Аўторак, 27 Кастрычнік 2020 09:05

10 лютага 2020 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Харытонавіча Юхімчука (1900–1990), военачальніка, генерал-маёра, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Аляксандр Харытонавіч Юхімчук нарадзіўся 10 лютага 1900 г. у вёсцы Закуцце Палескай воласці Пінскага павета Мінскай губерні (у 1980 г. Закуцце ўвайшло ў склад в. Палкоцічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай сялянскай сям’і. Рана навучыўся чытаць, скончыў два класы.

 

У верасні 1920 г. Аляксандр Юхімчук быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, залічаны ў 144-ы стралковы полк 16-й стралковай дывізіі імя В. І. Кіквідзэ. Ваяваў на Заходнім фронце з белапалякамі. З красавіка 1921 г., па заканчэнні курсаў малодшага камсаставу, праходзіў службу памочнікам камандзіра ўзвода. Удзельнічаў у барацьбе з бандытызмам у Мінскай губерні, у маі 1921 г. — у падаўленні паўстання Антонава ў Тамбоўскай губерні.

У чэрвені 1921 г. Аляксандр Юхімчук быў накіраваны на вучобу на 17-я пяхотныя курсы камсаставу ў г. Казань. У сакавіку 1922 г. выпушчаны камандзірам узвода і накіраваны ў распараджэнне штаба Сібірскай ваеннай акругі. Член ВКП(б) з 1924 г. З лістапада 1927 г. камандаваў ротай у 107-м стралковым палку 36-й стралковай дывізіі. Прымаў удзел у канфлікце на Кітайска-Усходняй чыгунцы (1929).

З красавіка 1930 па люты 1936 г. праходзіў службу ў штабе Далёкаўсходняй арміі, займаў розныя пасады. У лютым 1936 г. залічаны слухачом у Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ, па яе заканчэнні ў верасні 1938 г. прызначаны асістэнтам кафедры агульнай тактыкі Ваенна-гаспадарчай акадэміі. У снежні 1939 г. прызначаны камандзірам 417-га стралковага палка 156-й стралковай дывізіі.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны 156-я дывізія ўваходзіла ў склад 9-га асобнага стралковага корпуса і знаходзілася ў Крыме. З 17 жніўня 1941 г. яна была падпарадкавана 51-й асобнай арміі, выконвала задачы па абароне Крыма. З верасня палкоўнік А. Х. Юхімчук — начальнік штаба 156-й дывізіі, якая ў канцы кастрычніка вяла баі ў раёне Керчы, удзельнічала ў Крымскай абарончай аперацыі.

У лістападзе 1941 г. А. Х. Юхімчук прызначаны начальнікам штаба 276-й стралковай дывізіі, якая пасля цяжкіх баёў і вялікіх страт у Крыме знаходзілася на перафарміраванні. З 25 лютага 1942 г. дывізія ўвайшла ў склад Крымскага фронту і да 5 сакавіка знаходзілася ў раёне Чурбаша. У пачатку красавіка дывізія ўвайшла ў 44-ю армію і вяла цяжкія баі на Керчанскім паўвостраве.

З лютага А. Х. Юхімчук — намеснік камандзіра 302-й стралковай дывізіі. У маі – ліпені 1942 г. дывізія пасля цяжкіх баёў у Крыме знаходзілася ў рэзерве на папаўненні. Затым яна была ўключана ў 51-ю армію Паўднёвага фронту і вяла баі ў вялікай лукавіне Дона.

З 31 ліпеня 1942 г. 302-я дывізія ўдзельнічала ў Сталінградскай бітве, вяла баі на поўдзень ад Сталінграда. У лістападзе 1942 – студзені 1943 г. яе часткі ўдзельнічалі ў контрнаступленні пад Сталінградам, у Кацельнікаўскай, Паўночна-Каўказскай і Растоўскай наступальных аперацыях. У канцы студзеня дывізія была выведзена ў другі эшалон, затым у сакавіку вяла баі на рацэ Міус.

З красавіка 1943 г. палкоўнік А. Х. Юхімчук уступіў у камандаванне 347-й стралковай дывізіяй, якая ў складзе 44-й арміі Паўночна-Каўказскага фронту ўдзельнічала ў бітве за Каўказ. З ліпеня ў складзе 28-й арміі Паўднёвага фронту яна прымала ўдзел у Міускай, Данбаскай і Мелітопальскай наступальных аперацыях, у фарсіраванні ракі Малочная. За паспяховае выкананне заданняў камандавання пры вызваленні г. Мелітопаля 347-й дывізіі было прысвоена найменне «Мелітопальская».

15 верасня 1943 г. А. Х. Юхімчуку прысвоена званне генерал-маёра. У пачатку лістапада 347-я дывізія ў складзе 55-га стралковага корпуса 51-й арміі 4-га Украінскага фронту вяла паспяховыя абарончыя баі ў раёне заліва Сіваш. У канцы лютага 1944 г. дывізія ўдзельнічала ў Крымскай наступальнай аперацыі, у вызваленні Севастопаля.

З чэрвеня 1944 г. 347-я дывізія знаходзілася ў рэзерве Стаўкі ВГК, затым у ліпені перакінута на 1-ы Прыбалтыйскі фронт і ўдзельнічала ў Шаўляйскай, Рыжскай і Мемельскай наступальных аперацыях. Са студзеня 1945 г. яе часткі пад камандаваннем А. Х. Юхімчука вялі баі па знішчэнні Курляндскай групоўкі праціўніка.

Пасля вайны генерал-маёр А. Х. Юхімчук з чэрвеня 1945 г. камандаваў 85-й гвардзейскай стралковай дывізіяй у Ленінградскай вайсковай акрузе. З чэрвеня 1946 г. камандаваў 1-й асобнай кулямётна-артылерыйскай брыгадай. Са жніўня 1947 г. — ва ўпраўленні кадраў Сухапутных войскаў. З ліпеня 1950 па верасень 1951 г. вучыўся на курсах пры Вышэйшай ваеннай акадэміі імя К. Е. Варашылава, затым быў прызначаны начальнікам кафедры ваеннай адміністрацыі Ваенна-палітычнай акадэміі імя У. І. Леніна. З лістапада 1954 г. — начальнік ваеннай кафедры Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К. А. Ціміразева. У жніўні 1959 г. гвардыі генерал-маёр А. Х. Юхімчук звольнены ў запас.

Аляксандр Харытонавіч вёў значную грамадскую і ваенна-патрыятычную работу. Старшыня савета ветэранаў 51-й арміі (1974–1983). Вялікую ўвагу надаваў музейнай справе, садзейнічаў стварэнню музея баявой славы ў сярэдняй школе № 550 (Паўночнае Чартанава, г. Масква), народнага музея 51-й арміі ў сяле Кляпеніна (Крым) і інш. Напісаў мемуары, артыкулы, прысвечаныя розным перыядам баявых дзеянняў.

Узнагароджаны ордэнам Леніна (1945), чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1936, 1943, 1944, 1950), ордэнамі Аляксандра Неўскага I ступені (1945), Суворава II ступені (1944), двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені (1943, 1985), медалямі. За час вайны камдыў А. Х. Юхімчук быў двойчы персанальна згаданы ў падзячных загадах Вярхоўнага Галоўнакамандуючага — 23 кастрычніка 1943 г. і 31 ліпеня 1944 г.

А. Х. Юхімчук памёр 11 мая 1990 г., пахаваны на Міцінскіх могілках г. Масквы. Яго сын, Уладзімір Аляксандравіч Юхімчук (1938), працягваў справу бацькі: скончыў Адэскае вышэйшае каманднае вучылішча, Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ, палкоўнік, камандаваў палком марской пяхоты на Ціхаакіянскім флоце, служыў у Генеральным штабе УС СССР.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Юхимчук Александр Харитонович // Великая Отечественная. Комдивы : военный биографический словарь / Д. А. Цапаев [и др.]. Москва, 2014. Т. 5. С. 10931095.
  2. Юхімчук Аляксандр Харытонавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 518.
  3. Героями не рождаются — ими становятся // О подвигах, о доблести, о славе… / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; [сост. М. П. Горупа]. Иваново, 2015. С. 117–118.
  4. Юхимчук, А. Х. В боях за Крым : [воспоминания о Великой Отечественной войне] / Александр Харитонович Юхимчук. – Симферополь : Доля, 2015. – 172 с., [4] л. фот : портр.
  5. На огненном берегу : сборник / [Коцаренко В. К., Погребная А. И., Погребной И. И., Юхимчук А. Х.]. – Волгоград : Ниж.-Волж. кн. изд-во, 1984. – 287 с. – (Подвиг Сталинграда бессмертен).
  6. Неменко, А. Оборона Крыма 1941 г. Прорыв Манштейна / Александр Неменко.  Москва : Яуза-каталог, 2017. 400 с.
  7. Великая Отечественная война, 1941–1945 гг. Кампании и стратегические операции в цифрах. В 2 т. Т. 1. Москва : Объединенная редакция МВД России, 2010.  608 с.
  8. Освобождение городов : справочник по освобождению городов в период Великой Отечественной войны, 1941–1945 / М. Л. Дударенко [и др.]. – Москва : Воениздат, 1985. – 598 с.
  9. Батов, П. И. В походах и боях / Павел Иванович Батов. – 3-е изд., доп. и испр. – Москва : Воениздат, 1974. – 528 с. – (Военные мемуары).
  10. Батов, П. И. Перекоп, 1941 / П. И. Батов. – Симферополь : Крым, 1970. – 168 с.
  11. Юхимчук, А. Х. Дневник командира 417-го стрелкового полка / Александр Харитонович Юхимчук ; [публикация Владимира Юхимчука] // Морской пехотинец. Москва, 2017. Май, июль, ноябрь ; 2018. Февраль, май, июль, ноябрь.
  12. Крейдич, А. Генерал возвратился… посмертно : [Александр Харитонович Юхимчук, уроженец д. Закутье] / Анатолий Крейдич // Чырвоная звязда. Iванава, 2005. 5 красавіка. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 758 разоў