Аўторак, 05 Май 2020 15:09

4 мая 2020 г. — 125 гадоў з часу вялікага пажару ў г. Брэсце (1895)

На працягу стагоддзяў г. Брэст-Літоўск Гродзенскай губерні (цяпер Брэст) цярпеў ад пажараў, бывала, што агонь знішчаў цэлыя вуліцы і кварталы. Найбольш жорсткія пажары прыпалі на 1802, 1822, 1828 і 1835 гг. Пажарная каманда пры гарадской паліцыі ўзнікла ў 1851 г., першая прафесійная пажарная служба была створана 20 чэрвеня 1879 г. Гарадскі бюджэт не дазваляў вялікіх расходаў на пажарную каманду, таму яе абсталяванне было не ў належным стане.

 

У пачатку 1890-х гг. у Брэст-Літоўску пражывалі каля 44 тыс. чалавек. Горад быў у асноўным драўляны: 2312 жылых дамоў і 2427 грамадскіх і прамысловых пабудоў. Павятовы горад бурна развіваўся. У красавіку 1895 г. гарадскім галавой быў абраны Ерамей Анкундзімавіч Ісаеў, купец 2-й гільдыі.

У сакавіку – красавіку 1895 г. стаяла засушлівае надвор’е, узровень вады ў рацэ Мухавец i калодзежах упаў. 4 мая каля 11:30 раніцы пачаўся пажар у 24-м квартале па вул. Піваварнай, агонь пайшоў за вул. Шырокую (цяпер б-р Касманаўтаў). У 15:00 вецер перамяніўся і пагнаў агонь на горад. Фронт пажару склаў 2 км, а ў глыбіню — 3 км. Армейскія пажарныя ратавалі крэпасць, склады з боепрыпасамі. Гарадская пажарная каманда была не гатова да пажару: няспраўныя насосы, адсутнасць начыння, багроў, бочак для вады і інш.

Санкт-пецярбургскі часопіс «Пожарный» даў рэпартаж: «По воздуху носились громадные головешки, тучи искр, ниспадавших огненным дождем. Все пожирала рассвирепствовавшаяся стихия, ничего не щадя. И без того сильный ветер превратился в ужасающий ураган, который рвал и метал, подымал тучи песку, залепляя глаза, наполняя нос и уши. В этой огенной пещи нечем было дышать. Казалось, что сама атмосфера горит, горит и самый песок. Какие-то необычные вихри зарождались в этой горящей атмосфере, бешено вылетали из нее и уносили по разным направлениям горящие головни, от которых зажигались дома в таких местах города, которые вовсе не лежали по пути шествия победоносной стихии».

Пажар знішчыў 49 кварталаў з 64. Горад страціў 1635 дамоў, два праваслаўных храма, сінагогу, дзве бальніцы, 4 заводы, 24 фабрыкі, 38 пекарняў, 117 магазінаў, 14 майстэрняў, вакзал, склады лесу. Страхавыя таварыствы выплацілі пагарэльцам каля мільёна рублёў. Агульны ўбытак перавысіў 5 млн рублёў. Загінулі дзясяткі людзей — дакладная колькасць ахвяр так і не была вызначана, афіцыйна пахаваны 31 чалавек. Без даху і хлеба засталіся каля 30 тыс. чалавек.

У газеце «Гродненские губернские ведомости» так апісвалі вынікі катастрофы: «Пред вам открывается площадь, версты 3 в длину и ширину, сплошь усеянная грудами мусора из растрескавшихся печей. Ни одного обгорелого бревна все сгорело, испепелилось, что может гореть: даже труб печных не видно, кроме домов центральной части города, где были каменные постройки, и печи, и трубы истрескались и обвалились».

У першыя гадзіны пасля трагедыі клопатамі адміністрацыі няшчасныя былі размешчаны ў вагонах і збітых з дошак і шпал балаганах. Першая дапамога прыйшла з Варшавы і Беластока. Іншыя гарады краіны адгукнуліся і сабралі ахвяраванні грашыма і натурай, яны выратавалі і паставілі на ногі большасць з пацярпелых брэстчан. 950 сямей зарэгістраваліся, каб выехаць на жыхарства ў Адэсу і Варшаву. У тым жа годзе ўрач і публіцыст Ксаверый Штэйнберг выдаў у мясцовай друкарні А. Разэнталя брашуру «Пожар 4-го мая 1895 года в Брест-Литовске».

Наступныя вялікія пажары ў горадзе здарыліся восенню 1897 г. і 28–29 красавіка 1901 г., апошні знішчыў 655 дамоў і гасціны двор, 20 тыс. жыхароў засталіся без прытулку. Напачатку ХХ ст. у горадзе інтэнсіўна ішло будаўніцтва, Брэст-Літоўск забудоўваўся практычна нанова. Архітэтура новай цаглянай забудовы карэнным чынам адрознівалася ад ранейшых будынкаў ХІХ ст. Цяпер мураваныя дамы ставіліся вельмі шчыльна адзін да аднаго, ствараючы цэльны фронт вулічных фасадаў, якія мелі разнастайнае дэкаратыўнае афармленне.

У ліпені 1915 г. горад пакідалі перад наступаючымі германскімі войскамі. Жыхары падаліся ў бежанцы на ўсход, казакі падпалілі шмат будынкаў, каб не пакідаць іх ворагу. Брэст зноў моцна гарэў, але з полымем ніхто не змагаўся.

25 мая 2018 г. у абласным краязнаўчым музеі ў рамках праекта «18 квартал» прайшла лекцыя Аляксандра Антонавіча Саўчука «Огнеборцы. История борьбы с пожарами в Бресте (1771–1939 гг.)».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Брэста ў 2-й палавіне 19 ст. // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1998. Кн. 1. С. 113–121.
  2. Александров, Н. Брест-Литовск в 1895 году после большого пожара : [о статье Георгия Келдыша из журнала «Задушевное слово» № 23 за 1895 г.] / подготовил Николай Александров // Брестский курьер. 2015. 5 мая (№ 19). С. 18–19.
  3. Гугельчук, Л. Брэст на пачатку ХХ стагоддзя / Людміла Гугельчук // Народная трыбуна. 1994. 11 чэрвеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 40 разоў