Аўторак, 16 Люты 2021 10:14

1 жніўня 2021 г. — 80 гадоў з часу знішчэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі жыхароў Белавежскай пушчы (Пружанскі р-н; 1941)

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі на акупіраваных тэрыторыях пачалі ўсталёўваць свой «новы парадак», праводзіць генацыд, масавыя акцыі знішчэння насельніцтва. Тэрыторыя Белавежскай пушчы гітлераўцамі была запланавана пад паляўнічую гаспадарку, таму насельніцтва з пушчы і прылягаючых хутароў і вёсак гвалтоўна высялялася, маёмасць канфіскоўвалася, пабудовы спальваліся.

 

25–31 ліпеня 1941 г. 322-і нямецкі паліцэйскі батальён, які знаходзіўся ў падначаленні СС, правёў так званую «эвакуацыю» населеных пунктаў у Белавежскай пушчы — адну з першых масавых карных аперацый на Беларусі. З 34 вёсак былі вывезены ўсе жыхары (6646 чалавек), расстраляны больш за 490 чалавек, якіх акупанты палічылі небяспечнымі — савецкіх актывістаў і членаў іх сямей. Карнікі забралі ў сялян 665 коней, 287 кароў, 454 цяляці, больш за 2,5 тыс. свіней, 1939 авечак, сельгаспрадукты, асабістыя рэчы, абязлюдзеўшыя вёскі спалілі. Выселеныя людзі засталіся без даху, маёмасці, сродкаў для існавання, вымушаны былі бадзяцца ў пошуках прытулку.

З 31 ліпеня да 19 жніўня гітлераўцы з 322-га паліцэйскага батальёна загубілі ў раёне Белавежскай пушчы больш за 640 чалавек. 1 жніўня 1941 г. у сярэдзіне пушчы расстралялі каля 130 чалавек — палякаў, беларусаў, жыхароў розных населеных пунктаў.

Месца растрэлу доўгі час было невядомым. У 1952 г. пры рамонце дарогі, які праводзіў былы партызан, дзясятнік лесазабеспячэння Васіль Васільевіч Рабчук, было знойдзена пахаванне ў 619-м квартале Нікорскага лясніцтва. У 1964 г. тут быў устаноўлены абеліск. Былі праведзены архіўныя пошукі імёнаў ахвяр, але і цяпер вядомы імёны толькі 85 чалавек.

4 жніўня 1991 г. на гэтым месцы быў урачыста адкрыты новы мемарыял, які ў народзе атрымаў назву «Падаючыя крыжы». Мастацкае рашэнне мемарыяла прапанаваў архітэктар Уладзімір Уладзіміравіч Сарока з Мінска. Надламаныя, нахіленыя крыжы сімвалізуюць звяржэнне фашызму, еднасць розных пакаленняў у барацьбе за свабоду і мір. Надпіс ля падножжа: «Тут 1 жніўня 1941 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі расстраляны беларускія і польскія грамадзяне».

Праехаць да мемарыяла «Падаючыя крыжы» можна па шашы Р-81 — ад вёскі Крыніца Пружанскага раёна 13 км. Штогод напачатку жніўня тут праводзіцца мітынг-рэквіем, на які прыязджаюць жыхары Пружанскага і Камянецкага раёнаў, а таксама польскага г. Белавеж. У 1993 г. адбылося асвячэнне магілы праваслаўнымі святарамі і ксяндзом; у 1994 г. устаноўлены хрысціянскі крыж.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Семаков, В. В. Пуща во время Второй мировой войны / В. В. Семаков // Беловежская пуща: 1902–2002 / В. В. Семаков. Минск, 2002. С. 101–117.
  2. Яфімовіч, У. Помніць пушча кроў і слёзы : [ахвяры вайны ў квартале 619] / У. Яфімовіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 216.
  3. Валодзін, В. «Новы парадак» / В. Валодзін // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 196–197.
  4. Мамус, М. Знішэчнне вёсак Камянеччыны / М. Мамус, У. Яфімовіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 199–200.
  5. Пасэ, У. С. Карныя аперацыі 322-га нямецка-фашысцкага батальёна / У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 253–254.
  6. Могила жертв фашизма : [Пружанский район, д. Криница] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 360.
  7. Шпарло, В. Кресты памяти : [о митинге памяти жертв фашизма в Беловежской пуще] / В. Шпарло // Заря. 2020. 12 августа. С. 17.
  8. Шпарла, У. Месца, дзе жыве памяць : [пра мітынг памяці ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы] / У. Шпарла // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 5 жніўня. С. 4.
  9. Зялевіч, А. Памяць захоўваюць крыжы... : [жалобны мітынг-рэквіем адбыўся ва ўрочышчы Перароў] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 8 жніўня. С. 1–2.
  10. Козлович, В. В утешенье живущим : [митинг-реквием прошёл возле мемориала «Падающие кресты»] / Валентина Козлович ; фото Елены Трибулёвой // Советская Белоруссия. 2018. 7 августа. С. 11.
  11. Зялевіч, А. Белавежская Галгофа : [жалобны мітынг-рэквіем адбыўся ва ўрочышчы Перароў] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 9 жніўня. С. 2.
  12. Зялевіч, А. Яны пасмяротна жывыя... : [пра мітынг памяці ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 10 жніўня. С. 2.
  13. Хадаровіч, А. А над пушчай цішыня такая... : [пра мітынг памяці ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы] / Анна Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны, 2001. 11 жніўня. С. 1, 3.
  14. Хараровіч, А. Памяці жыць! : [пра мітынг памяці ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы] / Анна Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны, 1998. 8 жніўня.
  15. Панюціч, А. Не згасне памяць і боль аб ахвярах фашызму : [пра мітынг памяці ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы] / Аляксандр Панюціч // Раённыя будні. Пружаны, 1997. 9 жніўня. С. 1–2.
  16. Архуцік, М. Не забыць тыя дні : [пра мітынг памяці ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы] / Мікола Архуцік // Раённыя будні. Пружаны, 1996. 10 жніўня.
  17. Хадаровіч, А. Не забываецца той ураган... : [пра мітынг памяці ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы] / А. Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны, 1995. 5 жніўня.
  18. Ліповіч, А. Часцінка памяці нашай : [пра мітынг памяці ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы] / Аляксандр Ліповіч // Раённыя будні. Пружаны, 1994. 2 жніўня.
  19. Котаў, Ю. Памаліцца на магілах блізкіх : [пра мітынг памяці ахвяр фашызму ў Белавежскай пушчы] / Ю. Котаў // Раённыя будні. Пружаны, 1993. 7 жніўня.
  20. Хадаровіч, А. Памяць — жыве! : рэпартаж з адкрыцця помніка ахвярам фашызму ў Белавежскай пушчы / А. Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны. 1991. 9 жніўня. С. 2.
  21. Помнік ахвярам фашызму : [аб адкрыцці помніка ў Белавежскай пушчы] // Раённыя будні. Пружаны, 1991. 6 жніўня. С. 1.
Чытаць 620 разоў Апошняя змена Панядзелак, 24 Май 2021 10:52