Аўторак, 07 Красавік 2020 16:43

25 красавіка 2020 г. — 100 гадоў з пачатку Савецка-польскай вайны (1920), часткі Польска-савецкай вайны (1919–1920)

У перыяд адраджэння польскай дзяржавы (канец 1918 г.) кіруючыя кланы Польшчы выношвалі заваёўніцкія планы, імкнуліся далучыць землі былога Вялікага Княства Літоўскага ў межах 1772 г. Пры падтрымцы Англіі, Францыі і ЗША польская армія была даведзена да 545 тыс. чалавек, добра ўзброена. Польскі ўрад адмаўляўся ад перамоў з Савецкай Расіяй, не прызнаваў Беларускую ССР. У пачатку 1919 г. Польшча пачала ваенныя дзеянні супраць савецкіх рэспублік. 20 лютага польскія войскі захапілі г. Брэст-Літоўск (цяпер Брэст).

 

Для адпору інтэрвенцыі ў лютым 1919 г. быў створаны Заходні (Беларуска-Літоўскі) фронт, але спыніць польскія войскі не ўдалося. Польскі бок адхіліў прапановы мірна вырашыць спрэчныя пытанні. 22 красавіка 1919 г. была захоплена Вільня — сталіца Літоўска-Беларускай ССР. У сакавіку – красавіку 1919 г. польскія войскі занялі Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Віленская дэкларацыя, прынятая польскім сеймам 2 мая 1919 г., сцвярджала, што «бацькаўшчына Касцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная».

1 ліпеня 1919 г. польскія войскі разгарнулі новае наступленне, 8 жніўня занялі Мінск. У Беларусі лінія фронту праходзіла па рацэ Бярэзіна, на Украіне — па рацэ Славечна – г. Наваград-Валынскі – г. Магілёў-Падольскі. Польская інтэрвенцыя прынесла новыя разбурэнні і беды беларускаму народу. Палякі ўстанавілі жорсткі рэжым тэрору і грабяжу. На пачатку 1920 г. Францыя перадала Польшчы 1494 гарматы, 350 самалётаў, 2800 кулямётаў, 327,5 тыс. вінтовак. У сакавіку 1920 г. польскія войскі пачалі наступленне на некаторых участках фронту.

Савецка-польская вайна пачалася ў выніку шырокамаштабнага наступлення польскіх войск 25 красавіка 1920 г. Палякі занялі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, Корасцень, Жытомір, Казацін, 6–7 мая — Кіеў. Па ўсёй захопленай тэрыторыі шырыўся антыпольскі рух. 12 мая ў савецкай краіне было абвешчана ваеннае становішча. На польскі фронт было накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. У дзеючых часцях Чырвонай арміі ў перыяд вайны было больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі.

Заходні фронт (камандуючы М. Тухачэўскі) пачаў наступленне, 16-я армія наступала ў напрамку Мінска. Усяму свету стала вядома трагедыя г. Барысава, які 25 мая быў вызвалены, а 28–30 мая спалены і разбураны польскім войскам у выніку надзвычай моцнага артылерыйскага абстрэлу з правага берага Бярэзіны. Тады загінулі больш за 500 мірных жыхароў горада.

Паўднёва-Заходні фронт (камандуючы А. Ягораў) нанёс паражэнне 3-й і 6-й польскім арміям і 12 чэрвеня вызваліў Кіеў. На Украіне асабліва вызначылася Першая Конная армія (камандуючы С. Будзённы), якая заставіла палякаў імкліва адступаць. 4 ліпеня ўдарная група Заходняга фронту разбіла польскія войскі каля Полацка і 11 ліпеня вызваліла Мінск, а 31 ліпеня горад стаў сталіцай БССР.

Мазырская група (57-я стралковая дывізія і іншыя часці) наступала ўздоўж чыгункі Мазыр – Брэст. 18 ліпеня вызваленыя Баранавічы, 19 ліпеня — Гродна, 23 ліпеня — Пінск, 25 ліпеня — Ваўкавыск, 30 ліпеня — Кобрын. 1 жніўня часці 2-й і 10-й стралковых дывізій, пераадолеўшы ўпартае супраціўленне, вызвалілі Брэст-Літоўск. На вызваленай тэрыторыі партарганізацыямі ствараліся павятовыя рэвалюцыйныя камітэты, устанаўлівалася Савецкая ўлада.

Войскі Заходняга фронту 19 ліпеня выйшлі на тэрыторыю Польшчы. Да сярэдзіны жніўня Чырвоная армія падышла да Варшавы і Львова. Але стомленасць войск, іх адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польскай арміі прыпыніць наступленне Чырвонай арміі і прымусіць яе адысці. 19 жніўня польскія войскі зноў захапілі Брэст-Літоўск, 28 верасня — Пінск.

Паражэнне Чырвонай арміі было абумоўлена найперш пераацэнкай гатоўнасці рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне савецкіх войск, якая чакалася па ідэі сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі. Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы савецкай краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. Савецкае камандаванне зрабіла стратэгічныя і тактычныя памылкі.

У верасні – кастрычніку 1920 г. польскія войскі прасунуліся на ўсход, захапіўшы Мінск, але пад націскам 27-й стралковай дывізіі пакінулі горад. Чырвоная армія панесла вялікія страты, але не была разбіта, паставіла Польшчу ў такое становішча, што тая не змагла далей вясці вайну.

12 кастрычніка ў Рызе быў падпісаны дагавор аб перамір’і, што азначала заканчэнне Савецка-польскай вайны (баявыя дзеянні спыніліся 18 кастрычніка). 18 сакавіка 1921 г. прадстаўнікамі Польшчы, РСФСР і УССР быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога ў складзе Польшчы засталіся занятыя яе войскамі Заходняя Беларусь (з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек) і Заходняя Украіна. У заключэнні абодвух дагавораў БССР не прымала ўдзелу, бо рэспубліку і яе правасуб’ектнасць Польшча не прызнавала. Раздзел беларускіх земляў стаў трагедыяй для беларускага народа.

Трагічнай старонкай мінулай вайны дасюль застаецца лёс палонных чырвонаармейцаў. У выніку вайны ў польскім палоне апынуліся дзясяткі тысяч чалавек: па розных ацэнках ад 80 да 157 тыс. Параненых чырвонаармейцаў на полі бою пакідалі без дапамогі, многіх палонных расстрэльвалі на месцы, здзекваліся над камуністамі і яўрэямі. Адным з буйнейшых месцаў, дзе ўтрымліваліся палонныя, была Брэсцкая крэпасць, тут у чатырох зонах размясцілі 19 тыс. чалавек. Ваеннапалонных трымалі ў антысанітарных умовах, голадзе і холадзе. Большасць памерла ад невыносных умоў і інфекцыйных хвароб. Па некаторых ацэнках у польскіх канцлагерах загінулі ад 60 да 85 тыс. чырвонаармейцаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Савецка-польская вайна, 1920 / М. С. Сташкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 60–61.
  2. Польско-советская война, 1919–1920 / Н. С. Сташкевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 185–186.
  3. Савецка-польская вайна, 1920 / Мікалай Сташкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 195–197.
  4. Советско-польская война, 1920 / Н. С. Сташкевич  / Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 664–665.
  5. Ліпеньская аперацыя, 1920 / Панцеляймон Селіванаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 369.
  6. Совет обороны Литвы и Белоруссии / П. А. Селиванов // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 663.
  7. Рыжскі мірны дагавор, 1921 / Святлана Бародзіч, Уладзімір Міхнюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 150–153.
  8. Бароўская, В. М. Беларускае пытанне на савецка-польскіх перагаворах 1918–1921 гг. / В. М. Бароўская. – Мінск : Беларуская навука, 2017. – 269 с.
  9. Матвеев, Г. В. Польский плен : военнослужащие Красной армии в плену у поляков в 1919–1921 гг. / Г. Ф. Матвеев, В. С. Матвеева. – Москва : Родина-медиа, 2011. – 173 с.
  10. Грицкевич, А. П. Западный фронт РСФСР, 1918–1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию / А. П. Грицкевич. – Минск : Харвест, 2009. – 495 с. – (Неизвестные войны).
  11. Мельтюхов, М. И. Советско-польские войны : Белый орел против Красной звезды / Михаил Мельтюхов. – Москва : Яуза : Эксмо, 2004. – 666 с., [4] л. карт. – (История войн : история, документы, факты, доказательства).
  12. Красноармейцы в польском плену в 1919–1922 гг. : сборник документов и материалов. – Москва ; Санкт-Петербург : Летний сад, 2004. – 912 с.
  13. Какурин, Н. Е. Гражданская война в России : война с белополяками / Н. Е. Какурин, В. Меликов ; [сост., предисл. В. Доценко]. – Москва : АСТ ;Санкт-Петербург : Terra fantastica, 2002. – 732 с., [8] л. карт. – (Военно-историческая библиотека).
  14. Полторак, С. Н. Победоносное поражение : размышления о советско-польской войне 1920 г. в канун ее 75-летия / Сергей Николаевич Полторак. – Санкт-Петербург : Терция, 1994. – 268 с.
  15. Михутина, И. В. Польско-советская война 1919–1920 гг. / И. В. Михутина– Москва : ИСБ РАН, 1994. – 323 с.
  16. Тухачевский, М. Н. Война 1920 года / М. Н. Тухачевский. – Москва : Новости, 1992. – 317 с. – (Время, события, люди).
  17. Сарычев, В. Начало «польских часув» / Василий Сарычев // В поисках утраченного времени / Василий Сарычев. Брест, 2006. Кн. 1. С. 53–62.
  18. Рамановіч, П. С. На крутых паваротах гісторыі / П. С. Рамановіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 221–227.
  19. Назаров, О. Уроки советско-польской войны / Олег Назаров // Военно-исторический архив. 2016. № 4. С. 39–43.
  20. Трафімчык, А. В. Савецка-польская вайна ў Круговіцкай гміне : [баявыя дзеянні ў 1919–1921 гг. на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна] / Анатоль Трафімчык // Ганцавіцкі час. 2015. 17 верасня (№ 38). С. 7.
  21. Зубачевский, В. А. Советско-польская война 1920 года: геополитический аспект / В. А. Зубачевский // Военно-исторический журнал. 2013. № 10. С. 18–23.
  22. Алексейчик, Я. «...Оторвать белорусов от востока» : Варшава и белорусский вопрос в ХХ веке / Яков Алексейчик // Беларуская думка. 2012. № 5. С. 85–92.
  23. Райский, Н. Польша. Война с Россией и судьба пленных / Н. Райский // Наш современник. 2010. № 9. С. 188–207.
  24. Лашков, А. Ю. Организация противовоздушной обороны Красной армии во время Советско-польской войны 1920 года / А. Ю. Лашков // Военно-исторический журнал. 2010. № 9. С. 9–12.
  25. Мязга, М. М. Польска-савецкая вайна 1919–1920 гг. у савецкай міжваеннай гістарыяграфіі / М. М. Мязга // Весці Нацыянальнай акадэмiі навук Беларусi. Серыя гуманітарных навук. 2010. № 4. С. 65–70.
  26. Митюков, А. Стихийное чистилище, или Сознательный геноцид? : [о лагере для советских военнопленных в 1920-х гг. в Бресте] / Александр Митюков // Заря. 2009. 12 декабря. С. 3.
  27. Симонова, Т. Статистика отца Симеона : ещё раз о советских военнопленных в Польше : [1920] / Т. Симонова // Родина. 2008. № 7. С. 94–97.
  28. Будницкий, О. Пилсудский против Тухачевского : советско-польская война 1920 года / Олег Будницкий // Знание-сила. 2008. № 4. С. 44–51.
  29. Симонова, Т. Мир и счастье на штыках : новые подробности о советско-польской войне (1919–1920 гг.) // Родина. 2000. № 10. С. 60–64.
  30. Михутина, И. В. Так сколько же советских военнопленных погибло в Польше в 1919–1921 гг.? / И. В. Михутина // Новая и новейшая история. 1995. № 3. С. 64–69.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1045 разоў