Аўторак, 20 Лістапад 2018 15:51

2018 г. — 435 гадоў з часу адліцця моладаўскага звона (Іванаўскі р-н; 1583), помніка старажытнабеларускай гісторыі і культуры

Моладаўскі звон адліты ў 1583 г. з медзі людвісарам Марцінам Гофманам у Коўне (зараз г. Каўнас, Літва) для царквы вёскі Моладава (цяпер у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці), па заказе Сімяона Войны, кашталяна мсціслаўскага, старасты паморскага, палангаўскага, горждаўскага. Прысвечаны ён двум прадстаўнікам вядомага на Беларусі роду Войнаў: Маціевічу Хрысціну і яго сыну — Сямёну.


Вышыня звона 62 см, найбольшы дыяметр 70 см, таўшчыня сценак 6–7 см. Дэкарыраваны ў верхняй частцы пасам расліннага арнаменту з фантастычнымі істотамі і жывёламі. Звон увесь пакрыты гравіраванымі надпісамі на беларускай мове лацінскім алфавітам. Надпісы на моладаўскім звоне — гэта арыгінальны твор эпіграфічнай літаратуры, дзе апісваюцца ганаровыя тытулы і пасады Мацея Войны, яго асабістыя якасці, гаворыцца пра яго сямейнае жыццё, аб жонцы і дзецях, ухваляюцца выхаванасць і адукаванасць малодшых Войнаў. Надпіс паведамляе, што гэты звон перададзены моладаўскай царкве «навекі непарушна».


У сярэдняй частцы звона змешчаны тэкст, згрупаваны ў 4 калонкі па 13 радкоў y кожнай: фундатарскі надпіс і панегірык Войне Маціевічу Грычыну і яго сям’і:


«На вечную памяць дабравернага хрысталюбівага вяльможнага пана яго міласці пана Войны Мацвеевіча Грычына, названага ў святым хрышчэнні Барысам, кашталяна мсціслаўскага, старасты ожскага, пераломскага, убарцкага, падкаморыя пінскага і жонкі яго міласці дабравернай пані Багданы Янушаўны Любельскай, названай у святым хрышчэнні Меланняй, загадам і накладам іх міласцей праз сына іх міласцей першароднага (усякія бо отракі, што лона расчыняюць, святыя Богу) дабравернага і хрысталюбівага пана яго міласці пана Сямёна Войну, старасту паморскага, палангаўскага і горждаўскага, цівуна ўжвенцкага ў зямлі Жамойцкай і рэвізора караля яго міласці гэты звон адліты ў слаўным месце Коўне і даны ў царкву Божую ў маёнтку іх міласцей вотчынным у Моладаве на векі непарушна. Жыў яго міласць пан Война, кашталян мсціслаўскі, на гэтым свеце веку свайго гадоў блізу дзевяноста, будучы з мілай жонкай яго міласці ў стане святым сужэнскім паняй Багданай у боязі Божай пад міласэрнасцю яго святой у добрай аднастайнай міласці і згодзе і ў законе старажытным царквы сабору грэцкага, з маладосці і ў сярэдніх гадах яго міласць добрым рыцарам будучы і зацных, пачцівых, слаўных продкаў родам сваім наследваючы, каралям іх міласцям і вялікім князям літоўскім і Рэчы Паспалітай добра служачы зацных урадаў дасягнуў і сенатарам вялікім, зацным у радзе караля яго міласці быў. Акрамя таго з міласернасці Божай у боязі яго святой з мілай жонкай яго міласці добрае, пачцівае патомства цнатлівае, сыны і дочкі парадзіў і іх, як патрыярх Якаў, сыноў сваіх благаславіў, вялікія ўцехі і радасці з усіх дзетак сваіх хвала даў сынам сваім на пачцівых, зацных пасадах, у лавіцу ў радзе каралеўскай бачыў, і сыноў сваіх сыноў да хросту святога на руках сваіх аддаваў і іх благаславіў пачціва. Таксама дочкі, пачціва, добра ў доме сваім выхаваныя, пры жыцці сваім у стан святы сужэнскі за добрых, пачцівых людзей, у дамы пачцівыя, шляхецкія з благаславеннем сваім бацькоўскім выдаўшы, з патомства іх унучат сваіх і праўнукаў стварыў і ў год ад творцы госпада Бога жыцця яго міласці вызначаны, у міласэрнасці Божай у добрых днях і ўцехах сваіх правадзіўшы, да госпада Бога адышоў і дух свой у рукі гасподні аддаў, а ў жыццё вечнае з гэтага светнага жыцця сышоў яго міласць пан кашталян мсціслаўскі ў маёнтку яго міласці вотчынным Парэччы ў год Божы 1582 дня 15 мая».


Пад адным са слупкоў гравіраваны асабісты герб Сямёна Войны, які складаецца з 4 малых гербаў («Трубы», «Корчак», «Пяцірог», «Газдава»), клейнод — 5 страусавых пёраў. У самым нізе ў картушы вытворчы надпіс у тры радкі: «Marczin Hofman mnie sliwal roku 1583» («Марцін Гофман мяне адліў у 1583 годзе»).


Моладаўскі звон здаўна знаходзіўся пры мясцовай драўлянай царкве, якая некалькі разоў перабудоўвалася, рамантавалася, была ўніяцкай, затым праваслаўнай. У час Першай сусветнай вайны па парадзе пана Генрыха Скірмунта, якому належаў маёнтак у Моладаве, сяляне пры падыходзе нямецкіх войск, ратуючы каштоўную рэліквію ад вывазу ў Германію, закапалі звон на могілках. Пасля адыходу немцаў звон быў адкапаны.


У 1977 г. моладаўскі звон — помнік мастацкага ліцця, эпіграфікі, палеаграфіі Беларусі — быў зняты і вывезены ў Музей старажытна-беларускай культуры АН БССР. У 1990 г. вернуты ў Свята-Вазнясенскую царкву в. Моладава.


Звон у Моладаве — жывы сведка гісторыі і паказчык вельмі высокага прафесійнага майстэрства рамеснікаў XVI ст. Самы стары ў краіне на дадзены момант звон. На жаль, час пакінуў на звоне свой след: у ім зрабілася расколіна і званіць ён больш не можа. Цяпер звон знаходзіцца ў асаблівай званіцы на тэрыторыі новага мураванага праваслаўнага храма — Свята-Вазнясенскай царквы, асвячонай 8 мая 2012 г.


Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2011 г. вёсцы Моладава нададзены герб, на якім выява залатога звона.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Молодаўскі звон / Э. С. Максімава, Ю. В. Хадыка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 10. С. 514.
2.    Моладаўскі звон / Э. С. Максімава, Ю. В. Хадыка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 665.
3.    Моладаўскі звон / Ю. В. Хадыка // Беларуская ССР : карот. энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 4. С. 375.
4.    Молодава // Гарады і вёскі : энцыклапедыя. Минск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 403–406.
5.    Гісторыя беларускага мастацтва : у 6 т. Мінск : Навука і тэхніка, 1987. Т. 1 : Ад старажытных часоў да другой паловы XVI cтагоддзя. Пра моладаўскі звон. С. 266–267.
6.    Молодово // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 789–795.
7.    Шатько, Е. Г. Исторические колокола Брестской области: по материалам экспедиций и архивов / Е. Г. Шатько // Традиции и новации: культура, общество, личность : сборник трудов. Брест : БрГУ, 2015. С. 115–118.
8.    Адамушко, В. И. Геральдика Брестской области // Современная геральдика Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. Минск, 2014. С. 60–154.
9.    Иваново и окрестности = Ivanovo district : [фотоальбом; упоминается молодовский колокол]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2014. – 95 с.
10.    Шатько, Е. Г. Колокола и колокольные звоны православных храмов западных регионов Беларуси: история и современность : 1025-летию крещения Руси посвящается / Е. Г. Шатько. – Белосток : [б. и.], 2014. – 294 с., [24] л. ил.
11.    Шатько, Е. Г. Колокола и колокольные звоны православных храмов западных регионов Беларуси: история и современность : автореферат диссертации ... кандидата искусствоведения / Шатько Елена Геннадьевна ; УО «Белорусская государственная академия музыки». – Минск, 2012. – 23 с.
12.    Молодово // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области / Т. Хвагина, А. Варавва. Минск : Рифтур, 2013. С. 93–94.
13.    Мешечко, Е. Н. Молодово // Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест, 2012. С. 93–94.
14.    Кулагін, А. М. Царква ў гонар Узнясення Гасподняга : [д. Моладава] // Праваслаўныя храмы : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 282.
15.    Курков, И. Н. Колокол времён : отлит в 1583 г., д. Молодово, Ивановский р-н // Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 65.
16.    Polesie Ilustrowane : monografja / praca zbiorowa pod redakcja inż. Nelarda. Brześć : [s. n.], 1923. S. 131–132.
17.    Цвірка, У. Моладава / Уладзімір Цвірка // ЛіМ. 2018. 19 кастрычніка (№ 41). С. 16.
18.    Іваненка, А. З хараством духоўным заручоныя : [Моладава] / Арцём Іваненка // Полымя. 2018. № 8. С. 118–120.
19.    Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси : [Молодово] / Владимир Цвирко // 7 дней. 2016. 1 декабря (№ 48). С. 2.
20.    Горупа, М. К святыням земли молодовской / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2012. 5 чэрвеня (№ 45). С. 3.
21.    Арлова, І. Святая справа : [самы старажытны на Беларусі звон, які быў адліты ў Вільні ў 1583 г.] / Ірына Арлова // Народная газета. 2012. 3 мая (№ 18). С. 12.
22.    Котковец, А. В гербе Молодова — знаки истории : [колокол, отлитый в 1583 г.] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 27 жніўня. С. 5.
23.    Каткавец, А. Добрагалосы звон над Моладавам / Ала Катковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 12 лютага. С. 5.
24.    Майский, Г. Настоящие ценности Ивановщины : [упомянут Молодовский колокол] / Глеб Майский // Заря. 2009. 29 января (№ 10). С. 6.
25.    Черкасов, С. Пять бриллиантов Полесского края : достопримечательности Ивановского района Брестчины. Мотоль –Молодово – Достоево – Иваново – Вороцевичи / С. Черкасов // BY. Вокруг света в Беларусь. 2009. № 10. С. 74–79.
26.    Лободенко, Г. Белорусская шляхта, подобно фараонам строила усыпальницы-пирамиды! : [в Молодовской церкви сохранился колокол, отлитый в 1583 г.] / Глеб Лободенко // Комсомольская правда в Белоруссии. 2008. 17 апреля (№ 72). С. 42.
27.    Туркевіч, В. Вяртанне : [пра моладаўскі звон, які адліты больш за 400 год таму] / Васіль Туркевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 24 жніўня (№ 86). С. 2.
28.    Налівайка, М. Сымону Войне : [верш пра тое, як у 1583 г. князем С. Войнай Моладаўскай царкве быў падараваны звон] / М. Налівайка // Гоман. 2006. № 3. С. 274.
29.    Хадыка, Ю. Твары маіх сяброў… Фрагмэнты ўспамінаў / Ю. Хадыка // Спадчына. 2003. № 4. С. 6–8.
30.    Туркевiч, В. Моладаўскi звон: памылка ў паўстагоддзя? : [пра помнiк мастацкага лiцця — Моладаўскi звон, адлiты ў 1533 г.] / Васіль Туркевiч // Чырвоная звязда. Iванава, 2000. 27 чэрвеня.
31.    Вецер, Э. І. Звон у Моладаве / Э. І. Вецер, Ю. В. Хадыка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 1. С. 31–32.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2074 разоў Апошняя змена Чацвер, 17 Снежань 2020 15:55