Чацвер, 19 Сакавік 2020 08:48

23 кастрычніка 2020 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Антонавіча Антонава (1915–1997), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1945), ганаровага грамадзяніна г. Бярозы

Аляксандр Антонавіч Антонаў нарадзіўся 23 кастрычніка 1915 г. у сяле Картаваўка (цяпер Сярэдні Бурлук Вялікабурлуцкага раёна Харкаўскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям’і. Працаваў у калгасе. Восенню 1936 г. прызваны ў Чырвоную армію. У 1941 г. служыў малодшым палітруком, сакратаром камсамольскага бюро артылерыйскага палка ва Украіне.

 

Ужо з чэрвеня 1941 г. Аляксандр Антонаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Яго назначылі камандзірам стралковага ўзвода. Баявое хрышчэнне атрымаў пад г. Явораў Львоўскай вобласці. Удзельнічаў у абарончых баях, вызваленні Украіны — гарадоў Славянск, Днепрапятроўск, фарсіраваў Дняпро. Удзельнічаў у вызваленні Гомельскай і Брэсцкай абласцей — гарадоў Ляхавічы, Баранавічы, Івацэвічы. 14–15 ліпеня 1944 г. батальён капітана А. А. Антонава ў складзе 646-га стралковага палка фарсіраваў раку Ясельду і прыняў удзел у вызваленні г. Бярозы. Прымаў удзел ва Усходне-Прускай аперацыі і штурме Кёнігсберга.

Камандзір стралковага батальёна 646-га стралковага палка 152-й стралковай дывізіі 28-й арміі 1-га Украінскага фронту маёр А. А. Антонаў дайшоў да Берліна. З 28 красавіка па 2 мая 1945 г. яго батальён удзельнічаў у знішчэнні групоўкі фашысцкіх войск на паўднёвых подступах да горада, нанёсшы праціўніку вялікі ўрон. Байцы батальёна ўзялі ў палон больш за 1500 гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1945 г. маёру А. А. Антонаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Золотая Звезда» (№ 6130).

За праяўленыя мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1944, 1945), ордэнамі Чырвонага Сцяга (1944), Кутузава ІІІ ступені (1945), Аляксандра Неўскага (1945), Айчыннай вайны І (1985) і ІІ (1943) ступені, медалямі.

Пасля вайны яго полк быў расфарміраваны, у 1946 г. А. А. Антонаў дэмабілізаваны. Месцам жыхарства выбраў г. Бярозу Брэсцкай вобласці. Працаваў старшынёй калгаса «Перамога» ў в. Сігневічы, дырэктарам Бярозаўскай электрастанцыі, у 1960-я гг. — намеснік старшыні, старшыня Бярозаўскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, у 1970-я — старшыня раённага камітэта ДТСААФ. Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Былы франтавік вёў актыўную грамадскую работу. Выбіраўся дэпутатам раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў. Прымаў удзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, вёў перапіску з аднапалчанамі, ездзіў па месцах былых баёў. У маі 1973 г. Аляксандру Антонавічу было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Бярозы». У апошнія гады жыцця пражываў у Мінску, бываў у гасцях у вучняў СШ № 37.

А. А. Антонаў памёр 1 верасня 1997 г., пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска (участак 27). Матэрыялы аб героі захоўваюцца ў Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. 17 верасня 2019 г. у Бярозе адкрыты стралковы цір ДТСААФ імя А. А. Антонава, штогод праводзяцца спаборніцтвы па кулявой стральбе імя героя.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Александр Антонович Антонов // Память : историко-документальная хроника Березовского района. 2-е изд., перераб и доп. Минск, 2014. С. 362–363.
  2. Антонов Александр Антонович // Почетные граждане белорусских городов / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 19–20.
  3. Антонов Александр Антонович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 67.
  4. Касьянов, В. Полководческие ордена комбата Антонова / Валадимир Касьянов // Белорусская военная газета. 2020. 14 марта. С. 13 : фот.
  5. Музыка, Д. К исходному рубежу! : [в Берёзе открылся тир для занятия стрелковым спортом им. А. А. Антонова; в открытии приняла участие его дочь, Зоя Александровна] / Дмитрий Музыка // Маяк. Берёза, 2019. 21 сентября. С. 1.
  6. Селеня, Е. Мы помним эти имена : [о ветеранах Великой Отечественной войны, Герое Советского Союза А. А. Антонове] / Евгений Селеня // Маяк. Берёза, 2016. 6 апреля. С. 5 : фот.
  7. Селеня, Е. Напоминая о былом : [об известных людях Берёзовского района: А. А. Антонове, С. К. Мадалинском, А. А. Цебруке] / Евгений Селеня // Маяк. Берёза, 2015. 26 сентября. С. 6.
  8. Резько, В. Во имя мира в каждом доме : [о Герое Советского Союза А. А. Антонове] / Валентина Резько // Маяк. Берёза, 2009. 15 августа. C. 4.
  9. Селеня, Е. А он солдатом был : [о Герое Советского Союза А. А. Антонове] / Евгений Селеня // Маяк. Берёза, 2002. 22 июня. C. 2.
  10. Александр Антонович Антонов : [некролог] // Маяк. Берёза, 1997. 20 сентября.
  11. Долготович, Б. Почетный гражданин : [А. А. Антонов] / Б. Долготович // Маяк. Берёза, 1994. 7 мая.
  12. Титов, И. Почетный гражданин : [А. А. Антонов] / Иван Титов ; фото Ю. Захарова // Рэспублiка. 1994. 23 лютага. С. 8–9.
  13. Долготович, Н. «С тобою мы проехали полсвета...» : [о Герое Советского Союза А. А. Антонове] / Н. Долготович // Заря. 1990. 28 июля.
  14. Гладких, Н. Активист : [А. А. Антонов] / Н. Гладких // Сельская газета. 1977. 23 января.
  15. Яковлев, И. Почетный гражданин г. Березы : [А. А. Антонов] / И. Яковлев // Маяк коммунизма. Берёза, 1973. 24 мая.
  16. Почетный гражданин г. Березы : [А. А. Антонов] // Маяк коммунизма. Берёза, 1973. 12 мая.
  17. Они освобождали Березовщину: А. А. Антонов // Маяк коммунизма. Берёза, 1972. 15 июля.
Чытаць 124 разоў