Пятніца, 22 Студзень 2021 08:55

28 верасня 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Віктара Паўлавіча Бруцкага (1951–2020), суднабудаўніка, грамадскага дзеяча

Віктар Паўлавіч Бруцкі нарадзіўся 28 верасня 1951 г. у вёсцы Белавуша Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Павел Віктаравіч, быў даволі адукаваным, маці, Кацярына Мацвееўна, непісьменнай, яны вельмі хацелі вывучыць сыноў Анатоля, Віктара i Андрэя. Вёска стаіць на левым беразе ракі Гарынь, па якой хадзілі буксіры з баржамі. Малому Віктару хацелася звязаць лёс з раматычнай прафесіяй рачніка.

 

Пасля заканчэння Белавушскай сярэдняй школы (1968) Віктар Бруцкі паехаў паступаць у караблебудаўнічы інстытут у г. Нікалаеў (Украіна). На дзённае аддзяленне не трапіў, яму прапанавалі вучыцца на вячэрнім. Працоўную дзейнасць пачаў на Чарнаморскім суднабудаўнічым заводзе, які будаваў крэйсеры («Минск», «Киев»), навуковыя судны («Академик Сергей Королёв»). Працаваў вучнем слесара, слесарам
1–4-га разрадаў, інжынерам аддзела матэрыяльнага забеспячэння, адначасова вучыўся ў інстытуце.

У 1974 г. Віктар Бруцкі скончыў Нікалаеўскі караблебудаўнічы інстытут імя С. А. Макарава па спецыяльнасці «інжынер-механік». Пасля заканчэння вучобы пераехаў у г. Пінск, уладкаваўся на суднабудаўніча-суднарамонтны завод. Працаваў інжынерам-канструктарам, інжынерам-тэхнолагам, начальнікам тэхналагічнага аддзела. У 1980 г. пераведзены на работу ў Пінскі гаркам КПБ інструктарам прамыслова-транспартнага аддзела.

У 1983 г. В. П. Бруцкі назначаны дырэктарам Пінскага суднабудаўніча-суднарамонтнага завода Верхне-Дняпроўскага рачнога параходства Галоўнага ўпраўлення рачнога флота пры Савеце Міністраў БССР. З 1988 г. завод у вытворчым аб’яднанні «Белсуднабудрамонт» Міністэрства транспарту БССР, з 1993 г. — Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

У 1985 г. калектыў завода ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Да 1987 г. завод дзейнічаў як прамыслова-транспартнае прадпрыемства. Грузазварот складаў штогод каля 600 млн тон. У савецкія часы прафесія карабела ў Пінску была прэстыжнай. На заводзе працавалі 900 чалавек. Першы крызіс прыйшоў у 1990 г., калі спыніўся заказ на рудавозы для паставак руды ў ГДР. У новых эканамічных умовах пачатку 1990-х пінскія карабелы браліся за любую работу. Будавалі воданапорныя вежы, паромныя пераправы, пантонныя і пешаходныя масты.

З 13 ліпеня 2000 г. — рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства. На пачатку
2000-х гг. рачны флот апынуўся ў крызісе, скараціліся перавозкі па рэках, спыніліся заказы. Завод пачаў выпускаць металаканструкцыі, пераабсталёўваць грузавікі для кантэйнернай перавозкі. У верасні 2003 г. пінскія карабелы на трасе М 1 у Баранавіцкім раёне ўстанавілі металічнага «Зубра» — сімвал Брэстчыны.

Прадпрыемства робіць капітальны рамонт рухавікоў для суднаў і Беларускай чыгункі, а таксама па заказах прадпрыемстваў Украiны, Малдовы, краін Прыбалтыкі. У 2005 г. быў спушчаны на ваду буксір-піхач «Пінск», што стала вялікай радасцю для Віктара Паўлавіча, бо ён здолеў захаваць суднабудаўнічыя кадры. Калектыў асвоіў выпуск пасажырскіх суднаў: пабудаваны цеплаходы «Нёман» (2007), «Паланез» (2008), «Віцебск» (2010), «Паўночная сталіца» (2011), «Магілёў» (2017).

У 2011, 2013 г. В. П. Бруцкі быў старшынёй Савета дырэктараў г. Пінска. Дырэктарам завода працаваў па кастрычнік 2014 г. — 31 год на пасадзе кіраўніка прадпрыемства, што рэдкасць. Правёў калектыў праз значныя змены эканамічнага гаспадарання ў краіне — ад планавай савецкай эканомікі да рыначных адносін, зрабіў усё магчымае, каб захаваць лепшыя кадры, забяспечыць работнікаў зарплатай, сацыяльным пакетам.

В. П. Бруцкі прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Быў чалавекам мэтанакіраваным, ініцыятыўным, добрасумленым. Абіраўся дэпутатам Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1-га склікання (1996–2000), дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу (2016). У снежні 2015 г. узначаліў гарадскую арганізацыю РГА «Белая Русь».

За поспехі ў працы ўзнагароджаны медалём «За трудовые заслуги» (2011), граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Галоўрэчфлота БССР, Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага аблвыканкама (2014).

В. П. Бруцкі памёр 21 снежня 2020 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 374.
  2. Бруцкий, В. П. Пинский судостроительно-судоремонтный завод / В. П. Бруцкий // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 74–75.
  3. 125 лет Республиканскому унитарному предприятию «Пинский ордена „Знак Почета“ судостроительно-судоремонтный завод»/ отв. за вып. В. С. Фурман ; фото В. Г. Кучинского. Пинск : Пинск. регион. тип., 2010. 15 с. : ил.
  4. Пинские корабелы : ордена «Знак Почета» судостроительно-судоремонтный завод // Пинск : путеводитель по столице Полесья. Пинск, 1993. С. 246–248.
  5. Новохрост, А. Испанский след : [об истории металлической скульптуры «Зубр», сделанной на Пинском судостроительно-судоремонтном заводе и установленной на трассе М-1 в Барановичском районе; упоминается В. Бруцкий] / Александр Новохрост // 7 дней. 2020. 24 декабря (№ 52). С. 26.
  6. Бруцкий Виктор Павлович : [некролог] / Совет Брестской областной организации РОО «Белая Русь» // Заря. 2020. 23 декабря. С. 21.
  7. Бруцкий Виктор Павлович : [некролог] / Пинский городской исполнительный комитет, Пинский городской Совет депутатов. Бруцкий Виктор Павлович : [некролог] / Совет Пинской городской организации РОО «Белая Русь» // Пінскі веснік. 2020. 22 снежня. С. 5.
  8. Мартынюк, М. Депутат и его корабли : [о В. П. Бруцком, бывшем директоре Пинского судостроительно-судоремонтного завода] / Марта Мартынюк // Транспортный вестник. 2016. 29 сентября (№ 39). С. 12.
  9. Единогласно : [председателем городской организации РОО «Белая Русь» избран В. П. Бруцкий] // Пінскі веснік. 2015. 24 снежня. С. 2.
  10. Левченко, О. У «Белой Руси» в Пинске новый лидер : [председателем городской организации РОО «Белая Русь» избран В. П. Бруцкий] / Ольга Левченко // Пінскі веснік. 2015. 18 снежня. С. 2.
  11. Екель, Л. Корабел Бруцкий / Леонид Екель // Советская Белоруссия. 2013. 1 марта. С. 7.
  12. Хомец, М. Малым кораблям — большое плавание : [по материалам рассказа директора Пинского судостроительно-судоремонтного завода В. П. Бруцкого] / Михаил Хомец // Промышленная безопасность. 2013. № 3. С. 5–8.
  13. Бруцкий, В. П. «Верил и верю, что мы непременно будем строить суда!» / В. П. Бруцкий ; записал Виктор Карпик // Транспортный вестник. 2011. 29 сентября (№ 39). С. 9–10.
  14. Ляшук, М. Командир корабелов : [В. П. Бруцкий] / Мария Ляшук // Пінскі веснік. 2011. 4 сакавіка. С. 2.
  15. Бруцкий, В. П. Малые корабли, большие перспективы / В. П. Бруцкий ; записала Анна Марковская // Директор. 2010. № 9. С. 73.
  16. Дорохов, С. Верфь : [об истории и праздновании 125-летия Пинского судостроительно-судоремонтного завода] / Сергей Дорохов // Полесская правда. Пинск, 2010. 7 июля. С. 3.
  17. Щербакова, Т. В. П. Бруцкий: «Орден „Знак Почета“ на нашем знамени — знак признательности белорусских речников» / Тамара Щербакова // Пінскі веснік. 2010. 2 ліпеня. С. 3.
  18. Бруцкий, В. П. Белая ладья для синеокой Беларуси / В. П. Бруцкий ; [записал Виктор Карпик] // Транспортный вестник. 2010. 1 июля (№ 26). С. 17.
  19. Бондич, О. Хороший старт : [по материалам беседы с директором Пинского судостроительно-судоремонтного завода В. П. Бруцким] / Ольга Бондич // Транспортный вестник. 2010. 1 апреля (№ 13). С. 8.
  20. Карпик, В. Надежду дарит «Полонез» : [по материалам беседы с директором Пинского судостроительно-судоремонтного завода В. П. Бруцким] / Виктор Карпик // Транспортный вестник. 2009. 2 июля (№ 25). С. 19.
  21. Бруцкий, В. П. Завод работает стабильно, объемы производства растут... / В. П. Бруцкий ; интервью вёл В. Гришковец // Заря. 2006. 9 февраля. С. 2.
  22. Бруцкий, В. П. Чем солиднее возраст, тем выше профессионализм : [беседа с директором Пинского судостроительно-судоремонтного завода] / В. П. Бруцкий ; записал Виктор Карпик // Транспортный вестник. 2005. 2 июля. С. 13.
  23. Карпик, В. Теплоходы, «зубры» и турбины рождаются на эллинге в цехах Пинского ССРЗ : [РУП «Пинский ордена „Знак Почёта“ судостроительно-судоремонтный завод»] / Виктор Карпик // Транспортный вестник. 2004. 18 февраля. С. 3.
  24. Бруцкий, В. П. Главная забота — работа! : [беседа с директором Пинского судостроительно-судоремонтного завода] / В. П. Бруцкий ; подготовила В. Шинкович // Транспортный вестник. 2003. 17 сентября. С. 10.
  25. Бруцкий, В. П. Трудно быть директором : [беседа с директором Пинского судостроительно-судоремонтного завода] / В. П. Бруцкий ; вёл интервью Е. Пилецкий // Пiнскi веснiк. 2003. 28 студзеня. С. 2.
  26. Бруцкі, В. «І Пінску жыць вельмі цяжка» : [аб праблемах Пінскага суднабудаўніча-суднарамонтнага завода] / Віктар Бруцкі ; запісаў П. Цішук // Народная газета. 1996. 21 лютага.
  27. Бруцкий, В. П. В начале депутатского пути / В. П. Бруцкий ; интервью взял Т. Луцевич // Транспортный вестник. 1996. 17 января. С. 2.
  28. Кандидаты в депутаты Верховного Совета Республики Беларусь по Пинскому-Западному избирательному округу № 29 : Бруцкий Виктор Павлович // Полесская правда. 1995. 15 ноября. С. 1.
  29. Бруцкий, В. Виноват ли только завод? : [о проблемах организации и проведения ремонта судов в Пинске] / Виктор Бруцкий // Речник Белоруссии. 1988. 17 июня.
  30. Бруцкий, В. Верность традициям : [о Пинском судностроительно-судноремонтном заводе] / В. Бруцкий // Полесская правда. Пинск, 1985. 3 августа.
  31. Бруцкий, В. Пинскому ССРЗ — 100 лет / В. Бруцкий // Речной транспорт. 1985. № 6. С. 34.
Чытаць 55 разоў