Арганізацыяй Першага раённага фестывалю моладзі, які адбыўся 26 мая 1957 года, займалася кіраўніцтва раёна: райкамы КПБ і ЛКСМБ, аддзел культуры райвыканкама. I Раённы фестываль прайшоў у межах падрыхтоўкі да ІІ Абласнога фестывалю моладзі і студэнтаў, які адбыўся ў Брэсце 8–9 чэрвеня 1957 года.
Першы фестываль, а затым у некаторыя гады (1969, 1972, 1973, 1974, 1978, 1980), праводзілі ў парку г. Драгічына. Звычайна для мерапрыемства выбіралі жывапіснае месца ў лесе ці на яго ўскраіне. На працягу некалькіх гадоў фестываль праходзіў каля вёсак Дуброва, Малінаўка, ва ўрочышчы «Губа», а потым традыцыйным месцам яго правядзення стала ўрочышча «Пенякова» на беразе Дняпроўска-Бугскага канала. Лес ці парк загадзя ўпрыгожвалі гірляндамі рознакаляровых сцяжкоў, лозунгамі і транспарантамі.
На 12 гадзін нядзельнага дня з’язджаліся дэлегацыі калгасаў. Ехалі на грузавых машынах са сцягамі і транспарантамі. У склад дэлегацый уваходзіла кіраўніцтва калгасаў і лепшыя працаўнікі. Абавязкова на мерапрыемстве прысутнічалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны з усяго раёна. А 13-й гадзіне мітынгам пачыналася ўрачыстае адкрыццё фестывалю. З патрыятычным зваротам да моладзі выступалі: другі сакратар райкома партыі Алена Аляксандраўна Брухан і загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Матвей Сяменавіч Мінкоў, сакратары райкама камсамола. Затым абавязкова гучалі 2–3 патрыятычныя песні пра Леніна, партыю, Савецкую Радзіму ў выкананні зводнага хору.
Кожная дэлегацыя рыхтавала нумары мастацкай самадзейнасці, танцы, песні: беларускія народныя, камсамольскія, аб Вялікай Айчыннай вайне. У канцэртнай праграме было шмат выканаўцаў у розных жанрах: спевы, танцы, акрабатыка. На Першым фестывалі лепшымі былі выступленні хору сельгасарцелі імя Сталіна пад кіраўніцтвам Любові Рапінчук, юных танцораў Белінскай і 2-й Драгічынскай сярэдніх школ, спявачкі Ларысы Лучыц. Спартыўныя спаборніцтвы прайшлі на стадыёне: лёгкая атлетыка, валейбол, футбол, вела-мотаспорт, стральба (у стралковых спаборніцтвах прынялі ўдзел 96 чалавек).
У праграме свята адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна: маладых жывёлаводаў, даярак, механізатараў. На Першым фестывалі падарункі атрымалі лепшыя мастацкія калектывы з калгасаў імя Сталіна, «Маладая гвардыя», імя Крупскай, а таксама Белінскай, Хомскай, Драгічынскай сярэдніх школ. Завяршыўся фестываль познім вечарам факельным шэсцем па вуліцах горада.
На фестывалі ў 1964 г. ва ўрочышчы «Губа» лепшай была прызнана камсамольская арганізацыя калгаса «Чырвоная звязда», ёй уручаны галоўны прыз — радыёла. Другое месца прысуджана камсамольцам калгаса імя ХХІІ з’езда КПСС, якія атрымалі гармонь.
Фестываль моладзі раёна стаў традыцыйным, пастаянна праходзіў да 1980-х гадоў. З 1958 года прымеркаваны да Дня савецкай моладзі, які быў устаноўлены Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 лютага 1958 года і вызначаны на апошнюю нядзелю чэрвеня. У 1971 годзе свята прайшло сумесна з моладдзю Іванаўскага раёна. У 1974 годзе ў адзін дзень, 30 чэрвеня, святкавалі 30-годдзе з часу вызвалення Драгічыншчыны ад гітлераўскіх акупантаў і Дзень савецкай моладзі.
Многім жыхарам раёна фестываль моладзі запомніўся як сапраўднае свята маладосці, сяброўства, прыгажосці і весялосці. Пастаянным удзельнікам фестывальных сустрэч быў Пётр Канстанцінавіч Падлужны, 1939 г. нараджэння, які займаў у розны час пасады дырэктара Белінскай сярэдняй школы, старшыні калгаса «Савецкая Беларусь», старшыні Асавецкага сельскага Савета дэпутатаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Паўлюковіч Святлана Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
-
Супрун, С. А. Пад мірным небам / С. А. Супрун // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. Са зместу: Раённы злёт моладзі. С. 386.
-
Собаль, С. Свята юнацтва : [свята моладзі ў гарадскім парку] / С. Собаль // Запаветы Леніна. Драгічын, 1980. 1 ліпеня.
-
Марачук, П. Свята песні і працы : [свята моладзі ў гарадскім парку] / П. Марачук // Запаветы Леніна. Драгічын, 1978. 27 чэрвеня.
-
Косаўскі, М. Свята працы і песні : [раённы дзень моладзі ва ўрочышчы «Дубавое»] / М. Косаўскі // Запаветы Леніна. Драгічын, 1977. 28 чэрвеня.
-
Святкуе Драгічыншчына : [пра раённае свята 30-годдзя вызвалення Драгічыншчыны і Дня савецкай моладзі ў г. Драгічыне] / фота В. Зушчыка // Запаветы Леніна. Драгічын, 1974. 2 ліпеня.
-
Пратасевіч, Р. Мы — моладзь міру : [пра раённае свята моладзі ў гарадскім парку] / Р. Пратасевіч ; фота В. Зушчыка // Запаветы Леніна. Драгічын, 1973. 26 чэрвеня.
-
Бабей, М. Юнацтва сцягі палымнеюць : [пра свята моладзі Іванаўскага і Драгчынскага раёнаў ва ўрочышчы «Губа»] / М. Бабей ; фота В. Зушчыка // Запаветы Леніна. Драгічын, 1971. 1 ліпеня.
-
Лісічык, Г. Юнацтва крылаў размах : [пра раённае свята моладзі ў гарадскім парку] / Г. Лісічык // Запаветы Леніна. Драгічын, 1969. 1 ліпеня.
-
Грыневіч, Б. З песняй і весялосцю : [пра раённае свята моладзі ў гп. Антопалі] / Б. Грыневіч // Запаветы Леніна. Драгічын, 1967. 29 чэрвеня.
-
Свята маладосці : [аб раённым свяце ва ўрочышчы «Дубавое»] // Запаветы Леніна. Драгічын, 1966. 30 чэрвеня.
-
Іваноў, Е. Свята моладзі : [пра раённы Дзень моладзі ва ўрочышчы «Губа»] / Е. Іваноў // Запаветы Леніна. Драгічын, 1964. 2 ліпеня.
-
Геращенко, И. Праздник юности : [о Первом районном фестивале молодежи в Дрогичине] / И. Геращенко // Заря. 1957. 1 июня.