Пятніца, 26 Сакавік 2021 17:08

1 ліпеня 2021 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Сяргея Пятровіча Пазднякова (1896–1949), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1943)

Сяргей Пятровіч Пазднякоў нарадзіўся 1 ліпеня 1896 г. у сяле Дзягцянка Казлоўскага павета Тамбоўскай губерні (цяпер Сасноўскага раёна Тамбоўскай вобласці) у сялянскай сям’і Пятра Пятровіча і Анастасіі Яфімаўны Паздняковых. Скончыў няпоўную сярэднюю школу. У 1918–1922 гг. — у Чырвонай арміі, удзельнік Грамадзянскай вайны, у 1919 г. скончыў камандзірскія курсы. У 1932 г. паўторна прызваны ў армію.

 

У 1941 г. капітан С. П. Пазднякоў камандаваў 3-м дывізіёнам 204-га гаўбічнага артылерыйскага палка, які дыслацыраваўся ля в. Кавалёва Брэсцкага раёна, дзе знаходзіўся форт «Е». Палком камандаваў маёр Уткін (за пяць дзён да вайны выехаў у адпачынак). Начальнік штаба — капітан І. А. Лук’янчыкаў, камісар палка — батальённы камісар Рагачоў. У палку былі 33 гаўбіцы, 25 трактараў і цягачоў, каля 100 коней, больш за тысячу байцоў і камандзіраў.

Вялікую Айчынную вайну Сяргей Пазднякоў сустрэў у Брэсце. З першых гадзін вайны ўдзельнічаў у абароне горада. Дзякуючы рашучым дзеянням выконваючага абавязкі камандзіра 204-га артпалка капітана І. А. Лук’янчыкава, пад агнём праціўніка матэрыяльную частку ўдалося вывесці з артылерыйскага парка.

Да 9-й гадзіны раніцы занялі пазіцыю ля в. Камяніца Журавецкая, што за 6 км ад горада. Хутка заўважылі варожую танкавую калону, якая рухалася з боку Дамачава на Брэст. У гэтым баі артылерысты падбілі 18 танкаў і бронемашын. Затым уцалелыя батарэі пачалі адступаць на в. Радванічы. У канцы дня, калі былі расходаваны ўсе снарады, артылерысты падарвалі гаўбіцы, спалілі цягачы і з боем адышлі на Кобрын.

З канца чэрвеня 1941 г. С. П. Пазднякоў камандаваў 204-м гаўбічным артылерыйскім палком. У кастрычніку артполк атрымаў новы нумар 294. З баямі прайшоў да Масквы, абараняў Маскву, удзельнічаў у Арлоўска-Курскай бітве. У 1942 г. С. П. Пазднякоў скончыў артылерыйскія курсы.

Камандзір 138-га мінамётнага палка 60-й арміі Цэнтральга фронту падпалкоўнік С. П. Пазднякоў вызначыўся ў канцы верасня 1943 г. пры вызваленні Украіны. Полк фарсіраваў рэкі Сейм і Дзясна (прытокі Дняпра). Камандзір умела арганізаваў фарсіраванне Дняпра і паспяхова вёў баявыя дзеянні на плацдарме ў раёне сяла Люцеж Вышгарадскага раёна Кіеўскай вобласці. Полк сваім агнём забяспечваў наступленне 75-й стралковай дывізіі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 кастрычніка 1943 г. падпалкоўніку С. П. Пазднякову прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 1098).

3 лістапада 1943 г. з Люцежскага плацдарма войскамі 1-га Украінскага фронту (да 20 кастрычніка — Варонежскі) быў нанесены галоўны ўдар у Кіеўскай наступальнай аперацыі.

26 лютага 1944 г. 138-ы мінамётны полк пад камандаваннем падпалкоўніка С. П. Пазднякова вызначыўся пры вызваленні г. п. Шумскае Цярнопальскай вобласці, за што яму было прысвоена ганаровае найменне «Шумскі».

12 верасня 1944 г. С. П. Пазднякоў у г. Сямёнаў Горкаўскай вобласці закончыў чатырохмесячныя зборы ў ордэна Леніна Чырвонасцяжнай Вышэйшай афіцэрскай артылерыйскай школе па аддзяленні камандзіраў мінамётных палкоў.

У ходзе Сандамірска-Сілезскай і Ніжне-Сілезскай наступальных аперацый 1-га Украінскага фронту С. П. Пазднякоў паспяхова камандаваў 51-й цяжкай мінамётнай брыгадай 31-й артылерыйскай дывізіі 60-й арміі. Начальнік штаба брыгады — капітан Рыгор Пятровіч Ісакін.

У 1946 г. С. П. Пазднякоў звольнены ў запас у званні падпалкоўніка. Прыехаў у Брэст шукаць сваю сям’ю, якая тут засталася ў чэрвені 1941 г. Камандзірскую сям’ю — жонку Матрону (45 гадоў), яе маці (65 гадоў), дачку Зінаіду (6 гадоў), сыноў Анатоля (13 гадоў), Сяргея (8 гадоў), Віктара (5 гадоў) — фашысты расстралялі ў лістападзе 1942 г.

Сяргей Пятровіч застаўся жыць у Брэсце, працаваў на чыгунцы. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны І ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. Трагічна загінуў у выніку няшчаснага выпадку 30 верасня 1949 г., пахаваны на Гарнізонных могілках у Брэсце.

1 верасня 2016 г. на будынку Дзягцянкаўскай школы ўрачыста адкрыта мемарыяльна дошка «В нашей школе учился Герой Советского Союза Поздняков Сергей Петрович, артиллерист».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Пазнякоў Сяргей Пятровіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 634–635.
  2. Поздняков Сергей Петрович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 288.
  3. Дьячков, Л. Г. Наша гордость и слава : [очерки о Героях Советского Союза] / Л. Г. Дьячков. – Воронеж : [б. и.], 1968. С. 92–93.
  4. Партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары Брэста і іншых месцаў, якія загінулі ў Брэсце ў час фашысцкай акупацыі з 22 чэрвеня 1941 г. па 28 ліпеня 1944 г. : Позднякова Матрена... // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 193.
  5. Владимиров, П. В. По танкам — огонь! : [воспоминания о боевых действиях
    204-го гаубичного артполка в первые дни войны] / Павел В
    арламович Владимиров // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 135–137.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 720 разоў