Аўторак, 15 Сакавік 2022 12:15

2022 г. – 110 гадоў з часу пабудовы Свята-Успенскай царквы ў в. Паніквы (Камянецкі р-н; 1912), помніка драўлянага народнага дойлідства

Дакладная дата заснавання Свята-Успенскай царквы ў вёсцы Паніквы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці невядомая. Некаторыя гісторыкі адносяць час будаўніцтва храма да 1710 г. ці 1717 г., іншыя – да канца XIX ст.

 

Па некаторых крыніцах, царква ў Паніквах была ўзведзена ў 1912 г. на месцы ўніяцкай капліцы пабудовы 1791 г. Капліца прыналежала Брэсцкаму ўніяцкаму дэканату і была філіяльнай ад царквы Святога Мікалая ў Крынках. Капліцу 1791 г. паставілі на месцы папярэдняй святыні – «даўняй і за даўнасцю яе тут, невядома калі і кім пабудаванай». Пасля ліквідацыі уніі (1839) яна была ператворана ў праваслаўную царкву Успення Багародзіцы, рамонт якой рабіўся ў 1879 г.

Па сведчаннях старэйшага пакалення назва «Паніквы» дадзена ў гонар з’явы Багародзіцы на месцы царквы – «панна» на мясцовым дыялекце. На камені, які знаходзіўся там, застаўся адбітак ступні. З пакалення ў пакаленне перадаецца легенда, што на тым месцы, дзе стаіць царква, чуўся дзіцячы плач і з’яўлялася жанчына ў белым адзенні. Таксама існуе думка, што на месцы, дзе стаіць храм, калісьці былі старыя могілкі.

Кліравыя ведамасці сведчаць, што Панікоўская царква нашмат старэйшая за Крынецкую. Крынецкі прыход належаў Воўчыну – цэнтру Воўчынскага графства, якім валодалі ў ХVII–ХVIII стст. Панятоўскія і Чартарыйскія. Папячыцелем Панікоўскай царквы быў Адам Чартарыйскі. Па звестках на 1803 г. у Свята-Успенскай царкве служылі Мар’ян Навакевіч і Павел Мацьковіч.

Царква адбудоўвалася пасля пажару 1911 г. Паводле слоў мясцовага святара, у 1914 г. да асноўнага аб’ёму далучылі прамавугольную алтарную частку, зрабілі над бабінцам другі ярус.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны служба ў царкве аднавілася. Крынецка-Панікоўскі прыход зарэгістраваны 23 сакавіка 1945 г. Падчас вайны Крынецкая царква была сапсаваная снарадамі. Яна стала прыпісной, а Панікоўская Свята-Успенская царква – прыходскай. Аднак вайна адбілася на царкве: былі знішчаны царкоўны летапіс, бібліятэка і метрыкі. Не хапала богаслужбовых кніг. Значны ўклад у захаванне і пашырэнне храма ўнёс настаяцель протаіерэй Мікалай Каленікавіч Данілюк, які служыў у храме ў 1950–1960 гг.

У 1945 г. быў складзены падрабязны вопіс маёмасці, у якім звярталася ўвага на адсутнасць званоў на званіцы. У пасляваенныя гады званіцу разабралі, а званы, якія захоўваліся вяскоўцамі, перанеслі на другі ярус бабінца. Тут у куце сярод старых непатрэбных рэчаў 30 студзеня 2011 г. гісторык і краязнаўца В. В. Мароз выявіў невялікі звон, датаваны 1693 г. Астатнія пяць адносяцца да пазнейшага часу: найвялікшы – з надпісам «Волынская Епархия 1930. Отлит в Данцигской верфти в Данциге», сярэдні пазначаны датай «1938», два меншыя – набыты сёстрамі вёсак Навасёлкі, Крынкі, Кастары ў 1922 г. і брацтвам Вяльмовічаў ў 1932 г. Званы захаваліся, з чаго вынікае, што абачлівыя вернікі схавалі іх ад вывазу ў Германію падчас Вялікай Айчыннай вайны.

У 1962 г. у сувязі з палітыкай ваяўнічага атэізму Свята-Успенскі храм быў зачынены. Нанава яго асвяцілі 27 жніўня 1988 г. Штогод 28 жніўня ў в. Паніквы праваслаўныя з асаблівай урачыстасцю адзначаюць прастольнае свята Успенне Прасвятой Багародзіцы.

Сучасны выгляд храма мае падоўжана-восевую кампазіцыю з прамавугольных у плане зрубаў: прытвор з двух’яруснай чацверыковай званіцай з макаўкай , асноўны аб’ём, трохгранная апсіда з рызніцай, у цэнтры вянчаецца цыбулепадобнай глаўкай на гранёным барабане, над апсідай макаўка. Дэкаратыўная апрацоўка фасадаў – злучэнне гарызантальнай і вертыкальнай шалёўкі.

Галоўны фасад храма ствараюць тамбур і два невысокія ярусы званіцы. Першы ярус званіцы чацверыковы, нізкі. Яго вуглы дэкарыраваны накладнымі лапаткамі, а грані – накладнымі прамавугольнымі рамамі, якія імітуюць нішы. Другі ярус званіцы таксама чацверыковы, больш высокі, таксама аддзелены зводамі даху і ўвенчаны шатром з глаўкай і металічным крыжам.

Асноўны аб’ём храма вылучаеццца на галоўным фасадзе трохвугольным шчытом, у які ўваходзіць другі ярус званіцы. У інтэр’еры вылучаецца асноўнае зальнае памяшканне. Зала асветлена высокімі лучковымі праёмамі.

У апсідзе – драўляны іканастас, пастаўлены ў 1830-я гг. Іканастас выкананы майстрамі Іванам Панасюком і Янам Данілюком. У ім месцяцца абразы першай трэці XIXст. у драўляных шатах, жывапіс якіх ужо пазбаўлены яскравай барочнай выразнасці. Унутры над уваходам – хоры. Храм абнесены бутавай агароджай з варотамі.

Згодна з візітацыяй храма, зробленай 3 мая 1787 г., раней 1717 г. тут знаходзіўся мясцовашанаваны абраз Багародзіцы, пісаны на дрэве. Цудадзейная выява месцілася ў драўлянай пазалочанай шаце. Масавае паломніцтва (да тысячы чалавек) да абраза штогод адбывалася на Успенне. Цудадзейная выява ідэнтыфікавана ў студзені 2011 г. В. В. Марозам. Абраз захаваўся і знаходзіцца ў царкве на горнім месцы ў прысценным алтары. Вакол выявы да нашага часу засталіся старажытныя знакі ўшанавання – размешчанныя па перыметры зоркі – аздобы, якімі, паводле распаўсюджанага на Заходнім Палессі звычая, адзначаўся асаблівы статус рэліквіі.

З царквы ў Паніквах паходзіць дасканалы да кампазіцыі і мастацкіх сродках абраз «Успенне» (канец XVI– пачатак XVII ст.) – унікальны твор эпохі Рэнесансу. Глыбока ўражвае яшчэ адзін іканапісны помнік – абраз першай паловы XVIIст. Маці Божай Неўвядальная Кветка (дрэва, тэмпера). Выразны, дасканалай прыгажосці твар Багародзіцы падобны да рэнесанснага партрэт . Сярод жывапісных твораў, якія знаходзяцца ў святыні, выкананыя ў вытанчанай, лірычнай манеры два абразы Маці Божай Адзігітрыі (абодва – першая палова – сярэдзіна XVIIIст.).

Пры Свята-Успенскай царкве дзейнічае нядзельная школа. З мэтай развіцця ў дзяцей творчых здольнасцяў арганізаваны гурткі прыкладнога мастацтва і спеваў. Вучні нядзельнай школы штогод удзельнічаюць у канцэртах, ранішніках, прысвечаных жонкам Міраносіцам, святам Раство Хрыстова, Вялікдзень і інш.

У склад прыхода ўваходзяць вёскі Паніквы, Навасёлкі, Вялічкавічы, Кастары, Крынкі, Сіўкі. Настаяцелем Свята-Успенскай царквы з 2010 г. па 2015 г. быў іерэй Ігар Каляда. Са студзеня 2016 г. настаяцелем з’яўляецца іерэй Сергій Скрабец.

Сёння храм знаходзіцца ў добрым стане і з’яўляецца архітэктурным помнікам драўлянага народнага дойлідства. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 г. Свята-Успенская царква в. Паніквы ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы : [в. Паніквы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 312–313.
  2. Успенская царква : [в. Паніквы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкладпедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 155.
  3. Сахарчук, Ю. Свята-Успенская царква, в. Паніквы / Ю. Сахарчук, А. Карпішук, Л. Бішчук // Праваслаўныя храмы Камянечыны / Ю. Сахарчук, А. Карпішук, Л. Бішчук. Брэст, 2013. С. 68–69.
  4. Помнікі драўлянага дойлідства : Успенская царква (в. Панiквы) // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 70–71.
  5. Кулагин, А. Н. Успенская церковь : [д. Паниквы] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 234–235.
  6. Кулагін, А. М. Успенская царква : [в. Паніквы] / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 211–212.
  7. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Паніквы. С. 208–209.
  8. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарнчяўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с. : іл.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 314 разоў