Серада, 18 Жнівень 2021 10:26

23 жніўня 2021 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Сямёна Сцяпанавіча Свістуновіча (1946), мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелен), журналіста

Сямён Сцяпанавіч Свістуновіч нарадзіўся 23 жніўня 1946 г. у вёсцы Конькі Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці. У 1976 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў Паўла Васільевіча Масленікава, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

 

У 1976–1982 гг. — мастак па тканінах Баранавіцкага баваўнянага камбіната. Сямён Свістуновіч адным з першых пачаў выкарыстоўваць у сваіх работах элементы малюнка і кампазіцыі беларускай традыцыйнай ручной набойкі. Рупліва вывучаў узоры, асэнсоўваў выяўленчую структуру, іх мастацкую актуальнасць. Падчас творчых камандзіровак наведваў абласныя і раённыя краязнаўчыя музеі, дзе, вывучаючы зборы народнай творчасці, збіраў матэрыялы для новых размалёвак тканін. У выніку напісаў артыкулы «Народная вышыўка» і «Беларуская ручная набойка».

Мастак уладкаваў сваю творчую майстэрню ў старой хаце, якую набыў у в. Альсіевічы Баранавіцкага раёна. Працуе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (габелен, дэкаратыўнае афармленне тканін), станковай грыфіцы, жывапісе. Габеленам захапіўся яшчэ у студэнцкія гады. Асноўныя творы: габелены «Зыход. Сцэна палявання на зубра», «Апокрыф», «Ефрасіння Полацкая», «Жніво», «Зімовае святло», «Неўміручасць», «Пікар», «Джардана Бруна»; міні-габелены «Змрокі», «Хутар», «Нашэсце».

У габеленах С. С. Свістуновіча, якія выконвае ў традыцыях беларускага ткацтва, ёсць таямнічасць, загадкавасць — усё тое, што характэрна сапраўднаму мастацтву. Абыякава прайсці каля габелена немагчыма. Ён спыняе каля сябе, прымушае сцішыцца, засяродзіцца. Па ім не прабяжыш вачамі, яго адчуеш водгукам сэрца.

Удзельнік мастацкіх абласных, рэспубліканскіх і замежных выставак з 1980 г. Быў членам Беларускага саюза мастакоў з 1988 г. да пачатку 2000-х. Творы Сямёна Свістуновіча знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Баранавіцкага краязнаўчага музея.

Сямён Свістуновіч актыўна ўключыўся ў адраджэнне нацыянальнай культуры. У 1985 г. у Крошынскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна стварыў музей каваля і паэта Паўлюка Багрыма (1813–1891), жыццё і творчасць якога вывучаў. Змайстраваў народны струнны фрыкцыйны музычны інструмент — ліру колавую, якую потым падараваў музею СШ № 4 г. Баранавічы. Колавая ліра вядома на Беларусі з ХVI ст., унікальнай з’явай беларускай культуры сталі гераічныя балады і духоўныя песні пад акампанемент ліры.

У чэрвені 1989 г. удзельнічаў ва ўстаноўчым сходзе Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». Для газет пісаў артыкулы пра змены ў культурным жыцці Брэстчыны, аб сельскай гаспадарцы, прамысловых прадпрыемствах, установах адукацыі. Супрацоўнічаў з газетай «Звязда» як карэспандэнт па Брэсцкай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

Артыкулы С. С. Свістуновіча

  1. І змоўкла музыка яго нябёсаў : [аб жыцці і творчай дзейнасці мастака Міколы Селешчука расказвае мастак і журналіст Сымон Свістуновіч] / Сымон Свістуновіч ; гутарыла Кацярына Яцушкевіч // Голас часу. Маларыта, 2018. 24 студзеня. С. 6.
  2. Мяжа вяртання : [пра дэмаграфію на сяле] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2012. 30 сакавіка. С. 6.
  3. Маёнтак за адну базавую? : [пра былы маёнтак Бохвіцаў у вёсцы Флер’янава Ляхавіцкага раёна] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2012. 22 лютага. С. 2.
  4. Дзе грошы — там і кадры! : [прэс-канферэнцыя для рэгіянальных СМІ са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Канстанцінам Сумарам] / запісаў Сымон Свістуновіч // Звязда. 2011. 30 лістапада. С. 6.
  5. Прыватызацыя — крок да інтэграцыі : [пра неабходнаць прыватызацыі баранавіцкага «Бархіма»] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2011. 1 лютага. С. 3.
  6. Ляхавіцкі кансервавы: экспарт вырас у чатыры разы! : [гутарка з дырэктарам прадпрыемства Ленідам Лейчанкам / запісаў Сымон Свістуновіч] // Звязда. 2009. 29 снежня. С. 4.
  7. «Калі народ лепшы ў свеце…» : [пра роздум выбаршчыкаў наконт праграм кандыдатаў у прэзідэнты] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2010. 11 снежня. С. 10.
  8. Зрабіць Палессе адметным краем : [гутарка са старшынёй Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімірам Столярам / запісаў Сымон Свістуновіч] // Звязда. 2010. 4 снежня. С. 5.
  9. «Вучыце ў нядзельных школах, а не ў дзяржаўных…» : [гутарка з дырэктарам івацэвіцкай сярэдняй школы № 4 Таццянай Міхайлаўнай Касавец / запісаў Сымон Свістуновіч] // Звязда. 2010. 22 чэрвеня. С. 7.
  10. Чым больш ўліванні — тым больш даўгоў? : [пра праблемы сельгаскааператыва «Ляхавіцкі»] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2010. 16 сакавіка. С. 3.
  11. Ці ёсць шчасце на балоце? : [да 70-годдзя Ганцавіцкага раёна : гутарка са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Міхайлавічам Сталяровым / запісаў Сымон Свістуновіч] // Звязда. 2010. 13 студзеня. С. 6.
  12. Працаваць, каб жыць дастойна ААТ «Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў» : [гутарка з генеральным дырэктарам Наталляй Віктараўнай Манько / запісалі Алена Даўжанок і Сымон Свістуновіч] // Звязда. 2009. 22 снежня. С. 6.
  13. Усе мы дзеці аднаго народа : [уручэнне літаратурнай прэміі імя У. Калесніка, прайшло ў в. Лунін Лунінецкага раёна] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2009. 3 снежня. С. 6.
  14. Асколкі разбітай памяці : [пра стан помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны Ляхавіцкага раёна: гутарка з намеснікам старшыні райвыканкама У. К. Крукам, старшынёй райсавета Я. Н. Юрлевічам, Д. М. Бурдуком / запісаў Сымон Свістуновіч] // Звязда. 2009. 18 лістапада. С. 7.
  15. «Журавель» у руках. Крыштальны : [гутарка з пераможцам Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года-2009» настаўнікам біялогіі СШ № 2 г. Ганцавічы Юрыем Андрэйчыкам / запісаў Сымон Свистунович] // Звязда. 2009. 22 кастрычніка. С. 3.
  16. За ўсё трэба плаціць, альбо Ці актуальная сёння прыказка «Якой бы дружба ні была, а лыжка ў кожнага свая»? : [пра беларуска-расійскія гандлёва-эканамічныя адносіны] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2009. 9 чэрвеня. С. 5.
  17. Вось такое ў нас беспрацоўе : [ці ёсць беспрацоўе на Брэстчыне?] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2009. 6 чэрвеня. С. 3.
  18. На Палессі — касавіца, альбо Чаму палешукоў не палохае крызіс : [пра поспехі сельскіх і падсобных гаспадарак Столінскага раёна] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2009. 30 мая. С. 4.
  19. І зноў у Завоссі вясна : [музей Адама Міцкевіча ў Баранавіцкім раёне як турыстычны аб’ект] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2008. 13 сакавіка. С. 3.
  20. І пішуцца радкі душою : [аб паэтэсе з в. Хатынічы Ганцавіцкага раёна Ніне Кавальчук] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2006. 4 кастрычніка. С. 2.
  21. Ферма на памежжы : [пра фермера П. Бабко з в. Чыжэвічы Брэсцкага раёна] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2004. 17 ліпеня.
  22. Лён яшчэ праславіць Беларусь : [вырошчванне ільну на Брэстчыне] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2003. 28 жніўня.
  23. Ёсць дзеці — будуць і школы : [аб школах Ганцавіцкага раёна] / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2002. 16 сакавіка.

 

Аб жыцці і творчасці С. С. Свістуновіча

  1. Семён Свистунович : [репродукция: «Полонез Огинского». Гобелен] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. М. Коньков. Минск : А. Климов, 2002. С. 102–103.
  2. Свістуновіч Сямён Сцяпанавіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 620.
  3. Свістуновіч Сямён Сцяпанавіч : [рэпрадукцыя: «Паланез Агінскага»] // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 491.
  4. Семён Свистунович : [репродукция: «Полонез Огинского». 1982. Гобелен. 55 х 45] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. Б. Крепак, А. Гришук, М. Коньков. Брест, 1997. С. 82–83.
  5. Ягоўдзік, У. Вясёлкаю ніткі і душы : [нарыс пра С. Свістуновіча] / Уладзімір Ягоўдзік // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 428–432.
  6. Ягоўдзік, У. Вясёлкаю ніткі і душы / Уладзімір Ягоўдзік // Сучаснік-86 : нарысы, публіцыстыка, хроніка. Мінск, 1986. С. 251–266.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 869 разоў