Панядзелак, 06 Люты 2017 09:48

16 чэрвеня 2016 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Фёдара Рыгоравіча Фадзеева (1926), Ганаровага чыгуначніка, Героя Сацыялістычнай Працы (1959)

Фёдар Рыгоравіч Фадзееў нарадзіўся 16 чэрвеня 1926 года ў вёсцы Новамікалаеўка Палтаўскага раёна Уральскай (Чалябінскай) вобласці ў сялянскай сям’і ўральскіх казакоў. Яшчэ падлеткам вырашыў стаць чыгуначнікам, паехаў вучыцца ў чыгуначнае вучылішча. 12 чэрвеня 1943 года ён стаў памочнікам машыніста паравоза Ташкенцкай чыгункі.

 

У жніўні 1944 года Фёдар Фадзееў у складзе паравозных брыгад прыбыў у вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Брэст, удзельнічаў у аднаўленні чыгункі, разбуранай вайной, перавозках ваенных грузаў для фронту.

З 1945 года Ф. Р. Фадзееў працаваў брыгадзірам лакаматыўнага дэпо станцыі Брэст, машыністам цеплавоза, з 1974 года – машыністам-інструктарам лакаматыўных брыгад. З’яўляўся адным з першых ініцыятараў ваджэння цяжкавагавых цягнікоў на Беларускай чыгунцы.

У 1948 годзе яму даверылі вясці знакаміты «хлебны поезд». Камсамольцы і моладзь Брэста сабралі хлеб у дар мінчанам, якія падымалі сталіцу Беларусі з руін. 20 кастрычнiка 1948 года сотні людзей з аркестрам і песнямі праводзілі, а глыбокай ноччу – сустракалі састаў. 75 вагонаў агульнай масай 1500 т паспяхова даставілі ў Мінск. За гэта брыгада машыніста Ф. Р. Фадзеева атрымала Ганаровую грамату ЦК ЛКСМБ.

У 1950-я гады на Беларускай магістралі зарадзіўся рух за ваджэнне цяжкавагавых цягнікоў. Машыністаў, якія былі здольны весці саставы павышанай вагі, называлі пяцісоттысячнікамі. Фёдар Рыгоравіч на сваім участку першым правёў састаў вагой 2500 т, затым – каля 3000. Пазней замахнуўся на рэкорд – спрабаваў дасягнуць 4500 т, правёў 120 вагонаў масай 4250 т, для чаго неабходна сапраўднае майстэрства, трэба было добра ведаць профіль пуці. Брыгада Ф. Р. Фадзеева пастаянна зніжала расход паліва, на працягу 6-ці кварталаў займала першае месца ў спаборніцтве.

1 жніўня 1959 года Ф. Р. Фадзееву было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Быў дэлегатам ХХV з’зда КПБ, ХХІ з’езда КПСС.

У 1962–1965 гадах вучыўся завочна ў Брэсцкім чыгуначным тэхнікуме па спецыяльснасці «Цеплавозная гаспадарка». З 1965 года Фёдара Рыгоравіча, як вопытнага машыніста, перавялі ў пасажырскі рух, вадзіў цягнікі на Кіеў, Бранск, Лунінец, Гомель. Працоўны стаж ветэрана ў Брэсцкім дэпо – 52 гады, з якіх 14 гадоў ён, ужо на пенсіі, быў машыністам манеўровага цеплавоза на станцыі Брэст-Усходні.

Ф. Р. Фадзееў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі. У Брэсцкім музеі чыгуначнай тэхнікі сярод экспанатаў знаходзіцца паравоз серыі Эр-17-750-01, які выпушчаны ў 1943 годзе на Каломенскім машынабудаўнічым заводзе. На гэтым паравозе старшым машыністам працаваў Ф. Р. Фадзееў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Фадеев Фёдор Григорьевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник / сост. И. Н. Кулан [и др.]. Минск, 2014. С. 223.

  2. Фадзееў Фёдар Рыгоравіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 526–527.

  3. Фадзееў Фёдар Рыгоравіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 619.

  4. Рашевский, И. Впереди — «зелёный» / И. Рашевский // Земные звёзды : [сборник очерков] / сост.: П. П. Сутько, В. И. Хомич, Е. В. Шилаев. Минск, 1978. С. 330–336.

  5. Федоренко, Ю. Легенда по фамилии Фадеев : [свой 90-летний юбилей отметил ветеран Великой Отечественной войны, Герой Социалистического Труда, почетный железнодорожник Федор Григорьевич Фадеев]/ Юрий Федоренко // Железнодорожник Белоруссии. 2016. 18 июня (№ 45). С. 11.

  6. Литвинович, Е. Почетный железнодорожник : Герою Социалистического Труда Федору Фадееву исполнилось 90 лет / Евгений Литвинович // Заря. 2016. 16 июня. С. 3.

  7. Денисенко, Е. Фадеев? Это имя! / Елена Денисенко // Железнодорожник Белоруссии. 2014. 30 июля.

  8. Шапран, Ю. Значит, нам туда дорога! : [о Герое Социалистического труда Ф. Г. Фадееве] / Юрий Шапран // Вечерний Брест. 2004. 30 июля. С. 7.

  9. Волкович, А. От «железки» — не дальше километра имел право жить машинист Федор Фадеев / Александр Волкович // Брестский курьер. 2004. 29 июня. С. 8.

  10. Гурин, А. Машинист Фадеев получил Звезду за то, что не увидел хвоста поезда / А. Гурин // Вечерний Брест. 2001. 22 июня. С. 3.

  11. Опоясавший шар земной : [Ф. Г. Фадеев] // Железнодорожник Белоруссии. 1999. 2 декабря.

  12. Он работал в депо : [Ф. Г. Фадеев] // Железнодорожник Белоруссии. 1999. 12 октября. С. 3.

  13. Не стареет душой ветеран : [к 70-летию Ф. Г. Фадеева] // Железнодорожник Белоруссии. 1996. 15 июня.

  14. Фадеев, Ф. Рабочее партнерство / Федор Фадеев // Коммунист Белоруссии. 1987. № 3. С. 87–90.

  15. Бабосаў, Я. Рабочае сумленне / Яўген Бабосаў, Мікалай Горлач // Полымя. 1984. № 7. С. 144–151. Са зместу: Пра машыніста-інструктара лакаматыўнага дэпо станцыі Брэст Ф. Р. Фадзеева. С. 146.

  16. Елец, П. Идут письма из ГДР : [о Ф. Фадееве] / П. Елец // Заря. 1981. 7 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1160 разоў Апошняя змена Чацвер, 15 Красавік 2021 10:32