Аўторак, 01 Жнівень 2017 10:45

30 красавіка 2017 г. – 120 гадоў з часу першай у г. Брэсце маёўкі — святкавання Дня салідарнасці працоўных 1 мая (1897)

Першая ў г. Брэсце (Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні) нелегальная рабочая арганізацыя з’явілася ў 1895 годзе — тайнае таварыства рабочых і рамеснікаў. Дзейнасцю арганізацыі кіравалі інтэлігенты (мясцовыя настаўнікі) І. Ізбіцкі, А. Левін, А. Сарна, Х. Галдацкі і рабочыя, якія прайшлі прапагандысцкую школу, — Н. Літвак, Я. Грынберг, Л. Гульнік, М. Татарчук і інш. Яны арганізоўвалі сходы на канспіратыўных кватэрах альбо летам за горадам, на якіх чыталі агітацыйную літаратуру па рабочым пытанні («Рабочий день», «Кто чем живёт» і інш.), выступалі перад рабочымі з прамовамі і тлумачэннямі.

 

Узровень зарплаты фабрычна-заводскіх і рамесных рабочых Брэст-Літоўска быў ніжэй, чым у Расіі ў цэлым, урачэбная дапамога на прадпрыемствах амаль адсутнічала, умовы працы былі вельмі цяжкімі, шырока выкарыстоўвалася праца дзяцей, падлеткаў і жанчын. Усё гэта вымушала рабочых весці барацьбу за паляпшэнне ўмоў працы і быту.

У 1896 годзе ў Брэст-Літоўску выступілі слесары з патрабаваннем 10-гадзіннага працоўнага дня і выплаты зарплаты без 3–4-месячнай затрымкі. Аднак гэта стачка поспеху не мела. За 1896–1897 гады таварыства рабочых і рамеснікаў правяло 97 эканамічных забастовак. Арганізацыя дабівалася заканчэння работы ва ўсіх майстэрнях горада не пазней 9 гадзін вечара, не дапускала ў майстэрні, дзе адбываліся стачкі, штрэйкбрэхераў, імкнулася паменшыць прыток у Брэст-Літоўск іншагародніх рабочых, асабліва ў перыяд беспрацоўя.

Рабочыя Мінска, Гродна, Смаргоні ў 1895 годзе ўпершыню адзначылі міжнароднае рэвалюцыйнае свята Першага мая. Святкаванне спрыяла яднанню рабочых у барацьбе за эканамічныя і палітычныя правы. У нядзелю, 18 красавіка (па новаму стылю 30 красавіка) 1897 года, напярэдадні 1 мая, у лесе, недалёка ад вёскі Вычулкі Брэсцкага павета, Брэсцкае таварыства рабочых і рамеснікаў правяло першую маёўку. Удзельнічалі каля 40 рабочых. Гэта было адно з першых у Беларусі святкаванняў дня салідарнасці працоўных.

Восенню 1897 года пад кіраўніцтвам арганізацыі было праведзена некалькі стачак. Таварыства наладжвала тайныя спектаклі па тэмах прыгняцення рабочых, распаўсюджвала нелегальныя перыядычныя выданні. Тайнае таварыства рабочых і рамеснікаў у лістападзе 1897 года перастала існаваць пасля арышту 17 яго членаў.

Адзін з лідэраў таварыства — Іосіф Мордухавіч Ізбіцкі (1876–1928) нарадзіўся ў Брэст-Літоўску, атрымаў традыцыйную яўрэйскую адукацыю, самастойна вывучаў свецкія навукі, меў здольнасці аратара і публіцыста. У пачатку 1890-х прымкнуў да сацыялістычнага руху, з канца 1890-х — член Бунда. У 1901 годзе ў Беластоку арганізаваў выданне газеты «Дер кемфер». У 1903 годзе арыштаваны ў Мінску, сасланы на пяць гадоў у Архангельскую губерню, стуль збег у 1905-м, працягваў рэвалюцыйную работу, падвяргаўся арыштам. З 1912 года жыў у Пецярбургу, быў членам рэдкалегіі бундаўскага выдання «Ди цайт», меў псеўданім Бейніш Міхалевіч. У 1915 годзе прыехаў у Вільню, арганізаваў яўрэйскія прафесійныя саюзы. З 1918 года — у Варшаве, адзін з лідэраў мясцовай арганізацыі Бунда, у міжваенны перыяд — старшыня Цэнтральнай арганізацыі яўрэйскай адукацыі, саветнік яўрэйскай абшчыны Варшавы. У 1920–1921 гадах апублікаваў на ідышы свае «Успаміны яўрэйскага сацыяліста». Пасля смерці І. Ізбіцкага выйшаў зборнік яго артыкулаў «Литератур ун камф» («Літаратура і барацьба») (1928).

Адзначэнне Першамая ў Брэсце мае сваю слаўную гісторыю. Да 1 мая 1905 года прайшлі масавыя выступленні рабочых. У красавіку адбылося 20 першамайскіх сходаў, у якіх удзельнічалі каля 2 тысяч рабочых. 18 красавіка (па новаму стылю 2 мая) адбылася ўсеагульная забастоўка з удзелам каля 5 тысяч чалавек. Рабочыя друкарняў патрабавалі 8-гадзіннага рабочага дня, ажыццяўляць штотыднёвы разлік, рабіць выплаты за працу ў святочныя дні і пры хваробе. Гаспадары друкарняў задаволілі патрабаванні, акрамя працягласці дня: устаноўлены 9-гадзінны. Вечарам 30 красавіка (па новаму стылю 13 мая) па вул. Шасэйнай (цяпер Маскоўская) прайшла маніфестацыя з удзелам каля 600 чалавек. Паліцыя спрабавала разагнаць дэманстрантаў, але яе прагналі залпамі з рэвальвераў.

У кастрычніку 1923 года была створана Брэсцкая акруговая арганізацыя КПЗБ. Пад яе ўздзеяннем 1 мая 1924 года адбылася шматлюдная дэманстрацыя з удзелам каля 3 тысяч чалавек. 1 мая 1925 года ў дэманстрацыі прынялі ўдзел каля 1 500 чалавек. Пры абароне чырвонага сцяга адбыліся сутычкі з паліцыяй, былі арыштаваны каля 60 чалавек. 1 мая 1926 года на дэманстрацыю выйшлі 2 тысячы. Масавыя дэманстрацыі былі праведзены ў 1934, 1935 і 1937 гадах. Першая легальная дэманстрацыя на Першамай адбылася толькi пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР — у 1940-м.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Маёвка, 1897 // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 254.

  2. Первомайская демонстрация, 1925 ; Первомайские выступления рабочих, 1905 // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 298.

  3. Гарбуль, П. І. Рэвалюцыйны і рабочы рух у Брэсце / П. І. Гарбуль // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1.
    С. 121–125.

  4. Брэсцкае тайнае таварыства рабочых і рамеснікаў / М. В. Біч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 88–89.

  5. Брестское тайное общество рабочих и ремесленников // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 153.

  6. Корнеў, П. І. Рэвалюцыйны рух / П. І. Корнеў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 174–178. Са зместу: Выступленні да 1 мая 1905 г. С. 174–175.

  7. Першамайскія выступленні працоўных у Беларусі / Уладзімір Філякоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 572.

  8. Першага мая // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 399.

  9. Очерки истории Брестской областной партийной организации / Я. Я. Алексейчик, Г. А. Вайндрах, В. Ф. Вайц [и др.]. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил. – Из содерж.: Маёвка в Бресте. С. 10.

  10. Бич, М. О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861–1904 гг. / Михаил Осипович Бич. – Минск : Наука и техника, 1983. – 280 с. – Из содерж.: Брест-Литовская организация рабочих. С. 107–108.

 

 

Чытаць 1106 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:26