Праз 15 год сям’я пераехала ў г. п. Светлагорск Ігарскага гарсавета Туруханскага раёна Краснаярскага краю на будоўлю Курэйскай ГЭС. Марыя Мацвееўна працавала бухгалтарам, а Уладзімір Міхайлавіч — праходчыкам, бурыльшчыкам на 16-мятровай глыбіні. Алег вучыўся ў СШ № 10. Вучыўся старанна, акрамя таго добра маляваў, іграў на гітары, шмат чытаў, займаўся боксам, прымаў актыўны ўдзел у жыцці школы. Сярод равеснікаў карыстаўся аўтарытэтам, яго паважалі за справядлівасць, чэснасць. У школьны «Дзень самакіравання» яго абралі «дырэктарам школы».
Пасля заканчэння школы ў 1985 годзе Алег Самойлаў паступіў у Дзіўнагорскі гідраэнергетычны тэхнікум, але не паспеў яго скончыць. 14 красавіка 1986 года быў прызваны ў Савецкую Армію. Папрасіўся ў Афганістан, дзе тады ішла вайна, яго накіравалі на падрыхтоўку ў вучэбную часць у г. Грозны Чачэна-Інгушскай АССР. Летам сюды прыехалі яго бацькі і малодшы брат Уладзімір, гэта была апошняя сустрэча ўсёй сям’і.
З кастрычніка 1986 года Алег Самойлаў знаходзіўся ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. Служыў вадзіцелем-рэгуліроўшчыкам, вадзіцелем бронетранспарцёра ў 108-й Невельскай Чырвонасцяжнай мотастралковай дывізіі. Шмат разоў удзельнічаў у баявых аперацыях. Яго падраздзяленне ў асноўным займалася аховай аўтакалон ад нападзення баевікоў-душманаў.
30 красавіка 1987 года ў раёне г. Баграм калона савецкай ваеннай тэхнікі вярталася з задання. Радавы Алег Самойлаў вёў разведвальна-дазорную машыну. Да месца пастаяннай дыслакацыі заставалася 4 км, калі калона з засады была абстраляна рэактыўнымі снарадамі. Адзін з боепрыпасаў трапіў у галаўную машыну, якую вёў А. У. Самойлаў. Цела салдата было дастаўлена ў Светлагорск, але бацькі вырашылі пахаваць сына па суседству з радзімай маці, куды збіраліся пераехаць. Пахаваны ў г. Баранавічах Брэсцкай вобласці.
За мужнасць, праяўленую пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу, А. У. Самойлаў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна), медалямі «За боевые заслуги», «Воину-интернационалисту от благодарного афганского народа». Светлагорскай СШ № 10 прысвоена імя А. Самойлава, у школе ўстаноўлены бюст воіна-інтэрнацыяналіста. Яго імя змешчана на помніку ў скверы Памяці загінуўшых у Афганістане (вул. Дзяржынскага) г. Баранавічы. Звесткі пра А. У. Самойлава таксама захоўваюцца ў грамадскім музеі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў «Памяць і доўг», які створаны ў СШ № 18 г. Баранавічы ў 1998 годзе.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
-
Самойлаў Алег Уладзіміравіч // Памяць. Баранавічы, Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 630.
-
Музеи учреждений образования Брестской области : справочник-путеводитель / Управление образования Брестского облисполкома, ГУО «Брестский областной центр туризма и краеведения детей и молодежи», Отдел краеведения. – Брест : [б. и.], 2016. – 146 с. : ил. – Из содерж.: Музей «Память и долг». С. 37–38.
-
Самойлаў Алег Уладзіміравіч ; З пісем А. У. Самойлава родным // Памяць. Афганістан : [даведнік]. Мінск, 1991. С. 370–371.
-
Худенко, Н. Он вчера не вернулся из боя : [памяти О. В. Самойлова] / Николай Худенко // Наш край. Барановичи, 2017. 14 июля. С. 5.
-
Бычко, А. Живём с этой болью… : [о погибших в Афганистане жителях Барановичей и Барановичского района, в т. ч. О. В. Самойлове] / Алёна Бычко // Наш край. Барановичи, 2012. 14 февраля. С. 2.
-
В народной памяти навсегда останутся имена воинов-интернационалистов, погибших в Афганистане : [список похороненных на кладбищах г. Бреста и Брестской области, в т. ч. О. В. Самойлов] // Заря. 1989. 6 мая. С. 2.