Серада, 10 Лістапад 2021 08:43

1 кастрычніка 2021 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Пятра Фёдаравіча Бандарчука (1911–1996), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, поўнага кавалера ордэна Славы

Пётр Фёдаравіч Бандарчук нарадзіўся 1 кастрычніка 1911 г. у в. Забароўцы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Лышчанскага сельсавета Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў польскую пачатковую школу, працаваў у сельскай гаспадарцы. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны апынуўся на акупаванай тэрыторыі.

 

Піншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх акупантаў у ліпені 1944 г. Многія жыхары былі прызваны ў Чырвоную армію. Таксама ў жніўні 1944 г. Лагішынскім райваенкаматам быў прызваны Пётр Бандарчук. Ваяваў стралком, кулямётчыкам 275-га стралковага палка 117-й стралковай дывізіі 69-й арміі 1-га Беларускага фронту.

Удзельнік вызвалення Польшчы. Радавы Пётр Бандарчук асабліва вызначыўся пры фарсіраванні Віслы 8 лютага 1945 г. Двое сутак адбіваў варожыя контратакі, утрымліваючы захоплены рубеж да падыходу асноўных сіл батальёна. За гэты подзвіг 22 лютага ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

У баях за г. Познань 12 лютага Пётр Бандарчук з напарнікам авалодаў апорнай кропкай, знішчыў 7 гітлераўцаў, што садзейнічала паспяховаму наступленню батальёна. 26 лютага ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

У ходзе Варшаўска-Познаньскай аперацыі П. Ф. Бандарчук вызначыўся трэці раз. Знаходзячыся ў разведцы, 14 лютага ў вулічным баі за будынак у Познані гранатамі падавіў варожую агнявую кропку. Але атрымаў цяжкае асколачнае раненне ў нагу і быў адпраўлены ў шпіталь. Пасля працяглага лячэння ў жніўні 1945 г. быў дэмабілізаваны як інвалід.

У 1947 г. Лагішынскім райваенкаматам і райкамам КП(б)Б П. Ф. Бандарчук, як актыўны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны і атрымаўшы цяжкае раненне, быў прадстаўлены да ўзнагароджання медалём «За боевые заслуги». Ваенкомам Пінскай вобласці статус узнагароды быў павышаны да ордэна Славы ІІІ ступені. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 лістапада 1947 г. П. Ф. Бандарчук узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

Потым высветлілася, што з-за недакладных запісаў у дакументах адбылася памылка ў парадку ўзнагароджання. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 жніўня 1955 г. ранейшыя загады былі адменены і П. Ф. Бандарчук пераўзнагароджаны ордэнамі Славы І і ІІ ступені.

Пасля вайны Пётр Фёдаравіч жыў у в. Вулька-Лаўская Валішчанскага сельсавета Пінскага раёна, працаваў у калгасе імя У. І. Леніна, быў паляводам, цесляром, апошні час — паштальёнам. Ветэран праводзіў вялікую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі раёна. Карыстаўся аўтарытэтам сярод баявых таварышаў і працоўных Піншчыны. Яму былі ўласцівы прастата і сціпласць, глыбокае веданне жыцця.

У 1968 г. імя П. Ф. Бандарчука было занесена ў раённую «Кнігу народнай Славы». Персанальны пенсіянер саюзнага значэння. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені (1985), медалём «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина» (1970), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978).

П. Ф. Бандарчук памёр 15 верасня 1996 г., пахаваны на вясковых могілках.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Вайтовіч Таццяна Мікалаеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Бандарчук Пётр Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 277.
  2. Бондарчук Пётр Фёдорович (1.10.1911–15.9.1996) // Твои сыновья, Беларусь! Кавалеры ордена Славы : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2014. С. 26.
  3. Бондарчук Пётр Фёдорович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 118.
  4. Бондарчук Петр Федорович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 450.
  5. Петр Федорович Бондарчук (1.10.191115.9.1996) // Кавалеры ордена Славы : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2006. С. 22.
  6. Бандарчук Пётр Фёдаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 288.
  7. Бандарчук Пётр Фёдаравіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 57.
  8. Бондарчук Петр Федорович // Навечно в сердце народном. 3-е изд., доп. и испр. Минск, 1984. С. 66.
  9. Бондарчук Петр Федорович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 71.
  10. Бандарчук Пётр Фёдаравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 58.
  11. Бондарчук Петр Федорович // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 60.
  12. Бандарчук Пётр Фёдаравіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 123.
  13. З успамінаў П. Ф. Бандарчука // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 306–307.
  14. Бунькевич, Е. П. Победа 1945 года связь времён и поколений / Е. П. Бунькевич // Гісторыя і грамадазнаўства. Серыя «У дапамогу педагогу». 2016. № 6. С. 5–7.
  15. Бунькевич, Е. Полный кавалер ордена Славы : [о П. Ф. Бондарчуке] / Елена Бунькевич // Полесская правда. Пинск, 2015. 25 апреля.С. 12.
  16. Бондарчук Петр Федорович : [некролог] // Полесская правда. Пинск, 1996. 25 сентября. С. 4.
  17. Демьянец, П. Шел на запад солдат : [о П. Ф. Бондарчуке] / П. Демьянец // Заря. 1987. 29 января.
  18. Демьянец, П. Ради жизни на земле : [о П. Ф. Бондарчуке] / П. Демьянец // Сельская газета. 1985. 26 марта.
Чытаць 442 разоў