Чацвер, 08 Жнівень 2019 14:15

2019 г. — 410 гадоў з часу пабудовы Спаса-Праабражэнскай царквы ў в. Шумакі (Брэсцкі р-н; 1609), помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння

Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў 1609 г. на левым беразе ракі Лясная, на захад ад вёскі Шумакі Берасцейскага староства ВКЛ (цяпер Клейнікаўскага сельсавета Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці). Паводле іншых крыніц царкву будавалі ў 1609–1612 гг. Царква ўзводзілася як праваслаўная, але неўзабаве была пераўтворана ва ўніяцкі храм, пасля ліквідацыі уніі (1839) зноў стала праваслаўнай.

Князь Іван Дзмітрыевіч Шуйскі (каля 1515 – каля 1560), сваяк рускага цара Васілія Шуйскага, збег у ВКЛ у 1534 г., у 1536 г. атрымаў каралеўскі прывілей на маёнтак Церабунь непадалёк ад Бярэсця (Брэст). Яго ўнук, Ян Шуйскі (?–1610), падкаморны берасцейскі з 1596 г., фінансаваў будаўніцтва праваслаўнага храма ў Церабуні. Шуйскія ў ВКЛ былі вымушаны змяніць веру, перайсці ў каталіцтва. Яны ўнеслі важкі ўклад у развіццё Берасцейшчыны, займалі важныя дзяржаўныя пасады, у т. л. судзейскія.

Маёнтак Церабунь быў уладаннем Шуйскіх да канца ХVІІІ ст. У ХVII ст. падзямелле храма было ўсыпальніцай для ўладальнікаў. У 1751 г. тут быў пахаваны Ігнацы Шуйскі. На падлозе дасюль бачна надмагільную пліту, ужо нечытабельную, застаўся выгравіраваны герб Шуйскіх. У час рамонту ў ХХ ст. пад падлогай былі знойдзены костныя астанкі.

Царква заўсёды дзейнічала, удала перажыла шматлікія войны, якія прайшлі па гэтай тэрыторыі. У 1725 г. да прыхода належалі вёскі: Церабунь, Шумакі, Костычы, Калодна, Чылеева, Раковіца, Нэпле, Пяскі. Прыход быў небагаты, аб чым сведчыць беднае начынне храма, малая колькасць ікон, кніг, званоў. На 1899 г. да прыхода адносіліся 1774 чалавекі, у Нэплях і Шумаках працавалі царкоўнапрыходскія школы, у якіх навучалася каля 60 дзяцей. Царкве належалі 112 дзесяцін зямлі (сядзібнай, ворнай, сенакоснай, выпаснай і няўдобіцы). Пад 1865 г. узгадваецца настаяцель Іосіф Дзічкоўскі, з 1881 г. служыў Мікалай Ліхачэўскі, з 1906 г. — Сергій Страховіч, актыўны пастыр, які напрыканцы ХІХ ст. адзін з першых падняў пытанне аб належным ушанаванні памяці прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага.

Спаса-Праабражэнская царква — невялікі (25 х 12 м) аднанефавы мураваны храм вырашаны ў простых масіўных формах. Да прамавугольнага ў плане асноўнага нефа (малельная зала) прылягаюць бабінец і паўкруглая алтарная апсіда. Неф і апсіда накрыты агульным двухсхільным бляшаным дахам з галоўкай на васьмігранным барабане ў цэнтры. Над бабінцам была квадратная ў плане вежа з высокім шатровым дахам, якая ў 1930-х гг. разабрана. Сцены храма атынкаваны, аздоблены шырокімі пілястрамі, завершаны прафіляваным карнізам. Вокны высокія, вузкія, са стральчатымі і лучковымі завяршэннямі. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках.

Непадалёк ад царквы на беразе Заходняга Буга, дзе ў яго ўпадае Лясная, існаваў замак (дасюль захаваліся фрагменты фундамента), да якога з царквы, паводле легенды, быў пракладзены падземны ход (1,5 км). Капітальныя рамонты храма былі праведзены ў 1774 і 1882 гг. На царкоўным двары ў ХІХ ст. была пабудавана простая драўляная званіца, вырашаная ў традыцыях народнага дойлідства, перабудаваная ў 1930-я гг. У 1990-я гг. на двары ўзвялі званіцу з сілікатнай цэглы.

У інтэр’еры захаваліся помнікі іканапісу ХVIII–ХІХ стст.: «Пакрова Багародзіцы» (1751), «Віленскія мучанікі» (ХІХ ст.) і інш. Да нядаўняга часу захоўваліся разныя царскiя вароты сярэдзіны ХVІІІ ст. — надзвычай вытанчанай разьбярскай работы і выдатнай кампазіцыі ў стылі барока. За доўгі час існавання райскія дзверы патрабавалі грунтоўнай рэстаўрацыі, але шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва каля 2003 г. страчаны па віне настаяцеля, заменены на рамесніцкую работу ўкраінскіх майстроў.

Царква — найстарэйшы ў Брэсцкай вобласці мураваны праваслаўны храм, помнік архітэктуры з рысамі стыляў готыкі і рэнесансу рэспубліканскага значэння. Царква паблізу в. Шумакі ўвайшла ў літаратуру як Шумакоўская. Аднак іншая назва храма — Церабуньскі — болей гістарычна апраўдана, бо храм узведзены на зямлі маёнтка Церабунь. Цяпер у Брэсцкім раённым благачынні Брэсцкай епархіі значыцца Церабуньскі прыход Спаса-Праабражэнскага храма, да якога адносяцца вёскі Казловічы, Кацельна-Баярская, Костычы, Нэплі, Пескі, Церабунь, Чылеева, Шумакі.

У час Першай сусветнай вайны немцы вывезлі з Заходняй Беларусі матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці, у т. л. званы з храмаў. Значная колькасць званоў загінула. У Свята-Праабражэнскім храме галоўны звон прыхаджане знялі і таемна закапалі, але дасюль ён не знойдзены. На пачатку 1920-х гг. пачалося вяртанне цераз Польшчу вывезеных званоў, прыходы павінны былі аплаціць рээвакуацыю, перавозку, фактычна выкупіць званы. У 1926 г. прыхаджане Церабуньскай царквы сабралі грошы і вярнулі з Варшавы званы агульнай вагой 5 т.

Да 400-годдзя храма ён быў адрамантаваны на ахвяраванні прыхаджан. Прастольнае свята — Праабражэнне Гасподняе — 19 жніўня. У прыходзе збярогся ўнікальны звычай асвячэння пладоў на свята Праабражэння (у народзе «Яблычны Спас»). Яблыкі, грушы і вінаград не кладуць у кошык, як звачайна ў Беларусі, а натыкаюць на галінкі і нясуць перад сабой у час хрэснага ходу, падымаюць уверх, калі святар акрапляе вернікаў святой вадой.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Міцянін, А. Я. Шумакоўская Спаса-Прэабражэнская царква / А. Я. Міцянін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 485.
  2. Шумаковская Спасо-Преображенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 472.
  3. Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга : [в. Шумакі] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 428–429.
  4. Шумаковская Спасо-Преображенская церковь // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 103–104.
  5. Шумаковская Спасо-Преображенская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 619.
  6. Кулагін, А. М. Помнікі архітэктуры : цэрквы і касцёлы : Спаса-Праабражэнская царква / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 516–517.
  7. Міцянін, А. Я. Шумакоўская Спаса-Прэабражэнская царква / А. Я. Міцянін // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 490.
  8. Митянин, А. Я. Преображенская церковь : [д. Шумаки] / А. Я. Митянин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 149–150.
  9. Міцянін, А. Я. Шумакоўская Спаса-Праабражэнская царква / А. Я. Міцянін // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 591–592.
  10. Міцянін, А. Я. Праабражэнская царква : [в. Шумакі] / А. Я. Міцянін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 113.
  11. Митянин, А. Я. Шумаковская Преображенская церковь / А. Я. Митянин // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1981. Т. 4. С. 634–635.
  12. Міцянін, А. Я. Шумакоўская Праабражэнская царква / А. Я. Міцянін // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 4. С. 613.
  13. Шуйскія // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 481.
  14. Красноў, М. Шуйскія / Міхаіл Красноў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 762.
  15. Красноў, М. Шуйскія / Міхаіл Красноў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 233.
  16. Шумакі // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 1, кн. 1. С. 146–147.
  17. Церабунь // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 1, кн. 1. С. 141.
  18. Мароз, В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: У в. Шумакі Брэсцкага раёна... : пра страту райскіх дзвярэй Спаса-Праабражэнскага храма. С. 319.
  19. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя, 2004. – 576 с. : ил. – Из содерж.: Теребунь. С. 493–494.
  20. Шатько, Е. Г. Колокола православных храмов Западной Беларуси: страницы истории 1921–1939 гг. : [упоминается Теребуньская церковь] / Е. Г. Шатько // Хронос : церковно-исторический альманах. Минск, 2017. С. 91–112.
  21. Петроченко, А. Счастье преображения : [о подготовке Теребуньской Свято-Преображенской церкви к празднованию её 400-летия] / Анна Петроченко // Вечерний Брест. 2009. 14 августа. С. 8 : фот.
  22. Логашева, Ю. Спасо-Преображенская церковь села Теребунь / Юлия Логашева ; (материалы предоставлены иереем Андреем Шевчуком) // Брестские епархиальные ведомости. 2009. № 3. С. 48–50.
  23. Спасо-Преображенская церковь в Котельне Боярской : [фото] // Брестский курьер. 2006. 17 августа (№ 33). С. 32.
  24. Sygowski, P. Parę uwag o cerkwi pw. Przemienienia Pańskiego w Terebuniu koło Brześcia nad Bugiem, na Białorusi (w świetle wizytacji z lat 1725 i 1757) / Paweł Sygowski // Annales Universitatis Mariae Curie-Skłodowska. Sectio L, Artes. Lublin, 2004. V. 2. S. 97–108.
  25. Якімовіч, Ю. Каменнае дойлідства : [узгадваецца Праабражэнская царква ў Шумаках] / Ю. Якімовіч // Заря над Бугом. Брест, 1992. 31 октября.
Чытаць 1115 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Люты 2021 16:37