачатку дзейнасці Брэсцкага тэлевізійнага цэнтра (1961)

Тэлевізійныя перадачы з Мінскага тэлецэнтра Брэст пачаў прымаць 31 снежня 1955 года. У 1960 годзе была арганізавана ініцыятыўная група спецыялістаў па стварэнні праграмнага тэлецэнтра ў Брэсце. 7 мая 1961 года пачаліся пробныя перадачы Брэсцкага тэлецэнтра. Радыус упэўненнага прыёму тэлепраграм быў усяго 15 км.

 

3 ліпеня 1961 года рэдакцыя радыёвяшчання пры Брэсцкім аблвыканкаме была рэарганізавана ў Брэсцкі абласны камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Першым старшынёй камітэта стаў Іван Ермалаевіч Дудко (1917–1981), яго намеснікам – С. Буяшова.

Рэдакцыя размяшчалася ў невялікім двухпавярховым будынку на вул. Будзённага. Вагон тэлевізійнага абсталявання прывезлі з Гомеля электратэхнікі Рыгор Сцяпанавіч Талчэеў і Андрэй Зіноўевіч Судас. У хуткім часе завяршыліся мантажныя работы па абсталяванню тэлестудыі, якая і была адкрыта 15 верасня 1961 года. Першы пробны эфiр адбыўся 23 верасня а 18-й гадзіне. Пакуль перадачы выходзілі нерэгулярна – два-тры разы на тыдзень. Штовечар а 19-й сталі выходзіць з 1 студзеня 1962 года.

Ля вытокаў брэсцкага тэлебачання стаялі журналісты М. Юркевіч, М. Пінчук, пісьменнікі А. Авечкін, М. Рудкоўскі, В. Сухарукаў. Паступова фарміравалася рэжысёрская і аператарская групы. Калектыў студыі папаўняўся шэрагам здольных людзей. Значны ўклад у развіццё тэлебачання ўнеслі галоўны рэжысёр Уладзімір Іванавіч Карпук, рэжысёры Е. Панова, Э. Баравік, аператары І. Пранько, І. Вірко, Ф. Каляда, В. Машуцін, У. Ермакоў. Майстрамі сваёй справы былі першыя дыктары студыі Рыта Анатольеўна Хліманкова і В. Аксянцюк.

Міхась Рудкоўскі працаваў рэдактарам з 1962 года, з’явіўся стваральнікам тэлечасопіса «Буг». У 1962–1972 гадах рэдактарам перадач для дзяцей і моладзі была Ніна Загорская. Старшым рэдактарам рэдакцыі прапаганды ў 1963–1973 гадах быў Аляксандр Авечкін. З 1965 года рэдактарам, аўтарам і вядучым перадачы па эканоміцы «Прагрэс» быў Віктар Сухарукаў. У 1968 годзе прыйшоў на студыю Алесь Кавальчук, неўзабаве стаў кіраўніком рэдакцыі перадач для моладзі.

15 чэрвеня 1964 года ўведзена ў эксплуатацыю новая радыётэлевізійная станцыя ў пасёлку Ракітніца Жабінкаўскага раёна з антэнай і мачтай вышынёй 182,5 м, дзякуючы ёй радыус упэўненага прыёму тэлепраграм стаў 60 км. У лістападазе 1964 года ўведзена ў эксплуатацыю радыёрэлейная лінія Мінск – Брэст, пачалася трансляцыя змешанай праграмы абласнога, рэспубліканскага і Цэнтральнага тэлебачання. У 1973 годзе завяршылася будаўніцтва Брэсцкага тэлецэнтра па вул. Куйбышава. У 1975 годзе побач пабудаваны рэтранслятар з вежай вышынёй 56 м.

Працэс падрыхтоўкі запісу тэлеперадач у 1960-я гады праходзіў цяжка, каштаваў дорага, таму перадачы ішлі ў прамым эфіры, усім аўтарам і ўдзельнікам неабходна было весці перадачу «ўжывую». Тэхнічныя магчымасці студыі адставалі ад патрабаванняў часу. Першапачаткова перадачы ішлі ў чорна-белым адлюстраванні, толькi з 1980 года – у каляровым.

Паступова пашыралася колькасць рэдакцый, тэматыка перадач. Пачаліся здымацца нарысы і нават фільмы, з якімі Брэсцкая тэлестудыя выходзіла на Беларускае і Цэнтральнае тэлебачанне. На студыі былі створаны: тэлевізіныя пастаноўкі «За тры гадзіны да бессмяротнасці» 91970), «Сітуацыя» (1974); тэленарысы «Горад над Бугам» (1970), «Кніга бессмяротнасці» (1972), «Дзяўчаты» (1972), «Жыццё ў барацьбе» (1973), «Арляня» (1973), «Радасць» (1973), «Шлях да зорак» (1975), «Зямное прыцягненне» (1976) і інш. У 1983 годзе аб’ём мясцовага вяшчання – 72 мінуты за суткі.

У 1970–1990-я гады старшынямі Брэсцкага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні былі В. Панкова, У. Хоміч, Ю. Сацінаў. У 1998 годзе Брэсцкае абласное тэлерадыёаб’яднанне ўзначаліў В. Манюк.

Анатоль Гарай у 1970–2000 гадах быў рэдактарам аддзела літаратурна-мастацкіх і музычных перадач, галоўным рэдактам, намеснікам старшыні камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Васіль Жуковіч з 1971 года працаваў у рэдакцыі навін. З 1975 года на студыі працуе Мікола Пракаповіч, поспех мае яго аўтарская праграма «Край». З 1976-га да 2003-га года працавала аўтар праграм Руслана Гусева. У 1984–1987 гадах старшым рэдактарам аддзела прапаганды быў Мікола Панасюк. Рэдактарам аддзела літаратурна-мастацкіх і музычных праграм у 1984–1991 гадах быў Алесь Каско.

Плённа працавалі тэлежурналісты У. Аляксандровіч, Г. Біруля, І. Вольская, І. Глазаў, рэжысёры П. Бекіш, А. Маліноўскі, В. Нячэхін, Т. Смірнова, Л. Лявонцьеў, Н. Марозава, тэлеаператары В. Машуцін, П. Лаўрусік, М. Барценеў, М. Дудко і інш. Цяпер на чале ТРК «Брэст» стаiць Ларыса Дзмітрыеўна Дабрадомава.

За апошнія гады праграмы Брэсцкай студыі сталі больш дынамічнымі, наблізіліся да жыцця, да людзей, да іх праблем. У многім гэта стала магчымым дзякуючы сучаснай тэхніцы і маладым супрацоўнікам. 15 снежня 2015 года адкрыты рэгiянальны канал «Беларусь-4. Брэст».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. «Брэст», тэлерадыёкампанiя «Брэст» / I. М. Балабановiч // Культура Беларусi : энцыклапедыя. Мiнск, 2011. Т. 2. С. 55–56.

  2. «Брест», «Телерадиокомпания «Брест» / И. Н. Балабанович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 133.

  3. Тэлебачанне / А. А. Кавальчук, М. М. Пракаповіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 599–601.

  4. Телевидения студия областная // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 352–353.

  5. Брэсцкая абласная студыя тэлебачання / А. П. Гарай // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 484.

  6. Брэсцкая абласная студыя тэлебачання / А. П. Гарай // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1980. Т. 3. С. 129.

  7. ...І нараджалася Слова : зборнік літаратурных твораў супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі «Брэст», 1961–2011 гг. : да 50-годдзя Брэсцкай студыі тэлебачання / [укладальнік і аўтар прадмовы М. Пракаповіч]. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2012. – 165 с.

  8. Кушнеревич, МН. Связь через годы / М. Н. Кушнеревич. – Брест : Пирс, 1995. – 163 с. : ил. – Из содерж.: Телевидение. – С. 35–39.

  9. Литвинович, Е. Своё ТВ : Региональные телекомпании всё активнее интегрируются в единое информационное пространство Брестчины / Евгений Литвинович // Заря. 2016. 29 ноября. С. 5.

  10. Соколовская, Е. За завесой «телекухни» : [о работе ТРК «Брест»] / Елена Соколовская // Заря. 2016. 7 мая. С. 7.

  11. Панкова Ольга Лаврентьевна : [некролог (1930–2016)] // Заря. 2016. 5 января. С. 6.

  12. Памяти Алеся Ковальчука : [памяти брестского тележурналиста (1938–2014)] // Брестский курьер. 2014. 30 января (№ 5). С. 27.

  13. Муха, Ф. Покоряя вершины творчества : В Бресте отмечается 50-летие создания областной студии телевидения / Фёдор Муха // Рэспублiка. 2012. 20 студзеня. С. 8.

  14. Прокопчук, Д. Смотрите и слушайте... : [из истории Брестского ТВ] / Д. Прокопчук // Брестский курьер. 2010. 21 января ( 4). С. 22.

  15. Александров, Н. Сквозь магический кристалл… : Брестской студии телевидения – 25 / Н. Александров // Заря. 1986. 23 сентября. С. 4.

  16. Иван Ермолаевич Дудко : [некролог (1917–1981)] // Заря. 1981. 6 января. С. 3.

  17. Дудко, И. Главная тема в эфире : [о работе областной студии телевидения] / И. Дудко // Заря. 1966. 7 мая. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1102 разоў Апошняя змена Серада, 03 Чэрвень 2020 11:34