Пятніца, 31 Студзень 2020 09:47

23 студзеня 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Пятра Аляксеевіча Данеліі (1920–2012), мастака-жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Пётр Аляксеевіч Данелія нарадзіўся 23 студзеня 1920 г. у г. Махачкале (Дагестан). Дзяцінства прайшло на радзіме маці ў Валгаградскай вобласці. Школьнікам наведваў студыю выяўленчага мастацтва. Затым вучыўся ў Маскоўскім мастацкім вучылішчы памяці 1905 года (1938–1939). У 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную армію, удзельнічаў у Савецка-фінляндскай вайне (1939–1940).

 

У ліпені 1940 г. 21-ы стралковы полк, у якім служыў Пётр Данелія, быў пераведзены ў Заходнюю Беларусь, дыслацыраваўся паблізу г. Высокае Брэсцкай вобласці. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны полк трапіў у акружэнне, з баямі прабіваўся на ўсход. У ліпені 1941 г. пад г. Бабруйскам Магілёўскай вобласці Пётр Данелія трапіў у палон.

Пасля вызвалення жыў у Брэсце, працаваў у мастацкіх майстэрнях, арганізоўваў першыя на Брэстчыне мастацкія выставы. Быў адным з заснавальнікаў Брэсцкай абласной арганізацыі Саюза мастакоў у 1946 г. У 1949 г. прыняты ў Саюз мастакоў БССР, з’яўляўся старшынёй абласной арганізацыі ў 1957–1963, 1971–1977, 1992–1994 гг.

Шмат ўвагі П. А. Данелія надаваў педагагічнай рабоце з дзяцьмі і маладымі мастакамі, у 1947–1967 гг. кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва пры абласным Доме народнай творчасці. У 1977–1992 гг. — старшыня абласнога аб’яднання маладых мастакоў. Быў даволі строгі да маладых творцаў, але ўсяляк іх падрымліваў, для кожнага знаходзіў патрэбныя словы. Яго вучнямі былі Мікалай Селяшчук, Леў Алімаў, Сяргей Казак, Аляксандр Алонцаў, Віктар Каральчук і многія іншыя вядомыя мастакі.

У мастацкіх выставах Пётр Данелія ўдзельнічаў з 1945 г. Працаваў у галіне лірычнага і эпічнага пейзажа, складана-тэматычнай карціны, партрэта і нацюрморта, але пераважна ў жанры пейзажа. Любімы герой ў пейзажных карцінах — неба, непаўторныя, дзівосныя аблокі. Высокапрафесійна працаваў з алоўкам, фарбамі. Яго лепшыя работы вылучаюцца тонкім адчуваннем прыроды, рамантычнай прыўзнятасцю, глыбокім пранікненнем у з’явы жыцця. Сярод іх: «Плывуць аблокі» (1957), «Мая Брэстчына» (1965), «Зімовая казка» (1968), «Асенняя звонкасць» (1971), «Дэкор восені» (1972), «Вячэрняя ўсмешка» (1973), «Над цішынёй» (1976), «Цёплае дыханне» (1980) і інш.

Вялікае значэнне ў творчасці мастака займала тэма Вялікай Айчыннай вайны. Выбіраў цікавыя, змястоўныя сюжэты і матывы, абвостраныя адчуваннем сучаснага жыцця. Вядомымі з’яўляюцца карціны: «Апаленыя вайной» (1952), «Холмскiя вароты» (1995), «Гераічны матыў» (1998), «Ветэран Вялікай Айчыннай вайны» (2007) і інш.

Зрабіў манументальныя размалёўкі «Мастацтва акрыляе» для Пінскага гарадскога дома культуры (1976), «Палеская песня» для Брэсцкага камбіната бытавой хіміі (1980), «Мірная Брэстчына» для клуба ў в. Клейнікі Брэсцкага раёна (1984) і інш. Працаваў таксама ў галіне скульптуры, медальернага мастацтва. Аўтар помніка-бюста сакратару Брэсцкага падпольнага камітэта КПЗБ С. Я. Багданчуку ў пас. Мухавец Брэсцкага раёна (1970), памятных медалёў, прысвечаных 20-годдзю гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці (1961) і 950-годдзю г. Брэста (1969).

Персанальныя выставы П. А. Данеліі праходзілі ў Беларусі, Літве, Латвіі, Польшчы, Германіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі. Апошняя прыжыццёвая была адкрыта 23 студзеня 2010 г. у брэсцкім мастацкім музеі — «Нябёсаў тваіх вышыня». Творы майстра захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расіі, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Музея абароны Брэсцкай крэпасці, у прыватных калекцыях і інш.

Пётр Аляксеевіч заўжды знаходзіўся ў авангардзе бурлівага і напружанага мастацкага жыцця, вакол яго заўсёды было шмат людзей, з цікавасцю сустракаў кожнага чалавека, з якім зводзіў яго лёс. Быў адным з тых, вакол каго гуртавалася творчая інтэлігенцыя, не толькі мастакі, але і паэты, журналісты. У яго майстэрні абмяркоўваліся розныя праблемы, адзін другога ўзбагачалі нейкімі ідэямі.

У 1947–1967 гг. выбіраўся дэпутатам Брэсцкага гарадскога Савета. Дзесяць гадоў працаваў галоўным мастаком горада. У 1995 г. яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь». Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1955, 1967), медалямі «За працоўную доблесць», «За заслугі ў выяўленчым мастацтве».

П. А. Данелія памёр 6 кастрычніка 2012 г., пахаваны на Паўночных могілках г. Брэста. 11 кастрычніка 2018 г. на доме, дзе ён жыў (вул. Савецкая, 58), устаноўлена мемарыяльная дошка. 23 студзеня 2020 г. у Мастацкім музеі, філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, адбыўся вечар памяці мастака з удзелам удавы, Кацярыны Францаўны Данелія, адкрыта выстава яго твораў. У гэты ж дзень у «Паштовай лаўцы» адбылося ўрачыстае гашэнне канверта «Жывапіс. Пётр Аляксеевіч Данэлія», выпушчанага да юбілею.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Данелія Пётр Аляксеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 36–37.
  2. Данелія Пётр Аляксеевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 356–357.
  3. Данелия Пётр Алексеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 316–317.
  4. Данелия Пётр Алексеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 300.
  5. Данелия Пётр Алексеевич // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 648.
  6. Данелія Пётр Аляксеевіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 164.
  7. Пётр Данелия // Художники Брестчины : альбом-каталог / авторы-составители: Б. Крепак [и др.]. Минск, 1997. С. 26–27.
  8. Данелія Пётр Аляксеевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 267–268.
  9. Пётр Данелія. Жывапіс. Графіка : альбом / Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз мастакоў» ; [уступны артыкул Б. Крэпака]. – Брэст : [б. в.], 2013. – 28 с. : іл.
  10. Валасюк, Л. Сімфонія аблокаў Пятра Данэліі / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 24–25.
  11. 23 студзеня — 100 гадоў з дня нараджэння П. А. Данеліі (1920–2012), жывапісца / склад.: В. Я. Асаёнак [і інш.] ; рэд. К. Д. Варанько // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2019. № 10. С. 19–20 (дадатак: Даты беларускага календара).
  12. Крэпак, Б. Высокае неба Пятра Данэліі / Барыс Крэпак // Культура. 2020. 25 студзеня (№ 4). С. 13 : фат.
  13. Валасюк, Л. З пакалення першаадкрывальнікаў : [да 100-годдзя з дня нараджэння П. А. Данелія] / Леанід Валасюк // Заря. 2020. 18 января. С. 8.
  14. Рубашевский, Ю. Грустный лирик : Петру Данелия мог бы исполниться век / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2020. 17 января (№ 3). С. 6.
  15. Кухарчук, Д. Дорогой чести, достоинства и красоты : [об открытии мемориальной доски П. А. Данелии] / Дмитрий Кухарчук ; фото Алексея Ганчука // Брестский вестник. 2018. 18 октября (№ 42). С. 2.
  16. Гребенников, О. Певцу неба : [об открытии мемориальной доски П. А. Данелии] / Олег Гребенников // Заря. 2018. 13 октября. С. 12.
  17. Синявская, Е. Крепость глазами Данелия : [о картине П. А. Данелии «Брестская крепость», переданной вдовой музею СШ № 20 г. Бреста] / Елена Синявская // Брестский вестник. 2016. 4 февраля (№ 5). С. 13.
  18. Валасюк, Л. Улюбёны ў аблокі / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2015. 23 студзеня (№ 4). С. 4.
  19. Рубашевский, Ю. Человек мирного неба / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2015. 23 января. С. 8.
  20. Данелия, Е. Смысл жизни — в творчестве : известному художнику Петру Данелия исполнилось бы 95 лет / Екатерина Данелия // Заря. 2015. 22 января. С. 8.
  21. Юдицкий, А. Плывут данелиевские облака... : [воспоминания о художнике П. А. Данелии] / Александр Юдицкий // Заря. 2013. 24 января. С. 17.
  22. Крэпак, Б. «Мне б яшчэ дзясятак гадоў...» / Барыс Крэпак // Культура. 2012. 13 кастрычніка (№ 41). С. 14.
  23. Босак, Д. Последний октябрь Петра Данелии / Дмитрий Босак // Брестская газета. 2012. 12 октября (№ 41). С. 8.
  24. Сарычев, В. Пётр Данелия : в поисках утраченного времени / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2012. 12 октября. С. 8.
  25. Прощание с Петром Данелией // Брестский вестник. 2012. 11 октября (№ 41). С. 2.
  26. Памяти Петра Данелии // Брестский курьер. 2012. 11 октября (№ 41). С. 3.
  27. Хокимова, А. Пётр Данелия оставил нам «Небо» : [памяти художника] / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. 2012. 10 октября. С. 2.
  28. Занько, Н. Художник Пётр Данелия завещал «Память о войне» / Настасья Занько // Комсомольская правда в Белоруссии. 2012. 10 октября. С. 6.
  29. Данелия Пётр Алексеевич : [некролог] // Заря. 2012. 9 октября. С. 5.
  30. Юдзіцкі, А. Ёсць у Брэсце майстар / Аляксандр Юдзіцкі // ЛіМ. 2012. 20 студзеня (№ 3). С. 22.
  31. Янова, А. Высокое небо Петра Данелии / Анна Янова // Брестская газета. 2010. 29 января (№ 4). С. 3.
  32. Альшова, И. Есть только миг между прошлым и будущим : [о чествовании художника П. А. Данелии по случаю его 90-летия] / Ирина Альшова // Брестский вестник. 2010. 28 января (№ 4). С. 10.
  33. Валасюк, Л. Сімфонія аблокаў : [да 90-годдзя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі П. А. Данелія] / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2010. 23 студзеня (№ 3). С. 10.
  34. Хокимова, А. Певец неба / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. 2010. 22 января. С. 6.
  35. Крэпак, Б. «Палеская ўсмешлівасць» інтуітыўнага матэматыка / Барыс Крэпак // Культура. 2010. 23–29 студзеня (№ 4). С. 7.
  36. Гармель, Е. О любви к искусству, его тайне и великой силе : [о творчестве П. А. Данелии] / Елена Гармель // Заря. 2009. 24 января. С. 7.
  37. Жогла, Н. Аб’ект заўсёднай любові / Наталля Жогла // Мастацтва. 2008. № 6. С. 14–15.
  38. Юдицкий, А. Портрет. И это небо, и эти облака... / Александр Юдицкий // Заря. 2007. 11 октября. С. 18.
  39. Юдицкий, А. Мир доброты художника Петра Данелия / Александр Юдицкий // Заря. 2005. 22 января.
  40. Юдицкий, А. Осень патриарха / Александр Юдицкий // Заря. 2003. 30 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 872 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Сакавік 2021 10:03