Аўторак, 08 Люты 2022 14:33

2022 г. – 100 гадоў з часу адкрыцця лесапільнага завода ў Косаўскім павеце (Івацэвіцкі р-н; 1922), невялікага прамысловага прадпрыемства

У ходзе Польска-савецкай вайны ў лютым 1919 г. Заходняя Беларусь, у тым ліку і Косаўшчына, была акупіравана Польшчай. 18 сакавіка 1921 г. быў заключаны Рыжскі мірны дагавор, па якому Заходняя Беларусь аказалася пад уладай польскіх паноў. Быў утвораны Косаўскі павет Палескага ваяводства. Канчатковае тэрытарыяльнае афармленне яго адбылося 4 лютага 1921 г. Павет быў падзелены на 5 гмін: Косаўскую, Ружанскую, Пескаўскую, Святавольскую, Боркі-Гічыцкую, Целяханскую.

 

Цэнтрам павета стала мястэчка Косава (цяпер горад у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці). У 1921 г. у Косаве было 399 двароў, 2433 жыхары. Косаўскі павет, мястэчка адносіліся да мясцовасцей, дзе прамысловасць амаль не развівалася. Большая частка жыхароў жылі з кавалка зямлі, які апрацоўвалі сваёй сям’ёй.

Але пасля пяці гадоў войнаў (Першай сусветнай і Польска-савецкай) жыццё паціху наладжвалася. Сюды з Польшчы хлынуў паток чыноўнікаў, прадпрымальнікаў, асаднікаў. У 1922 г. акцыянерным таварыствам «Целяханы» быў адкрыты лесапільны завод у маёнтку Жэчкі Косаўскага павета. Завод быў абсталяваны невялікімі лакамабілямі. Рабочых было нямнога. На заводзе ў Жэчках у 1933 г. працавала 5 чалавек. Большай часткай збыт лесаматэрыялаў праводзіўся на мясцовым рынку.

У міжваенны перыяд на тэрыторыі сучаснага Івацэвіцкага раёна працавалі 13 лесапільных, 2 смалакурныя (Косава¸ Івацэвічы), кафельны (Ружаны) заводы, 2 бровары, канатная фабрыка (Ружаны), 3 млыны. Лесапільныя прадпрыемствы працавалі на мясцовай сыравіне, бяслітасна знішчаючы дзяржаўныя і прыватныя лясы.

Івацэвіччына пад уладай Польшчы заставалася адсталай ускраінай, аграрным прыдаткам цэнтральных раёнаў, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы, рынкам збыту для польскай прамысловасці.

Рабочыя змагаліся за свае правы, арганізоўвалі забастоўкі. Забастовачны рух узмацніўся ў час эканамічнага крызісу 1929–1933 гг. Летам 1936 г. аб’явілі забастоўку 306 рабочых лесапільных заводаў, іх падтрымалі 150 рабочых, якія працавалі на ўрэгуляванні ракі Грыўда. Прычынаю забастоўкі стала нізкая заработная плата, яе нерэгулярная выплата. Забастоўка працягвалася каля 40 дзён.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) усе прыватныя прадпрыемствы былі нацыяналізаваны. Пасля Вялікай Айчыннай вайны аднавілася дзейнасць дэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Цяпер ААТ «Івацэвічдрэў», якое адлічвае сваю гісторыю з 1922 г. ад лесапільнага завода, – адно з буйнейшых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Эканамічнае развіццё павета : [Косава] // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск : БЕЛТА, 1997. С. 88–90.
  2. Асаблівасці эканамічнага развіцця зямель Івацэвіцкага раёна ў савецкі перыяд (1939–1991) : 3.2 Прыярытэты развіцця прамысловасці // Гарады і раёны Берасцейшчыны : гісторыя і сучаснасць. Івацэвіцкі раён / У. В. Здановіч, С. П. Жлоба, А. І. Пашковіч і інш. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2009. С. 178–180.
  3. Лаўрэенко, Л. В. Лясная гаспадарка і прамысловасць Палескага ваяводства ў 19211939 гг. / Л. В. Лаўрэенка // Брестчина: история и современность. Брест, 2012. С. 9299.
  4. Міхнюк, Б. М.«Ивацевичдрев» / Б. М. Міхнюк // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 415–416.
  5. Івацэвіцкі лесазавод // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1979. Т. 2. С. 297.
  6. Банасевіч, М. Тэрытарыяльнае размежаванне Косаўскага павета / М. Банасевіч, В. Мароз // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск : БЕЛТА, 1997. С. 131–133.
  7. Коссово. Коссовский повет // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 236237, 238.
  8. Косава. Косаўскі павет // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 427–428.
  9. Косава. Косаўскі павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 241, 243.
  10. Косава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мiнск, 2006. Т. 3. С. 483–487.
  11. Косава // Гарады і раёны Берасцейшчыны: гісторыя і сучаснасць. Івацэвіцкі раён / У. В. Здановіч, С. П. Жлоба, А. І. Пашковіч і інш. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2009. С. 413–419.
  12. Зайка А. Косава. // Зайка, А. Населеныя пункты Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2012. С. 179–189.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 340 разоў