Пятніца, 23 Жнівень 2019 11:50

2019 г. — 220 гадоў з часу пабудовы Спаса-Праабражэнскай царквы ў в. Хаціслаў (Маларыцкі р-н; 1799), помніка народнага драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока

Першае кароткае ўпамінанне аб царкве ў в. Хаціслаў Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці адносіцца да 1668 г. У 1799 г. (па іншых звестках — у 1752 г.) пабудавана драўляная царква ў гонар Святога Праабражэння Гасподняга.

Хаціслаўская царква трохзрубная. Асноўны зруб прамавугольны ў плане са зрэзанымі ў заходняй частцы вугламі і вузкі трохгранны бабінец накрытыя агульным двухсхільным дахам з гранёным барочным купалам у цэнтры. Такія ж купалкі ў цэнтры больш нізкага шматсхільнага даху над пяціграннай апсідай і над дзвюма трох’яруснымі вежамі, якія фланкіруюць галоўны фасад. Трох’ярусны галоўны фасад мае прасторавую структуру, па вертыкалі падзелены на тры часткі, размешчаныя пад вуглом адна да адной. Сярэдняя частка завяршаецца трохвугольным франтонам, пакатыя бакавыя нагадваюць валюты мураваных храмаў позняга барока і ракако.

У інтэр’еры дамінуе цэнтральнае памяшканне, перакрытае зрубным люстраваным скляпеннем. Бабінец з хорамі над ім і алтарны зруб маюць плоскую бэлечную столь. Хоры выходзяць у асноўны аб’ём паўкруглым балконам. У 1891–1895 гг. уся царква ўнутры была выклеена палатном і пафарбавана белай алейнай фарбай.

Да 1828 г. Свята-Праабражэнская царква лічылася рымска-ўніяцкай, а потым — грэка-ўніяцкай. У 1830 г. быў створаны разны іканастас па праваслаўных канонах, а вернікі прыхода развучылі праваслаўныя песнапенні. Хаціслаўскі прыход у 1829–1910 гг. адносіўся да Уладаўскага благачыння, потым да Палескай праваслаўнай акругі. Будынак напачатку быў крыты гонтам, а ў 1834 г. яго пакрылі бляхай. У 1887 г. звонку будынак абшылі дошкамі і пафарбавалі белай алейнай фарбай.

У 1843–1863 гг. настаяцелем служыў Стэфан Пятроўскі. У 1863–1870 гг. — Сімяон Паеўскі. Яго сыны, Міхаіл і Фёдар, у канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. ахвяравалі храму шмат ікон і начыння: Евангелле (1900), іконы «Усіх святых», «Казанская», «Праабражэнне Гасподняе», «Уваскрасенне і двунадзясятых свят» і інш. Усе гэтыя святыні і цяпер захоўваюцца ў прыходзе. У 2003 г. быў знойдзены нагрудны крыж, якім быў узнагароджаны айцец Сімяон.

У 1867 г. з захаду да царквы прыбудавана трох’ярусная званіца (васьмярык на двух чацвярыках), завершаная шатровым дахам з дэкаратыўнымі какошнікамі, злучаная з царквой нізкім аб’ёмам. Шматкупалле, развёрнутыя вуглом вежы, гранёныя фасады, кілепадобныя франтоны званіцы ствараюць маляўнічую архітэктурную кампазіцыю. Яе аб’ядноўвае гарызантальная шалёўка, на фоне якой вылучаюцца прамавугольныя аконныя праёмы, гонтавыя адлівы.

У 1871–1874 гг. настаяцелем служыў Ніканор Антонавіч Катовіч (1845–1938), які потым быў арганізатарам будаўніцтва мураванай Свята-Уладзімірскай царквы ў Крупчыцах Кобрынскага павета. У 1878 г. стараннем святара Фёдара Сіткевіча быў устаноўлены чатырох’ярусны іканастас, які да сённяшняга часу не захаваўся. У 1884 г. у в. Мельнікі было пабудавана царкоўнапрыходскае вучылішча, у якім у 1901 г. навучаліся 30 хлопчыкаў.

У 1925 г. Хаціслаўскі прыход, які меў больш за 2 тыс. прыхаджан, быў пераўтвораны ў філію Ляхавецкага прыхода, які налічваў да 1,5 тыс. Па хадайніцтве прыхаджан з Хаціслава, іх прыход зноў стаў штатным з 1926 г. Ад прыхаджанкі Матроны Ківальчук, якая пражывала ў Амерыцы, у 1926 г. паступіла ахвяраванне — 400 долараў. Да гэтай сумы дабавілі яшчэ 800 злотых і набылі тры званы вагой 30, 7 і 2 пуды.

Перад Вялікай Айчыннай вайной тут служыў Дзімітрый Вагатовіч, у час вайны — Сімяон Бразоўскі. У 1941 г. в. Хаціслаў моцна пацярпела ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія спалілі 109 двароў з 140, але будынак царквы ўцалеў.

У 1947–1953 гг. настаяцелем служыў Еўстафій Панцялеевіч Турчаноўскі (1887–1962), потым яго перавялі ў Гершоны пад Брэстам. У 1957 г. настаяцелем назначаны Барыс Вячаслававіч Трунін (1921–1971), які ў 1944–1954 гг. знаходзіўся ў ссылцы на Поўначы, рэабілітаваны. 19 жніўня 1959 г. айцец Барыс пад націскам партыйных органаў адрокся ад сану, што дало магчымасць уладам зачыніць царкву. 10 студзеня 1963 г. царква знята з уліку, спыніла сваю дзейнасць, паступова прыходзіла ў запусценне. Маёмасць перадалі ў Свята-Мікалаеўскую царкву г. Маларыты. Працяглы час будынак выкорыстоўвалі пад зернясховішча, але працёк дах і тады будынак наогул закінулі.

У 1974 г. частка абразоў з іканастасу была адпраўлена ў Дзяржаўны музей БССР. У 2009 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі дэманстравалася выстава «Алтарны жывапіс Беларусі ХVІІІ – пачатку ХІХ стст.», дзе ўпершыню быў паказаны абраз св. Ануфрыя з Хаціслава. Гэта жыційная ікона, якая адлюстроўвае зямны і нябесны шлях святога ў некалькіх карцінах, намаляваных на адной дошцы. Такіх ікон захавалася ўсяго тры, іншыя дзве знаходзяцца ў Грэцыі і Салавецкім манастыры.

У час перабудовы пачалося адраджэнне царкоўнага жыцця. 16 ліпеня 1989 г. адбыўся сход вернікаў, на якім вырашылі аднавіць Спаса-Праабражэнскі храм. Жыхары Хаціслава і навакольных вёсак ахвяравалі грошы: па 100 рублёў ад кожнага двара. Вялікую дапамогу ў справе аднаўлення храма аказаў мясцовы калгас «Запаветы Леніна». Настаяцелем назначаны святар Пётр Васільевіч Пяшко. 8 верасня 1990 г. храм быў асвечаны. У 1991 г. майстрамі з Кобрына адрэстаўраваны іканастас, да яго 32 іконы напісаў мастак Віктар Аляксеевіч Зусік з Луцка. У 1993 г. арганізавана Нядзельная школа, якую наведвалі каля 50 дзяцей. Статутныя службы пачалі праводзіцца з 14 жніўня 1998 г. На могілках адноўлена паўразбураная капліца ў імя прападобнага Ануфрыя Вялiкага, асвечана 26 кастрычніка 1993 г.

У 1999 г. у сувязі з 200-годдзем Хаціслаўскага Спаса-Праабражэнскага храма яго наведаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. 25 чэрвеня 2019 г. пры ўдзеле архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 220-годдзю храма.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Хаціслаўская Спаса-Праабражэнская царква / Ю. А. Якімовіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 565.
  2. Хотиславская Спасо-Преображенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 446–447.
  3. Хотиславская Спасо-Преображенская церковь // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 446–447.
  4. Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга : [в. Хаціслаў] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 408.
  5. Хотиславская Спасо-Преображенская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 599.
  6. Хаціслаўская Спаса-Праабражэнская царква // Ю. А. Якімовіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 477.
  7. Преображенская церковь : [д. Хотислав] / С. Ф. Самбук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 305.
  8. Хаціслаўская Спаса-Праабражэнская царква / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 443.
  9. Праабражэнская царква : [в. Хаціслаў] / С. Ф. Самбук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 275–276.
  10. Хаціслаўская Спаса-Праабражэнская царква / Ю. А. Якімовіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 4. С. 596.
  11. Хотиславская Спасо-Преображенская церковь / Ю. А. Якимович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1981. Т. 4. С. 618.
  12. Мароз, В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Царква Перамянення Гасподняга (1752) у Хаціславе. С. 350–351.
  13. Лакотка, А. І. Сакральныя і мемарыяльныя збудаванні / А. І. Лакотка // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 503–505.
  14. Шатько, Е. Г. Колокола православных храмов Западной Беларуси: страницы истории 1921–1939 гг. / Е. Г. Шатько // Хронос : церковно-исторический альманах. Минск, 2017. С. 91–112.
  15. Чуль, Р. В. Царкоўныя святыні Уладаўскага благачыння (другая палова ХІХ – пачатак ХХ стст.) / Р. В. Чуль // Шлях у навуку : зб. навук. арт. да 55-годдзя студэнцкага навукова-даследчага гісторыка-краязнаўчага гуртка «НіКа» / ГрДУ імя Янкі Купалы. Гродна, 2011. С. 105–107.
  16. Аксянюк, Ю. Культавыя пабудовы Маларыцкага раёна ў XVII–XIХ стст. / Ю. Аксянюк // Моладзь Берасцейшчыны : зб. студэнцкіх навук. прац. Брэст, 2002. С. 33–37.
  17. Панько, А. Д. Памятники сакральной архитектуры Брестского Полесья как объекты для туризма / А. Д. Панько // Прыроднае асяроддзе Палесся: асаблівасці і перспектывы развіцця : тэзісы дакладаў ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Брэст, 2006. C. 267.
  18. Мараськевич, Я. Деревянная архитектура северной части Еврорегиона Буг : западная часть Брестской земли / Я. Мараськевич, А. Башков ; пер.: Э. Д. Пашкевич [и др.]. – Бяла-Подляска : Бяльско-Подл. Об-во Регионального Развития, 2006. – 96 с. : ил.
  19. Навумчык, М. Хаціслаўскаму храму — 220 гадоў / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2019. 29 чэрвеня. С. 4.
  20. Навумчык, М. Адноўлены нагрудны крыж : [у Хаціслаўскім прыходзе адноўлены рэдкі крыж сярэдзіны XIX ст.] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2016. 10 жнiўня. С. 10.
  21. Чуль, Р. В. Уникальный крест : [в Преображенском приходе с. Хотислав Малоритского благочиния восстановлен нагрудный крест середины ХІХ в.] / Р. В. Чуль // Брестские епархиальные ведомости. 2016. № 2. С. 59 : фот.
  22. Навумчык, М. Адноўлены храм : [пра гісторыю Хаціслаўскай царквы] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2015. 9 верасня. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 103 разоў Апошняя змена Чацвер, 29 Жнівень 2019 15:04