Панядзелак, 04 Ліпень 2022 11:41

2022 г. — 235 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Багародзіцы ў в. Вылазы (Пінскі р-н; 1787), помніка народнага драўлянага дойлідства

Вёска Вылазы Парахонскага сельсавета Пінскага раёна Брэсцкай вобласці вядома з 1554 г. як сяло Вылаз  (Улаз) у Пінскім княстве. З ХVІІ ст. вядома праваслаўная царква. У сярэдзіне ХVІІІ ст. — сяло ў Купяціцкай воласці Пінскага павета Берасцейскага ваяводства.

 

На месцы старога храма ў 1787 г. на сродкі навакольнай шляхты была пабудавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква Раства Багародзіцы. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) сяло Вылазы ў складзе Расійскай імперыі, з 1796 г. у Пінскім павеце Мінскай губерні. У 1795 г. пры свяшчэнніку Мацвеі Камінскім царква Раства Багародзіцы была пераведзена ў праваслаўе.

Невялікі храм вырашаны 2-зрубным будынакам з прамавугольным у плане асноўным аб’ёмам і гранёнай алтарнай апсідай. Асноўны аб’ём накрыты 4-схільным дахам са звонападобным (фігурным барочным) купалам на высокім 8-гранным глухім барабанам, алтарная частка — 8-схільным шатровым дахам, увянчаным цыбулепадобнай галоўкай на 2-ярусным барабане (васьмярык на чацвярыку).

Сцены храма ў ніжняй частцы абшыты дошкамі вертыкальна, у верхняй — гарызантальна. Вокны прамавугольныя (па два ў бакавых фасадах) з трохвугольнымі сандрыкамі, у алтарнай апсідзе — круглае, пад самым дахам. Галоўны ўваход вылучаны невялікім прамавугольным у плане тамбурам, накрытым 2-схільным дахам.

У інтэр’еры — адзінае памяшканне з агульным над галоўным аб’ёмам і алтаром балечным перакрыццем, кансольна-балечнымі хорамі. Столь плоская. Алтар аддзелены драўляным 3-ярусным іканастасам сіняга колеру з 14 абразамі мясцовага пісьма.

У 1850-я гг. званіца была ў прытворы да царквы. У 1860—1870-я гг. на захад ад царквы пабудавана 2-ярусная чацверыковая зрубна-каркаснай канструкцыі званіца. Ніжні ярус глухі, верхні — адкрыты, завершаны шатровым дахам. Меліся 4 званы вагой 0,5, 2, 2 і 4 пуды.

У красавіку 1944 г. немцы разабралі на дровы царкоўныя пабудовы. У час ваяўнічага атэізму ў 1963 г. царкоўная абшчына была знята з рэгістрацыі, храм перастаў дзейнічаць, а прыхаджане маглі наведваць царкву ў Парахонску. Зноў храм ў Вылазах быў адкрыты 11 жніўня 1990 г. Абрад асвячэння правёў епіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан. Настаяцелем храма служыць протаіерэй Уладзімір Сычэвіч. Прастольнае свята — 21 верасня.

Царкоўныя метрычныя кнігі за 1819—1912 гг. (4 адзінкі) захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (фонд 814). Царква ў Вылазах — помнік народнага драўлянага дойлідства ХVІІІ ст., адзін са старэйшых на Пінскім Палессі. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Вылазовская церковь Рождества Богородицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 255.
  2. Царква ў гонар Прасвятой Багародзіцы // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 93—94.
  3. Свята-Раства-Багародзіцкая царква // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 45.
  4. Царква Раства Багародзіцы : [в. Вылазы] // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 511.
  5. Вылазаўская царква Раства Багародзіцы // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 694.
  6. Якимович, Ю. А. Церковь Рождества Богородицы / Ю. А. Якимович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 330.
  7. Якімовіч, Ю. А. Царква Раства Багародзіцы / Ю. А. Якімовіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 299—300.
  8. Вылазы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 391—392.
  9. Мароз, В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. — Мінск, 2018. — 512 с. : іл. — Са зместу: Вылазы. С. 191—192.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 342 разоў