Серада, 18 Жнівень 2021 10:13

2021 г. — 135 гадоў з часу будаўніцтва царквы святой вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў в. Мікалаева (Камянецкі р-н; 1886), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю

Свята-Параскевінская царква ў вёсцы Мікалаева Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці была пабудавана ў канцы XIX ст. на сродкі прыхаджан. Пабудавана царква з дрэва на паўночнай ускраіне вёскі на месцы больш старажытнай царквы 1802 г. Першае ўпамінанне аб царкве адносіцца да 1886 г. Да сярэдзіны XX ст. гэта была Свята-Мікалаеўская царква, прыпісная да Камянецкай Свята-Сімяонаўскай царквы, і лічылася Вялікаельнінскай, па ранейшай назве мясцовасці.

 

Царква ў Мікалаева з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага (псеўдарускага) стылю і адрозніваецца ад іншых тым, што складаецца з трох частак: вежы-званіцы, трапезнай, асноўнага аб’ёму. Апсіда тут не выдзелена, а ўваходзіць у аб’ём храма.

Трох’ярусная вежа-званіца ўтварае галоўны фасад, першы ярус якой з’яўляецца тамбурам. Тарцовыя часткі тамбура завяршаюцца трохвугольнымі франтонамі. Першы ярус чацверыковы, але ён меншы па аб’ёме. Яго глухія грані дэкарыраваны трапецападобнымі нішамі, якія абрамлены па перыметры разьбовым поясам. Другі ярус званіцы складаецца з двух васьміграннікаў, адзін на адным.

Трапезная — невысокая, накрыта двухсхільным дахам. Асноўны храмавы аб’ём — выцягнуты прамавугольнік, у яго тарцовай частцы размешчана апсіда з дзвюма бакавымі рызніцамі, накрыты складаным чатырохсхільным дахам. Сцены царквы гарызантальна ашаляваны дошкамі, афарбаваны ў блакітны колер. Адметнай асаблівасцю царквы з’яўляецца багатая дэкаратыўная аздоба яе фасадаў. Шматлікія карнізныя паяскі, упрыгожаныя разьбой «пад карункі», накладныя разьбовыя дэталі, дэкаратыўныя аконныя ліштвы — усё гэта выдзяляе фасад царквы.

У інтэр’еры храма — хоры на двух драўляных слупах. Іканастас двух’ярусны, драўляны, з разнымі калонамі. На ніжнім ярусе ёсць іконы «Ісус Хрыстос», «Багамаці», «Архістраціг Міхаіл», «Архангел Гаўрыіл», «Святая велікамучаніца Параскева». На верхнім ярусе — іконы «Тайная вячэра», апосталаў «Нафанаіл», «Піліп», «Пётр і Павел», «Іаан Зілот», «Фама і Іуда», «Андрэй і Матфей».

Значнай падзеяй у гісторыі храма з’яўляецца наведванне яго 31 жніўня 1886 г. імператарам Аляксандрам III з сынам Мікалаем, нашчадкам прастола.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Свята-Параскевінская царква была дзеючай да 1943 г. Мае месца такі факт: пры адступленні гітлераўскай арміі ў ліпені 1944 г. на званіцы царквы засеў нямецкі снайпер. Царква была абстраляна, але асноўны ўдар куль прыйшоўся на дрэвы, якія раслі вакол храма.

У час ганенняў на веруючых Мікалаеўская царква была закрыта (1961). Абразы і іншую маёмасць узялі на захаванне вернікі, але многае загінула і страчана незваротна. Лёс званоў, якія некуды вывезлі міліцыянеры, невядомы. Будынак царквы выкарыстоўвалі як калгасны склад, што ўратавала яго ад разбурэння, але храм моцна пацярпеў — ад іканастаса засталіся толькі ніжняя частка і царская брама. Старыя дрэвы спілавалі, а могілкі, што былі навокал, паглынуліся часам.

У 1989 г. на сродкі мясцовага калгаса «ХХVII з’езд КПСС» пачалі рамонт будынка, каб зрабіць тут музей. У сувязі са зменамі ў грамадстве, у 1990 г. царкву перадалі вернікам. Клопатамі прыхаджан і старшыні праўлення КСА «Колас» К. К. Асапрылкі храм быў адноўлены ў яго першапачатковым выглядзе.

У свята Пачаеўскай іконы Божай Маці 5 жніўня 1991 г. адноўлены храм быў урачыста асвячоны архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам у саслужэнні духавенства Брэсцкага і Камянецкага благачынняў у імя святой велікапакутніцы Параскевы Пятніцы. Дзень 5 жніўня з’яўляецца прастольным святам.

Вялікі ўклад у справу аднаўлення Свята-Параскевінской царквы ўнеслі настаяцель Свята-Сімеонаўскага храма г. Камянца протаіерэй Яўген Іванавіч Лукашэвіч (1951–2010), які быў першым свяшчэннікам зноў адкрытага храма, КСА «Колас» на чале са старшынёй К. К. Асапрылка, стараста Б. К. Ярмаловіч, прыхаджане В. П. Пархоцік, І. В. Каберна і інш.

З кастрычніка 1991 г. настаяцелем Свята-Параскевінскай царквы з’яўляецца протаіерэй Анатоль Калеснік. Анатоль Рыгоравіч нарадзіўся ў в. Аўсямірава Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і святара. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Вернікі палюбілі бацюшку за клопат, за яго дзіўнае пачуццё спагады і суперажывання. У звароце з людзьмі просты, спагадны і варты павагі. За час яго служэння скончана рэстаўрацыя царквы, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, адрамантаваны іканастас. Храм стаў святлей і прыгажэй. За стараннасць і служэнне айцец Анатоль узнагароджаны пяццю царкоўнымі ўзнагародамі, самыя высокія з іх: узнагароджанне набедранікам (1992) і пасвячэнне ў сан протаіерэя (2010).

Важнае месца ў праваслаўным набажэнстве займае царкоўны хор. У склад хору Свята-Параскевінской царквы ўваходзяць прыхаджане, якія з дзяцінства былі знаёмы з царкоўнай службай. Айцец Анатоль валодае фенаменальным музычным слыхам.

У склад прыхода ўваходзяць вёскі: Мікалаева, Ліпна, Жылічы, Сюлкі, Селяховічы, Робенка, Палінаўка, Багачы, Бялёва, Завадзькавічы.

Свята-Параскевінская царква ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 г.).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Свята-Параскевінская царква, в. Мікалаева // Праваслаўныя храмы Камянечыны / Ю. Сахарчук, А. Карпішук, Л. Бішчук. Брэст, 2013. С. 58–60.
  2. Царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы : [в. Мікалаева] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 262.
  3. Свята-Мікалаеўская царква : [в. Мікалаева] // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 129.
  4. Церковь : [д. Николаево] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 232–233.
  5. Царква : [в. Мікалаева] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 210.
  6. Ковчег спасения и добра : Свято-Параскевинская церковь д. Николаево / ГУК «Каменецкая районная библиотечная система», Николаевская сельская библиотека-филиал № 17 ; сост. М. Щеперко, ред. Г. П. Жедик. – Николаево, 2011. – 8 с.
  7. Мароз, В. 1802, Мікалаева. Свята-Мікалаеўская царква / В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Беларусі : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. Мароз. Мінск, 2018. С. 273–274.
  8. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с. : іл.
  9. Мараськевич, Я. Деревянная архитектура северной части Еврорегиона Буг : западная часть Брестской земли / Я. Мараськевич, А. Башков ; фот.: Я. Мараськевич, Д. Мараськевич ; пер.: Э. Д. Пашкевич [и др.]. – Бяла Подляска : Бяльскоподл. Об-во Регионального Развития, 2006. – 96 с. : фот.
  10. Чарняўская, Т. Помнікі драўлянага дойлідства : Мікалаеўская царква (в. Мікалаева) / Т. Чарняўская // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 76.
  11. Герасімук, Г. Шлях да духоўнага : [у Мікалаеўскай царкве планавалася стварыць музей, але дзякуючы пераменам будынак быў вернуты прыхаджанам] / Г. Герасімук // Навіны Камянеччыны. 1993. 22 снежня.
  12. Кому мешали купола? : [о возрождении церкви в д. Николаево Каменецкого района] // Народная трыбуна. 1992. 1 жніўня.
Чытаць 513 разоў