Серада, 16 Сакавік 2022 09:39

23 сакавіка 2022 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Вадзіма Іосіфавіча Пасюкевіча (1932), вучонага-геолага, аднаго з адкрывальнікаў жалезарудных і іншых радовішчаў на Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР

Вадзім Іосіфавіч Пасюкевіч нарадзіўся 23 сакавіка 1932 г., у в. Зялёная Гарадзішчанскай гміны Навагрудскага павета (цяпер Гарадзішчанскага пасялковага савета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Пасля заканчэння сярэдняй школы год працаваў у сельскай школе настаўнікам.

 

У 1951 г. Вадзім Пасюкевіч паступаў на фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, але як раз тады адкрылася аддзяленне геалогіі геаграфічнага факультэта, на якое і паступіў. Практыка студэнтаў-геолагаў была спачатку па Беларусі, а потым – на Урале. Рамантычныя вандроўкі на палявую практыку здружылі студэнтаў, выпускнікі першага набору многія гады ў Дзень геолага сустракаліся ў аднакурсніцы Інесы Дарафееўны Несцяровіч.

Пасля заканчэння БДУ ў 1956 г. інжынер-геолаг В. І. Пасюкевіч трапіў на працу ў Беларускую геолага-гідрагеалагічную экспедыцыю, якая тады была створана пры Заходнім геалагічным упраўленні Міністэрства геалогіі і аховы недраў СССР (з 21 жніўня 1957 г. – Упраўленні геалогіі пры Савеце Міністраў БССР). Першым начальнікам экспедыцыі быў Мікалай Міхайлавіч Грыпінскі (1915–1977). В. І. Пасюкевіч працаваў на розных пасадах: геолаг, начальнік геолага-здымачнай партыі, галоўны геолаг экспедыцыі, галоўны геолаг Белгеалгідтрэста, у 1976–1998 гг. быў начальнікам гідрагеалагічнай экспедыцыі.

У 1960–1970-я гг. у Беларусі адзначаўся значны аб’ём геолагаздымачных работ, у якіх удзельнічалі Л. М. Вазнячук, В. І. Грыдзін, Б. М. Гурскі, В. І. Пасюкевіч і інш. Здзяйсняўся значны аб’ём буравых работ. Прымяняліся спачатку аэрагеалагічныя, а з другой паловы 1970-х – касмагеалагічныя метады. Праводзілася камплексіраванне геалагічных і гідрагеалагічных даследаванняў, у комплексе з геалагічнай здымкай здзяйсняліся маштабныя пошукі. Да сярэдзіны 1970-х гг. уся Беларусь была пакрыта дзяржаўнай геалагічнай здымкай сярэдняга маштабу (42 аркушы).

В. І. Пасюкевіч распрацаваў (у сааўтарстве) новы навуковы падыход да дзяржаўнай геалагічнай здымкі маштабу 1:200 000 з шырокім выкарыстаннем геафізічных і геахімічных метадаў. Адзін з аўтараў першых падрыхтаваных да выдання аркушаў дзяржаўнай геалагічнай карты маштабу 1:200 000. Пад яго кіраўніцтвам выкананы першыя ў Беларусі даследаванні па пошуку структур, спрыяльных для стварэння падземных сховішчаў углевадародаў, комплексныя буйнамаштабныя інжынерна-геалагічныя і гідрагеалагічныя здымкі для абгрунтавання меліярацыйных работ, пошукаў і разведкі прэсных і мінеральных падземных вод, пошукава-ападкавых работ на чорныя і рэдкія металы, мінеральную будаўнічую сыравіну.

Вынікі яго работ дапамагалі адкрыццю Аколаўскага і Навасёлкаўскага месцанараджэнняў жалезных руд і шэрага месцанараджэнняў мінеральных, лячэбных і лячэбна-сталовых вод: «Лётцы» ў Віцебскім, «Баравое» ў Докшыцкім, «Нарач» у Мядзельскім, «Радон» у Дзятлаўскім раёнах і інш.

Аўтар больш за 60 навуковых работ, у тым лiку 2 манаграфій. Член рэдкалегіі і суаўтар практычна ўсіх геалагічных, геамарфалагічных карт і карт карысных выкапняў. За распрацоўку тэктанічнай карты Беларусі маштабу 1:500 000 і манаграфіі «Тектоника Белоруссии» (1976; у сааўтарстве) удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР (1978).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

Працы В. І. Пасюкевіча

  1. Полезные ископаемые Беларуси : [монография] : к 75-летию Белорусского научно-исследовательского геологоразведочного института / [Л. Ф. Ажгиревич, В. И. Пасюкевич и др.]. – Минск : Адукацыя i выхаванне, 2002. – 527 с. : ил., табл., карт.
  2. Геология СССР : Т. 3. Белорусская ССР. Полезные ископаемые / А. С. Махнач, А. И. Свержинский, П. В. Анцунов, В. И. Пасюкевич [и др.]. Москва : Недра, 1977. – 259 с. : ил.
  3. Махнач, А. С. Геалагічная будова і гісторыя геалагічнага развіцця / А. С. Махнач, Г. І. Гарэцкі, В. І. Пасюкевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 12. С. 11–14.
  4. Железорудные формации докембрия Белоруссии / [А. С. Махнач, Г. Г. Доминиковский, В. И. Пасюкевич и др.]. – Минск : Наука и техника, 1974. – 144 с. : ил.
  5. Геология антропогена Белоруссии / Э. А. Левков, А. В. Матвеев, Н. А. Махнач, В. И. Пасюкевич [и др.].– Минск : Наука и техника, 1973. – 152 с., [2] л. карт : ил.
  6. Об аналогах толкачевской свиты Украинского щита в кристаллическом фундаменте БССР / А. Б. Черняховский, Г. И. Илькевич, В. И. Пасюкевич, Г. Г. Доминиковский // Доклады АН БССР. 1972. Т. 16, № 8.
  7. Вопросы петрологии и рудоносности кристаллического фундамента БССР и смежных районов : [сборник научных статей] / Мин-во геологии СССР, Белорус. науч.-исслед. геологоразведочный ин-т, Управление геологии при Сов. Мин. БССР ; [редкол.: А. М. Пап (отв. ред.), А. И. Авксентьев, В. К. Голубцов, А. С. Махнач, В. И. Пасюкевич]. –Минск : Наука и техника, 1971. –324 с., [1] л. карты : ил., табл.
  8. Ильюкевич, Г. И. Роль академика Александра Семеновича Махнача в региональном геологическом изучении территории Беларуси (1950–1970-е гг.) / Г. И. Ильюкевич, В. И. Пасюкевич, В. Ф. Моисеенко // Лiтасфера. 2020. № 2 (53). С. 172–178.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. І. Пасюкевіча

  1. Пасюкевіч Вадзім Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 176.
  2. Пасюкевич Вадим Иосифович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 196.
  3. Пасюкевич Вадим Иосифович // Геологи и горные инженеры Беларуси : биографический справочник : [в 2 ч.] / сост.: А. Д. Смычник [и др.]. Минск, 2008. Ч. 1. С. 178.
  4. Пасюкевич Вадим Иосифович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 5. С. 738.
  5. Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 408.
  6. Литвинович, А. [Пасюкевич Вадим Иосифович (1932)] : даты истории / Александр Литвинович // Наш край. Барановичи, 2012. 24 марта. С. 4.
  7. Пасюкевич Вадим Иосифович // Лiтасфера. 2002. № 2 (17). С. 153.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 368 разоў