Панядзелак, 04 Ліпень 2022 11:36

17 лістапада 2022 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Сумбата Хачатуравіча Арзуманяна (1917–2003), аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Сумбат Хачатуравіч Арзуманян нарадзіўся 17 лістапада 1917 г. у сяле Гюнекале (Чартар) Елізаветпольскай губерні (Нагорны Карабах). Закончыў 10 класаў (1938), паступіў у Бакінскі педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Аднак 15 верасня 1938 г. са студэнцкай лаўкі прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны ў Кіеўскую ваенную акругу.  У складзе 65-га кавалерыйскага палка 32-й кавалерыйскай дывізіі прымаў удзел у вызваленчым паходзе Чырвонай арміі на Заходнюю Украіну (1939) і ў Бесарабію (1940).

 

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны 65-ы кавалерыйскі полк, у якім Сумбат Арзуманян служыў камандзірам станкова-кулямётнага ўзвода, перакінуты на Заходні фронт. У канцы чэрвеня 1941 г. полк перайшоў у тыл ворага, каб дэзарганізаваць варожыя камунікацыі. На працягу двух месяцаў кавалерысты вялі цяжкія баі пад Глускам, Асіповічамі, Васілевічамі, панеслі значныя страты і не здолелі прабіцца за лінію фронту.

Было прынята рашэнне застацца на акупіраванай тэрыторыі і перайсці да партызанскіх дзеянняў. Атрад, у які ўліліся іншыя акружэнцы, дыслацыраваўся ў Акцябрскім раёне Палескай вобласці. На ліку партызан былі разгром гарнізонаў праціўніка ў райцэнтры Капаткевічы, вёсках Вотчыны, Сінегава, падрыў чыгуначных мастоў на рэках Прыпяць і Бобрык. Сумбат Арзуманян асабіста кіраваў і ўдзельнічаў у баявых аперацыях. Пазней атрад увайшоў у склад 125-й Капаткевіцкай партызанскай брыгады.

У пачатку сакавіка 1943 г. на партызанскі аэрадром брыгады прыбыла з Масквы група Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б на чале з С. І. Сікорскім. Для яе суправаджэння ў раён дыслакацыі ў Івацэвіцкім раёне была выдзелена рота з 70 партызан, камандзірам якой назначаны Сумбат Арзуманян. Так ён апынуўся ў Брэсцкай вобласці і Брэсцкім партызанскім злучэнні.

Брыгада імя І. В. Сталіна была створана ў ліпені 1943 г. на базе атрадаў імя М. М. Чарнака і імя К. Я. Варашылава, былі створаны новыя атрады — імя М. В. Фрунзе і імя Г. К. Жукава. Дзейнічала брыгада на акупіраванай тэрыторыі Жабінкаўскага, Кобрынскага, Брэсцкага, Дзівінскага, Маларыцкага раёнаў. Першым камандзірам брыгады быў пагранічнік лейтэнант Леанід Пятровіч Зяленін (1919–1943), які загінуў ад куль украінскіх нацыяналістаў у канцы верасня, пахаваны ў в. Гвозніца Маларыцкага раёна. У кастрычніку камандзірам брыгады назначаны Сумбат Арзуманян. Камісар — Карніл Аляксеевіч Шкаварада. Начальнік штаба — Сяргей Мікітавіч Кіцьян.

У 1943 г. партызаны брыгады імя І. В. Сталіна ўдзельнічалі ў разгроме варожых апорных пунктаў у Шацку (Валынская вобласць), райцэнтры Дамачова, наносілі ўдары па чыгуначных участках Брэст — Ковель, Брэст — Уладава. У кастрычніку — лістападзе разбілі чыгуначную станцыю Дамачова.

У студзені 1944 г. зрабілі больш за 80 дыверсій на чыгуначных і шашэйных дарогах, падарвалі шмат эшалонаў, мастоў, аўтамашын. 22 і 24 сакавіка брыгада (1137 партызан) паатрадна выйшла ў савецкі тыл, злучылася з Чырвонай арміяй. У красавіку брыгада ўключана ў 160-ю стралковую дывізію, трымала абарону ў Любяшоўскім (Валынская вобласць) і Дзівінскім раёнах, прыкрывала пераправу цераз Прыпяць і правы фланг дывізіі каля в. Радастава.

У красавіку–маі 1944 г. у складзе брыгады дзейнічаў атрад М. І. Каліева, які быў уліты ў атрад імя М. М. Чарнака. Атрады імя К. Я. Варашылава і імя Г. К. Жукава ў маі накіраваны ў варожы тыл пад Брэст працягваць узброеную барацьбу. Другі раз атрады злучыліся з Чырвонай арміяй 21 ліпеня 1944 г.

З мая 1944 г. маёр С. Х. Арзуманян знаходзіўся ў распараджэнні Беларускага штаба партызанскага руху. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі «За отвагу» (1942), «За боевые заслуги», «Партизану Отечественной войны» I ступені (1944), «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.».

З 1945 г. С. Х. Арзуманян служыў у органах Камітэта дзяржаўнай бяспекі Украінскай ССР. Скончыў Чарнавіцкі ўніверсітэт (1959). З 1959 г. — на гаспадарчай рабоце ў Чарнаўцах. З 1965 г. — у г. Брэсце, доўгі час працаваў дырэктарам брэсцкай швейнай фабрыкі «Індпашыўадзенне».

Фабрыка «Індпашыўадзенне» была створана ў 1960 г. на базе арцелі «Новый путь», аб’ядноўвала некалькі атэлье па індывідуальнаму пашыву і майстэрні па рамонту адзення. У гады VIІІ пяцігодкі (1966–1970) фабрыцы, якой кіраваў былы партызанскі камандзір, 14 кварталаў падрад уручаўся пераходзячы сцяг абласнога ўпраўлення бытавога абслугоўвання. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 чэрвеня 1971 г. дырэктар фабрыкі С. Х. Арзуманян узнагароджаны ордэнам «Знак Почёта».

Сумбат Хачатуравіч вёў грамадскую работу, выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога і гарадскога Саветаў працоўных. Аўтар кнігі ўспамінаў аб партызанскай дзейнасці «Земля пылала» (1974).

С. Х. Арзуманян памёр 17 чэрвеня 2003 г. у Брэсце, пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Арзуманян Сумбат Хачатуравіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 40.
  2. Арзуманян Сумбат Хачатурович // Белорусская ССР : энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 29.
  3. Арзуманян Сумбат Хачатуравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 34.
  4. Арзуманян Сумбат Хачатуравіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 581.
  5. Партызанская брыгада імя І. В. Сталіна // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 439.
  6. Партызанская брыгада імя І. В. Сталіна // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 199.
  7. Партызанская брыгада імя І. В. Сталіна // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 258.
  8. Партызанская брыгада імя І. В. Сталіна // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 176–177.
  9. Арзуманян, С. Х. Земля пылала : [воспоминания о партизанской борьбе в годы Великой Отечественной войны] / С. Х. Арзуманян. – Минск : Беларусь, 1974. – 238 с. (Мемуары).
  10. «Индпошиводежда» : [фабрика] // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 219.
  11. Васільеў, В. Р. Партызанскі камандзір : [пра С. Х. Арзуманяна] / В. Р. Васільеў // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 302.
  12. Аб разгроме варожага гарнізона ў пас. Дамачава сіламі партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна Брэсцкай вобласці // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 232–233.
  13. Аб сумесных баявых дзеяннях партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна Брэсцкай вобласці з часцямі Чырвоная Арміі 21 сакавіка – 2 красавіка 1944 г.і аб баявых выніках брыгады за час барацьбы ў тыле ворага // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 210–212.
  14. Першы самалёт : з успамінаў Сумбата Хачатуравіча Арзуманяна, камандзіра партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна Брэсцкага злучэння // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 206–207.
  15. Разгром полицесйкого участках в Озятах 25 мая 1943 года // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 270.
  16. Усачев, О. «Воевал отважно и геройски» : [о командире партизанской бригады им. Сталина С. Х. Арзуманяне и его сыне Валентине, жителе г. Бреста] / Олег Усачев // Рэспублiка. 2020. 23 красавiка. С. 10.
  17. Маскальчук, М. «...Здабыць соль любой цаной!» : [запіс успамінаў былога партызана Васіля Маскальчука з атрада С. Арзуманяна] / Міхаіл Маскальчук // Звязда. 2019. 24 діпеня. С. 5.
  18. Арзуманян, С. Обком идет на запад : [воспоминания о переходе Брестского обкома партии и отряда партизан в Ивацевичский район] / С. Арзуманян // Заря. 1968. 30 марта; 6 апреля; 13 апреля.
Чытаць 343 разоў