Панядзелак, 13 Люты 2017 09:51

1 жніўня 2016 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Паўла Андрэевіча Жмайліка (1931–2007), Заслужанага работніка культуры БССР (1977)

Павел Андрэевіч Жмайлік нарадзіўся 1 жніўня 1931 года ў вёсцы Кузевічы (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька ў ліпені 1944 года быў прызваны ў Чырвоную армію, вызваляў Польшчу ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Павел Жмайлік у 1951–1954 гадах служыў у Савецкай арміі. Пасля дэмабілізацыі вучыўся ў Пінскім тэхнікуме, затым працаваў загадчыкам дзіцячага сектара клуба «40 год Кастрычніка» г. Пінска (1957–1959).

 

У 1963 годзе закончыў Вышэйшую прафсаюзную школу культуры ў Ленінградзе. Тут рыхтавалі работнікаў для прафсаюзных клубных і турысцка-экскурсійных устаноў, культурных аддзелаў саветаў і камітэтаў прафсаюзаў. У час вучобы быў салістам Акадэмічнага хору аматараў спеваў Харавога таварыства Ленінграда пад кіраўніцтвам выдатнага дырыжора і педагога Лізаветы Пятроўны Кудраўцавай (1914–2004).

Пасля заканчэння школы (інстытута) культуры Павел Жмайлік быў назначаны дырэктарам Брэсцкага Дома культуры чыгуначнікаў, якім кіраваў да 1971 года. У гэты час у ДК дзейнічалі шматлікія гурткі і мастацкія калектывы. Актыўна працаваў тэатральны калектыў, якому ў 1961 годзе было прысвоена званне народнага (рэжысёры А. Самараў, К. Васоцкі, П. Вінаградаў, М. Жымін). У 1960 годзе званне «народнай» прысвоена харавой капэле ДК чыгуначнікаў. Капэлай у 1954–1974 гадах кіраваў Мікалай Іосіфавіч Шошчыц (1918–1966), якому ў 1963 годзе было прысвоена званне «Заслужаны артыст БССР». У рэпертуары апрацоўкі беларускіх і рускіх народных песень, песень народаў свету, песні савецкіх кампазітараў.

З 1971 года П. А. Жмайлік працаваў дырэктарам Брэсцкага абласнога тэатра лялек. Тады гэта быў малады тэатр, створаны ў 1968 годзе на базе лялечнай групы абласнога драматычнага тэатра. Мастацкім кіраўніком, галоўным рэжысёрам тады быў Аляксандр Сярогін (1968–1975). Мастакамі тэатра былі Леанід Доўбуш (1964–1972), Аляксандр Алонцаў (1972–1975).

У 1973–1989 гадах — загадчык аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама. У гэтыя гады культурнае жыццё горада актыўна развівалася, будаваліся і адкрываліся новыя ўстановы культуры. Сетка культурна-асветніцкіх устаноў у сярэдзіне 1970-х налічвала 22 клубы на 8100 месцаў, 7 кінатэатраў, музычнае вучылішча, музычную школу, парк культуры і адпачынку «1 Мая», дзейнічала цэнтралізаваная бібліятэчная сетка, створаная ў 1975 годзе. У 1976 годзе быў пабудаваны кінатэатр «Беларусь» (самы вялікі ў вобласці). Па ініцыятыве мастака Аляксандра Аляксандравіча Алонцава (1941–2015) адкрыта дзіцячая мастацкая школа (першая ў рэспубліцы). У 1976 годзе Брэсту быў прысуджаны пераходны Чырвоны сцяг Савета Міністраў БССР і Беларускага рэспубліканскага савета прафесіянальных саюзаў за лепшую пастаноўку культурна-масавай работы.

За 10-ю пяцігодку (1975–1980) у горадзе былі адкрыты яшчэ 8 клубных устаноў, працавалі ўніверсітэты культуры, у якіх займаліся 1,5 тыс. чалавек. У 1980 годзе ў Брэсце працавалі 243 калектывы мастацкай самадзейнасці, у якіх удзельнічалі 6 тыс. чалавек; 11 калектываў мелі ганаровае званне «народных».

З канца 1970-х у парку культуры пачалі праводзіць гарадское свята «Брэсцкая вясна», якое ў пачатку 1980-х атрымала назву «Брэсцкая сняжынка» і ўяўляла сабой новую форму народнага гуляння ў Беларусі. У снежні 1980 г. у парку адкрылі дыска-клуб, што таксама было навінкай для рэспублікі. Брэсцкі парк экспаніраваўся на ВДНГ СССР (у 1977 г. – бронзавы медаль, у 1983-м – залаты). У 1986 годзе Міністэрствам культуры СССР парку прысвоена найменне «Парк узорнай работы».

Брэсцкі гарадскі Дом культуры быў адкрыты 16 студзеня 1978 года па вуліцы Сiкорскага, 82. У 1986 годзе ў ГДК працавалi 8 калектываў самадзейнай мастацкай творчасцi, у т. л. аркестры камерны, духавы i народных iнструментаў, харэаграфiчная студыя, народная харавая капэла настаўнiкаў, народны ансамбль танца «Радасць» (кіраўнік А. М. Вараб’ёў), узорны хор хлопчыкаў «Пеўнiкi» (кіраўнік Л. А. Карабейнікава). Сучасны будынак ГДК быў узведзены ў 1987 годзе (вул. Гогаля, 5), тады ж была адкрыта дзіцячая харэаграфічная школа.

Павел Андрэевіч меў цудоўны голас, больш за 50 гадоў спяваў на сцэне, шмат разоў перамагаў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах вакалістаў. З 1963 года не прыпыняў удзелу ў творчай дзейнасці народнай харавой капэлы імя М. І. Шошчыца, разам з гэтым калектывам выступаў на розных сцэнах Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, ГДР, Італіі. Падтрымаў адкрыццё Цэнтра харавога спявання (вул. Пушкінская, 42).

27 лістапада 1977 года Паўлу Андрэевічу было прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР». У 1981 годзе за вялікі ўклад у развіццё культурных сувязей з замежнымі краінамі быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Дзе б ні працаваў Павел Андрэевіч, яго, у першую чаргу, вылучалі высокая маральнасць, культура і павага да людзей. Быў аптымістам, умеў сябраваць, валодаў прыгожым каліграфічным почыркам.

П. А. Жмайлік памёр 3 снежня 2007 года, пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Жмайлик Павел Андреевич : [некролог] / Брестский горисполком, Городской Совет депутатов // Заря. 2007. 6 декабря. С. 21.

  2. Нікіценкава, Л. П. Культурнае жыццё ў 1945–1990-я гады / Л. П. Нікіценкава, У. І. Нікіценкаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 572–578.

  3. Заслужаныя работнікі культуры : Жмайлік Павел Андрэевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 627.

  4. Клубные учреждения // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 231–232.

  5. Парк культуры и отдыха имени «1 Мая» // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 295–296.

  6. Дом культуры городской ; Дом культуры железнодорожников // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 202.

  7. Хоровая капелла народная Дома культуры железнодорожников // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 375–376.

  8. Курыла, Т. М. Брэсцкая народная харавая капэла Дома культуры чыгуначнікаў / Т. М. Курыла // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 487.

  9. Шошчыц Мікалай Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 454.

  10. Предложения принимаются : [зав. отделом культуры Брестского горисполкома П. Жмайлик отвечает на публикацию «Надоели печки-лавочки» (Заря. 1988. № 5)] // Заря. 1988. 22 марта.

  11. Жмайлік, П. Лета ў горадзе : [аб культурных мерапрыемствах для моладзі ў Брэсце] / П. Жмайлік // Чырвоная змена. 1980. 26 жніўня.

  12. Аб прысваенні ганаровых званняў Беларускай ССР работнікам культуры і народнай творчасці рэспублікі : Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР : [заслужанага работніка культуры Беларускай ССР: Жмайліку П. А.] // Звязда. 1977. 27 лістапада.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1320 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Ліпень 2020 10:13