Серада, 07 Люты 2018 15:47

2018 г. — 375 гадоў з часу атрымання (1643) г. п. Лагішыным (Пінскі р-н) Магдэбургскага права

Першая пісьмовая згадка пра г. п. Лагішын Пінскага раёна Брэсцкай вобласці адносіцца да 1552 года, калі паселішча згадваецца ў «Пісцовай кнізе Пінскага княства», як «востраў на Лагішыншчыне» Берасцейскага ваяводства ў Вялікім Княстве Літоўскім.

 

У той час шмат гарадоў было заснавана на «суровым корані»: трэба было асвойваць «глухія» тэрыторыі з лясамі і пушчамі, а каб паселішча развівалася, вырастала ў горад, яму давалі магдэбургскае права. Гэта вельмі ўласціва для Падляшша. Там было шмат такіх паселішчаў: Вогін, Мілейчыцы, Пяшчатка і інш. Лагішын — адзін з прыкладаў заснавання мястэчка на «суровым корані».

25 лютага 1643 года польскі кароль Уладзіслаў IV па просьбе пінскага старасты Альбрэхта Радзівіла, выконваючы старажытныя намеры, падарыў «мястэчку нашаму Лагішынскаму ў Вялікім Княстве Літоўскім ... права Магдэбургскае з усімі прывілеямі, вольнасцямі на вечныя часы...». Акрамя гэтага, Уладзіслаў IV заснаваў тут ратушу, зацвердзіў герб.

Магдэбургское права давала Лагішыну вольнасці, якімі карысталіся гарады ВКЛ: грамата вызваляла «от обычаев и чудов», якія не адпавядалі Магдэбургскаму праву, ад улады дзяржаўных службовых асоб, ад цяглых павіннасцей і замкавых падвод. Таксама дазвалялася абіраць бургамістра і райца, якія б вырашалі бягучыя і натарыяльныя справы аб землях, прымалі запісы на маёмасць, давалі выпіскі і г. д. Дазвалялася мець аднаго пісара, на рашэнні гарадскіх судоў апеляваць да пінскага старасты, які павінен быў асабіста вырашыць справу, а ад старасты апеляваць у каралеўскі суд. Лагішынцы мелі права пабудаваць ратушу і побач «мець гандаль і шынкі». Войт, які ўзначальваў самакіраванне, павінен быў выносіць на суд справы аб падпалах, пабоях, злачынствах, сямейных здрадах і чараўніцтвах. Для мястэчка ўстанаўліваліся штогадовыя двухтыднёвыя кірмашы: зімовы — на Каляды, і летні — пачынаючы са свята апосталаў Пятра і Паўла.

У дакуменце таксама адзначана цікавае каралеўскае прадпісанне наконт мядовых напояў. Лагішынцы маглі гатаваць іх чатыры разы на год. А ў выпадку продажу павінны былі набываць (як падатак) свечачны воск для касцёла і царквы: «каб за грэшнай справай не забывацца на святое...».

Тэкст дакумента напісаны на тонка вырабленым пергаменце па-польску з невялікімі ўстаўкамі па-лацінску. Усяго — тры старонкі, першая і другая складаюць адзіны тэкст. Дакумент за подпісам Уладзіслава IV складзены пісарам-рэферэнтам Марцінам Трызнам і «дадзены ў Кракаве на сейме ўсеагульным, каронным нашым дня 25 лютага 16...». У гэтым месцы пергамент пашкоджаны цёмна-карычневай плямай, і апошнія лічбы года не чытаюцца. Але пры ўдакладненні даты высветлілася, што хутчэй за ўсё Грамата з’явілася ў 1643 годзе.

Герб Лагішына вызначаны ў выглядзе адлюстравання ваўка з ласінымі нагамі, змешчанага на блакітным фоне. У некаторых старадаўніх крыніцах гаворыцца, што з самага пачатку ногі ў гэтага ваўка былі жураўліныя, а ў іншых, што воўк меў лісі хвост.

У 1776 годзе пастановай Варшаўскага сойма «мелкія» гарады і мястэчкі пазбавіліся Магдэбургскага права, у тым ліку і Лагішын. Такія меры аргументаваліся тым, што жыхары гарадоў, якія атрымалі Магдэбургскае права, «не цікавячыся купецкім заняткам, гандлем і рамяством, няўмела займаюцца земляробствам, судовыя справы няправільна вырашаюць нявопытнымі радцамі».

Грамата на Магдэбургскае права Лагішына (Лагішынскі Прывілей) захавалася да нашага часу. Зараз яна знаходзіцца ў архіве каталіцкай семінарыі ў г. Драгічыне (Польшча). Захавальнік архіва — генеральны вікарый Драгічынскай епархіі Яўген Бароўскі. Цікава ведаць, як Лагішынскі Прывілей мог апынуцца ў архіве рэлігійнай установы. Па словах ксяндза — доктара Я. Бароўскага — яму дакладна вядома толькі тое, што Грамата была сярод матэрыялаў курыі Пінскай епархіі, якая размяшчалася з 1945 па 1950-я гады ў Бельску-Падляшскім. Ён лічыць, што, верагодна, яе нейкім чынам знайшоў і перадаў ва ўпраўленне епіскапа ксёндз Ян Зея, які ў 1930-я гады служыў настаяцелем лагішынскага касцёла, а потым працаваў ва ўстановах Пінскай епархіі.

Паводле еўрапейскай традыцыі, гарады і мястэчкі, якія некалі атрымалі Магдэбургскае права, адзначаюць свае святы менавіта ў гонар гэтай падзеі. Лагішынцы таксама адзначаюць свята свайго пасёлка, узгадваючы Магдэбургскае права. Стары герб Лагішына выкарыстоўваецца як афіцыйны сімвал мясцовага самакіравання і ў цяперашні час (зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 21 верасня 1998 года).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Паўлюкавец Наталля Уладзіміраўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Лагішын // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 9. С. 90.

  2. Логишин // Республика Беларусь : энциклопедия : [в т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 529.

  3. Лагішын // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2. С. 423.

  4. Лагішын // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у т. Мінск, 2005. Т. 2. С. 177.

  5. Лагішын // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 326.

  6. Логишин // Туристическая энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 295.

  7. Логишин / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 338–339.

  8. 450 лет городскому поселку Логишин, 19 октября 2002 г. : [история]. – [Пинск, б. в.], 2002. – 6 с. : ил.

  9. Адамушко, В. И. Г. п. Логишин Пинского района // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. Минск, 2006. С. 39–40.

  10. Цітоў, А. Лагішын // Геральдыка беларускіх местаў (ХVІ – пачатак ХХ ст.) / Анатоль Цітоў. Мінск, 1998. С. 181.

  11. Князева, В. Лагішын // Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі / Вольга Князева. Мінск, 2005. С. 34–35.

  12. Логишин // Жемчужина Полесья. Пинский район : справочник туриста / текст Т. А. Хвагиной. Минск, 2006. С. 35.

  13. Логишин // Туристические регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. Минск, 2008. С. 75.

  14. Гарбуль, П. І. Мястэчкі Берасцейшчыны ў гаспадарчым жыцці Беларусі XIV – пачатку XX стст. : [у т. л. Лагішын] / П. І. Гарбуль // Берасцейскі хранограф. Брэст, 2004. Вып. 4. С. 12–16.

  15. Вёскі і вёсачкі : гарадок Лагішын : (ён з 1643 г. меў ужо магдэбургскае права) // Старая казка Палесся : (Турава-Пінская зямля) / Юрый Лабынцаў. Мінск, 1993. С. 135.

  16. Субат, У. Лагішын: ужо не горад, але і не вёска : [гістарычная даведка аб мястэчку Лагішын Пінскага раёна; сучасны стан, сацыяльна-эканамічнае развіццё і прадпрыемствы] / Уладзімір Субат ; фота аўтара // Сельская газета. 2017. 2 сентября. С. 24–25.

  17. Цвирко, В. 150 золотых моей Беларуси: Молодово : [история некоторых деревень и поселений Западной Беларуси, в тч. Логишина] / Владимир Цвирко // 7 дней. 2016. 1 декабря (№ 48). С. 24–25.

  18. Гришковец, В. Логишинская история : 460-ю годовщину отметил городской поселок Логишин Пинского района / Валерий Гришковец // Заря. 2012. 25 октября.

  19. Урбанович, И. Логишину — 460! / Инна Урбанович // Полесская правда. Пинск, 2012. 13 октября (№ 82). С. 3.

  20. Марчук, Н. Зямельны бунт : да 135-годдзя «Лагішынскай справы» / Ніна Марчук // Краязнаўчая газета. 2010. Верасень (№ 35).

  21. Шестакова, Н. Новоселье в год юбилея /Наталья Шестакова // Полесская правда. Пинск, 2008. 3 сентября. С. 2.

  22. Михальчук, Л. Праздник, который всегда с нами /Людмила Михальчук // Полесская правда. Пинск, 2007. 31 октября. С. 1.

  23. Ціхановіч, Т. Лагішын : [гісторыя пасёлка, XVI ст. – наш час] / Т. Цiхановiч // Народная трыбуна. 2003. 20 верасня.

  24. Карпеня, И. Заполнить белые пятна : [об истории городского поселения Логишин] / Иван Карпеня // Полесская правда. Пинск, 2003. 12 января.

  25. Ільянкоў, В. Лагішынскі Прывілей : (аб Грамаце на Магдэбургскае права Лагішына, якая захоўваецца ў Польшчы) / Вячаслаў Ільянкоў ; фота аўтара // Культура. 2002. 5–11 кастрычніка (№ 39). С. 14.

  26. Куницкий, П. Логишину — 450 : [в 1643 г. Логишин получил Магдебургское право на самоуправление и герб] / Павел Куницкий // Местное время. Пинск, 2002. 1 ноября.

  27. Сытин, Ф. Логишин — местечко под Пинском : [в 1643 г. Грамотой короля Владислава IV Логишину даётся Магдебургское право с вольностями] / Федор Сытин // Заря. 2002. 26 октября. С. 3.

  28. Дружынін, П. Нялёгкія стагоддзі Лагішына : [Лагішыну было нададзена Магдэбургскае права з вольнасцямі] / Пётр Дружынін // Народная газета. 2002. 23 кастрычніка.

  29. Тиборовская, Т. Лицо Логишина в зеркале истории : [история и современность; о получении Логишиным Магдебургского права] / Тамара Тиборовская // Рэспубліка. 2002. 19 кастрычніка. С. 6.

  30. Шушко, А. Столетнае, стошанаванае : з 450-мі ўгодкамі, Магдэбургскім правам, з сягоняшнім Днём, лагішынцы! : [верш] / Анатоль Шушко // Полесская правда. Пинск, 2002. 19 октября.

  31. Шестакова, Н. 450 лет биографии — история пишется набело : [история Логишина, 15522002 гг.] / Н. Шестакова ; фото М. Линкевича // Полесская правда. Пинск, 2002. 19 октября. С. 4.

  32. Ильенков, В. «Логишинская вера» / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2002. 18 кастрычніка.

  33. Урбанович, И. Логишину — 450! : [в 1643 г. Логишин получает Магдебургское право (право на самоуправление)] / Инна Урбанович // Полесская правда. Пинск, 2002.13 октября.

  34. Из глубины веков : Логишину — 450 лет : [краткая историческая справка// Полесская правда. Пинск, 2002. 17 августа.

  35. Ельскі, А. Лагішын : [гісторыя пасёлка да ХХ ст.] / Аляксандр Ельскі ; публiкацыя i пераклад Наталлi Мазоўка // Чырвоная змена. 2000. 8 чэрвеня. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1640 разоў Апошняя змена Панядзелак, 16 Лістапад 2020 14:52