Летам 1941 г. канал быў захоплены часткамі вермахта, пачалося яго актыўнае выкарыстанне акупацыйнай уладай. Толькі за 1942 г. па канале было перавезена 200 тыс. т грузаў (збожжа, лес, будаўнiчыя матэрыялы, тэхнічнае абсталяванне і інш.). Усе гідразбудаванні канала ахоўваліся паліцэйскімі камандамі па 10–15 чалавек, вакол зроблены акопы, на подступах устаноўлены агароджы з калючага дроту.
У снежні 1942 г. Беларускі штаб партызанскага руху распрацаваў план зрыву перавозак праціўніка па Дняпроўска-Бугскім канале. Адпаведную дырэктыву штаб партызанскага злучэння Пінскай вобласці (камандзір Васіль Захаравіч Корж) атрымаў у студзені 1943 г. Пасля правядзення неабходнай разведкі дыверсійныя групы атрадаў імя Лазо, імя Кутузава, імя Суворава ў лютым – сакавіку 1943 г. вывелі са строю Оўзіцкі, Ляхавіцкі, Рагадашчанскі гідравузлы, у маі — шлюзы Пераруб і Радастаўскі на Белаазёрскім канале (апошні служыў рэгулятарам вады, якая ішла з Белага возера ў Дняпроўска-Бугскі канал).
У чэрвені 1943 г. праціўнік спрабаваў аднавіць Дняпроўска-Бугскі канал і пусціць яго ў эксплуатацыю. Дзеля гэтай мэты прыбыла аднаўленчая каманда ў складзе батальёна, якую прыкрывалі 6 ваенных катараў рачной флатыліі. Пачаліся рамонтныя работы на гідразбудаваннях.
Камандаванне брыгады імя Молотава ў ноч на 19 чэрвеня 1943 г. сіламі трох атрадаў (каля 400 чалавек) правяло аперацыю па вывадзе са строю гідравузлоў. У той час у брыгадзе імя Молотава (створана 4 красавіка 1943 г.) пад камандаваннем Міхаіла Іванавіча Герасімава было 10 атрадаў агульнай колькасцю 2 800 чалавек. Начальнікам штаба брыгады быў Дзмітрый Карпавіч Удовікаў, камісарам — Фёдар Сямёнавіч Кунькоў.
Каб адцягнуць увагу ворага, атрады імя Сталіна і імя У. Р. Нямытава завязалі бой ля в. Патапавічы Іванаўскага раёна, дзе знаходзіліся асноўныя сілы праціўніка і ваенныя катары. У гэты час дыверсійныя групы ўзарвалі гідравузлы Гарадзецкі, Ляхавіцкі, Оўзіцкі, Перарубскі, Селішчанскі, Стары і Новы Рагадашчанскі. У аперацыі праціўнік страціў 12 чалавек забітымі і 36 параненымі, партызаны — 4 чалавекі параненымі. Пасля гэтага ўзровень вады ў канале знізіўся да 30–60 см, што цалкам выключала яго выкарыстанне. 129 варожых суднаў, якія былі перакінуты з Дняпра, засталіся ў Пінскім порце і ў ліпені 1944 г. захоплены Дняпроўскай флатыліяй.
У жніўні 1943 г. на поўдзень ад канала ўтварылася партызанская зона даўжынёй 70–80 км і ў глыб 50–60 км. Уплыў партызан распаўсюджваўся далёка за межамі гэтай «партызанскай рэспублікі». Непадалёку ад в. Сварынь Драгічынскага раёна быў створаны партызанскі аэрадром, які адыграў вялікую ролю ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Пінскага і Брэсцкага партызанскіх злучэнняў. Летам і восенню 1943 г. акупанты некалькі разоў спрабавалі захапіць вёскі ўздоўж канала. Асабліва цяжкія баі ішлі ля вёсак Адрыжын, Перакрысце, Кончыцы, Махро, Кублік, Белін, Зарэчка, Ляхавічы. У лютым – сакавіку 1944 г. партызаны гераічна вытрымалі 40-дзённую абарону на працягласці 50 км уздоўж канала.
У 1945–1946 гг. Дняпроўска-Бугскі канал адноўлены, адначасова праведзена яго рэканструкцыя, якая дазволіла паменшыць колькасць шлюзаў з 22 да 10. Матэрыялы аб баях на канале, героях-партызанах захоўваюцца ў Драгічынскім ваенна-гістарычным музеі імя Д. К. Удовікава.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
-
Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 / А. М. Літвін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 170–171.
-
Днепровско-Бугская операция, 1943 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 329.
-
Днепровско-Бугская операция, 1943 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 390–391.
-
Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 / Аляксей Літвін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 261–262.
-
Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 / А. М. Літвін // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 198.
-
Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 / А. М. Літвін // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 196.
-
Дняпроўска-Бугская аперацыя : [па кнізе «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне»] / А. М. Літвін. «Вывести канал из строя…» : з кнігі В. А. Літвінчука «Там, за Днепра-Бугам». Дакладная запіска камандавання партызанскай брыгады імя В. М. Молатава Пінскай вобл. ЦК КП(б)Б і БШПР аб вывадзе са строю шлюзаў Дняпроўска-Бугскага і Белаазёрскага каналаў. Партызанская хітрасць / В. Л. Літвінчук // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 180–185.
-
Партызанская брыгада імя В. М. Молатава : [Пінскага злучэння] // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 436.
-
Днепровско-Бугский канал // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 245.
-
Республиканское унитарное эксплуатационно-строительное предприятие «Днепро-Бугский водный путь» : 70 лет / [над текстом работали: Г. Савенок, Т. Щербакова ; фото: Г. Савенок]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2016. – 18, [1] с.
-
Нордман, Э.Б.Не стреляйте в партизан… : [воспоминания партизана Пинского соединения] / Эдуард Болеславович Нордман. – Минск : Беларусь, 2007. – 200 с., [6] л. ил. – Из содерж.: Днепровско-Бугский канал. С. 111–117.
-
Литвинчук, В. А. Там, за Днепро-Бугом : [о партизанском движении в Брестской области во время Великой Отечественной войны] / Василий Андриянович Литвинчук. 3-е изд., испр. и доп. – Брест : Брестская типография, 2008. – 492 с.: ил. – Из содерж.: «Вывести канал из строя…». С. 230–235.
-
Ковальский, П. В брестских лесах : записки партизана / Пётр Ковальский ; лит. обраб. А. Миронова. – Минск : Беларусь, 1970. – 158 с., [4] л. ил.
-
Ковальский, П. М. Годы огневые / П. М. Ковальский // Буг в огне : [сборник воспоминаний участников Великой Отечественной войны].
3-е изд., доп. и перераб. Минск : Беларусь, 1977. С. 247–258. -
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. В 3 т. Т. 2. – Минск : Беларусь, 1984. – 551 с., [54] л. ил., 8 карт. – Из содерж.: Днепровско-Бугский канал. С. 250.
-
Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944). Документы и материалы. В 3 т. Т. 2. Кн. 2. – Минск : Беларусь, 1978. –814 с. – Из содерж.: Днепровско-Бугский канал. С. 321, 340, 664, 666, 704.