Панядзелак, 29 Студзень 2018 15:51

3 кастрычніка 2018 г. — 370 гадоў з пачатку Давыд-Гарадоцкага паўстання (1648–1649) у антыфеадальную вайну ўкраінскага і беларускага народаў

Антыфеадальная казацка-сялянская вайна рускага (украінскага і беларускага) народа пачалася ў 1648 годзе, вялася за захаванне сваёй праваслаўнай веры, за ўратаванне ад прыгнёту польскіх паноў і за стварэнне сваёй дзяржаўнасці. На яе чале стаяў гетман Багдан Хмяльніцкі (каля 1595–1657). Удзельнікі паўстання аб’яўляліся казакамі, а сам удзел у ім называўся казакаваннем. Асноўная маса паўстанцаў была сялянамі і прыроднымі казакамі, а таксама ўдзельнічалі мяшчане і дробнае праваслаўнае духавенства.

 

Нацыянальныя і рэлігійныя дзеячы Украіны таго часу лічылі, што да Русі (Украіны) належыць і Паўднёвая Беларусь. У пачатку 1648 года тут з’явілася многа агітатараў, якія заклікалі мяшчан і сялян на барацьбу за веру і волю. Для ўздыму барацьбы Б. Хмяльніцкі накіраваў на Беларускае Палессе некалькі буйных загонаў казакаў. Гараджане палескіх гарадоў з энтузіязмам сустракалі пасланцоў гетмана і адчынялі ім вароты.

У жніўні 1648 года праваслаўныя гараджане Пінска паднялі паўстанне. Феадалы Вялікага Княства Літоўскага сабралі значныя сілы наёмнікаў і шляхты для задушэння паўстання. У кастрычніку Пінск быў асаджаны, а затым узяты штурмам, гараджане змагаліся за кожную вулачку, за кожны дом, ляхі неслі вялікія страты. Па загаду маршалка Лукаша Ельскага горад быў спалены, загінулі 10 тысяч чалавек (палова насельніцтва горада). А тым часам паўстанне разгортвалася ў Пінскім павеце, паўстанцкім цэнтрам стаў Давыд-Гарадок.

Давыд-Гарадок з 1551 года быў прыватнаўласніцкім горадам князёў Радзівілаў, цэнтрам Замкавай воласці Пінскага павета (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці). З 1586 года ўваходзіў у Клецкую ардынацыю, ардынатам якой тады быў Міхал Караль Радзівіл (1615–1666). Князь быў уладальнікам зямлі, на якой стаяў горад, гараджане выконвалі разнастайныя павіннасці і плацілі яму падаткі. Паводле інвентара 1631 года ў Гарадку было 365 двароў, 12 вуліц.

Паўстанне ў Давыд-Гарадку пачалося 3 кастрычніка 1648 года, калі мясцовыя мяшчане і сяляне некаторых навакольных вёсак аб’явілі аб непрызнанні каралеўскай улады, адказе выконваць павіннасці дзяржаве і князю Радзівілу. Сябе паўстанцы аб’явілі рускімі казакамі, падданымі Рускай дзяржавы, а сваім правадыром гетмана Б. Хмяльніцкага. На чале паўстання стаў мясцовы войт Іван Багдашэвіч, якога абралі палкоўнікам, яго сотнікамі былі Рыгор Чапура, Іван Дзядошка, Фёдар Максімовіч, Якаў Паповіч, Марцін Вайтовіч, Васіль Муха, Еранім Шаламіцкі. Агульная колькасць удзельнікаў паўстання дасягала каля 5 тысяч чалавек.

Паўстанцы Давыд-Гарадка ліквідавалі мясцовую ўладу і выконвалі толькі распараджэнні І. Багдашэвіча. У лістападзе атрады паўстанцаў разграмілі шляхецкія маёнткі ў наваколлях — Струга, Вухлічы, Векаровічы, Семагошча; за Прыпяццю — у Лахве і Кажан-Гарадку. Помста палешукоў не кранала чалавечых жыццяў, яны ў адносінах да сваіх ворагаў не ўжывалі жудасных зверстваў, якія прымянялі паўстанцы на Украіне. Палескія паўстанцы ў асноўным займаліся разрабаваннем і падзелам маёмасці, знішчэннем фінансавай дакументацыі панскіх аканомаў і арандатараў.

У руках паўстанцаў заставаўся драўляны замак з арсеналам зброі і боепрыпасаў, але агнястрэльнай зброі было вельмі мала для 3-тысячнага войска. Дзеянні паўстанцаў, слаба ўзброеных і пешых, абмяжоўваліся толькі сваім рэгіёнам. Невялікая частка іх удзельнічала ў абароне Пінска і Турава. Кожны атрад забяспечваў сам сябе: паўстанцаў-гараджан утрымлівалі мяшчане, сялянскія атрады — сельскія абшчыны. Прыняўшы ўдзел у вайсковай аперацыі, сяляне разыходзіліся па сваіх вёсках і займаліся гаспадарчымі справамі.

У студзені 1649 года ў мястэчку Нобель (зараз в. Невель Пінскага раёна) сабралася войска ВКЛ пад кіраўніцтвам польнага гетмана Януша Радзівіла (1612–1655). Яно налічвала 10 690 жаўнераў (70 % — кавалерыя), было арганізавана ў тры калоны. Першым пунктам, куды войска накіроўвалася, быў Давыд-Гарадок. Верагодна, тады частка паўстанцаў у колькасці 400–500 чалавек на чале з І. Багдашэвічам пакінула горад. Астатнія паўстанцы заселі ў замку, сілы абаронцаў былі невялікія, доўга пратрымацца не здолелі. 30 студзеня 1649 года пасля артылерыйскага абстрэлу шляхецкія штурмавікі змаглі ўварвацца ў замак і захапіць яго. Міхал Караль прымаў удзел у барацьбе з гарадзецкімі паўстанцамі, прысутнічаў на трагічным фінале паўстання.

На месцы быў арганізаваны суд, судовым кодэксам была тагачасная канстытуцыя — Статут ВКЛ 1588 года. Падсудным было прад’яўлена самае цяжкае абвінавачванне — дзяржаўная здрада, удзел у паўстанні, спроба дзяржаўнага перавароту. 18 найбольш актыўных удзельнікаў паўстання былі пакараны смерцю, сярод іх сотнік Еранім Шаламіцкі. Дакументацыя суда не захавалася, таму імёны ўсіх пакараных герояў мы не ведаем. Аднак жыхароў і сам горад князь, ахоўваючы сваю маёмасць, пакінуў без трагічных наступстваў: люд Давыд-Гарадка даваў добрую дабаўку ў кладоўкі магната.

Гараджане Турава таксама паднялі паўстанне, падтрымлівалі цесную сувязь з І. Багдашэвічам. 1 лютага 1649 года Тураў быў акружаны войскам Януша Радзівіла і захоплены, казакі з яго паспелі адысці да Мазыра цi на Валынь. Горад быў цалкам спалены, усе жыхары (4 тысячы чалавек) забіты. Карнікі ВКЛ прайшлі па сёлах і мястэчках Палесся, агнём і жалезам аднаўляючы свае панскія парадкі, разбурылі гарады Петракавічы (зараз Петрыкаў), Мазыр, Чачэрск, Лоеў, занялі Бабруйск і Рэчыцу. Пад кантроль войска ВКЛ перайшлі амаль усе паўстаўшыя беларускія паветы, а казацкія атрады выціснуты з тэрыторыі Княства.

Пасля падаўлення паўстання ў Давыд-Гарадоцкім замку размясціўся буйны гарнізон колькасцю да 1 000 чалавек, у т. л. 400 конных шляхцічаў. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі прывялі да ўпадку рамеснай, гандлёвай і сельскагаспадарчай дзейнасці, у выніку на пачатку 1650-х гадоў здарыўся голад. Кароль Ян ІІ Казімір быў вымушаны прызнаць правы праваслаўнага насельніцтва на вольнае вызнанне сваёй канфесіі і на роўны з католікамі доступ праваслаўнай шляхты да дзяржаўнай службы.

Паўстанне ў Давыд-Гарадоцкай акрузе, змаганне за веру і волю — адна з лепшых старонак гісторыі Давыд-Гарадка. Барацьба на Беларусі працягвалася яшчэ год, але з затуханнем яе на Украіне, спыненнем адтуль казацкай дапамогі, яна пайшла на спад. Давыд-Гарадоцкі замак не захаваўся да нашага часу, засталася толькі Замкавая гара, помнік археалогіі. У сярэдзіне ХХ ст. адна з вуліц горада стала насіць імя Багдана Хмяльніцкага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Давыд-Гарадоцкае паўстанне 1648–50 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 567.

  2. Давыд-Гарадоцкае паўстанне 1648–50 / Зіновій Капыскі. Давыд-Гарадоцкі замак / Міхась Ткачоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 567.

  3. Давыд-Гарадоцкае паўстанне 1648–50 / Зіновій Капыскі. Давыд-Гарадоцкі замак / Міхась Ткачоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 189–191.

  4. Давыд-Гарадоцкае паўстанне 1648–50 // Беларусь : энцыкл. даведнiк. Мiнск, 1995. С. 258.

  5. Давыд-Гарадоцкае паўстанне 1648–50 / З. Ю. Капыскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 110.

  6. Антыфеадальная вайна 1648–1951 на Беларусі / В. І. Мялешка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 133–135.

  7. Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648–54 / Л. С. Абэцэдарскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 185–186.

  8. Багдашэвіч Іван // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 206.

  9. Багдашэвіч Іван // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 273.

  10. Радзівіл Януш / Анатоль Грыцкевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 501.

  11. Радзівіл Януш / Анатоль Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 64–65.

  12. Пінска абарона 1648 / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 495–496.

  13. Чаропка, С. А. Казацка-сялянская вайна ў Беларусі, 1648–1651 гг. : аўтарэферат дысертацыі... кандыдата гістарычных навук / Станіслаў Аляксандравіч Чаропка ; БДПУ. – Мінск, 2009. – 26 с.

  14. Бярнацкi, В. Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648–1649 гг. / Вітальд Бярнацкі. – Вiльня : Iнстытут беларусiстыкi, 2010. – 183 с.

  15. Чуприна, В. Хмельниччина, 16481657 рр. : визвольна війна укр. народу під. пров. Б. Хмельницького / Васіль Чуприна, З. Чуприна. – Львів : Свiт, 2003. – 176 с.

  16. Універсали Богдана Хмельницького, 1648–1657 / НАН України, Iн-т iсторiї України ; упоряд.: І. Крип’яткевич, І. Бутич ; редкол.: В. Смолій (гол.) [та ін.]– Київ : Альтернативи, 1998. – 383 с.

  17. Шэлехаў, М. У. У складзе Рэчы Паспалiтай / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столiнскi раён : гiст.-дакум. хронiка. Мiнск, 2003. С. 53–63. Са зместу: Давыд-Гарадоцкае паўстанне. С. 59–60.

  18. Шэлехаў, М. Забытае княства : [гіст. нарыс] / Міхаіл Шэлехаў // Берасцейскія карані ’98 : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1998. С. 140–159. Са зместу: Паўстанне ў Давыд-Гарадку. С. 153–155.

  19. Асіноўскі, С. «Гарады адчынялі і брамы...» : [паўстанне Б. Хмяльніцкага (1648 г.) на Беларусі] // Поле памяці : постаці і падзеі беларускай мінуўшчыны / Святаслаў Асіноўскі. Мінск, 1999. С. 71–86.

  20. Прокопович, А. Л. Казацкий бунт 1648 года на Полесье / А. Л. Прокопович // Выявление интеллектуального и ресурсного местного потенциала и обеспечение устойчивого развития Полесского региона : материалы VI научно-практической конференции исследований молодых ученых Пинщины, 24 апреля 2008 г. Пинск, 2008. C. 166–168.

  21. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі : [гiст. нарыс] / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў ; прадмова П. Лысенкі. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с., [8] л. іл. – Са зместу: Давыд-Гарадоцкае паўстанне. С. 177–183.

  22. Чаропка, С. А. Тэрор як форма барацьбы ў казацка-сялянскай вайне 1648–1651 гадоў на Беларусі / С. А. Чаропка // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. 2016. № 4. С. 6772.

  23. Литвинович, Е. Городокское восстание : 365 лет назад начался бунт в Давид-Городке / Евгений Литвинович // Заря. 2013. 5 октября. С. 5.

  24. Герасімовіч, С. М. Казацка-сялянская вайна 1648–1651 гг. на беларускіх землях : VIII клас / Сяргей Герасімовіч // Беларускі гістарычны часопіс. 2013. № 2. С. 67–73.

  25. Чаропка, С. Палессе ў полымі войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя / Станіслаў Чаропка // Arche. 2011. № 3. С. 235–269.

  26. Чаропка, С. Палескі паход Януша Радзівіла, 1649 г. : [падаўленне паўстання ў Давыд-Гарадку, Тураве і інш. гарадах] / Станіслаў Чаропка // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 1. С. 15–22.

  27. Бярнацкі, В. Паўстанне Хмяльніцкага. : ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648–1649 гг. / Вітальд Бярнацкі // Arche. 2008. № 1/2. С. 45–222.

  28. Талкачоў, В. Сялянская вайна : [падзеі на Століншчыне ў 1648–1654 гг.] / В. Талкачоў // Навіны Палесся. Столін, 1980. 14 кастрычніка.

  29. Шуляковский, Е. Г. Участие белорусского народа в освободительной войне, 1648–1654 гг. / Е. Г. Шуляковский // Вопросы истории. 1954. № 5. С. 33–43.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1713 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 15:37