Чацвер, 21 Красавік 2022 15:52

18 сакавіка 2022 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Фёдара Якаўлевіча Дзенісевіча (1897–1981), удзельніка Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, Ганаровага грамадзяніна г. Пінска

Фёдар Якаўлевіч Дзенісевіч нарадзіўся 18 сакавіка 1897 г. у вёсцы Падарэссе Бабруйскага павета (цяпер Старадарожскага раёна Мінскай вобласці) у сямі чорнарабочага. Пасля заканчэння сельскай школы працаваў па найму на чыгунцы, потым на лесапілцы. У 1916 г. быў прызваны ў войска. Удзельнічаў у баявых аперацыях у арміі генерала Брусілава на Паўднёва-Заходнім фронце. Быў паранены.

 

Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў з радасцю. Вярнуўшыся ў родныя мясціны, дапамагаў мясцовым актывістам умацоўваць Савецкую ўладу. У лютым 1918 г.Фёдар Дзенісевіч уступіў у шэрагі Чырвонай арміі, якая толькі стваралася. Баі пад Арлом, Кахоўка, у Крыме. Змагаўся з белагвардзейцамі Дзянікіна, Урангеля і бандай Махно.

У 1921 г. Ф. Я. Дзенісевіч вучыўся ў Кіеўскай школе чырвоных камандзіраў, тады ж уступіў у ВКП(б). Быў камандзірам узвода, роты. У 1922 г. па стану здароўя звольніўся з арміі.

Пасля дэмабілізацыі Ф. Я. Дзенісевіч накіраваны на вучобу ў партыйную школу. Паспяхова скончыўшы яе, з 1923 г. працаваў загадчыкам хатай-чытальней і ўзначальваў Будкавіцкую сельскую партарганізацыю Мазырскага раёна, знаходзіўся на савецкай рабоце. З 1937 г. працаваў сакратаром Слуцкага райкама партыі, дзе актыўна праводзіў калектывізацыю сельскай гаспадаркі.

У верасні 1939 г.Ф. Я. Дзенісевіч прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі, якая з 1920 г. была пад гнётам Польшчы. З 1939 г. па 1941 г.сакратар Баранавіцкага гаркама КП(б)Б, наладжваў савецкае жыццё, эканоміку. На гэтай пасадзе Ф. Я. Дзенісевіча засталаВялікая Айчынная вайна, адразу пайшоў на фронт. У званні старшага батальённага камісара, затым маёра служыў начальнікам аддзялення забеспячэння палітаддзела 30-й арміі, пераназванай затым у 10-ю гвардзейскую армію.

Пасля дэмабілізацыі Ф. Я. Дзенісевіч вярнуўся ў Баранавічы. Абраны першым сакратаром Баранавіцкага гаркама КП(б)Б (лістапад 1946 г. —снежань 1949 г.). Затым вучоба ў партыйнай школе. Па заканчэнні яе абіраецца сакратаром Пінскага абкама партыі. Пасля скасавання Пінскай вобласці (1954) працаваў першым сакратаром Пінскага гаркама КП(б)Б, старшынёй Пінскага гарвыканкама (студзень 1957 г. — люты 1959 г.).

Пры Ф. Я. Дзенісевічу ў Пінску паявіліся новыя заводы, адкрыўся індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, пачала працаваць першая чарга цеплацэнтралі. Гарад станавіўся добраўпарадкаваным, вытворчым і адукацыйным цэнтрам рэгіёна.

Ф. Я. Дзенісевіч быў дэлегатам шэрагу з’ездаў КПБ, абіраўся ў склад ЦК КПБ і абкама КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 1–4 скліканняў, Пінскага і Брэсцкага абласных Саветаў народных дэпутатаў.

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені (1943), Працоўнага Чырвонага Сцяга, многімі медалямі, дзвюма Ганаровымі граматамі Прэзідіума Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ. Званне «Ганаровы грамадзянін горада Пінска» прысвоена 13 красавіка 1977 г. за баявыя заслугі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, значны ўклад у аднаўленне гарадской гаспадаркі, разбуранай нямецка-фашысцкімі захопнікамі, актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні савецкай моладзі.

Знаходзячыся на пенсіі, Фёдар Якаўлевіч вёў актыўную работу ў гарадской партарганізацыі. Быў загадчыкам няштатнага аргінструктарскага аддзела гарсавета. Чалавек да канца аддадзены ідэалам камунізму.

У сталым узросце пераехаў на жыхарства ў Мінск, жыў па вул. Куйбашава, 32. Памёр у 1981 г. У гонар Ф. Я. Дзенісевіча названа вуліца ў адным з раёнаў індывідуальнай жылой забудовы г. Пінска. 8 мая 1997 г. на вул. Заслонава, 17 адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар дзеяча.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Гарачова А. Н., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі. Літвінчык В. К., бібліёграф

 

  1. Денисевич Федор Яковлевич // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник // Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 42–43.
  2. Саўчанка, М. Ганаровыя грамадзяне Пінска : Дзенісевіч Фёдар Якаўлевіч / М. Саўчанка // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 1998. С. 496.
  3. Захаров, И. Участник трех войн и освободительного похода : [исполнилось 125 лет со дня рождения Почетного гражданина города Пинска, партийного и советского руководителя города в 50-е годы Ф. Я. Денисевича (18971981)] / Игнат Захаров // Пінскі веснік. 2022. 1 красавіка (№ 13). С. 6.
  4. Лобко, М. ...Чтобы не падать в будущем : [о Почетном гражданине г. Пинска ФДенисевиче и уроженце Пинского района МПискуне] / Михаил Лобко ; фото из свободных источников // Полесская правда. Пинск, 2021. 28 августа. С. 9.
  5. Улица имени Ф. Денисевича : [в г. Пинске; трудовая и военная биография Почетного гражданина г. Пинска Ф. Я. Денисевича] // Пінскі веснік. 2015. 13 лютага (№ 13). С. 2.
  6. Почетные граждане Пинска : Денисевич Федор Яковлевич // Варяг-пресс. Пинск, 2015. 23 января (№ 4). С. 4.
  7. Сергеев, Ю. Не надо судьбы иной : [об открытии мемориальной доски Почетному гражданину г. Пинска Ф. Я. Денисевичу] / Ю. Сергеев // Полесская правда. Пинск, 1997. 14 мая.
  8. Курсов В. Наш почетный гражданин : [Ф. Я. Денисевич] / В. Курсов // Пінскі веснік. 1997. 9 мая.
  9. Пантеон Пинщины : Денисевич Федор Яковлевич // Пинская неделя. 1996. 1 ноября.
  10. Курсов, В. Н. Ф. Я. Денисевич – Почетный гражданин города / В. Н. Курсов // Полесская правда. Пинск, 1977. 16 июля.
  11. Почетный гражданин Пинска : [Ф. Я. Денисевич живет в Минске] // Вечерний Минск. 1977. 21 июня.
  12. Курсов, В. Почетный гражданин города : [Ф. Я. Денисевич] / В. Курсов // Заря. 1977. 15 июня.
Чытаць 390 разоў