Пятніца, 22 Студзень 2021 09:10

18 жніўня 2021 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Сяргея Георгіевіча Жуніна (1906–1977), Героя Савецкага Саюза (1944)

Сяргей Георгіевіч Жунін нарадзіўся 18 жніўня 1906 г. у сяле Мядзведзіцкае Кашынскага павета Цвярской губерні (цяпер Кімрскага раёна Цвярской вобласці). У сялянскай сям’і было пяцёра дзяцей, бацьку ў час Першай сусветнай вайны прызвалі ў армію, адправілі на фронт, з якога ён не вярнуўся. Сяргей скончыў чатыры класы мясцовай школы, працаваў у родным сяле, дапамагаў маці выхоўваць малодшых братоў.

 

У 1928 г. Сяргей Жунін быў прызваны ў Чырвоную армію. Скончыў палкавую школу 80-га Ленінградскага стралковага палка ў Віцебску і курсы вышэйшага гаспадарчага саставу ў Смаленску. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны інтэндант 3-га рангу С. Г. Жунін — памочнік камандзіра 8-га танкавага палка 36-й кавалерыйскай дывізіі 10-й арміі Заходняга фронту. Абараняў Беласток, Гродна, Ваўкавыск, Слонім.

У ліпені 1941 г. Сяргей Жунін трапіў у акружэнне, пры выхадзе з акружэння 15 ліпеня быў кантужаны, застаўся ў адной з вёсак Магілёўскай вобласці. Адразу пасля выздараўлення стаў збіраць партызанскую групу, якая пачала баявыя дзеянні (дыверсіі на дарогах) з верасня 1941 г. Арганізатар атрадаў у Круглянскім і Шклоўскім раёнах Магілёўскай вобласці, камандзір «атрада Сяргея» (з вясны 1942 г. гэта атрад № 36).

За лета 1942 г. партызаны атрада № 36 пусцілі пад адхон 13 эшэлонаў, знішчылі 24 бронемашыны, 3 чыгуначныя масты, 11 паліцэйскіх участкаў. С. Г. Жунін удзельнічаў у арганізацыі і ажыццяўленні аперацыі па разгроме варожага гарнізона на чыгуначнай станцыі Слаўнае на лініі Мінск – Орша (28 жніўня 1942 г.). У выніку аперацыі рух на гэтай лініі быў спынены больш чым на суткі.

З кастрычніка 1942 г. С. Г. Жунін — камандзір 8-й Круглянскай партызанскай брыгады, у якую былі ўключаны 6 атрадаў. Брыгада расла і мацнела, у 1943 г. у брыгадзе налічвалася 1700 байцоў. Са жніўня 1943 г. — камандзір Круглянскай ваенна-аператыўнай групы, палкоўнік. Са снежня 1943 г. — камандзір 8-й партызанскай брыгады, якая вясной 1944 г. здзейсніла рэйд у Брэсцкую вобласць. Камісарам брыгады быў Васілій Аляксеевіч Пятроў, начальнікам штаба — Канстанцін Іванавіч Мацеж.

За чатыры месяцы дзейнасці ў Брэсцкай вобласці (Косаўскі, Ганцавіцкі, Целяханскі, Быценскі раёны) партызаны брыгады пусцілі пад адхон 45 эшэлонаў праціўніка, знішчылі 64 шашэйныя масты, 160 аўтамашын, 12 гармат. 9–15 красавіка брыгада вяла працяглыя баі з карнікамі. У ноч на 20 чэрвеня штурмам авалодала чыгуначным участкам каля станцыі Косава-Палескае (Івацэвіцкі раён) і падарвала больш за 750 рэек, бронедрэзіну з аховай.

9–11 ліпеня 1944 г. 8-я брыгада (1146 партызан) злучылася з Чырвонай арміяй
(146-ы полк 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі). Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 15 жніўня 1944 г. за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў, праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм і за асобыя заслугі ў развіцці партызанскага руху С. Г. Жуніну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 4068). Таксама ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі.

У 1944 г. Сяргей Георгіевіч быў звольнены з арміі ў запас. У 1944–1950 гг. знаходзіўся на савецкай рабоце ў Брэсце і Мінску. Займаўся ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі, сустракаўся з піянерамі і камсамольцамі. Аўтар дакументальнай кнігі «От Днепра до Буга» (1974), якая расказвае аб баявым шляху 8-й партызанскай брыгады.

С. Г. Жунін памёр 21 студзеня 1977 г., пахаваны ў Мінску на Паўночных-1 могілках (участак 15). У г. п. Круглае Магілёўскай вобласці яго імем названа вуліца, у 2005 г. устаноўлена мемарыяльная дошка. Бюст героя ўстаноўлены каля СШ № 100 г. Мінска, з вучнямі якой ён часта сустракаўся, у школе створаны мемарыяльны музей.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Жунін Сяргей Георгіевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 449.
  2. Жунин Сергей Георгиевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2020. Т. 6, кн. 1. С. 273.
  3. Жунин Сергей Георгиевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 570.
  4. Жунін Сяргей Георгіевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 375.
  5. Жунін Сяргей Георгіевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 211.
  6. Жунин Сергей Георгиевич // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 511.
  7. Жунин Сергей Георгиевич // Навечно в сердце народном. 3-е изд., доп. и испр. Минск, 1984. С. 174.
  8. Жунин Сергей Георгиевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 230.
  9. Жунін Сяргей Георгіевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 226.
  10. Жунин Сергей Георгиевич // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 155.
  11. Жунін Сяргей Георгіевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 425.
  12. Батвіннік, М. Б. Магіла Жуніна Сяргея Георгіевіча / М. Б. Бавіннік // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. Мінск, 1988. С. 246–247.
  13. Круглянская ваенна-аператыўная група // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 275–276.
  14. Партызанская брыгада 8-я ; Партызанская брыгада 8-я Круглянская // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 407–408.
  15. Партизанская бригада 8-я ; Партизанская бригада 8-я Круглянская // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 481.
  16. Памятник партизанам : [Телеханы] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 215.
  17. Жунин, С. Г. От Днепра до Буга : [о боевом пути 8-й партизанской бригады] / С. Г. Жунин. – Минск : Беларусь, 1974. – 272 с. : ил.
  18. Жунин, С. Г. Клянемся тебе, страна! / С. Г. Жунин // Вела нас партия. Минск, 1984. С. 339–350.
  19. Партызанская вайна : [з успамінаў С. Г. Жуніна] // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Круглянскага раёна. Мінск, 1996. С. 309–312.
  20. Долгов, И. А. Партизанский комбриг / И. А. Долгов // Золотые звезды калининцев : в 2 кн. / И. А. Долгов. Москва, 1984. Кн. 2. С. 27–33.
Чытаць 45 разоў