Серада, 16 Люты 2022 17:10

25 лютага 2022 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Яўгена Сяргеевіча Шатохіна (1947– 2012), мастака, педагога, грамадскага дзеяча

Яўген Сяргеевіч Шатохін нарадзіўся 25 лютага 1947 г. ў г. Пінску (цяпер Брэсцкай вобласці). З 1958 г. па 1962 г. займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва Дома піянераў пад кіраўніцтвам Я. П. Пулхава. Рана пачаў самастойнае жыццё – пасля васьмі класаў з’ехаў у Бранск, паступіў у рамеснае вучылішча і вучыўся ў вячэрняй школе. Атрымаў мастацкую адукацыю ў Арлоўскім педагагічным (на мастацка-графічным фапкультэце, але не закончыў) і Харкаўскім мастацка-прамысловым (закончыў у 1973 г.) інстытутах.

 

Шлях Яўгена Шатохіна«ў мастакі» простым і бязвоблачным не назавеш. Фактычна чалавек ствараў, ляпіў сябе па крупінках. Слесарыў, але па-ранейшаму, не раставаўся з падручнікамі. Чатыры гады правучыўся ў педінстытуце. Калі на гарызонце замаячыла абарона дыплома, ён нечакана для ўсіх, але толькі не для сябе, кідае вучобу і занава, на агульных правах, паступае ў мастацка-прамысловы інстытут, каб быць, як кажуць, бліжэй да заветнай мары: трапіць на Усесаюзную выставу, нават будучы студэнтам.

Давялося маладому мастаку пажыць і плённа папрацаваць у Расіі, у Вялікім Усьцюгу. Адсюль на яхце пад ветразямі выходзіў па Паўночнай Дзвіне ў Белае мора, на Салаўкі. 15 год, праведзеных на Поўначы, сталі для яго той школай, калі ўчарашні падмайстар вырас у самабытнага і сталага майстра.

З 1972 г. – удзельнік абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выстаў. З 1982 г. – член Беларускага саюза мастакоў. Удзельнік Усесаюзнай выставы ў Маскве (1972), выставы «Молодые художники Советской Украины» (Кіеў; 1973), Усесаюзнай выставы маладых мастакоў у Ташкенце (1980), Усесаюзнай выставы «По родной стране» (Масква; 1981), Усесаюзнай выставы «Молодость страны» (Масква; 1982) і інш.

У 1987 г. Яўген Сяргеевіч вяртаецца ў родны горад, арганізуе і ўзначальвае Пінскую дзіцячую школу выяўленчага мастацтва, якой кіраваў да 1997 г. Шмат часу педагог удзяляў сваім вучням. Яму было вельмі важна выхаваць у іх характар, асабісты пачатак, патрэбнасць будаваць асабісты лёс, як той жа карабель, якому не страшна любая, нават самая крутая хваля.

Шмат займаўся грамадскай дзейнасцю, падтрымаў пербудову і нацыянальнае беларускае адраджэнне. У 1990 г. быў выбраны старшынёю дэпутатскай камісіі па культуры і справах рэлігіі Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў, дэпутатам гарсавета з’яўляўся да 1999 г.

Мастак аддаў дань павагі роднаму гораду, Палессю. Створаны ім цыкл «Пейзажи родительского края» ўсхваляе рэдкія па прыгажосці мясціны Палесся. Персанальныя выставы былі ў Пінску, Брэсце, Мінску, Волагдзе (Расiя), Пероне (Францыя), Альтэне (Германія) і інш. Узнагароджаны Ганаровай граматай Саюза мастакоў РСФСР (1985), Ганаровым медалём Генеральнага Савета парламента Францыі (1993).

Адбудаваў сваімі рукамі вельбот, на якім прайшоў многія паўночныя рэкі і нават мора. Вецер напаўняў лавушку ветразя, зноў жа пашытага ўласнымі рукамі. І нараджаліся работы, тэматыка якіх часта насіла далёка не марскі характар: на лістах ватмана ажывалі вёскі, у якіх прыходзілася спыняцца, людзі, немітуслівая і вялікая мудрасць іх, як бы і простае, але гордае жыццё. Любумую яхту «Скіф-2» нават прыгнаў на Піну, блыжэй да роднага горада.

У 1990-я гг. Яўген Шатохін адкрывае для сябе «далёкае замежжа», а яно ў сваю чаргу знаёміцца з беларускім творцам. Дзе б ён ні быў, ён заўсёды заставаўся патрыётам сваё гістарычнай радзімы.

Яўген Шатохін быў найперш майстрам краявіду. Ягоныя любімыя тэхнікі – акварэль і аловак. Ён ніколі не імкнуўся да фатаграфічнай дакладнасці, бо меў задачу больш высокую і складаную – стварыць праўдзівы вобраз, ідучы ад суб’ектыўнага ўражання. Пра графіка Яўгена Шатохіна цяжка распавядаць. Гэта – як пераказ у прозе вершаў. Яго творы трэба бачыць, і мець пры тым лірычны настрой у душы, і тады трапяткія лініі загамоняць, і на карцінах зазіхаціць вясёлка.

Я. С. Шатохін быў стыпендыянтам Майстэрні «Альтэна» у г. Альтэна (Германія; 1992). Узнагароджаны медалём Consieller General а Corbie (Францыя, 1993); прызам Consieller General a Perrone (Францыя, 1997); прызам Нацыянальнай Асамблеі (Францыя, 2004) медалём г. Перон (Францыя, 2004); медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» (2004). Ганаровы грамадзянін г. Альбер (Францыя, 2003).

Творы Я. С. Шатохіна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), гісторыка-культурным музеі (Заслаўе), Музеі Беларускага Палесся (Пінск), Брэсцкiм абласным краязнаўчым музеi, галерэі імя Н. Орды (в. Варацэвічы Іванаўскага раёна), Музеі сучаснага беларускага мастацтва (Нью-Йорк), Фондзе Міністэрства культуры Расіі (Масква), гісторыка-архітэктурным музеі г. Сан-сюр-Мер (Францыя), мэрыі і музеі Alfred Danicourt г. Перон (Францыя), у прыватных калекцыях Расіі, Бельгіі, Велікабрытаніі, Германіі, Фінляндыі, Францыі і інш. краін.

Яўген Сяргеевіч Шатохін заўчасна памёр 22 студзеня 2012 г., пахаваны ў Пінску. У лістападзе 2017 г. у Музеі Беларускага Палесся была адкрыта выстава, прысвечаная памяці мастака.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Вайтовіч Таццяна Мікалаеўна, гал. бiблiёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Шатохін Яўген = Yaughen Shatokhin // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўтар-скл. М. П. Кузьміч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2010. С. 150–151.
  2. Шатохін Яўген Сяргеевіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 613.
  3. Шатохин Евгений Сергеевич : деятели культуры, науки и искусства Пинщины // На ладонях Припяти и Пины : литературный альманах Пинщины / автор-сост. И. А. Кибак. Минск : ОДО «Тонпик», 2004. С. 150–151.
  4. Яўген Шатохін : альбом / Яўген Шатохін ; рэд. П. Ляхновіч ; фота: І. Марачкін [і інш.]. Менск, 2007. 117 с.: іл.
  5. Шатохiн, Я.Chato 2005 : [альбом] / Яўген Шатохін ; Беларускi саюз мастакоў ; Музей сучаснага выяўленчага мастацтва ; прадмова: В. Буйвал ; [на бел. i франц. мовах]. – Менск, 2005. – 20 с.: iл.
  6. Евгений Шатохин : графика / Министерство культуры БССР, Союз художников БССР ; автор статьи С. Толкачев ; фото В. Мелешенко. Пинск : Пинская типография, 1990. 16 с. : ил.
  7. Шатохин, Е. С. Графика : каталог выставки / Евгений Сергеевич Шатохин. – Вологда, 1987. – 63 с.
  8. Iaouguène Chatokhine [Электронный ресурс]. – [Минск : б. и., 2006]. – 1 электрон. опт. диск.
  9. Мілеўская, Н. Прысвячэнне Майстру і Творцу : [у Музеі Беларускага Палесся адкрылася выстава, прысвечанная Я. Шатохіну] / Наталля Мілеўская // Полесская правда. Пинск, 2017. 25 ноября. С. 11.
  10. Наздрына, А. Выставу ў гонар Яўгена Шатохіна зладзілі ў Пінску / Анастасія Наздрына // Варяг-пресс. Пинск, 2017. 24 ноября (№ 47). С. 2.
  11. Валасюк, Л. З любоўю да Беларусі : [пра мастака-графіка Я. Шатохіна] / Леанід Валасюк // Заря. 2017. 2 марта. С. 13.
  12. Крэпак, Б. А. Чырвоная нітка / Барыс Крэпак // Культура. 2013. 13 красавіка (№ 15). С. 8–9.
  13. Коршунов, С. Двойственный образ Евгения Шатохина / С. Коршунов // Брестская газета. 2012. 27 января. С. 8.
  14. Алейникова, Н. Мятежная душа уходит в шторм : [о художнике Е. Шатохине из Пинска] / Наталья Алейникова // Брестский курьер. 2012. 26 января (№ 4). С. 21.
  15. Арлоў, У. Яўген Шатохін – мастак і капітан : пагоня за мову / Уладзімір Арлоў // Наша слова. 2012. 25 студзеня (№ 4). С. 4.
  16. Куницкий, П. Подозрительный «Сакавiк» : [о художнике Е. Шатохине из Пинска] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2009. 31 июля. С. 2. (Варшавский мост ; № 7).
  17. «...Прысвячаю» : [о персональной выставке Е. Шатохина во Дворце искусств в Минске] // Карлин. Пинск, 2008. 20 марта. С. 17.
  18. Павлова, Л. А он, мятежный, просит бури... / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2007. 27 декабря (№ 52). С. 10.
  19. Демид, И. Разноцветная палитра древнего Пинска : [пинские художники: Дмитрий Беляев, Жанна Воробьева, Сергей Жилевич, Николай Козловский, Сергей Хорошавец, Евгений Шатохин, Аркадий Шустерман] / Инна Демид // Неман. 2007. № 8. С. 158–165.
  20. Шатохiн, Я. Яўген Шатохін: «Я – беларус! І гэтым усё сказана» / Яўген Шатохін ; гутарыў П. Васілеўскі // Народная воля. 2006. 10 студзеня. С. 6.
  21. Яковлев, А. Выставка нашего земляка : [о выставке Е. Шатохина в Музее современного искусства в Минске] / Александр Яковлев // Мясцовы час. Пінск, 2005. 24 лiстапада. С. 3.
  22. Полешук Евгений Шатохин в Музее современного белорусского искусства // Брестский курьер. 2005. 24 ноября (№ 48). С. 9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 436 разоў